Артур Вольскі, якому у верасні спаўняецца 100 гадоў, быў першым беларускім паэтам, якога я ўбачыў на сцэне.
У верасні 1987 года я пайшоў у школу. Нас, першакласнікаў, адразу ж запрасілі ў актавую залу. Менавіта там і вітаў дзяцей Артур Вольскі. Ён быў вельмі артыстычны і ператвараў чытанне вершаў у сапраўдны спектакль, яркае тэатралізаванае дзейства. Слухаць, глядзець, удзельнічаць у гэтым свяце (паэт не толькі дэкламаваў свае творы, але і ладзіў інтэрактыўныя гульні) было праўдзівым святам.
З таго часу Артур Вольскі на доўгі час быў адным з самых любімых пісьменнікаў.
За сваё доўгае творчае жыццё ён стварыў нямала вершаў і савецкіх і выразна нацыянальных, пісаў п’есы, артыкулы, працаваў загадчыкам літаратурнай часткі ў Тэатры юнага гледача, ствараў для ўсіх узростаў, выдаў нямала, але, на маю думку, найбольш спраўдзіўся як дзіцячы пісьменнік.
У 1960-80-ыя гг. было дастаткова шмат па сапраўднаму файных беларускіх творцаў, якія ўмелі цікава тварыць для маленькіх чытачоў.
Сярод праўдзівых зорак айчыннай дзіцячай літаратуры можна згадаць Васіля Вітку, Алеся Якімовіча (з яго шыкоўнымі апрацоўкамі народных казак), Ларысу Геніюш, Вісарыёна Гарбука, Эдзі Агняцвет, Станіслава Шушкевіча, Аляксея Пысіна, Уладзіміра Караткевіча і, безумоўна, Артура Вольскага.
У кастрычніку 1964 года (амаль 50 гадоў таму!) у героя нашага артыкула выходзіць кніга „Чарнічка”.
Калі маці мне купіла гэтае выданне я быў адразу заінтрыгаваны: чаму назва „Чарнічка”, а на вокладцы знакаміты кніжны графік Яўген Кулік выявіў тыгра, які, пагрозліва выкаючы, выходзіць з раскрытай клеткі?
А калі пачаў чытаць вершы, то быў прыемна здзіўлены поўнай адсутнасцю дакучлівага маралізатарства, сюсюкання і павучальніцтва, якім былі перапоўнены многія іншыя дзіцячы кнігі.
Гумар, сюжэтная вастрыня, драматургічная нечаканасць, іронія – усім гэтым была перапоўнена „Чарнічка” Артура Вольскага.
У вершы „Буслава шапка” жаба, каб не быць з’едзенай буслом, гаворыць, што зробіць яму файную шапку, даверлівы птах яе выпускае, а хітрая гераіня ўцякае кудысь на далёкія балоты і можа святкаваць перамогу пакуль не сустрэне якога менш наіўнага бусла.
Артур Вольскі піша адначасова і пра тое, што няварта быць занадта даверлівым. Маўляў, ніколі не слухай таго, каго ты хочаш з’есці. І разам з тым тут прасочваецца яшчэ адна, дастаткова цвярозая думка: маніць можна і трэба… калі ад гэтага залежыць загінеш ты ці не.
У іншым шэдэўры „Коцік” галоўны герой усё робіць дзеля таго, каб гаспадар паверыў, што ён, коцік, такі бедненькі і галодны. Каток у маналогу пра свой гамсунаўскі голад пераканаўчы, бы актор Ігар Сігоў, але не ўлічыў аднаго: на яго мордачцы засталіся сляды гаспадаровай смятанкі і таму, замест прысмакаў, ён атрымае добрага прачуханца.
Маніць, вядома, гаспадару нельга, але калі ўжо ўзяўся, то мусіш дэталёва ўсё прадумаць і рабіць гэта прафесійна.
З іроніяй Артур Вольскі адносіцца і да тых асобаў, якія, абавязкова чакаюць ўдзячнасці за той ці іншы добры ўчынак альбо дапамогу.
Але, вядома ж, што калі будзеш жыць гэтым чаканнем, то мецьмеш лёс як у Казы, гераіні верша „Камар-Камарына”. Яна адклікнулася на роспачны кліч камара, выцягнула ў яго з ножкі і, справядліва, пачала патрабаваць, каб той падзякаваў, але атрымала нечаканую для сябе „падзяку” – укус у морду.
Паводле Вольскага, калі ўсё ж такі дапамог, то адыдзі ў бок, не замінай былой „ахвяры”, бо яны бываюць такімі нервовымі і не заўсёды адэкватнымі.
Артур Вольскі не паказвае дзецям свет у ружовых акулярах.
Гэты мудры чалавек з іранічнай нязмушанасцю гаворыць маленькім чытачам, што нашае жыццё не чорна-белая прастора ў якой дзейнічаюць смелыя пеўнікі, палахлівыя зайчыкі, хітрыя лісічкі ці дурнаватыя ваўкі.
Героі Вольскага маняць, імкнуцца маніпуляваць, крадуць, праяўляюць няўдзячнасць, словам, паводзяць сябе, як звычайныя людзі.
Сваімі цудоўнымі вершаванымі гісторыямі Артур Вольскі як бы імкнецца сказаць: не будзьце наіўнымі, тады захаваецеся ў гэтым свеце і ніякія жабкі з коцікамі вас не абдураць, ніякія зайчыкі (з верша „Выйшаў зайчык пагуляць”) не скрадуць у вас капусту, ніякія камары не ўкусяць.
Глядзіце на свет з цвярозай разважлівасцю, не забывайце пры гэтым пра іронію і гумар – тады пераможаце.
Артур Вольскі быў адзін з нямногіх беларускіх дзіцячых пісьменнікаў, хто ўмеў у вонкава нязмушанай, яскрава-займальнай форме пісаць пра важнае і такое для ўсіх нас беларусаў неабходнае.
Бо і сапраўды так ужо надакучыла быць падманутымі і пакусанымі.
Адзначаючы стогадовы юбілей Артура Вольскага, пара прыслухацца да яго парад, пара кожнаму з нас перачытаць яго цудоўную „Чарнічку”.
Васіль Дранько-Майсюк