Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нагода

Хай ссівелыя вятры не даюць сівець

Юрась Пацюпа і Арсень Ліс
Юрась Пацюпа і Арсень Ліс

13 сакавіка споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння цудоўнага і арыгінальнага паэта, публіцыста і мовазнаўцы, кандыдата філалагічных навук Юрася Пацюпы. Кандыдацкую Юрась абараніў нядаўна, хаця даўно мог быць ужо доктарам навук, прафесарам. На сённяшні дзень ён адзін з тых беларускіх філолагаў, які дасканала ведае родную мову, грунтоўна вывучае яе, даследуе гісторыю беларускай мовы, беларускае вершаскладанне, фальклор.

Юрась Пацюпа працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, яго кандыдацкая дысертацыя называлася „Беларускае народнае вершаскладанне: узроўні, метрыка, рытміка, строфіка”. Асноўныя вынікі і палажэнні дысертацыйнага даследавання Юрася Пацюпы прайшлі апрабацыю на 11 міжнародных і 5 беларускіх навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, круглых сталах і семінарах: Міжнародным круглым стале „Асоба збіральніка ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны (да 200-годдзя з дня нараджэння Оскара Кольберга)” (Пінск, 2014); XV Узвышаўскіх чытаннях, прысвечаных 115-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі (1900-1976) і Уладзіміра Жылкі (1900-1933) (Мінск, 2015); VI Міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі „Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў” (Мінск, 2015); VI Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Нацыянальнакультурны кампанент у тэксце і мове”, прысвечанай памяці прафесара С. М. Прохаравай (Мінск, 2015); ІІI Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў” (Полацк, 2016); Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры (Мінск, 2016); Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Беларуска-італьянскае культурнае ўзаемадзеянне і праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: Гістарычны вопыт і сучасныя праблемы” (Мінск, 2016); Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі (Мінск, 2018); II Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Беларуска-італьянскае культурнае ўзаемадзеянне і праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы” (Мінск, 2018); Рэспубліканскім навукова-практычным семінары „Фальклор, мова і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян” (Брэст, 2020); II Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі (Мінск, 2021); Міжнародным крyглым стале „Шляхам яго жыцця”, прысвечаным памяці доктара філалагічных навyк Ігара Жука (Гродна, 2022); круглым стале, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа „Якуб Колас у нацыянальнай культуры і мастацтве” (Мінск, 2022); III Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі” (Мінск, 2023); навукова-практычным семінары „Збіральнік скарбаў зямлі беларускай (да 170-годдзя з дня  нараджэння Міхала Федароўскага)” (Ліда, 2023); навукова-практычнай канферэнцыі „Шляхамі Арсеня Ліса” (Смаргонь, 2024). 

Мэта і задачы даследавання Юрася Пацюпы – гэта раскрыць законы і спецыфіку беларускага народнага верша, паказаць яго адрозненне ад літаратурнага верша. Для дасягнення пастаўленай мэты аўтар вырашыў наступныя задачы: 1. Разгледзеў і сістэматызаваў уяўленні пра народны верш, якія складваліся на працягу XVIII-XXI стагоддзяў у айчыннай і замежнай навуцы, суаднёс іх з класічнымі вершазнаўчымі катэгорыямі, што бяруць пачатак у Антычнасці. 2. Стратыфікаваў парцэлы вершаванага маўлення на фоне ўзроўняў мовы, акрэсліў граніцы вершазнаўчай кампетэнцыі, выявіў прасадычныя ўніверсаліі і тыя механізмы, якія дазваляюць народнаму вершу існаваць без спецыяльных правілаў. 3. Раскрыў рэалізацыю выяўленых універсалій на самых папулярных і характэрных фальклорных памерах, паказаў, як з камбінацый выяўленых універсалій арганізуецца разнастайнасць строф, якія памеры характэрныя для фальклорнага верша. 

Юрась Пацюпа і Сяргей Сыс
Юрась Пацюпа і Сяргей Сыс

Навуковая навізна кандыдацкай дысертацыі Юрася Пацюпы заключаецца ў тым, што гэта першае сістэмнае даследаванне беларускага народнага верша на сучасным этапе, а таксама ў тым, што ў рабоце аўтар прапанаваў арыгінальную канцэпцыя арганізацыі і функцыянавання фальклорнага верша як з’явы. На аснове ўзроўневага падыходу да тэксту ён выпрацаваў прынцыпы сістэматызацыі вершазнаўчых вынікаў мінулых эпох, выявіў інварыянты, на якіх засноўваецца фальклорны верш, і распрацаваў метад інварыянтнага аналізу вершаваных тэкстаў. Былі даследаваны і апісаны асноўныя памеры беларускага народнага верша і паказаны спосабы арганізацыі строфікі ў народна-песенным фальклоры. Упершыню аўтарам былі выяўлены заканамернасці ў колькасці складоў пры пераходзе ад ком да коланаў, ад коланаў да перыядаў, а ад перыядаў да строф, і былі раскрыты законы парцэляцыі фальклорных вершаваных тэкстаў.

Праца Юрася Пацюпы, сапраўды, сур’ёзная, карысная і навукова-неабходная. Будзем спадзявацца, што яна хутка пабачыць свет асобнай кнігай.

Свой жыццёвы і творчы шлях Юрась Пацюпа пачынаў у Полацку, дзе ён нарадзіўся 13 сакавіка 1965 года. Дзяцінства яго прайшло на Лідчыне ў вёсцы Дамейкі. Скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Азёры Гродзенскага раёна, а потым – Лідскае СПТВ № 136, служыў у войску.

У 1986 годзе Юрась Пацюпа паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Там ён піша вершы, друкуецца. А таксама працуе загадчыкам лабараторыі, становіцца аспірантам кафедры беларускай культуры, а з 1996 года працуе выкладчыкам гэтай кафедры. Свае навуковыя даследаванні пачынаў пад кіраўніцтвам прафесара Аляксея Пяткевіча.

Першы зборнік
Першы зборнік

У 1994 годзе ў Гродне пачаў выдавацца гістарычна-культурны часопіс „Сьвіцязь”. Рэдагаваў яго прафесар Сяргей Габрусевіч. Юрась там таксама прымаў удзел: быў рэдактарам аддзела, а потым – намеснікам рэдактара. І сам пісаў матэрыялы і друкаваў іх. У „Сьвіцязі” (№ 3, 1994) ён апублікаваў цікавае даследаванне пра „Гратэскі і арабескі: дзве плыні ў беларускай літаратуры, пазначаныя Максімам Багдановічам”. У канцы артыкула аўтар прапануе беларускія гратэскі сабраць у адну вялікую анталогію. „Тады перад намі раскрыецца новая незвычайная краіна народнае неўміручасці”, – піша Юрась Пацюпа. 

У працоўнай кніжцы Юрася Пацюпы вельмі шмат запісаў. Ён яшчэ працаваў электраманцёрам, карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры, вартаўніком, супрацоўнікам музея народнага дойліцтва і побыту. А калі быў вольны час – пісаў. Тэмы яго артыкулаў былі самыя разнастайныя, якія патрабавалі пошукаў і шмат працы. Ён даследаваў і напісаў пра моўную ўтопію Вацлава Ластоўскага, як славянскую трансфармацыю футурызму, пра зацемкі на палях філасофскага слоўніка, пра гармонію беларускага слова, пра лінгвістычныя ідэі Максіма Багдановіча, пра тое, як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны, пра стагоддзе паэзіі Івана Франка ў Беларусі, пра невядомы санет Максіма Багдановіча і шмат-шмат іншых. Найбуйнешыя яго публікацыі друкаваліся ў часопісе „ARCHE”. А ў 2019 годзе выйшла яго манаграфія „Беларускія вершы Яна Баршчэўскага: праблема рэканструкцыі, атрыбуцыі і эдыцыі”.

У 1991 годзе ў Мінску ў бібліятэчцы часопіса „Маладосць” выдаецца першы паэтычны зборнік Юрася Пацюпы „Ноч”. Да гэтага ён свае паэтычныя творы друкаваў амаль ва ўсіх беларускіх часопісах і газетах. Як прызнаўся сам аўтар, яго „Ноч” – гэта першая кніга, таму яна ў пэўнай ступені эклектычная. „Калі надыходзіць ноч – кожны запальвае сваё святло, – казаў Геракліт. Але я не ведаю, каторая зараз гадзіна. Я не ведаю, што знойдзе чытач у маіх вершах, бо змест іх рэлятыўны”, – напісаў замест анатацыі Юрась Пацюпа ў сваёй першай „Ночы”.

Пасля „Ночы” з друку выходзілі паэтычныя кнігі Юрася Пацюпы „Сабака”, „Анонс. Квадрат тэкстаў”, „Рой”, а таксама слоўнікі.

Творчасць Юрася Пацюпы адзначана прэміяй часопіса „Крыніца” і літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова…

Даўно напісаны Юрасём верш „Камень” прыгадаўся мне з нагоды 60-годдзя гэтага таленавітага літаратара:

Ляжаў на дарозе камень –

Пад ім ані кроплі вады.

І біліся моцна ілбамі

Аб камень ссівелы вятры.

Не сівей і не старэй, даражэнькі Юрась! Няхай Бог дае табе здароўя, творчага натхнення і сілы на новыя навуковыя і паэтычныя адкрыцці. 

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (250) – 24.04.1775 г. у Будлеве Бельскага пав. Гродзенскай губ. (зараз гміна Вышкі, Бельскага пав. Падляшскага ваяв.) нар. кс. Якуб Забядэвуш Фалькоўскі, адзін з пачынальнікаў навучаньня глуханямых мове жэстаў, быў рэктарам піярскай школы ў Шчучыне, у 1817 г. адкрыў у Варшаве першую польскую школу для глуханямых. У 1826-1837 гг. быў першым пробашчам касьцёла сьв. Аляксандра ў Варшаве на Пляцы Трох Крыжоў, у якога падзямельлях пахаваны пасля сьмерці. Памёр у Варшаве 2.09.1848 г.
  • (140) – 24.04.1885 г. у Гродзенскай губ. (у Гродне або ў Кузьніцы) нар. Анна Саланка, настаўніца, якая ў 1909 г. разам з сястрой Марыяй і кс. Францішкам Грынкевічам заснавалі Гродзенскі гурток беларускай моладзі, першую беларускую арганізацыю на Гарадзеншчыне. У 1906 г. закончыла Гродзенскую жаночую гімназію і выехала на навуку ў Інсбрук, дзе з кс. кс. Ф. Грынкевічам і Адамам Лісоўскім заснавала беларускі гурток. У 1911 г. выйшла замуж за гімназіяльнага настаўніка Алексея Селівачова. Памерла ў Вільні 2.02.1915 г. Пахавана на могілках Росы.
  • (136) – 24.04.1889 г. у Стоўпцах нар. Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч, пасол у польскі сойм у 1926-1928 гг. Арыштаваны НКВД пасьля 1939 г., уцёк з савецкай турмы ў канцы чэрвеня 1941 г. Актыўна ўдзельнічаў
  • (81) – 24.04.1944 г. у Суботніках каля Іўя нар. Зянон Пазьняк, археоляг і палітычны беларускі дзеяч. Зараз у эміграцыі. Жадаем шмат сілаў і нягаснучай надзеі на сапраўдную Беларусь!

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis