Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гадоў таму

ў верасьні

1035 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” напісана: „Въ лето 6491 иде Володимир на ятвяги и победи ятвяги и взя землю их”.

■520 – У 1498 г. вялікі князь Аляксандар Ягелончык абдараваў Драгічын на Бузе магдэбурскім правам на самакіраваньне. У хуткім часе Драгічын стаў чацьвёртым па велічыні і значэньні горадам Вялікага Княства Літоўскага пасьля Вільні, Гародні і Бярэсьця.

■515 – У 1503 г. быў пасьвячаны краевугольны камень пад славутую Сьвята-Благавешчанскую царкву ў Супрасьлі. Пабудова была закончана ў 1511 годзе.

■485 – 27.09.1533 г. на тэрыторыі Румыніі нар. Стэфан Баторы, кароль Рэчыпаспалітай выбраны ў сьнежні 1575 г., з чэрвеня 1576 г. вялікі князь ВКЛ. Абавязваўся захоўваць самастойнасьць ВКЛ, на яго тэрыторыі заснаваў езуіцкія калегіi і Віленскую акадэмію. Памёр у Гародні 12.12.1586 г.

■370 – 15.09.1648 г. польскія жаўнеры расстралялі сьв. Афанасія Берасьцейскага – Філіповіча (нар. каля 1597 г.) – выдатнага праваслаўнага падзьвіжніка, змагара супраць царкоўнай уніі.

■290 – 30.09.1728 г. у маёнтку Саломенка на Гродзеншчыне нар. Марцін Пачабут-Адляніцкі, астраном і асьветнік, з 1764 г. прафэсар Віленскай акадэміі. Памёр 20.02.1810 г.

■225 – У 1793 г. у Бельску на Падляшшы нар. Іосіф Ярашэвіч (пам. 1.02.1860 г.), беларускі гісторык, этнограф, прафэсар Віленскага Унівэрсытэту, аўтар дасьледаваньня „Пра ўплыў хрысьціянскай рэлігіі на цывілізацыю cлавян” (1826), „Вобраз Літвы з пункту гледжаньня цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца веку” (1844-45), „Матэрыялы да статыстыкі і этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет” (1848) і інш.

■195 – 29.09.1823 г. у Смольгаве на Бабруйшчыне нар. Уладзімір Сыракомля (сапр. Людвік Кандратовіч, пам. 15.09.1862 г.), польскі і беларускі паэт. У большасьці сваіх твораў адлюстроўваў жыцьцё ў Беларусі, яе гісторыю. Аўтар краязнаўчых нарысаў: „Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), „Мінск” (1857), „Нёман ад вытокаў да вусьця” (1861), „Кароткага дасьледаваньня мовы і характару русінаў Мінскай правінцыі” (1856), апрацовак беларускіх народных казак.

■170 – 2.09.1848 г. памёр Якуб Зэбэдэўш Фалькоўскі, асьветнік-дабрачынец, пачынальнік навучаньня глуханямых дзяцей мовы жэстаў. Нар. на Беласточчыне 24.04.1775 г. Належаў да ордэна піяраў, быў рэктарам школы піяраў у Шчучыне на Гродзеншчыне. У 1817 г. у Варшаве адкрыў першую школу для глуханямых. Напісаў м. ін. працу „De instructione surdorum et mutorum” (1816).

■170 – 25.09.1848 г. у Магілёве нар. Вацлаў Федаровіч, краязнавец, калекцыянер, юрыст, член-карэспандэнт Кракаўскай АУ. З 1884 г. жыў у Віцебску, працаваў намесьнікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Пісаў артыкулы па гісторыі краю ў „Витебские губернские ведомости”. Памёр 25.01.1911 г.

■165 – 1.09.1853 г. у Варшаве нар. Міхал Федароўскі (пам. тамжа 10.06.1923 г.), фальклярыст, этнограф, археолаг. У 1877 г. пераехаў у Пружанскі павет, дзе пражыў амаль 30 гадоў. Сабраў каля паўтары тысячы беларускіх песенных і танцавальных мэлёдый, каля 10 тысяч прыказак, сотні казак, загадак і іншых твораў, зьмешчаных у васьмітомным выданьні „Люд беларускі” (1887-1981). Значную частку іх запісаў на Сакольшчыне, Янаўшчыне, Дуброўшчыне, вакол Беластоку, Нараўкі.

■155 – 9.09.1863 г. у Оршы расстраляны Ігнат Будзіловіч (нар. у 1841 г.), удзельнік студзеньскага паўстаньня ў Аршанскім павеце (пад псэўданімамі Каткоў і Ян Піховіч).

■145 – 8.09.1873 г. памёр Яўстафій Тышкевіч, археоляг, гісторык, этнограф і краязнавец (нар. 18.04.1814 г. у Лагойску). У 1831 г. закончыў Мінскую гімназыю, у 1843 г. з мэтай археалягічных досьледаў наведаў Данію, Швэцыю, Фінляндыю. Заснаваў Віленскі музэй старажытнасьцей і Віленскую археалягічную камісыю. Дасьледаваў курганы і гарадзішчы. Пасьля 1863 г. вызвалены з усіх пасад. Напісаў шматлікія краязнаўчыя, археалягічныя і гстарычныя працы, напр. „Opisanie powiatu borysowskiego” (1847).

■125 – 5.09.1893 г. у мястэчку Налібокі Ашмянскага пав. нар. Язэп Фарботка, беларускі нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец. Закончыў клясычную гімназію ў Менску (1914), студыяваў на Кіеўскім унівэрсытэце да 1918 г. Уключыўся ў беларускі палітычны і культурны рух на Украіне і ў Менску (1918-1920). З 1920 па 1924 г. студыяваў на Віленскім унівэрсытэце, пасьля працаваў там выкладчыкам заалогіі. У 1932 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Займаўся мастацкай фатаграфіяй і дзейнічаў у „Віленскім фатаклюбе” Яна Булгака. Працаваў таксама ў Ваяводзкай управе ў Вільні у сельскагаспадарчым аддзяленьні. Пасьля вайны арыштаваны і сасланы ў Данбас. У канцы 1945 г. пасяліўся ў Лодзі. Памёр там 8.06.1956 г.

■125 – 10.09.1893 г. нар. Аляксандар Ляўданскі (расстраляны ў Менску 27.08.1937 г.), гісторык і археолаг, загадчык сэкцыі археалогіі Інстытута Беларускай Культуры, дацэнт Беларускага Унівэрсытэта, вывучаў археалагічныя і архітэктурныя помнікі Беларусі.

■125 – 12.09.1893 г. у Будславе на Вілейшчыне нар. Паўліна Мядзёлка (пам. 13.02.1974 г.), дзеячка культуры. З 1930-ых гадоў у ссылцы ў Сібіры, а потым у глыбі Расіі. Пасьля другой сусьветнай вайны вярнулася ў Беларусь.

■115 – 6.09.1903 г. у Іказьні на Браслаўшчыне нар. Мікола Дварэцкі (псэўданім Мікола Базылюк), дзеяч праваслаўнай фракцыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і паэт. Пасьля вайны жыў Польшчы, на Узбярэжжы. З 1956 г. пасылаў свае вершы і карэспандэнцыі ў беластоцкую „Ніву”. Памёр 15.08.1988 г. у Руміі. Пахаваны ў Лембарку.

■115 – 20.09.1903 г. у Баку нар. Натальля Арсеньнева (па мужу Кушаль), паэтка, культурная дзеячка. Выпускніца Віленскай Беларускай Гімназіі. У 1940 г. НКВД арыштавала яе і саслала ў Казахстан. Дзякуючы захадам, між іншым Янкі Купалы, вярнулася на радзіму. Падчас нямецкай акупацыі брала ўдзел у арганізаваньні беларускага нацыянальнага жыцьця. Пасьля вайны актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асьветніцкай дзейнасьці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы. З 1950 г. у ЗША. Памерла 25.07.1997 года. У 1979 г. у Нью Ёрку Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва апублікаваў ейную паэтычную спадчыну (да 1970 г.) у абшырным зборніку „Між берагамі”.

■115 – 22.09.1903 г. у Заслаўі нар. Хвядос Шынклер, пісьменнік. Загінуў на фронце 25.10.1942 г.

■115 – 27.09.1903 г. нар. Вера Харужая (замардавана Немцамі ў 1942 г.), дзеячка камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі, асуджана ў працэсе ў Беластоку ў 1928 г., грыпсы з турмаў, у якіх была яна зьняволена, склалі кнігу „Лісты на волю”.

■105 – 1.09.1913 г. у в. Мокрае Клімавіцкага р-на нар. Масей Сяднёў, беларускі пісьменнік. Вучыўся ў Мсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме (1930-1932) і Мінскім пэдагагічным інстытуце (1933-1936). У 1936 г. рэпрэсаваны. У 1943 г. апынуўся ў Беластоку, супрацоўнічаў у газэце „Новая Дарога”, сябраваў з Хведарам Ільляшэвічам. З 1944 г. на эміграцыі, спярша ў Нямеччыне, а з 1950 г. у ЗША (Глен-Коў), дзе памёр 5.02.2001 г.  Напісаў раманы „Раман Корзюк” (1985), „І той дзень надыйшоў” (1987), зборнік вершаў „Патушаныя зоры” (1992), успаміны „Масеева кніга” (1995).

■105 – 25.09.1913 г. у в. Нобель Пінскага павета нар. Сяргей Грахоўскі, беларускі пісьменнік. У 1936 г. закончыў літаратурны факультэт Мінскага пэдагагічнага Інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. У 1936 г. рэпрэсаваны, 10 гадоў быў у лагеры. У 1946-1949 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне. Пасьля паўторна арыштаваны і сасланы на вечнае пасяленьне ў Новасібірскую вобласьць. Пасьля рэабілітацыі ў 1955 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў на радыё, у часопісах „Бярозка”, „Вясёлка”. Першы верш надрукаваў у 1926 г. У 1973 і 1983 гг. выдаваліся яго „Выбраныя творы” ў 2 тамах. Памёр 11.12.2002 г. у Менску.

■100 – 21.09.1918 г. у Клетным каля Глуска нар. Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнавец і пісьменнік. Памёр 13.11.1989 г. у Менску.

■95 – 10.09.1923 г. у в. Скварцы Дзяржынскага р-на нар. Мікалай Бірыла, беларускі мовазнавец, аўтар прац „Беларуская антрапанімія” (т. 1 – 3, 1966 – 1982), „Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове” (1986). Памёр 30.09.1992 г. у Менску.

■95 – 29.09.1923 г. у в. Студзянкі каля Супрасьлі на Беласточчыне нар. Арсень Лабовіч, тэатразнавец. Дасьледаваў сувязі беларускай тэатральнай культуры з польскім тэатрам. Працаваў між іншым у Інстытуце Мастацвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклёру ў Менску.

■80 – 1.09.1938 г. расстраляны кс. Адам Пучкар-Хмялеўскі (нар. 24.12.1891 г. у Івянцы). Пасьвячоны ў сьвятары ў 1916 г. Служыў ў Савецкай Беларусі, м. ін. быў пробашчам Мінскага катэдральнага касьцёла з 1929 г. Быў прыхільнікам беларусізацыі касьцёла. Арыштаваны ў 1933 г. і сасланы на Салоўкі.

■80 – 16.09.1938 г. у в. Валокі Хойніцкага р-на нар. Віктар Дашук, выдатны беларускі кінарэжысёр дакумэнталіст.

■80 – 17.09.1938 г. у Нараўцы нарадзілася Тамара Саланевіч, сцэнарыст і рэжысёр дакументальнага кіно, у 90-ыя гг. працавала на Беластоцкім Тэлебачаньні. Памерла 18.07.2000 г. у Беластоку, пахавана ў Міхалове.

■80 – 25.09.1938 г. у Краснасельскім каля Ваўкавыска нар. Вячаслаў Целеш, мастак і беларускі дзеяч у Латвіі. Жыве ў Рызе. Віншуем!

■75 – 20.09.1943 г. у в. Нівы Бярозаўскага р-на нар. Ніна Мацяш, беларуская паэтка і перакладчыца. У 1960 г. закончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт французскай мовы ў Інстытут замежных моў у Менску (закончыла ў 1966 г.). Выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973 – 1977). Жыла ў Белаазёрску. Першы верш апублікавала ў 1962 г. Аўтарка зборнікаў вершаў „Агонь” (1970), „Удзячнасць” (1973), „Ралля суровая” (1976), „Прыручэнне вясны” (1979), „Поўны келіх” (1982), „Жнівень” (1985), „Паварот на лета” (1986), „Шчаслівай долю назаві” (1990), казак „Два браты і сякера” (1975), „Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982), п’ес для тэатра лялек „Прыгоды трох парасят” (1976), „Крок у бессмяротнасць” (1977), перакладаў з французскай, польскай, нямецкай моў, м. ін.: Ж. Сімянона „Першая справа Мегрэ” (1982), А. дэ Сэнт-Экзюперы „Планета людзей” (1984) і „Маленькі прынц” (1989), навелаў Г. дэ Мапасана (1989). Памерла 19.12.2008 г. у Белаазёрску.

■75 – 22.09.1943 г. забойства ў Менску гаўляйтнэра Вільгэльма Кубэ, Гэнэральнага камісара Беларусі.

■60 – 27.09.1958 г. у Менску памёр Аляксей Туранкоў, беларускі кампазытар (нар. 9(21).01.1886 г. у Пецярбургу). Пахаваны на Вайсковых могілках.

■60 – 29.09.1958 г. у Дзяржынску (Койданаве) нар. Адам Глобус (Уладзімір Адамчык), адзін з найбольш папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы на пэдагагічным аддзяленьні (1973-1977). Закончыў мастацкае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1983). З 1988 г. член Саюза Пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборніка паэзіі „Парк” (1988), зборнікаў апавяданьняў „Адзінота на стадыёне” (1989), „Койданава”, „Дамавікамэрон”. Віншуем!

■45 – 26.09.1973 г. памёр у Канадзе Тарас Сайка, пастар баптыстаў. Нар. у 1906 г. у в. Ліпск на Піншчыне, дзе ў палове 30-ых гадоў узначаліў баптысцкую царкву. З 1950 жыў у ЗША ў Мінэаполіс. Ініцыятар перакладу Бібліі на беларускую мову.

■40 – 3.09.1978 г. у Рыме памёр кс. Пётр Татарыновіч, беларускі каталіцкі дзеяч. Нар. 2.06.1896 г. у Гайніне Слуцкага пав. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1921 г. Служыў у Пінску, Наваградку, Баранавічах, Дамачаве і Століне. Быў прыхільнікам уніі. У час ІІ сусьветнай вайны быў у Варшаве – вучыў рэлігіі ў беларускай школе, удзельнічаў у ІІ Усебеларускім кангрэсе у Менску у 1944 г. З 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, з 1945 г. – у Рыме, дзе абараніў доктарскую працу „Сьв. Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная”, выдаваў беларускі каталіцкі часопіс „Źnič” (1950 – 1975), арганізаваў Беларускую сэкцыю Ватыканскага радыё, пераклаў на беларускую мову „Quo vadis” Г. Сенкевіча (1956).

■35 – 25.09.1983 г. памёр у Торуні Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзеяч (нар. 14.09.1904 г. у Цяцерках на Браслаўшчыне. Вучыўся ў беларускіх гімназыях у Вільні і Радашкавічах, студыяваў этнаграфію ў Віленскім унівэрсытэце, якую закончыў у 1938 г. Дзейнічаў у Беларускім Студэнцкім Саюзе, Беларускім Інстытуце Гаспадаркі і Культуры, Беларускім Навуковым Таварыстве. Быў першым рэдактарам часопіса “Шлях Моладзі” (у гг. 1930-1931). У 1939 г. стаў дырэктарам Беларускага музэя ў Вільні. У час вайны пэўны час быў павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне і выкладчыкам беларускай мовы ў Мэдычным інстытуце ў Новай Вілейцы. У 1949 г. арыштаваны і сасланы ў Краснаярскі край. Там паўторна арыштаваны і сасланы ў Варкуту. У 1957 г. пасьля разгляду справы звольнены. Прыехаў у Польшчу да сям’і. З 1959 г. па 1970 працаваў у Этнаграфічным музэі ў Торуні. Пісаў карэспандэнцыі ў беластоцкую „Ніву”. Аўтар успамінаў „У пошуках зачараваных скарбаў” і „Кара за службу народу”.

■30 – 24.09.1988 г. на Ракавіцкіх могілках у Кракаве на адшуканай Алегам Латышонкам магіле Алеся Гаруна (Аляксандра Прушынскага) урачыста быў адкрыты надмагільны помнік беларускаму паэту і нацыянальнаму дзеячу.

■20 – 2.09.1998 г. пам. Мікола Гайдук (нар. 29.05.1931 г. у Кабылянцы каля Міхалова на Беласточчыне) настаўнік, пісьменьнік, журналіст, краязнавец. Друкаваўся з 1957 г., аўтар зборніка вершаў „Ціш”, апавяданьняў, аповесьцей і гістарычных эсэ „Трызна”, „Паратунак”, „Брэсцкая унія”, казак, артыкулаў, нарысаў, сааўтар падручнікаў па беларускай мове.

Фота Радыё Рацыя
Магіла Мікалая Гайдука й ягонай жонкі Лідзіі на праваслаўных могілках у Беластоку на Выгодзе

Апрацавалі
Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (52) – 25.04.1972 г. пам. у ЗША Віктар Войтанка (нар. 6.11.1912 г. у фальварку Мачульня, Наваградзкага павету), грамадзкі дзеяч, лекар, сьвятар. Выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту, дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюзу. Заснавальнік, падчас нямецкай акупацыі, мэдычнай школы ў Баранавічах. Пасьля вайны жыў у ЗША. У 1969 г. стаў сьвятаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis