Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (2)

    UB-oŭcy z Sakołki, jakija pravia try let viali śledztvo, ustanavili, szto maldunak na rasstralanych „kamunistaŭ” skłali sołtys z Łapiczaŭ Ivan Charuży, sołtys z Trejglaŭ Franak Karpuk i padsołtys z hetaj vioski Edzik Jurczenia. Pad kaniec grudnia 1942 r. mielisa jany sptakacca ŭ czaćvier na bazary…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

26 красавіка 2022 г.

Галіна Максімюк падчас прэзентацыі сваёй кніжкі ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку Фота Юркі Хмялеўскага
Галіна Максімюк падчас прэзентацыі сваёй кніжкі ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку
Фота Юркі Хмялеўскага

Свой тур па Беласточчыне пачала сёння Галіна Максімюк, якая з мужам Янам прыехала з Прагі на бацькаўшчыну, каб землякоў пазнаёміць са сваёй навейшай кніжкай „Słova na viêtrovi”. Гэта напісаныя на падляскай мове апавяданні, большасць якіх была раней надрукавана ў Часопісе. Таму я як рэдактар абавязкова падаўся на сустрэчу-прэзентацыю, якая адбылася ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку. Якраз быў трэці дзень праваслаўнага Вялікадня. У святочным яшчэ настрою аўтарскі вечар Галіны прайшоў даволі цікава і вельмі сімпатычна. Расказвала яна пра сваё пісанне па-свойму і чытала фрагменты апавяданняў з кніжкі.

Муж Ян распавёў пра жыццё сваёй сям’і ў Празе (абыходзяцца там яны амаль без польскай мовы, бо ў Чэхіі практычна яна ім непатрэбная), а найбольш, вядома, пра пісанне па-падляску.

Усё пачалося амаль дваццаць гадоў таму. Ян, памятаю, выступіў з дакладам на трыялогу ў падкрынскіх Лапічах. Прадставіў сваю ідэю запісаць бельска-гайнаўскія гаворкі як асобную падляскую мову і дзеля гэтага апрацаваў нават алфавіт, выкарыстоўваючы чэшскую лацінку. Беларусаў на Беласточчыне падзяліў на пудляшоў і ліцьвіноў, устанаўляючы мяжу менш больш па рацэ Нарве.

Ян, калі гэта абвясціў, прапанаваў беларускім рэдакцыям у Беластоку – Нівы, Часопіса, радыё- і тэлеперадачаў – перайсці часткова на падляскую мову. Я як спачатку адзіны згадзіўся публікаваць тэксты у такім запісе, бо пабачыў вялікі сэнс такой ідэі, каб надаць належны ранг і значэнне, увекавечыць у друку знікаючае багацце беларусаў-пудляшоў. І так месяц у месяц па сёння у Часопісе друкуюцца тэксты па-падляску. Пераважна апавяданні і ўспаміны, якія дасылаюць менавіта Ян з Галінай, хаця не толькі яны.

Павышэнне падляскай мовы да ўзроўню літаратурнай (на ёй выйшла ўжо шмат кніжак і нават пастаўлены былі тэатральныя п‘есы) выклікала немалую цікавасць і захапленне, але, на жаль, знайшліся і апаненты. Яну прыходзіцца змагацца з беларусамі з Мінска, якія лічаць яго „беларускім адшчапенцам”, ды з падляшскімі і замежнымі ўкраінцамі, што ўпарта называюць яго „несвядомым украінцам”.

Падчас аўтарскай сустрэчы Галіна падзякавала мне як рэдактару за магчымасць публікаваць свае тэксты па-падляску ў Часопісе. Мне стала, вядома, прыемна, хаця я нічога незвычайнага не зрабіў, а асабіста таксама люблю гэта чытаць. Таму павіншаваў Галіну з яе новай кніжкай і выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. А калі падпісвала яна ўдзельнікам сустрэчы паасобнікі сваёй кніжкі, крыху пагутарыў я яшчэ з Янам. Ужо больш сур’ёзна. Сказаў ён, што падляскай мове дае яшчэ не больш трыццаці гадоў жыцця. Па-мойму, калі нічога не зменіцца (бо і чаму мела б змяніцца?) з паўсюднага ўжытку знікне яна раней. Тым больш былі мы згодныя, што пакуль можам, трэба зберагчы яе ў друку. Так як і бліжэйшую мне простую мову між Нарвай і Бобрай, якой ужо амаль не чую, толькі яшчэ ў сваім Востраве і наваколлі, але і тут маланкава ўжо вымірае. І дзякуючы менавіта Яну паралельна з ім стараюся колькі магу зберагчы яе ад забыцця.

У гэтым паміж намі ёсць аднак розніцы. Бо мая простая мова – усё ж такі тая беларуская, з якой сфармаваўся калісь літаратурны варыянт. Таму напісаць кніжку поўнасцю па-просту – без паланізмаў ці сучасных слоў беларускіх (чужых усё-такі) – наогул немагчыма, хаця такія спробы ёсць. Падляская мова, лічу, сама ў сябе менш беларуская, апрача мабыць амаль ідэнтычнай канструкцыі сказаў, таму патрабуе крыху іншай, асобнай граматыкі. І мой сябра такую стварыў, але і яму не абысціся ўжо без новых і ненатуральных слоў.

Апошнім часам я звярнуў увагу на ўсё-такі нейкія паралелі. Чытаўшы допісы Яна з цыклу „Trava zabytia” знаходжу ў падляскай мове словы амаль аднолькавы як у простай. Узнікае тады пытанне: хто ад каго іх узяў. Маю на ўвазе перадусім першабытныя назвы, напрыклад даўніх сялянскіх прыладаў, элементаў фурманкі ці кроснаў. Там і тут гэтыя словы амаль ідэнтычныя – zelezniak (pr. żalaźniak), otosa (atosa), peradok (pieradok), ohłobliê (ahłobli), hnojanki (hnajaŭki), chamut (chamut)…

Можна меркаваць, што назвы даўніх сялянскіх рэчаў і заняткаў усюды засталіся яшчэ ад славян, з якіх пасля фармаваліся асобныя нацыі і этнасы. Але ж ці тыя славяне прыдумалі былі жалязняк або кросны з білом і бярдом? Хіба ж іх наследнікі. На жаль мовазнаўцы і гісторыкі гэтага працэсу ніколі дакладна не расшыфравалі.

Я ўстанавіў, што мая простая мова мае гістарычны аграмадны абсяг, у шмат разоў большы чымсьці падляская (нават калі ўключыць Палессе, што на маё вуха не надта апраўданае). Вынаходніцтва разам з назвамі магло менавіта згэтуль – з поўначы і ўсходу – распрастраняцца за Нарву. Бо ж не прыйшло з захаду, дзе нават коней інакш запрагалі. „Duga to do Buga” – так там кажуць. Хаця плуг – усюды плуг. У палякаў, беларусаў, украінцаў, расіян…

У простай мове ёсць аднак іншыя сялянскія назвы чымсьці на Бельшчыне. Напрыклад „балайзы” – адпаведнік тамашняй фуры з драбінамі. Бясспрэчна –  гэта балцка-яцвяжскае слова.

Цікава адкуль узялася назва „валачонна” – па-падляску vołoczebne. Такое велікоднае слова шырока распаўсюджанае па ўсёй краіне простай мовы – ад Віленшчыны, Міншчыны, па Сувальшчыну і Падляшша. Існавала яно, што вычытаў я ў вядомага этнографа Глогера, нават у мазуроў на Мазоўшы. Скуль узялося? Падарункі яек гэта безумоўна след язычніцтва. Але я недзе знайшоў банальнае тлумачэнне гэтага архаічнага, здавалася б, слова. Яно, аказваецца – ад валацугаў. Хлапчукоў, якія на Вялікдзень валачыліся з яйкамі з хаты да хаты.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    750 – няўдалая аблога ў 1274 г. Наваградка аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі. 510 –  8.09.1514 г.  перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (140) – 14.09.1884 г. у засьценку Вераскоўшчына Наваградзкага пав. нар. кс. Фабіян Абрантовіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч. Актыўна выступаў перад польскімі касьцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі за вядзеньне багаслужбы ў касьцёлах на беларускай мове. У 1939 г. быў арыштаваны і замучаны савецкімі ўладамі (пам. у 1946 г. у Бутырскай турме ў Маскве).
  • (137) – У 1887 г. быў надрукаваны першы падручнік і слоўнік мовы эспэранта, аўтарства ўраджэнца Беластоку Людвіка Заменгофа.
  • (118) – 14.09.1906 г. у Вільні выйшаў з друку першы нумар першай легальнай беларускай газэты (тыднёвіка) „Наша Доля”. Літаратурны дэбют Якуба Коласа. У першым нумары „НД” быў надрукаваны ягоны верш „Наш край”. „Наша Доля” была закрыта царскімі ўладамі у палове сьнежня 1906 г. Выдаўцом газэты зьяўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада.
  • (118) – 14 верасьня 1906 г. выйшаў у Вільні першы нумар „Нашай Долі”. Сьвет пабачыла толькі 6 нумароў, зь якіх большасьць канфіскавала расейская цэнзура. Газэта была ліквідавана ўладамі.
  • (104) – 14 верасьня 1920 г. пастаноўкай „Рысь” паводле аповесьці Э. Ажэшка „У зімовы вечар” пачаў сваю дзейнасьць Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны Тэатр ім. Янкі Купалы ў Менску.
  • (103) – 14.09.1921 г. выйшаў у Вільні з друку першы нумар тыднёвіка „Беларускія Ведамасьці” якога рэдактарам быў Максім Гарэцкі. „БВ” былі адным з лепшых беларускіх пэрыядычных выданьняў той пары. У ім друкаваліся публіцыстычныя, гістарычныя, літаратурныя тэксты выдатных беларускіх аўтараў.
  • (87) – 14.09.1937 г. расстраляны Сяргей Астрэйка, паэт (нар. 9.07.1912 г. у Каласоўшчыне на Меншчыне). Дэбютаваў у 1928 г., у 1932-1933 гг.  працаваў у слоўнікавай камісіі ў АН БССР; у 1933 г. быў арыштаваны і сасланы ў Ірбіт Сьвярдлоўскай вобл., у 1937 г. быў арыштаваны паўторна.
  • (60) – 14.09.1964 г. у Менску памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі), беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб’яднаньняў „Маладняк” і „Узвышша”. Нар. 20.05.1902 г. у Каралішчавічах каля Менска. У 1920 г. закончыў Менскае рэальнае вучылішча, у 1925-1927 гг. вучыўся ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце, а пасьля – у Ленінградзкім (да 1929 г.) Быў стыль-рэдактарам у Беларускім Дзяржаўным Выдавецтве. 25.07.1930 г.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis