У апошні час многія сродкі масавай інфармацыі Еўропы пішуць пра тое, што Расія хоча далучыць да сябе Беларусь. Яшчэ ў снежні мінулага года беларусы атрымалі шок ад ультыматуму Масквы, якая дэ-факта паставіла пытанне пра інкарпарацыю пад маркай выканання гэтак званай саюзнай дамовы. Што Вы на гэты конт скажаце? І ці мажліва сёння такое? Адказвае Віктар Марчык.
– Беларусь павінна быць толькі незалежнай краінай, але сябраваць і гандляваць мы павінны з усімі дзяржавамі свету, у тым ліку і з Расіяй. Але наш усходні сусед ужо шмат гадоў імкнецца далучыць нас да Расіі. Ёй гэта вельмі выгадна, як з тэрытарыяльнага боку, так і ваенна-стратэгічнага. Але нам, беларусам, нельга гэтага дапусціць. І тэрыторыя незалежнай Беларусі павінна быць толькі нашай. І на ёй не павінна быць ніякіх ваенных баз з любой замежнай дзяржавы, а тым больш з Расіі. Таму што падчас любога ваеннага канфлікту, першыя ўдары будуць нанесены менавіта па Беларусі. Таму няхай Расія нават і не марыць пра нашу Беларусь. Няхай яна лепш разбіраецца са сваімі ўсходнімі землямі, а таксама з той палітычна-эканамічнай сітуацыяй, якая зараз у Расіі ёсць. А яна дужа складаная і напружаная.
Гутарыў Сяргей Чыгрын