Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускіх слухачоў радуе мая шчырасць

Андрэй Мельнікаў заўсёды з гітарай

З беларускім бардам, паэтам, літаратуразнаўцам і краязнаўцам Андрэем Мельнікавым пазнаёміўся я даўно. Нават і не памятаю, дзе і пры якіх абставінах. У 2007 годзе ён разам з творчай інтэлігенцыяй прымаў удзел у Сынковіцкай царкве на Зэльвеншчыне ў свяце духоўнай паэзіі, а потым мы разам адзначалі 100-годдзе маёй дзедавай хаты ў суседняй з Сынковічамі вёсцы Хадзявічы ўжо Слонімскага раёна.

З Андрэем мы часта выступалі ў школах і навучальных установах, выступалі перад моладдзю і дарослымі слухачамі. І працягваем гэта рабіць да сённяшніх дзён, хаця і не так часта, як гэта было раней. І кожны раз, калі бард прыязджае да мяне ў Слонім, ён прывозіць наборы розных старых запалак, бо ведае, што я – філуменіст і даўно калекцыянірую запалкі.

З Андрэем Мельнікавым цікава гутарыць, слухаць яго, захапляцца выкананнем ягоных музычных твораў. Ён – таленавіты чалавек, а з таленавітымі заўсёды ёсць пра што паразмаўляць. Гутарку з Андрэем Мельнікавым прапаную „Czasopisu”.

Сяргей Чыгрын

 

Андрэй, у апошнія гады ты шмат выступаеш па Беларусі, пішаш, сустракаешся з людзьмі. Як у цябе хапае на ўсё сілы?

– Ну так, калі параўноўваць з маімі памерлымі равеснікамі – Вітушкам, Сідаровічам, Анемпадыставым, Ахроменкам – дык камусь можа і дзіўна, што я яшчэ жывы і выступаю час ад часу. А калі з жывымі равеснікамі параўнаць: з Вольскім ці Рублеўскай, да прыкладу? Яны, бадай, шчэ і паболей за мяне выступаюць ды сустракаюцца…

Напэўна ў нас з імі, жывымі, жыццё такое – больш шчаслівейшае за названых нябожчыкаў, калі сіл хапае.

Здаецца, ты нарадзіўся на Рагачоўшчыне, жыў у Оршы, цяпер – у Гомелі. Але мне здаецца, што найбольш тваіх выступленняў адбываецца ў Менску, на Віцебшчыне і Гарадзеншчыне. Неяк Гомельшчына застаецца ўбаку. Чаму так? Ці я памыляюся?

– Нарадзіўся я ў горадзе Гомелі. Не варта заўсёды купляцца на дакументальныя сведчанні, яны таксама рабіліся і робяцца з пэўных прычынаў з рознай ступеняй праўды.

У Менску я працую – у філіяле Музея гісторыі беларускай літаратуры – музеі Максіма Багдановіча. Музей нярэдка ладзіць імпрэзы, у тым ліку музычныя, у тым ліку і такія, дзе маім выступам ёсць месца. На экскурсіях я, бывае, спяваю, песні на вершы Багдановіча, Міцкевіча…

Андрэй Мельнікаў, Таццяна Матафонава, Яўген Самсонаў, 2013 год, верасень

На Віцебшчыне, тое Ворша і клуб „Торвальд” у Віцебску ў студзені 2018-га? Ну, а ў Воршы Генадзь Шэпелеў – Добры Дух Крапівенскага Поля часам збірае сяброўскую кампанію, у тым ліку з маім удзелам. У Віцебску я ў студзені 2018-га апынуўся не па справах выступу, але, дзякуючы даўняму добраму знаёмцу Віталю Броўку, які гаспадар „Торвальда” і тады яшчэ нядаўняму знаёмцу таленавітаму Міхаілу Рубіну атрымалася зладзіць сімпатычны канцэрт.

Гарадзеншчына – тое сяброўскія для мяне асяродкі. Вось і запрашаюць, і прымаюць, і дапамагаюць… Так гістарычна склалася.

Гомельшчына не застаецца ўбаку – мне нямала дапамагаюць вядомы гомельскі асяродак П-52, Гомельскі БАЖ, сям’я, рэчыцкія, жлобінскія… Але пагаджуся: амаль ігнаруюць пісьменніцкія арганізацыі, рэгіянальнае ТБМ, дзяржаўныя і прадзяржаўныя культурнікі. Дапускаю, што ім проста не падабаецца мая творчасць.

У Польшчы свет пабачылі твае альбомы „Шлях”, „Пад знакам Арла і Пагоні”, „Як з-за выспы на фарвацер”. Чаму менавіта ў Польшчы яны з’явіліся? Няўжо палякі і беларусы Польшчы твае песні больш любяць, чым на радзіме?

– Можа й так. Алег Латышонак яшчэ ў 1990-я гады казаў мне, што мае песні больш адпавядаюць польскай ментальнасці. Але палякі не захапляюцца дзесяцігоддзямі. І беларусы Беласточчыны прыблізна таксама. Пасля 2012 года я ў Польшчы не быў.

Асноўныя тэмы тваіх песень – Бог, Радзіма, каханне, патрыятызм. Так?

– Згода. Ухваляю. Так яно і ёсць.

Ты з’яўляешся заснавальнікам фестываляў аўтарскай песні і паэзіі „Аршанская бітва”, „Талькаўскі фестываль” „Гэта мы”. Які лёс гэтых фестываляў сёння?

– „Аршанская бітва” пасля эфектнага разгону 2007 года ператварылася ў некалькі такіх „хутарскіх” адзначэнняў на лакальных кропках. Але там быў і цікавы вопыт 2014 года, калі мастакі суполкі „Пагоня” ператварылі адну з лакальных кропак (фактычна галоўную, з вялікім крыжам, а з таго года шчэ і з некалькімі памятнымі па-мастацку аздобленымі камянямі) у месца легальнага тыднёвага пленэру напачатку верасня з даволі масавым адзначэннем у сам дзень свята. Апошнія гады час „Аршанскай бітвы” праводжу неяк за межамі Аршаншчыны. Але фэст, хай сабе і ў мікрафармаце, жыве.

Талькаўскі (Талькоўскі) фэст зліўся ў адну кастрычніцкую імпрэзу і стабільна існуе ў фармаце некалькіх дзесяткаў чалавек з пэўнымі сваімі традыцыямі ў правядзенні.

Твае песні напісаны на многія вершы беларускіх паэтаў і ўласныя творы. Ёсць песні і на словы Зьніча. Няўжо іх можна спяваць? У яго своеасаблівая філасофская паэзія.

– Сяргей, напэўна мы з табой па рознаму адчуваем рытм. У Зьніча вышэйшая кансерваторская адукацыя, яго вершы ўсе яскрава рытмічныя. А музыка з рытма пачынаецца. Хаця перад тым, як я ў Зьнічову мелодыку ўвайшоў, прайшло 6 гадоў, як мінімум. Ён мне свае вершы ўпершыню даў, здаецца ў 2000 годзе з пажаданнем „Брат Андрэй, прыязджай да нас часцей!”, а я толькі ў 2006 годзе, калі ўсё ж напісаў першую сваю песню на яго верш, здолеў у Жыровічы паехаць з чыстым сумленнем.

Для мяне вось загадка, як людзі пішуць музыку на вершы Уладзіміра Някляева. Яго вершы таксама выразна рытмічныя, але ні на якія мелодыі мяне не падштурхоўваюць. Чэслаў Сенюх мне яшчэ ў мінулым тысячагоддзі раіў пэўны някляеўскі верш для напісання песні. Праўда, на той верш і Зміцер Вайцюшкевіч, сябра Уладзіміра Някляева, падаецца, не напісаў нічога…

Андрэй, ты сёння шмат выступаеш па Беларусі. Што людзей на Беларусі сёння хвалюе, трывожыць і, вядома ж, радуе?

– Маю аўдыторыю, мяркую, радуе мая шчырасць. Тое, што канцэрты не тэхналагічна прафесійна пабудаваныя і прапісаныя з прапрацоўкай кантэнту, а тое, што на іх прысутнічае пэўная атмасфера даверу, адкрытасці. Яна іх і радуе. А што іх хвалюе ды трывожыць – падчас канцэрту не асабліва бачу, бо жыву ўнутры песень, калі іх выконваю.

Выступае Андрэй Мельнікаў

Ды тое толькі мая аўдыторыя – дастаткова невялікі адсотак слухачоў, якіх я люблю і цаню. За іншых адказваць не бяруся.

Ты яшчэ нядрэнны публіцыст, даследчык. Над чым працуеш сёння як літаратар?

– „Дабіваю” шэсць апошніх сваіх кніг у апошняй дзясятцы серыі „100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” Анатоля Тараса. Астатнія чатыры піша ён сам. Мае кнігі пра Еўдакіма Раманава, Уладзіміра Жылку, Янку Брыля. Генадзя Кісялёва, Міхася Чарняўскага, Арсеня Ліса. На жаль, з-за пэўнага канфлікту звязанага з маёй кнігай серыі пра Дуніна-Марцінкевіча, прыйшлі тыя наступствы, пра якія я другі канфліктуючы бок папярэджваў, прасіў канфлікта не раздзьмуваць. Але таму боку вельмі ўжо карцела. Амбіцыі яго разумею, як і выбар – вырашыў ісці па галовах. Ды трэба сказаць: яму „падпелі” многія досыць вядомыя ў незалежным беларускім асяродку людзі, і вось іх тое „падпяванне” можна патлумачыць ці прымітыўнасцю мыслення, ці схільнасцю да подласці, гатоўнасцю з асалодай далучацца да любога негатыву, калі ён бяспечны і як бы знаёмцу ў падтрымку…

Кнігі Андрэя Мельнікава

У выніку маем: замест выдавецтва „Харвест”, якое выдавала нам кніжкі мінімум па 500 асобнікаў кожную, апошнюю дваццатку даводзіцца выдаваць у Рызе і кожную па 40 асобнікаў. 12,5 разоў памяншэння, пра 20 выдатных беларускіх асобаў замест 10000 тысяч – 800 асобнікаў. Заўваж, справу гэтую настолькі згарнуў-зменшыў не „крывавы рэжым”, а нашы некаторыя рухавікі беларускай культуры.

І ўсё ж давай вернемся да песні. Перад якой аўдыторыяй табе лягчэй выступаецца і спяваецца? Я маю на ўвазе і ўзрост гледачоў, і іх захапленне, прафесіі.

– Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, мажорны хлопец Кастусь Елісееў, які тады, да майго турэмнага зняволення, арганізоўваў мне многія канцэрты і запісы, адзначаў незразумеласць партрэта маёй аўдыторыі: тыя людзі з розных пластоў грамадства, з вельмі розным жыццёвым вопытам і поглядамі.

Адзінае, што змянілася ў параўнанні з тымі часамі ў маіх слухачах – іх узрост. Моладзі вельмі мала, але яна ёсць. І тое, што ёсць – радуе.

Калі ты апошні раз выступаў на Беласточчыне і, наогул, у Польшчы?

– Улетку 2012-га ў Беластоку, у беларуска-школьніцкім сутарэнні. Аліна і Мікола Ваўранюкі тады мяне прымалі з нагоды выхаду фільма „Пустазелле”, у якім я кшталту самы галоўны Пустазелец.

Над чым працуеш цяпер, якія творчыя планы на 2019 год?

– Павінен скончыць да Раства па Грыгарыянскім календары ўзгаданыя кніжкі. Але па сваіх тэмпах бачу, што тое малаверагодна, пэўна зойме дапрацоўка тэкстаў і самы пачатак 2019-га. І намераны ўсё ж даціснуць справу з маім даўнім (з мяжы міленіума) тэкстам „Філасофія беларускага сексу”. Шэраг выданняў яго проста адхілілі, хто з тлумачэннямі, хто – без. Урэшце тэкст уладкаваўся ў часопісе „Дзеяслоў”, але шмат месяцаў без далейшага там руху. Мае ранейшыя тэксты, аддадзеныя ў „Дзеяслоў” у прамінулыя гады, зніклі там, як у прорве. Але туды іх, хаця б добразычліва прынялі, і тое ўжо нямала значыць. І можа хоць у 2019 годзе наспее час для іх друку там?

Сяргей Чыгрын

Фота з архіва А. Мельнікава ■

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis