Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускі Монпарнас

З Парыжа ў Менск

Плакат выставы

У гэтым годзе я нечакана трапіла на выстаўку «Майстры Монпарнаса з беларускіх мястэчак», якая якраз адкрывалася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Менску. Пры нагодзе «Танкаўскіх чытаньняў», праводжаных што два гады Педагагічным Універсітэтам імя М. Танка, даведалася пра яе адкрыццё. Карыстаючыся нагодай, пайшла на вернісаж, каб пабачыць працы сусьветнавядомых беларускіх мастакоў Парыжскай школы: Марка Шагала, Шрага Царфіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Раберта Геніна, Яўгена Зака, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя. Усе прадстаўленыя на выстаўцы працы паходзілі з прыватных калекцый. Куратар выстаўкі Ала Зміева сабрала 100 прац розных жанраў гэтых больш і менш вядомых мастакоў. Творы датуюцца з 1915 г. па 1970-ыя гады. Важным з’яўляецца цікаўнасьць прыватных калекцыянераў да мастакоў Парыжскай школы. Дзякуючы такой ініцыятыве працы з прыватных калекцыяў сталі даступнымі для жадаючых пабачыць мастацкія дасягненьні выхадцаў з беларускіх мястэчак, якія трапілі ў розны час у Парыж. Апрача Марка Шагала іх прозвішчы ў Беларусі амаль невядомыя, хаця вядомыя яны ў сьвеце. Іх прозвішчы нагадваюць пра яўрэйскае паходжаньне, аднак мастацкую адукацыю яны атрымалі ў Вільні або ў Пецярбурзе, а славу здабылі ў Парыжы. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак навязаў да першай выстаўкі Парыжскай школы – выхадцаў з этнічнай тэрыторыі Беларусі, якая адкрылася ў верасьні 2012 г. у Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску. Карысталася яна вялікім зацікаўленьнем наведвальнікаў і ўсьведамляла  тое, што не існавала гадамі ў беларускім мастацтве. «Беларускі монпарнас» стаў яе ўдалым працягам. Нягледзячы на лёсы асобных мастакоў, спалучаюць іх карані, якія знаходзяцца ў Беларусі: у Віцебску, Гомелі, Гродне, Сьмілавічах, Клімавічах, Жалудку, Высокім, Магільне. Ва ўступе да каталога выстаўкі ён напісаў: «Час «раскідаць камяні», хочацца думаць, у мінулым; цяпер прыйшоў час «сабіраць карані» – вяртаць гэтыя імёны. Прыйшла, у канцы канцоў, і для нас пара не толькі прафесійнага зацікаўленьня гэтымі мастакамі, але і перакананьня, што яны – наш патэнцыял. Так, такіх «спорных» імён у нас многа: маўляў, якія асабліва адносіны яны маюць да беларускай культуры? Хачу падкрэсьліць выключна: вядома, ёсьць мастакі, якіх нельга «рэзаць па жывому», або яны, сапраўды, сваёй біяграфіяй і творчасьцю належаць  адначасова, напрыклад, беларускай і літоўскай, беларускай і французскай, беларускай і польскай, беларускай і рускай культурам і т.д. Але ёсьць, вядома, і такія, хто, скажам, у адрозьненьні ад Шагала, пакінуўшы воляй лёсу сваю малую радзіму, практычна пра яе не ўспаміналі. Аднак усе яны выйшлі з гэтай зямлі-маці, якая ў тысячалетняй гісторыі мела розныя назвы – ад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчыпаспалітай да Севера-Западнага края Расійскай імперыі. Ужо пазьней розныя абставіны раскідалі гэтых мастакоў па ўсёй планеце – ад Аргентыны і ЗША да краін Еўропы і Расіі, адводзячы кожнаму сваё месца ў той ці другой замежнай культуры. Але, як не круці, карані асталіся тут, дзе зараз сучасная тэрыторыя Беларусі і некаторыя рэгіёны Літвы, Латвіі, Польшчы і Расеі, некалі ўваходзіўшыя ў этнічныя беларускія землі. Але пара ставіць усё на свае месцы. І зараз, дзякуючы такім энтузіястам-культуролагам, як Віктар Бабарыка, Уладзімір Шчасны, Юры Абдурахманаў, Ала Зміева, Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў, Надзея Усава, Людміла Хмяльніцкая, дзякуючы айчынным выдазцом, журналістам, музейшчыкам, а таксама нашым замежным сябрам з Францыі, Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, мы вяртаемся да спадчыны тых ураджэнцаў нашай многанацыянальнай краіны, да мастацтва каторых у разных краінах сьвету, у адрозьненьні ад нас учарашніх, заўсёды захоўвалася неўтаймаваная цікаўнасьць. Неабходна акрэсьліць рэальную іх колькасьць, не прыцягаючы за вушы выпадковых імён, а гэта значыць – адкрыць для сябе поўнае з’явішча беларускай мастацкай школы ва ўсёй яе шматвобразнасьці, складацасьці і разнароднасьці» *. Уладзімір Шчасны, аўтар кнігі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» заўважыў, што ў Парыжы на быдынку «Вулея», дзе збіралася ўсё багемнае мастацкае асяродзьдзе, знаходзіцца таблічка з прозвішчамі Шагала, Суціна, Цадкіна і Лежэ. Трох першых з іх родам з Беларусі, а апошні быў жанаты на беларусцы Надзеі Хадасевіч. Да выстаўкі быў выдадзены адмысловы каталог, у якім прадстаўлены кароткія звесткі пра мастакоў і рэпрадукцыі іх прац.

Падчас вернісажу

І так па чарзе. Файбіш-Шрага Царфін нарадзіўся 7 студзеня 1899 г. у Сьмілавічах. Вучыўся ў мастацкай школе ў Вільні. У 1924 г. праз Палестыну, Берлін пераехаў у Парыж. Памёр 25 верасьня 1975 г. у Роні-су-Буа пад Парыжам.

Восіп Любіч нарадзіўся 6 сьнежня 1896 г. у Гродне. У 1915-1919  гг. вучыўся ў Адэскім мастацкім вучылішчы. У 1923 г. праз Берлін пераехаў у Парыж. Памёр там 27 лістапада 1990 г.

Восіп Цадкін нарадзіўся 14 ліпеня 1890 г. у Смаленску (па іншай версіі – у Віцебску). Дзяцінства правёў у Віцебску, дзе вучыўся ў гарадзкім рамесленным вучылішчы. У 1905 г. з’ехаў у Англію, у 1909 г. пасяліўся ў «Вулеі» ў Парыжы. Памёр 25 лістапада 1967 г. у Парыжы.

Роберт Генін нарадзіўся 11 жніўня 1884 г. у Высокім пад Клімавічамі. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе і ў Адэскім мастацкім вучылішчы. У 1903 г. перабраўся ў Парыж і пасяліўся у «Вулеі». У 1936 г. пераехаў у Маскву, дзе 16 жніўня 1941 г. пакончыў жыцьцё самагубствам.

Яўгеній Зак нарадзіўся 15 сьнежня 1884 г. у Магільне пад Уздой. З 1900  г. у Францыі, вучыўся ў Парыжкай мастацкай школе. Памёр раптоўна 15 студзеня 1926 г. у Парыжы.

Пінхус Крэмень нарадзіўся 28 ліпеня 1890 г. у Жалудку. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе. У 1912 г. папаў у Парыж і пасяліўся ў «Вулеі». Памёр 5 красавіка 1981 г. у Серэ, дзе жыў пасьля 1945 г.

Міхаіл Кікоін нарадзіўся 31 мая 1892 г. у Гомелі. Вучыўся ў камерцыйным вучылішчы і ў школе-майстэрні Я. Кругера ў Менску, а пазьней у Віленскай рысавальнай школе. У 1912 г. выехаў у Парыж і пасяліўся ў «Вулеі». Памёр 4 лістапада 1968 г. у сваёй майстэрні ў Парыжы.

У каталозе няма рэпрадукцыяў прац Марка Шагала, хаця на выстаўцы ён «прысутнічаў». Відаць не было патрэбы пісаць пра яго ў сувязі з агульнай вядомасьцю яго імя ў Беларусі.

Астаецца думаць, што і гэтыя імёны не будуць далей чужыя для Беларусі. Лічу, што выстаўка была самай важкай падзеяй у мастацкім жыцьці Беларусі мінаючага года.

У пошуках «Пагоні» Язэпа Драздовіча

Рэдка бываючы ў Менску – звычайна на канферэнцыях – стараюся адведаць таксама Нацыянальны мастацкі музей. Вось там у чэрвені былі цікавыя выстаўкі. Асабліва прываблівала выстава пра каня ў мастацтве, як вынік польска-беларускага культурнага супрацоўніцтва. Можна было на ёй пабачыць працы славутых польскіх мастакоў Коссакаў. Нажаль, не было на ёй ніводнай беларускай «Пагоні», якая – вядома – увасабляе каня, як дзяржаўны і нацыянальны сімвал. Раней не раз я бачыла там у пастаяннай экспазіцыі славутую «Пагоню» Язэпа Драздовіча. Не гэты раз не было яе ні пры нагодзе тэматычнай выставы пра каня ў мастацтве, ні на выставе «Сусьвет Язэпа Драздовіча» прысьвечанай 130-ым угодкам нараджэньня мастака, якая да канца года знаходзіцца на вышэйшым паверсе музея. Варта яе паглядзець з увагі на юбілей мастака, не заўсёды меўшага шчасьце да персанальных выставаў. Яна даволі багатая ў працы мастака.

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 (1 – паводле старога стылю) кастрычніка 1888 г. у засьценку Пунькі на Дзісьненшчыне. Нястомны вандроўнік па Беларусі зарысоўваў і маляваў яе краявідныя асаблівасьці, а таксама фантастычны сьвет космасу. Жыў у вялікай бядзе і нястачы. 15 жніўня 1954 г. хутаране знайшлі непрытомнага мастака на дарозе. Памёр у сельскай бальніцы ў Падсьвільлі. Пахавалі яго на вясковых могілках у Ліплянах – завінутага ў простыню, нават без труны.

У 1970-ыя гг. шмат каго з мастакоў і краязнаўцаў турбавала спадчына Я. Драздовіча, раскіданая па вёсках. У экспедыцыях знайшлося багата яго прац, асабліва маляваных дываноў. Багатую калекцыю сабрала Ада Райчонак, настаўніца з Гэрманавіч. Яна і заснавала там музей Я. Драздовіча. У 1979 г. у Палацы мастацтваў у Менску адбылася вялікая выстава яго прац. У 1984 г. кнігу пра яго «Вечны вандроўнік» выдаў Арсень Ліс. У 1993 г. у Траецкім Прадмесьці ў Менску быў адкрыты помнік мастаку, аўтарства Ігара Голубева. Імя Я. Драздовіча носіць дзіцячая мастацкая школа ў Глыбокім. У 2002 г. у Менску з’явіўся манаграфічны альбом яго прац. У 2014 г. Міхась Казлоўскі падрыхтаваў вялізнае выданне «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак», дзе сабрана большасьць таго, што напісана пра Я. Драздовіча.

Аглядаючы выставу я здумала пра палотны мастака перададзеныя Беларускім Грамадзка-Культурным Таварыствам Падляшскаму музею ў Беластоку. Мела надзею, што юбілей мастака будзе добрай нагодай да паказаньня іх таксама ў Беластоку – мінула 85 гадоў як у гэтым горадзе шукаў ён лепшай долі. Год таму чула таксама пра падрыхтоўку спектакля «Сатурнянкі» Васіля Дранько-Майсюка, які быццам бы рыхтаваць сабіралася Яанна Троц. У Беластоку неяк ціха ўсё пра Я. Драздовіча, хаця жыве ў ім пляменьніца мастака. Можа варта падумаць над паказаньнем экспазіцыі з Менска ў Беластоку ці ў Гайнаўцы?

Прыкра таксама, што не знайшлося месца Язэпу Драздовічу ў «Ніве», хаця б у рубрыцы «Дата з каляндара». Нагодай тут быў не толькі юбілей мастака і яго сувязь з Беластокам, але ж таксама журналістаў павінен зацікавіць лёс палотнаў мастака ў блеску флешаў і журналісцкай сенсацыі перададеных Падляшскаму музею. Няўжо цікава толькі тое, як у Беларусі сьвяткуецца юбілей мастака? А там і выстава, і мастацкі пленэр, і кветкі на магіле – пра ўсё гэта гаварылася на працягу апошняга паўгодзьдзя ў Радыё Рацыя. А што ў нас з памяцьцю пра Я. Драздовіча? Можа калі б мастак з’ехаў у Парыж, як яго сябры яўрэі з Віленскай рысавальнай школы, сёньня таксама быў бы вядомым прадстаўніком Монпарнаса?

На першым паверсе музея ў чэрвені была яшчэ таксама выстава «Айвазоўскі і марыністы», якая працавала да канца жніўня. Хаця спецыяльна экспанавалася на ёй адрэстаўраваная карціна «Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года» Івана Айвазоўскага (1817 – 1900), не кінула яна мяне на калені.

На маргінесе выставак

Нягледзячы на тое, што ўдалося на працягу года пабачыць, турбуе мяне тое, што ўсё не прыцягае ўвагі музейшчыкаў, а што становіцца часта прыватным клопатам, якому не пад сілу рыхтаваць выставы. Успамінаючы, як цяжка ў 2003 г. было мне падрыхтаваць выставу прац  Пятра Сергіевіча з прыватных калекцыяў, маю надзею, што нехта на прафесійным узроўні зоймецца забытымі беларускім мастакамі ХХ ст.

Каб прыблізіць з нагоды юбілею Пятра Жынгеля – вучня Фэрдынанда Рушчыца, мы ў «Czasopisie” выдалі на гэты год каляндар з рэпрадукцыямі яго прац. А нарадзіўся ён 12 лютага 1898 г. у Докшыцах, памёр 27 студзеня 1983 г. у Гданьску. Прайшлі бясьследна два яго юбілеі – 129-ыя ўгодкі нарадженьня і 35-ыя ўгодкі сьмерці. Зяць мастака – архітэктар Станіслаў Шыманьскі з сям’ёй падрыхтаваў у канцы мінулага года вялікі альбом прац Пятра Жынгеля. Магчыма некалі нехта ім зацікавіцца, але пакуль немагчымай астаецца арганізацыя выставы яго прац. Наўрад ці пра мастака ведаюць у яго родных Докшыцах, а нават у Менску, які рыхтуецца да вялікай выставы Фэрдынанда Рушчыца, які неабыякавы быў да сваіх беларускіх вучняў – Пятра Жынгеля, Пётры Сергіевіча ды іншых. Можа ўсё ж такі пара «сабіраць камяні»?

Лена Глагоўская

 

*  Мастера Монпарнаса из белорусских местечек. Каталог, Мінск 2018, с. 12-13 (пераклад з рускай на беларускую мову Л. Глагоўскай).

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis