Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Літаратурны фестываль

Беларуская Прадмова ў Грузіі

Сёлетні фестываль інтэлектуальнай кнігі Прадмова прайшоў у незвычайных умовах. Калі раней гэта была ўнутрыбеларуская культурная падзея, то зараз пад ціскам душнай грамадска-палітычнай абстаноўкі ўнутры Беларусі каманда Прадмовы наважылася правесьці яго за межамі краіны, і да таго ж у некалькіх гарадах: Тбілісі, Вільня, Кракаў, Варшава. Фэст адбыўся паэтапна. Першы этап адбыўся ў Тбілісі 4-5 чэрвеня.

На грузінскай частцы прэзентавалі сваю творчасьць Уладзімер Някляеў, Севярын Квяткоўскі, Вольга Бубіч, Міла Котка і інш. Інтэрнацыянальны легіён прадстаўлялі грузінскі паэт і перакладчык Шота Іяташвілі і расейская інтэрнэт-аўтарка габрэйска-ўкраінскага паходжаньня Лінор Гаралік. Актыўных удзельнікаў магло быць і больш, але ж падрыхтоўка да мерапрыемства была азмрочана спрэчкай вакол запрашэньня расейскіх гасьцей. Украінскія госьці вырашылі байкатаваць фэстываль, а частка расейскіх зьнялася. Дзіўна было даведацца пра адсутнасьць кніжнага кірмашу. Па словах арганізатараў кнігі былі затрыманыя на грузінскай таможні па незразумелых прычынах і не пасьпелі своечасова даехаць да Тбілісі. Таму наведвальнікам фэстывалю прыйшлося задавольвацца каталогам. Карэспандэнт Cz папрасіў пракаментаваць прадстаўлены асартымент кнігаў Прадмовы 2022. Куратар фэстывалю Лілія Ільюшына дала каментар:

Лілія Ільюшына. Фота з афіцыйнай старонкі Прадмовы ў Facebook
Лілія Ільюшына. Фота з афіцыйнай старонкі Прадмовы ў Facebook

Лілія: Мы разумелі, што ўсе цікавыя кніжкі прывезьці ў Тбілісі нерэальна, таму мы пайшлі наступным шляхам: па-першае, мы хацелі, каб максімальная колькасьць беларускіх выдавецтваў была прэзентаваная, няхай нават па адной, па дзьве кнігі – „Медысонт”, „Зьміцер Колас”, „Беларускі Кнігазбор” і іншыя. Па-другое, натуральна, стаўкі рабіліся на сьвежыя выданьні 2021-22 году. Па-трэцяе, мы хацелі працаваць з бэстсэлерамі, пераможцамі і лаўрэатамі літаратурных прэмій, а таксама па замовах мясцовай грузінскай аўдыторыі. Прысутнічаюць дзіцячыя кніжкі, бо іх звычайна бракуе найбольш, нават у беларускіх крамах. Напрыклад, „Чырвоны кракадзільчык” – абсалютна новая кніжка, якая выйшла тыдзень таму. „Роня – дачка разбойніка”, кніга Астрыд Ліндгрэн, якую не так проста знайсьці, але мы здолелі гэта зрабіць. Таксама мы стараліся вытрымаць баланс паміж паэзіяй, прозай, гістарычнымі кнігамі, каб кожны мог знайсьці штосьці на свой густ. Сярод навінак на якія варта зьвярнуць увагу: Таня Скарынкіна – „Yesмамочка”, Вера Бурлак – „Фантазюркі” (пераможца прэміі Цёткі 2018 году, Вольга Гапеева – „Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі”, Натальля Станкевіч – „Здарэньне у Краіне-Дзе-Робяць-Котак”, сямейнае выданьне Анатоля і Усевалада Сьцебуракаў – „Сьцебуракаў лёс”. Асобную ўвагу варта надаць кнізе памяці Алеся Разанава „І немагчымае зрабі! Успаміны пра падзеі 1968 году” – прысьвечаную знакамітаму звароту беларускіх студэнтаў за навучаньне па-беларуску, які быў узгаданы колісь ў рамане Уладзімера Някляева „Аўтамат з газіроўкай ды без”. Абсалютна цікавая рэч – „Балада пра маленькі буксір” Іосіфа Бродскага ў перакладзе Алесі Алейнік, з шыкоўным мастацкім аздабленьнем. „Страшна не пачуць голас твой” – гэта паэтычная складанка сучасных аўтараў, прысьвечаная літаратурнаму аб’яднаньню „Маладняк” 1920-х гг. Адно з выданьняў прадстаўленых у каталозе зараз разглядаецца на прадмет экстрэмізму з-за вокладкі – гэта кніга Антаніны Хатэнка „Вербніца”.

Cz: Лілія, а ці назіраецца сярод кнігаў, выдадзеных у 2021-22 гадах тэндэнцыя палітычнай самацэнзуры, візуальнай, тэкставай?

Лілія: Папраўдзе я не магу адказаць за выдавецтвы, не ўва ўсіх ведаю, як фармуецца рэдактарскі партфель, але чыста інтуітыўна, па ўсіх кантэкстах схіляюся да той думкі, што сапраўды так, самацэнзура існуе і гэты трэнд яшчэ будзе працягвацца. Але ў існуючых умовах на мой погляд – гэта лепшы варыянт (з існуючых), таму што такім чынам захаваецца поле для манеўраў для беларускіх выдавецтваў. Праз метафары таксама можна даносіць праўдзівыя сэнсы, але галоўнае, каб было каму казаць. Бо, калі зачыняць усе беларускія выдавецтвы – не будзе наогул нічога, ні дзіцячай, ні класічнай, ні новай літаратуры.

Cz: Вы лічыце, што эзопава мова выратуе сітуацыю?

Лілія: Нажаль, Выдавецтва „Янушкевіч” гэта не выратавала, бо „Восень Патрыярха” і „1984” – гэта звышэзопава мова.

Cz: А ці скарацілася колькасьць беларускіх выданьняў?

Лілія: Цяжка сказаць, дакладна скарацілася колькасьць выдадзеных кніг у 2021 годзе праз падзеі 2020 году. Але пазьней пайшоў крышачку ўздым, бо падзеі 2020 году ўсё ж выклікалі цікавасьць да беларускай павесткі як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі. Гэты фактар даў шанец выйсьці за сталае кола чытачоў і выдавецтвы на гэта зрэагавалі. Яны пачалі выдаваць новыя кніжкі, шукаць новыя нішы. Была і міжнародная падтрымка ў датаваньні выдавецтваў. За апошнія некалькі гадоў узьніклі некалькі новых выдавецтваў і выдавецкіх ініцыятываў: „Поле”, „Кніжны Рысь”, „Вільма”, „Пфляўмбаўм”. Але зараз становішча выдаўцоў ізноў пад вялікім пытаньнем. Да таго ж праз санкцыі ўзьніклі абмежаваньні супрацоўніцтва з літоўскім друкам, якое раней было даволі шчыльнае, а цяпер стала даражэйшае і адпаведна робіць канчатковы прадукт меньш даступным для шараговага чытача.

Cz: Лілія, у самым пачатку размовы вы казалі, што сярод каталогу прадстаўлены кнігі, цікавыя грузінскай аўдыторыі. Якія менавіта гэта кнігі?

Лілія: „Адвечным шляхам” Ігната Канчэўскага. Гэтая кніга пазыцыянуецца зараз як лёсавызначальная для беларускага менталітэту. Калі ты хочаш ведаць, што такое беларусы, чым яны жывуць, чым абумоўленыя іх гістарычныя траўмы, то варта прачытаць гэтую кніжку. Казака Аляксея Шэіна „Сем камянёў” і вышэйузгаданы „Кразі – чырвоны кракадзільчык”.

Cz: Але ж усе гэтыя кнігі на беларускай мове. Існуе грузінская аўдыторыя, якая разумее беларускую мову?

Лілія: Мяркую, што пакуль не надта, гэтыя кнігі замоўленыя перш-наперш у прэзентацыйных мэтах і якраз-ткі з-за жаданьня асобных замоўцаў вывучыць беларускую мову. Ёсьць запыт на друкаваныя мапы, якія ў прынцыпе перакладу не патрабуюць.

Cz: З улікам бягучай сітуацыі ці разглядаецца перспектыва правесьці Прадмову ў Беластоку?

Лілія: Нават у гэтым годзе вельмі разглядалі Беласток і Гданьск, але вырашылі праводзіць у Кракаве, бо менавіта там адбылася моцная арганізацыйная падтрымка, у бягучай сітуацыі гэта істотны чыньнік. Натуральна, што Падляшша – зусім не чужы нам рэгіён і абавязкова варта правесьці фэст менавіта там. Таму мы выкруціліся на тым, што часткова Беласток прыедзе да нас наўпрост сам у асобах Алеся Аркуша ды Яраслава Іванюка.

Cz: На жаль, падрыхтоўка сёлетняга фэсту суправаджалася скандалам зьвязаным з рэакцыяй на запрашэньне расейскіх медыяперсонаў. Таму не магу не задаць пытаньне: ці будзе аператыўная публічная дыскусія на самім фэстывалі пра гэтую сітуацыю для таго, каб вынесьці пазітыўныя вывады на будучыню?

Лілія: Не хацелася б паглыбляцца ізноў у гэты канфлікт. Асабіста для мяне ён досыць дзіўны. На мінулы фестываль да нас прыяжджаў Віктар Ерафееў. Гэта было вельмі добра і для Ерафеева і для беларусаў, таму што ён пабыў сярод беларусаў, пакамунікаваў і ў прынцыпе ён быў нашым голасам у замежжы. І я тут не пра тое, што беларусы мусяць быць праз кагосьці прадстаўленыя. Але калі мы можам знаходзіць паплечнікаў у іншых краінах, чаму б і не? Я магу паўтарыць словы Андрэя Бастунца, якія ён апублікаваў з нагоды канфлікту: для нас найперш цікавы аўтар, кніга і тэма. Грузінскіх, польскіх, літоўскіх і ўкраінскіх рэзідэнтаў у праграме заяўлена было болей чым расейскіх. Але гэта ўсё было не заўважана крытыкамі, а ўся ўвага была прыцягнута ў бок адной персоны – Антона Доліна, чалавека, які да таго ж падзяляе нашыя беларускія прагрэсіўныя каштоўнасьці. Не буду казаць ад імя ўсіх арганізатараў фестывалю, але асабіста для мяне проста недапушчальная культура адмены. Я лічу, што гэта самае кепскае, што мы можам рабіць, таму што гэта дэгуманізацыя. Мы зноў робім тое, што робіць таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы – мы бачым не людзей, а стэрэатыпы. Адпаведна рэагуем абсалютна стэрэатыпна. Я лічу, што інтэлектуальная кніга і такія фестывалі для таго і існуюць, каб мы разбівалі гэтыя стэрэатыпы, каб мы камунікавалі. Нават, каб мы задавалі нязручныя пытаньні. Ніхто з нас не ставіўся да Антона Доліна як да вышэйшага аўтарытэту. Можна задаць яму пытаньні і не пагадзіцца з ім і ўсё. Для мяне Антон Долін такі ж удзельнік, як і ўсе астатнія, яго было б вельмі цікава паслухаць. Мы меркавалі правесьці дыскусію і беларускіх удзельнікаў, і Антона Доліна. Для нас было важна абмеркаваць дыскурс, які транслюецца праз візуальныя наратывы ў вайсковым кіно, якое ўласьціва беларускаму і расейскаму кінематографу, трапляе ў сьвядомасьць і пасьля ажыцьцяўляецца. Мне здавалася, што гэта вельмі важная тэма. Але гэта не адбылося праз усё тое, што адбылося.

Вядучы Алесь Буракоў, Зьміцер Лукашук, Севярын Квяткоўскі, Наста Медзялец і Аляксандр Ждановіч. Фота аўтара
Вядучы Алесь Буракоў, Зьміцер Лукашук, Севярын Квяткоўскі, Наста Медзялец і Аляксандр Ждановіч. Фота аўтара

У першы вечар адбывалася цікавая дыскусія пра тое, як беларусы захоўваюць сябе па-за межамі краіны. Севярын Квяткоўскі выказаўся, што ў Грузіі гэта зрабіць не так складана, бо беларусам у прынцыпе цяжка растварыцца ў грузінскім соцыюме, у адрозьненьне, напрыклад, ад польскага. На пытаньне вядучага Алеся Буракова, ці залежыць беларуская ідэнтычнасьць ад беларускай нацыянальнай ідэі, вядучы Эўрарадыё і стваральнік кнігі „Беларуская нацыянальная ідэя” Зьміцер Лукашук выказаўся, што яму падабаецца, што пакуль што ў беларусаў няма агульнай нацыянальнай ідэі і пераломны 2020 год прымусіў беларусаў шукаць адказы. І дадаў, што паводле ягоных суразмоўцаў нават няма дакладнага адказу калі беларусы сфармаваліся як нацыя і ці сфармаваліся ўвогуле. На пытаньне, наколькі ўплывае эміграцыя на нацыянальную ідэнтычнасьць, мастачка Наста Медзялец выказалася, што эміграцыя як з’ява не настолькі істотна, што гістарычныя падзеі, такія як рэвалюцыя ці вайна вяртаюць усё на свае месцы. Але на думку актора Аляксандра Ждановіча трэба зьняць ружовыя акуляры і паглядзець на досьведы іншых народаў і часоў, як эміграцыя можа адбіцца на наступных пакаленьнях экспатаў, дзе першае пакаленьне яшчэ гуртуецца разам, а наступныя, дзеці, унукі, пачынаюць усё ж набываць новую ідэнтычнасьць. Але ўсе сыйшліся на тым, што галоўнае ў бягучай сітуацыі не ціснуць адно на аднаго (эмігранты і тыя хто засталіся, беларускамоўныя і рускамоўныя) і не спыняць культурны дыялог і праяўляць ініцыятыву.

Уладзімер Някляеў. Фота аўтара
Уладзімер Някляеў. Фота аўтара

Але ж хэдлайнерам вечара быў канешне Уладзімер Някляеў. Пісьменьнік прыехаў у Тбілісі, каб прэзэнтаваць свой новы раман „Гэй Бэн Гіном”. Кніга прысьвечана жыцьцю і сьмерці Янкі Купалы, а таксама ў яе сюжэт ўплецены герой, які пісаўся Някляевым з уласнай біяграфіі, па ягоным жа прызнаньні. З гэтай кнігай Уладзімер Пракопавіч аб’ехаў ужо каля 10 гарадоў, зазначыўшы, што самае цяжкае – гэта размовы з беларусамі, якія страцілі дом, працу, айчыну. Чытаў свае вершы і ўрыўкі з кнігі. Распавядаў як яму сьніўся сам Купала і даваў творчыя парады. Узгадваў сваю сустрэчу са старымі грузінскімі сябрамі-пісьменьнікамі, якія з загадкай канстатавалі, што з Грузіі сыйшла любоў. Пісьменьнік прызнаўся, што і сам да канца не разумеў, што мелі на ўвазе паважаныя спадары. Хаця і выказаў здагадку, што пэўна любоў сыйшла з тымі ракетамі, якія абрынуліся колісь на Грузію, а цяпер і на Украіну. Хочацца верыць, што не назаўсёды, бо адчуваецца, што надзея на мір не прапала.

Майстар-клас па вырабе кніжных вокладак. Фота аўтара
Майстар-клас па вырабе кніжных вокладак. Фота аўтара

Паміж выступаў на асноўнай пляцоўцы, а таксама і падчас іх на паралельных пляцоўках адбываліся майстар-клясы па вырабе кніжных вокладак, стварэньні казак, графіцы, настольныя гульні, конкурсы па літаратурных чытаньнях, калектыўныя напісаньні лістоў палітвязьням, тэатральны гурток з Аляксандрам Ждановічам, беларускія народныя танцы.

Майстар-клас па народных танцах. Фота аўтара
Майстар-клас па народных танцах. Фота аўтара

Завяршыўся першы дзень музычным выступам новага беларускага трыо-гурта «Laikov, Alisa i Yauhen», які выканаў свой рэпертуар ды песьні Лявона Вольскага розных часоў.

На другі дзень нажаль аўдыторыя была не такая поўная як на першы. Шкада, бо насамрэч было цікава паслухаць агляд незалежных беларускіх літаратурных прэмій ад Ліліі Ільюшынай. Па яе словах 2019 год быў бадай самым багатым на розныя цырымоніі. Лілія адзначыла, што наступствы падзей 2020-2022 гг. вельмі моцна адбіліся на стане інстытуту прэмій і выказала прагноз, што ў сувязі з гэтым цягам 1-2 гадоў будуць арганізаваны прэміі ў эміграцыі, якія будуць падтрымліваць разьвіцьцё беларускага літаратурнага працэсу.

Трыо «Laikov, Alisa i Yauhen». Фота аўтара
Трыо «Laikov, Alisa i Yauhen». Фота аўтара

Далей хацелася б адзначыць абмеркаваньне зборніка эсэ філосафа Уладзімера Мацкевіча, які зараз адбывае тэрмін у беларускай турме за сваю грамадска-палітычную пазіцыю. Вядоўца Яраслаў Бекіш абмеркаваў крытычныя пытаньні Уладзімера Мацкевіча з праваабаронцай Вольгай Гапеевай і Уладзімерам Някляевым, напрыклад, ці забіваюць недзяржаўныя арганізацыі як індустрыі жывую грамадзянскую супольнасьць, як стыхію, навошта падзяляць трэці сектар грамадства на трэці і чацьвёрты, ці ўзмацняе адвакацыйная дзейнасьць аўтарытарныя рэжымы, наступствы дэпалітызацыі грамадскіх арганізацыі і палітычных партый у кантэксце падзей 2020 году. На пытаньне з залі, ці дапамагло б стварэньне віртуальнай Беларусі пабудаваць Беларусь рэальную спадарыня Вольга зазначыла, што нягледзячы на тое, што гэта добрая ідэя, але гэта выключна як часовы інструмент. Бо зараз ёсьць прыклад украінцаў, якія змагаюцца не за лічбу, а за землю, і гэта прынцыповы момант. Спадар Бекіш адказаў больш ёміста: „Калі вы хочаце аблічбаваць дэмакратыю, вы атрымаеце лічбавую дэмакратыю. Калі вы хочаце аблічбаваць дыктатуру, вы атрымаеце лічбавую дыктатуру. Адпаведна, калі вы хочаце аблічбаваць Беларусь у выгнаньні як соцыюм, вы атрымаеце лічбавую Беларусь у выгнаньні”.

Наступнай часткай дня была прэзентацыя кнігі Зьміцера Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы» з героямі кнігі Уладзімерам Някляевым, Севярынам Квяткоўскім і Мілай Коткай. Фактычна на вачах гледачоў адбылася як быццам жывая версія перадачы спадара Лукашука з радыёцыкла Ідэя Ікс, які ўласна і лёг у аснову выданьня.

Яраслаў Бекіш, Вольга Гапеева і Уладзімер Някляеў. Фота аўтара
Яраслаў Бекіш, Вольга Гапеева і Уладзімер Някляеў. Фота аўтара

Прыемным бонусам было экспромтнае далучэньне да дыскусіі Паўла Мацукевіча, былога дыпламата і часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швейцарыі. Удзельнікамі была зафіксавана зьмена парадыгмы ў беларускім грамадстве з „мяне няма”, якая адсылае да вядомай працы філосафа Валянціна Акудовіча на „Мы ёсьць”. Але спадар Мацукевіч зазначыў, што існуе пагроза вяртаньня Беларусі да мінулай парадыгмы. Адным з гледачоў было паднята крытычнае пытаньне ці не шкодзіць колькасьць нацыянальных ідэй зафіксаваных у кнізе чарговым раз’яднаньнем, атамізацыяй беларускага грамадства, падзелам на лагеры нацыянальных ідэй. Павал Мацукевіч выказаў меркаваньне, што з адной ідэяй жыць сумна, а з мноства ідэй усё адно пераможа лепшая. А спадар Някляеў адказаў вершыкам:

Беларуская ідэя гэта „Хто я?”, гэта – „Дзе Я?”,

„Кім я стану на вяку?”.

Што ідэя ўсё цьвярдзее – дзякую Лукашуку!

Зьміцер Лукашук, Павал Мацукевіч і Уладзімер Някляеў. Фота аўтара
Зьміцер Лукашук, Павал Мацукевіч і Уладзімер Някляеў. Фота аўтара

Завяршыўся вечар паэтычнымі чытаньнямі Лінор Гаралік і Шоты Іяташвілі. Вядучы Алесь Буракоў зазначыў, што чытка грузінскіх вершаў без разуменьня мовы вельмі нагадвае малітву. Аляксандр Ждановіч зачытваў вершы спадара Іяташвілі ў перакладзе Андрэя Хадановіча на беларускую мову. Удзельнікі вечара прыйшлі да высновы, што нашмат цікавей чытаць спачатку пераклады і потым арыгіналы, а не як прынята звычайна ў такіх выпадках. Было паднята пытаньне, як грузіны здолелі захаваць сваю ідэнтычнасьць у Савецкім Саюзе. У сувязі з гэтым спадаром Шотай была распаведзена гісторыя пра пратэсты ў Тбілісі 1978 году супраць прыняцьця рускай мовы дзяржаўнай у Грузінскай ССР. Аповед стаў адкрыцьцём для многіх прысутных беларусаў.

Вядучы Алесь Буракоў, Лінор Гаралік, Шота Іяташвілі і Аляксандр Ждановіч. Фота аўтара
Вядучы Алесь Буракоў, Лінор Гаралік, Шота Іяташвілі і Аляксандр Ждановіч. Фота аўтара

Нягледзячы на пэўныя складанасьці і недахопы можна з упэўненасьцю сказаць, што Прадмова ў Тбілісі была зроблена недарэмна. Такія імпрэзы трэба працягваць ладзіць па ўсім сьвеце, куды дайшлі беларусы, каб яны не згубіліся, каб адчулі, што яны ёсьць і будуць жыць і дапамагаць адзін аднаму, нягледзячы на ўсе перашкоды і выклікі сусьвету.

Ягор Віняцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis