Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    24. Dochtar Maroz (6)

    U archiwie IPN kromie dakumentaŭ UB majuć jaszcze druhuju dakumentacju – z Wajskowaho rajanowaho sudu ŭ Biełastoku, dzie krychu bolsz infarmacjaŭ pra sprawu Wacława Maroza. Baraniŭ jaho adwakat Alaksandar Saroka z Warszawy. 26 kwietnia 1950 r. jak obrońca wojskowy pasłaŭ da suda ŭ Biełastoku piśmo,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Новае выданне

Беларусь у савецка-польскіх адносінах, 1921-1939 гады

Летась Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь у мінскім выдавецтве „Беларуская навука” выпусціў кнігу кандыдата гістарычных навук Вольгі Бароўскай „Беларусь у савецка-польскіх адносінах (сакавік 1921 г. – люты 1939 г.)”.

Аўтарка ставіла мэту перад сабой і чытачамі – вывучыць і ахарактарызаваць унутрыпалітычнае, сацыяльна-эканамічнае, навукова-культурнае развіццё Савецкай Беларусі ў кантэксце савецка-польскіх адносін, звязаных з выкананнем Рыжскага мірнага дагавора ў сакавіку 1921 года – лютым 1939 г. Вольга Бароўская засяродзіла асаблівую ўвагу на пытаннях, якія раней або ўвогуле не закраналіся або разглядаліся павярхоўна ці з пэўнымі скажэннямі. З гэтых пытанняў і складаецца змест самой кнігі.

У раздзеле „Пытанні дэмілітарызацыі і адмовы ад вайны ў савецка-польскіх адносінах у 1921-1939 гг.” аўтарка спынілася на дзейнасці Польска-расійска-ўкраінскай ваеннай узгадняльнай камісіі, працэсе стварэння і функцыянавання нейтральнай зоны. Яна разгледзела праблемы ліквідацыі палітычнага бандытызму і выканання V артыкула Рыжскага мірнага дагавору ў 1921-1922 гадах. Аўтарка спынілася на падрыхтоўцы і заключэнні „Дагавора аб ненападзенні” 1932 года і ўдзеле Савецкай Беларусі ў стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі ў 1924-1939 гадах.

У другім раздзеле сваёй манаграфіі Вольга Бароўская адказала на пытанне наконт усталявання савецка-польскіх дыпламатычных адносін у 1921-1939 гадах. Даследчыца прааналізавала пытанне ратыфікацыі Рыжскага мірнага дагавора і юрыдычна-прававы статус Савецкай Беларусі ў 1921-1922 гадах, пытанне арганізацыі і дзейнасці дыпламатычнага прадстаўніцтва Польшчы ў Савецкай Беларусі, дзейнасць Генеральнага консульства Польшчы ў Мінску ў 1924-1938 гадах.

У наступным раздзеле кнігі аўтарка апісала, як вырашаліся міграцыйныя праблемы ў савецка-польскіх адносінах у 1921-1936 гадах. А гэта былі пытанні працы Змешанай камісіі па рэпатрыяцыі ў Савецкай Беларусі (1921-19240, пытанні аптацыі польскага грамадзянства і персанальнага абмену ў Савецкай Беларусі (1921-1936).

Праблему дэмаркацыі беларускага ўчастку савецка-польскай мяжы ў 1921-1939 гадах даследавала гісторык у чарговым раздзеле сваёй кнігі. Яна апісала, як працавала Змешаная пагранічная камісія ў 1921-1924 гадах, як дзейнічала Узгадняльная камісія па ліквідаці пагранічных інцыдэнтаў у 1921-1939 гадах.

Ёсць у кнізе і вялікі раздзел пад назвай „Адносіны Савецкай Беларусі і Польшчы да праблемы нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1921-1938 гадах”. У ім аўтарка разважае пра практычную рэалізацыю VII артыкула Рыжскага мірнага дагавора, а таксама пра праблемы гарантавання правоў польскай нацыянальнай меншасці ў Савецкай Беларусі, пра пазіцыі польскага і савецкага кіраўніцтва ў адносінах да Заходняй Беларусі, якую ролю адыграла Савецкая Беларусь у сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі ў 1924-1938 гадах, пра беларускую палітычную эміграцыю ў савецка-польскіх адносінах у 1921-1926 гадах.

Як вырашаліся пытанні ўзаемаразлікаў, рэвакуацыі маёмасці і культурнай рэстытуцыі ў савецка-польскіх адносінах (1921-1934), а таксама, што сабой уяўляла Беларусь у сістэме савецка-польскіх адносін у 1921-1939 гадах чытачы прачытаюць у наступных раздзелах. Цікава распавядае аўтарка пра выставачна-кірмашовую дзейнасць у развіцці гандлю паміж Савецкай Беларуссю і Польшчай у 1921-1930 гадах. Бо, сапраўды, тады важным сродкам умацавання пазіцыі на рынку была выставачна-кірмашовая дзейнасць. Самымі папулярнымі выставачнымі мерапрыемствамі былі кірмашы (таргі). Яны выконвалі тры важныя функцыі: забяспечвалі патрэбы прадпрыемстваў у прадстаўленні прадукцыі, садзейнічалі ўмацаванню пазіцый ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі, былі спосабам азнаямлення шырокіх слаёў насельніцтва з новымі таварамі і паслугамі. Аснаўная мэта міжнародных кірмашоў – гэта збыт прадукцыі на мясцовым і замежных рынках шляхам заключэння дамоваў.

У першай трэці ХХ стагоддзя кірмашы арганізоўваліся ў многіх краінах свету. Міжнародныя таргі адбываліся ў Франкфурце-на-Майне, Будапешце, Барселоне, Лейпцыгу, Ліоне і іншых еўрапейскіх гарадах. Прадстаўнікі БССР прымалі ўдзел у працы ў Ліонскім вясковым кірмашы 1923 года. У 1921 годзе ў Львове ўпершыню прайшла агульнапольская выстава-кірмаш „Усходнія таргі”. Яны праводзіліся і пазней. Міжнародныя кірмашы ў Львове праходзілі штогод і з’яўляліся другімі па маштабу пасля „Заходніх таргоў” у Познані. Была цікавасць з боку беларускага кіраўніцтва да працы сельскагаспадарчай выставы ў Познані ў 1923 годзе. Члены беларускай дэлегацыі заключылі здзелкі на закупку сельскагаспадарчых машын і прылад. Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе Вольгі Бароўскай.

Апошні раздзел кнігі называецца „Савецка-польскае навуковае і культурнае супрацоўніцтва ў 1921-1939 гадах”. Згодна з артыкулам XI Рыжскага мірнага дагавора прадугледжвалася рээвакуацыя культурных каштоўнасцей, архіўных матэрыялаў, кніжных збораў, вывезеных падчас падзелаў Рэчы паспалітай з 1772 да 1917 гадоў, стварэнне Змешанай рээвакуацыйнай і спецыяльнай камісій. 8 кастрычніка 1921 года Камісія распачала працу, і ўжо пра 20 дзён паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Варшаве Леў Карахан заявіў аб перадачы ў бліжэйшы час першай партыі твораў мастацтва.

У маі 1924 года Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР зацвердзіў „Палажэнне аб абмене афіцыйнымі выданнямі з замежжам”, было арганізавана Міжнароднае бюро кнігаабмену, што садзейнічала абмену навуковымі выданнямі. Аднак кнігаабмен не адрозніваўся значным памерам: у 1924-1925 гадах было адпраўлена 305 выданняў з СССР у Польшчу і 28 кніг з Польшчы ў СССР. Тэхнічныя цяжкасці ўзніклі з-за адсутнасці паштова-тэлеграфнай канвенцыі паміж СССР і Польшчай. Быў наладжаны абмен бібліяграфічнымі матэрыяламі: бібліятэка Варшаўскага ўніверсітэта і Інбелкульт у Мінску абменьваліся спісамі літаратуры аб Польшчы, якая выходзіла ў СССР і якая выдавалася ў Польшчы аб СССР. У 1929 годзе было пастаўлена пытанне пра стварэнне савецкага аддзела ў Варшаўскай публічнай бібліятэцы, а таксама аб забеспячэнні „польскіх дзеячаў, якія па-сяброўску адносяцца да СССР, літаратурай па адпаведных пытаннях”. Характэрна, што за 10 месяцаў 1926 года было накіравана ў Польшчу 1927 кніг і атрымана адтуль 3710. У 1928 годзе Польшча ўжо займала ў кнігаабмене СССР з еўрапейскімі краінамі трэцяе месца па перасылцы і шостае па адпраўцы. 

У бібліятэцы Інбелкульта быў створаны польскі аддзел, у склад якога ўваходзілі агульныя творы, працы па эканоміцы і палітыцы сучаснай Польшчы, польскім мовазнаўстве, матэрыялы па польскай літаратуры, матэрыялы і даследаванні па гісторыі Польшчы. Была распачата выпіска літаратуры з-за мяжы, звернута асаблівая ўвага на перыёдыку: на 1927 год замест атрыманых у 1926 годзе 12 часопісаў выпісана было 77 часопісаў, з якіх з-за мяжы – 25. Кніг, атрыманых з-за мяжы, налічвалася 275, з Польшчы – 85, з Германіі – 40.

Важнае месца ў пашырэнні навуковых сувязей з Польшчай займала Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі. Яна была створана ў 1925 годзе пры Прэзідыуме Інбелкульта.

У 1927-1928 гадах адбылася паездка беларускіх літаратараў у Польшчу, Чэхаславакію і Германію. Дэлегацыю ўзначальваў Цішка Гартны. Удзельнікамі былі Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот і Янка Купала. Усе яны былі звязаныя з літаратурным аб’яднаннем „Маладняк”…

Пра ўсе больш грунтоўна чытачы даведаюцца са старонак манаграфіі Вольгі Бароўскай „Беларусь у савецка-польскіх адносінах (сакавік 1921 г. – люты 1939 г.)”. У сваім заключэнні аўтарка падкрэслівае, што „негатыўныя наступствы польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў і Рыжскага мірнага дагавора для Савецкай Беларусі сталі прычынай тэрытарыяльнай і ідэйна-палітычнай раз’яднанасці, што стрымлівала сацыяльна-эканамічнае, дзяржаўна-палітычнае, культурнае развіццё тэрыторыі Беларусі. Да вялізных лічбаў страт мясцовага насельніцтва і эканомікі краіны ад ваенных дзеянняў і польскай акупацыі 1919-1920 гадоў дадаваліся і страчаныя магчымасці будаўніцтва адзінай эканамічнай прасторы. Уплыў польскага знешнепалітычнага фактару на ўнутранае становішча Савецкай Беларусі яскрава заўважаецца ў нацыянальна-культурнай палітыцы беларускага савецкага кіраўніцтва ў 1921-1929 гадах. Існаванне дэстабілізуючага фактару ў выглядзе беларускай палітычнай эміграцыі стала штуршком да паскарэння тэмпаў ажыццяўлення тэрытарыяльнага ўзбуйнення БССР за кошт усходнебеларускіх земляў, уносіла свае карэктывы ў палітыку беларусізацыі ў цэлым”.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у траўні

    – у 1085 г. дружыны Полацкага княства на чале з князем Усяславам Чарадзеем абаранілі беларускія землі ад захопніцкага нашэсьця князя кіеўскага Усяслава Манамаха. Захопнікі зьнішчылі Менск. Як пісаў кіеўскі летапісец „Не засталося ні чалавека, ні жывёлы”. – напады крыжакоў у …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (98) – 30.05.1927 г. у Менску нар. Вітаўт Кіпель, актыўны грамадзкі дзеяч, гісторык. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыве ў эміграцыі. Выпускнік Лювэнскага Унівэрсытэту (геоляг), Ратгерскага Унівэрсытэту (бібліятэказнаўства). Актыўна дзейнічаў і дзейнічае ў беларускім грамадзка-палітычным ды навуковым жыцьці.
  • (44) – у траўні 1981 г. быў заснаваны арганізацыйны камітэт Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў у Польшчы. 30 траўня 1981 г. 45 членаў-заснавальнікаў накіравала ліст у міністэрства навукі, вышэйшага школьніцтва і тэхнікі ПНР дамагаючыся рэгістрацыі арганізацыі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com