Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

Хлопец з Гародні вядзе цікавы блог, прысвечаны драўлянай архітэктуры Польшчы і Беларусі

Андрусёвы замалёўкі

Наш сённяшні герой – адзін са стваральнікаў беларускамоўнага блогу Woodenberg_inst, прысвечанага драўлянай архітэктуры Беларусі і Польшчы. Адметнасць гэтага праекта ў тым, што там публікуюцца не фатаграфіі, але рысункі фарбамі і алоўкам з выявамі вясковых хат, хутароў, сакральных аб’ектаў, а таксама самабытныя каляровыя паштоўкі.

Галоўны генератар ідэяў праекту – малады хлопец, якога завуць Андрусь. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў Польшчы, зараз жыве і працуе ў Варшаве, але нарадзіўся ў Гародні. Паводле слоў блогера, у дзяцінстве ён шмат часу праводзіў у сваіх бабулі з дзядуляй пад Ваўкавыскам. Менавіта там Андрусь упершыню зацікавіўся беларускім народным дойлідствам: „Там я з дзяцінства чуў беларускую мову, вясковую, натуральную, якая мае сваё непаўторнае заходняе гучанне. Ну і адпаведна рос у асяроддзі старых драўляных хат і цагляных камянічак, што засталіся нам ад габрэяў. Маляваць пачаў пару гадоў таму. Нават, шчыра кажучы, не вучыўся. Дзядуля вельмі добра рысуе, магчыма гэта яго спадчына. Неяк так натхніла мяне беларуская вёска, што ўзяўся за пэндзлік і пачаў маляваць. Ведаеце, калі паглядзець карціны сучасных мастакоў, то рэдка пабачыш драўлянае дойлідства. А яно ж мае глыбокія карані. Захацелася даследаваць прынамсі тое, што захавалася”.

 

Праект Woodenberg_inst паўстаў ў знакавым для многіх беларусаў 2020 годзе, дзеля таго, каб зацікавіць людзей вясковым мастацтвам і паказаць, што Беларусь мае тое, чаго не маюць іншыя краіны. Паводле задумкі стваральнікаў, блог павінен мець даследніцкі і азнакамляльны характар, даючы магчымасць убачыць адметныя рысы драўляных будынкаў у розных рэгіёнах. Часамі аўтары падчас сваіх падарожжаў уступалі ў лады з некаторымі майстрамі, мастакамі і гісторыкамі. Акрамя таго, фота цікавых аб’ектаў дасылаюць сябры і знаёмыя Андруся, а таксама падпісанты блогу.

На думку хлопца, бадай самым цікавым аб’ектам, які ён дагэтуль наведаў, з’яўляецца вёска Каменка, што знаходзіцца недалёка ад мікрараёна Альшанка ў Гародні. Стваральнік Woodenberg_inst упэўнены, што гэта адна з найбольш архаічных вёсак Панямоння, бо там захаваліся драўляныя хаты, якія будаваліся з ХІХ-га да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Ён прызнаецца, што такой колькасці старых драўляных будынкаў не сустракаў нідзе. 

Аб’екты для сваіх падарожжаў аўтары шукаюць у інтэрнэце: „Даследуем мапу, – расказвае Андрусь, – ды і не губляючы часу рушым у падарожжа”. 

У Беларусі хлопец ужо не быў даволі доўгі час. А вось у Польшчы наведаў Паазер’е, што называюць Варміяй ды Мазурамі, а таксама Падляшша. У ваколіцах горада  Ольштын стваральнік Woodenberg_inst зрабіў замалёўкі даўніх нямецкіх домікаў, якія на яго думку выглядаюць, як у дзіцячых казках. 

Адно з апошніх на дадзены момант падарожжаў хлопец здзейсніў па Падляшшы: „Мы ўжо даўно даведаліся пра „Краіну адчыненых аканіцаў”, былі там пакуль што два разы. Гэта сучасная назва, якая аб’ядноўвае вёскі Трасцянка, Пухлы ды Сацы. Іх архітэктура адрозніваецца ад Гарадзенскага Панямоння толькі вялікай колькасцю аздобы ды наяўнасцю ў 70% дамоў аканіцаў. Традыцыя аздаблення з’явілася ў гэтым рэгіёне пасля Першай сусветнай вайны, калі шмат жыхароў ўцякала ўглыб Расіі і потым вернуліся з ідэямі ўпрыгожыць свае дамы. Да вайны архітэктура на Падляшшы была ідэнтычная да Гарадзеншчыны ды Берасцейшчыны. Але ёсць планы зрабіць экспедыцыю на некалькі дзён улетку”.

Андрусь шмат чытае пра драўляную архітэктуру Польшчы і Беларусі, таму можа падрабязна апісаць розніцу драўляных будынкаў у розных рэгіёнах. Аднак крыніцы інфармацыі ён не выдае, кажучы, што гэта „сакрэт фірмы”. Паводле яго слоў, у самой Польшчы архітэктура вельмі розная з поўначы на поўдзень ды з ўсходу на захад. Напрыклад, паўночны ўсход Польшчы – тэрыторыі, дзе жылі і жывуць этнічныя беларусы, – тут дамінуюць драўляныя зрубы з аздобай, нагадваючую Панямонне. На поўначы распаўсюджаныя нямецкія цагляныя домікі або дамы з „прускага муру”. На захадзе і поўдні дамінуюць будынкі з камня, хоць і дрэва сустракаецца, асабліва ў гарах. У Беларусі таксама ёсць адрозненне, але ў аздобе і канструкцых, бо матэрыял там – заўсёды драўніна.

Што тычыцца паўночна-заходняй Беларусі (Астравец і літоўска-латвійскія ваколіцы), то гэты рэгіён моцна хутарызаваны. Там дамінуюць хаты з так званым балцкім шчытом (франтонам): вертыкальнае шаляванне пасяродку пераразае ланцуг з гарызантальных дошак, пасярод якіх знаходзіцца вакенца. Усход поўначы (Полаччына) яшчэ цікавейшы. Там мясцовае шаляванне шчыта падобна да панямонскага, дзе сам шчыт падзелены на чатыры часткі: тры трохкутнікі ды адзін простакутнік. Толькі на Полаччыне два бакавыя трохкутнікі зусім малыя, што пераўтварае цэнтральны прамавугольнік у трапецыю.

Магілёўшчына або інакш Падняпроўе – гэта месца аскетычнай архітэктуры. Тут амаль зусім няма аздобы. Часам на шчытах можна пабачыць сімвалічнае сонейка. А Гомельшчына (Усходняе Палессе) вельмі дэкаратыўнае. Там разьба па дрэву развівалася нават да 1980-х гадоў. Берасцейшчына (Заходняе Палессе) – месца архаічнай архітэктуры, без карункавай разьбы, характэрнай да ўсходняга Палесся, але ўсё ж дэкаратыўнасць прысутнічае. Пераважна гэта аздоба ліштваў ды шчыта. Ну і адметнасцю усяго Палесся з’яўляюцца чаротавыя стрэхі.

Гарадзеншчына –  гэта старадаўняе Панямонне. Яно дзеліцца на Панямонне Гарадзенскае і Панямонне Наваградскае. Гарадзенскае – больш сучаснае. Тут дамы маюць простыя вуглы, шаляваныя шчыты ды амаль не сустрэнеш гліняных падлог. Шчыт гарадзенскі гэта падзел на тры трохкутнікі і адзін простакутнік. На Наваградчыне дамінуе вертыкальнае шаляванне, вельмі часта з дошчачкамі заточанымі ўніз. Бярвенні тут цясалі, але клалі ў „нахлёст” як у часы Полацкага княства.

Ну а драўлянае дойлідства Падляшша падобнае да Гарадзеншчыны, бо гэта першапачаткова таксама было Панямонне. – Там і зараз што другая вёска   царква і крыжы праваслаўныя, – кажа Андрусь.

Дарэчы, малюнкі, якія хлопец робіць падчас падарожжаў, у яго не затрымліваюцца: „Большасць дару знаёмым, сябрам або распрадаю за сімвалічныя грошы, бо не лічу гэта нечым каштоўным, на чым можна зарабіць”.

На жаль, апошнім часам блог не папаўняўся новымі публікацыямі. Але Андрусь падкрэслівае, што праект працягваецца: „На дадзены момант рыхтуемся да падарожжа па Падляшшы, будзем маляваць і здымаць знікаючую архітэктуру беларуска-польскага памежжа. Наклалася вельмі шмат працы ды абавязкаў, але ўлетку пачнецца адраджэнне. Будзем параўноўваць вёскі Мазоўша (драўляныя, якія захаваліся) і нашы – беларускія. Будзе шмат новых малюнкаў ды матэрыялу!”.

Сяргей Александровіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    1040 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” як напісана „Въ лето 6491 иде Володимир на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (258) – 25 верасьня 1765 г. у Гузаве (зараз Мазавецкае ваяв.) нарадзіўся Міхал Клеофаc Агінскі – дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар (памёр 15.10.1833 г. у Флярэнцыі (Італія), дзе пахаваны ў пантэоне Санта Кручэ).
  • (175) – 25.09.1848 г. у Магілёве нар. Вацлаў Федаровіч, краязнавец, калекцыянер, юрыст, член-карэспандэнт Кракаўскай АУ. З 1884 г. жыў у Віцебску, працаваў намесьнікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісыі. Пісаў артыкулы па гісторыі краю ў „Витебские губернские ведомости”. Памёр 11.01.1911 г. у Рызе, пахаваны ў Віцебску на могілках касьцёла сьв. Варвары.
  • (148) – 25 верасьня 1875 г. у в. Асаўцы Кобрыньскага павету нарадзіўся Сяргей Паўловіч, настаўнік, нацыянальны дзеяч. У 1925-1928 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі. Адзін з кіраўнікоў Таварыства Беларускай Школы. За беларускую, патрыятычную дзейнасьць пазбаўлены правоў навучаньня. Актыўна выступаў супраць палянізацыі беларускага насельніцтва. Між іншым быў рэдактарам дзіцячага царкоўна-культурнага часопіса „Снапок” (у 1937-1939 гадах), аўтарам школьных падручнікаў ды дапаможнікаў на беларускай мове. Памёр 16.09.1940 г. у Вільні, пахаваны на праваслаўных Свята Ефрасіньнеўскіх могілках.
  • (110) – 25.09.1913 г. у в. Нобель Пінскага павета нар. Сяргей Грахоўскі, беларускі пісьменьнік. У 1936 г. закончыў літаратурны факультэт Мінскага пэдагагічнага Інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. У 1936 г. рэпрэсаваны, 10 гадоў быў у лагеры. У  1946 – 1949 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне. Пасьля паўторна арыштаваны і сасланы на вечнае пасяленьне ў Новасібірскую вобласьць. Пасьля рэабілітацыі ў 1955 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў на радыё, у часопісах „Бярозка”, „Вясёлка”. Першы верш надрукаваў у 1926 г. У 1973 і 1983 гг. выдаваліся яго „Выбраныя творы” ў 2 тамах. Памёр 11.12.2002 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
  • (109) – 25.09.1914 г. у Зэльве Гродзенскага пав. нар. Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар, старшыня Саюза Беларусаў у Бэльгіі. Рукапаложаны ў сан сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г., быў адным з ініцыятараў і арганізатараў БАПЦ у Бэльгіі. Памёр 25.09.1984 г. у Грэверы каля Лювэну ў Бэльгіі.
  • (102) – 25-28.09.1921 г. у Празе адбылася Першая Усебеларуская Канфэрэнцыя – сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў з Заходняй Беларусі, Латвіі, Летувы, Нямеччыны, Чэха-Славакіі. Прысутныя падтрымалі прынцып поўнай незалежнасьці ды непадзельнасьці Беларусі. Між іншым удзельнікі сходу сьцьвердзілі, што лічаць ворагамі беларускага народу кожнага хто прызнае Рыжскі мірны трактат, які падзяліў беларускія землі між Расею і Польшчу. Прысутная на канфэрэнцыя была беларуская дзеячка родам з падбеластоцкіх Агароднічак Вера Маслоўская (Матэйчук).
  • (85) – 25.09.1938 г. у Краснасельскім каля Ваўкавыска нар. Вячаслаў Целеш, мастак і беларускі дзеяч у Латвіі. Жыве ў Рызе. Віншуем!
  • (58) – 25.09.1965 г. у Гільдэсгайм у Нямеччыне памёр Міхась Маскалік (нар. 18.03.1903 г. у Гарадзеі), каталіцкі сьвятар усходняга абраду, беларускі хадэцкі дзеяч.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis