Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Заняпад беларускай школы на Падляшшы: ад ганаровага абавязку да прагматычнага выбару

2 верасня 2024 г.

Пасля летняга адпачынку сёння вучні пайшлі ў школу. Год таму ў гэтым дзённіку я сумаваў з прычыны дрэннага стану беларускай адукацыі на Падляшшы. На жаль, заняпад працягваецца. У Бельскім і Гайнаўскім белліцэях, якія вось адзначаюць 80- i 75-годдзе свайго існавання, урокі беларускай мовы не ёсць ужо абавязковымі. На гэта дазволілі органы адукацыі ў адказ на жаданне часткі бацькоў. Нягледзячы на пратэсты беларускага асяроддзя прымусілі памяняць запіс у статутах школ як нібыта парушаючы закон, хаця на працягу дзясяткаў гадоў нікому гэта не перашкаджала. 

Справа тут не так у законе, колькі ў неспрыяльных абставінах наогул для захавання беларускай тоеснасці на Беласточчыне. Асіміляцыя і паланізацыя нашай меншасці паступае маланкава. Да таго сама беларуская дзяржава працягвае антынацыянальны курс, дапамагаючы пры тым Расіі ў вайне з Украінай. Гэта, вядома, нашых людзей надта палохае і таму між іншым больш і больш людзей баіца прызнавацца да беларускасці.

Чытаю вось у Інтэрнэце роздумы Яна Максімюка пра ўвядзенне пасля вайны на Бельшчыне і Гайнаўшчыне беларускага школьніцтва. Дае ён зразумець, што карэнную там няпольскую тоеснасць сярод насельніцтва намнога лягчэй было б захаваць, каб моладзь у школах вывучала не літаратурную беларушчыну, але хатнюю падляскую мову. На яго думку – чаму камуністы напрыканцы 1940-х гадоў увялі на Беласточчыне беларускую адукацыю, а пасля 1956 г. дазволілі на дзейнасць Беларускага грамадска- культурнага таварыства, гэтае пытанне да сённяшняга дня застаецца загадкай і „для прафесійных гісторыкаў”.

Пра гэта ўзнікла паміж намі кароткая дыскусія. Я адпісаў, што тады таварышы ў Варшаве добра ведалі, што на мяжуючай з Беларуссю Беласточчыне пражывае вялікая частка насельніцтва, якая штодзень паслугоўваецца няпольскай мовай. Для іх адназначна былі гэта беларусы, таму такую менавіта літаратурную мову ўвялі ў нашых школах. Далей я адзначыў, што ўсе літаратурныя мовы ва ўсіх краінах іншыя ад рэгіянальных і яны неаўтэнтычныя (неаўтахтонныя). Але нашы літаратары „белавежцы” і журналісты, якія амаль усе былі і ёсць з Бельшчыны і Гайнаўшчыны, вырашылі пісаць па-беларуску, бо для іх гэта культурны, вышэйшы ўзровень тутэйшай мовы. Упарадкаваны, кадыфікаваны, маючы кніжныя апрацаваныя слоўнікі. Няважна, што крыху розны ад мовы бацькоў, але ўсё-такі вельмі ім блізкі і ўсім жа дасканала зразумелы. Незабыўны Віктар Швед яшчэ ў маладосці свой верш-маніхвест „Я – беларус” напісаў па-беларуску свядома, шчыра і ад сэрца. 

Таму я запытаў Яна, якую іншую мову, як не беларускую, маглі ўвесці на Беласточчыне камуністычныя ўлады.

На маё здзіўленне Ян адказаў: „Як то якую? Ну, украінскую на Гайнаўшчыне і Бельшчыне”.

Украінскую? – не мог у гэта паверыць, паколькі ўспомніў, як сам ён некалі ў „Часопісе” напісаў, што на Падляшшы такая мова гэта – „космас” з увагі на вялікую далечыню згэтуль ад Украіны. 

Ян яшчэ дадаў, што „Іван Кірызюк з суседняй вёскі (Шведа) напісаў верш маніхвест „Я – украінэць”. Успомніў яшчэ пра Зою Сачко і размову з ёю ў летнім нумары „Часопіса”, якой пазіцыя для яго „больш адэкватная, блізкая і аўтэнтычная ў адносінах да моўнай сітуацыі на Гайнаўшчыне і Бельшчыне”.

Канчаючы дыскусію я падсумаваў, што Кірызюкоў былі адзінкі, а такіх як Швед сотні. А Зоя Сачко, якую я таксама вельмі паважаю, хаця піша вершы на гаворцы, з’яўляецца членам Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”.

Вяртуючыся да школьнай тэмы, год таму таксама напісаў я крыху пра сваю вучобу ў пачатковай школе, якая выпала на гады росквіту сацыялістычнай Польшчы пры Герку за крэдыты замежных банкаў. Цяпер хочацца мне запісаць для памяці яшчэ крыху сваіх школьных успамінаў. 

У першы клас пайшоў я ў 1970 г. і вучыўся пісаць яшчэ асадкай. У парце было круглае паглыбленне для бутэлечкі з атрамантам. Помню, пісалася мне цяжка і ўвесь час рабіў у сшытку сінія кляксы. На шчасце хутка з’явіліся ручкі-даўгапісы, а некаторыя з нас пазней мелі нават аўтаручку – wieczne pióro. У адным з класаў вучаніца ўкрала яго сваёй сяброўцы. Усе ведалі, хто гэта зрабіў. Але настаўніца прыдумала цікавы выхаваўчы спосаб. Загадала дзеткам напісаць у сшытку невялікае сачыненне на тэму „Хто ў нашым класе скраў wieczne pióro і чаму гэтага нельга рабіць?”. Усе пісалі праўду, нават сама зладзейка, ад трэцяй асобы…

Школа ў Востраве існавала да 1995 г. Цяпер гэта гасцініца Zielony Zakątek Фота Юркі Хмялеўскага
Школа ў Востраве існавала да 1995 г. Цяпер гэта гасцініца Zielony Zakątek
Фота Юркі Хмялеўскага

У снежні 1976 г. пад лесам недалёка Паўночнага Вострава былі знойдзены тры мёртвыя зубры. Помню, да нашай школы прыехалі неўзабаве следчыя і вучням ва ўсіх класах загадалі напісаць адказ на пытанне, хто мог тых звяроў застрэліць. Меркавалі, што нехта з дзяцей выведзе іх на след злачынцы. Але гэта нічога не дало. Вучні на раздадзеных ім картачках пісалі, што або нічога не ведаюць, або падазраюць, што ненаўмысна праз памылку зрабіў гэта нейкі паляўнічы.

Нядаўна ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку выпадкова натрапіў я на тры тоўстыя тамы той буйной справы, пра якую пісалі нават варшаўскія газеты. Следчыя разглядалі некалькі варыянтаў, у тым ліку браканьерства. На працягу года пра здарэнне распытвалі жыхароў навакольных вёсак і заказвалі дарагія экспертызы. На аснове знойдзеных мною дакументаў калісь падрабязна ўсё апішу ў „Часопісе”. Гэта для мяне будзе мець гістарычную вартасць перад усім з увагі на тое, што з імя і прозвішча выступаюць у справе звыш сотні жыхароў маёй і суседніх вёсак. Многія з іх мне добра вядомыя. Большасць ужо не жыве.

Час ад часу ў школу з Крынак прыязджала медсястра – гігіеніст пані Генавефа Пархоўская. Яна рабіла нам абавязковыя прышчэпкі, глядзела ці ў валасах няма вошай і наогул правярала чысціню цела – вушэй і шыі. Прывівала звычку часта мыцца дома. Слаўнай была таксама агульнапольская акцыя фтаравання (fluoryzacji) зубоў. Некалькімі ўсяго зубнымі шчотачкамі на сотню вучняў… Ну а лячэнне зубоў стаматолагам у Крынках было проста як катаванне. У той час абязбольванне рэдка калі выкарыстоўвалася.

Я быў яшчэ маленькі, калі ў мяне першы раз забалеў зуб. У пані стаматолаг у крэсле верашчаў я ад болю, не дазваляў ёй свідраваць зуба, бо гэтага не стрымліваў і амаль траціў прытомнасць. Нарэшце яна здалася. Бацька не ведаў што рабіць. Баяўся, каб такім свідраваннем доктарка не замучыла дзіцяці на смерць і адвёз мяне на фурманцы дадому. Але маці, яка мела надта энергічны характар, толькі яго злаяла, загадала не распрагаць каня і сама павезла мяне назад у Крынкі. На гэты раз стаматалагічнае лячэнне-мучэнне неяк я сцярпеў. 

Я тады яшчэ не ведаў, што гігіеністка Пархоўская мела дзявочае прозвішча Шарэйка, а яе бацька паходзіў з Віленшчыны. Яна доўгі час працавала ў Крынках разам з лекарам Францішкам Пяткевічам. Я таксама яшчэ не ведаў, што гэты лекар – „Глухі”, як яго ў нас называлі – быў беларусам-патрыётам, а у маладосці пісаў па-беларуску вершы.

У апошнім восьмым класе на навагоднюю ёлку Славік К. з Новай Вёскі прынёс… паўлітра гарэлкі. Настаўніца-выхавацелька, калі пра гэта даведалася, ажно затрэслася. Я, здаецца, быў старастам у класе і вёў нейкі дзённічак, у якім запісваў добрыя і дрэнныя ўчынкі паасобных вучняў. Настаўніца загадала мне, вядома, гэты выпадак з алкаголем у школе адзначыць.

Са Славікам мы сядзелі ў адной парце. Аднойчы на ўроку хіміі настаўнік прадставіў нам футурыстычнае бачанне. Ён сказаў, што прыйдзе такі час, калі людзям не спатрэбіцца ежа, бо ўся ежа будзе ў адной таблетцы.

– Ну, наясіся таблеткай… – ціха пракаментаваў мой калега з лаўкі, гледзячы на мяне з вялікім здзіўленнем у вачах.

А калі вучыўся я ўжо ў сярэдняй школе, дадому прыязджаў толькі раз у тыдзень ці яшчэ радзей. Аднак былі з гэтым вялікія турботы, асабліва з вяртаннем назад у Беласток. Бо тады аўтобусы не змаглі змясціць усіх жадаючых. Таму білет купляў я нават на некалькі тыдняў наперад. Але прадавалі іх толькі ў адзін бок, з Беластоку. У нядзелю пасля абеду аўтобус на прыпынку ў Паўночным Востраве рэдка калі спыняўся. З Крынак пераважна ад’язджаў ужо запоўненым. Таму, бывала, я вяртаўся дадому (амаль тры кіламетры, часам у дождж і мяцеліцу) і толькі на наступны дзень змог сесці ў першы аўтобус да пяці гадзін раніцы, бо наступны а палове шостай быў для тых, хто даязджаў штодзень і меў месячны білет. Потым мы з сябрамі знайшлі спосаб – выходзілі з дому раней і сядалі ў амаль пусты аўтобус да Крушынянаў і адтуль ехалі ім назад у Беласток.

Крыху лягчэй стала, калі з’явіліся аўтобусы ад нас да Саколкі, дзе цягнік у Беласток забіраў усіх пасажыраў. Трэба было толькі на вакзале пачакаць дзве гадзіны, а вагоны былі перапоўненыя. Такім чынам падарожжа займала мне амаль чатыры гадзіны. Сёння хутчэй можна даехаць з майго Вострава – ужо на аўто –у Варшаву. Аўтобусы да і з Крынак амаль ужо не ездзяць (у нядзелю ўвогуле), а і так пераважна возяць адно паветра.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (240) – 8.11.1784 г. у Шаўрах (цяпер Гродзенская вобл., Воранаўскі р-н) нар. Тэадор Нарбут (пам. 26.11.1864 г. у Вільні), гісторык і археоляг, аўтар „Гісторыі літоўскага народа”. Пахаваны ў Начы (Гродзенская вобл., Воранаўскі р-н).
  • (141) – 8.11.1883 г. у засьценку Калесьнікаў Дзісьненскага павету нар. Вацлаў Ластоўскі – выдатны грамадзка–палітычны дзеяч. З 1909 г. быў сакратаром „Нашай Нівы”, у 1910 г. выдаў „Кароткую гісторыю Беларусі”, падчас вайны выдаваў падручнікі. Быў адным са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1920 г. актыўна дзейнічаў у Коўне і Рызе (між іншым у 1924 г. выдаў „Падручны расійска–крыўскі (беларускі) слоўнік”). У 1927 г. пераехаў з Летувы ў БССР. У 1930 г. быў арыштаваны і высланы ў Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага унівэрсытэта. У 1937 г. арыштаваны паўторна і расстраляны 23.01.1938 г.
  • (98) – 8.11.1926 г. у Чаромсе нар. Дзьмітрый Шатыловіч, інжынер электрык аўтаматык, беларускі паэт. У 1939 г. закончыў 6 клясаў польскай пачатковай школы на станцыі Чаромха і пасьля да чэрвеня 1941 г. вучыўся ў сярэдняй школе савецкага тыпу ў Бельску-Падляшскім. Падчас нямецкай акупацыі ў сакавіку 1943 г. быў вывезены на прымусовую працу ва Усходнюю Прусію пад горад Хайльсбэрг.
  • (60) – 8.11.1964 г. памёр Валянцін Волкаў, мастак (нар. 19.04.1881 г. у г. Ялец Ліпецкай вобл.), выкладаў у Віцебскім Мастацкім Тэхнікуме і Беларускім Тэатральна-Мастацкім Інстытуце.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis