Рэчка Баброўка – правы ціхі прыток ракі Нараўкі. Плыве яна па плоскай даліне (і, між іншым, таму яна ў многіх месцах звілістая) побач даволі доўгай вёскі Новае Ляўкова і ўплывае ў Нараўку ў канцы гэтага сяла. На ўзгорку побач ракі ды пры рухлівай дарозе з Нараўкі ў Новае Ляўкова быў вялікі драўляны вятрак Зыгмунта і Люцыяна Закшэўскіх. У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя вятрак ужо не малоў збожжа. А стаяў ён яшчэ доўгі час. Відаць яго было здалёк. Я помню яго з таго часу, як ён яшчэ меў вялікія крылы ды драўляныя з зубамі колы ў сярэдзіне.
Баброўку я бачыў з акна свайго дома. У далі за ёй плыве рака Нараўка і яшчэ крыху далей на гарызонце віднее магутная Белавежская пушча. Шэсцьдзясят гадоў таму вельмі прыгожая была гэтая ціхаплынная рэчка. Вада ў ёй была чыстая-чыстая. Рэчка была натуральная, дзікая. Летам прыемна пахла. Пах ішоў ад розных вадзяных раслін і надрэчных вербаў. Яна плыла павольна. Нялёгка акрэсліць, адкуль яна бярэ свой пачатак. Адно адгалінаванне вядзе з-пад Лазовага ды іншыя даўжэйшыя з ваколіц Леснай і Міклашэва. Усе яны цякуць на тэрыторыі Нараўчанскай гміны. У адным месцы рэчку перасякае чыгунка з Гайнаўкі ў Семяноўку.
Шэсцьдзесят гадоў таму дно ракі зарастала, між іншым, эладэяй кандскай (moczarka kanadyjska) і жоўтымі гарлачыкамі. На невысокіх берагах раслі купчастыя кусты вярбы, алешніку, чаромхі, каліны ды вялікія старыя вольхі (некаторыя з іх яшчэ стаяць на левым беразе). Месцамі раслі кусцікі чорных і чырвоных парэчак. У маі ў надрэчных густых зарасніках выводзіў свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак – салавей.
Хаця гэта невялікая рэчка, але мела яна свае тайны. Мела глыбокія ямы і віры. Між іншым, велізарнага шчупака ў глыбокай яме на рацэ каля хаты Макара Марчука злавіў бродняй мой аднавясковец Андрэй Пучынскі са сваім калегам (ён расказаў мне пра гэта). А Саша Несцярук лавіў вялікіх ментузоў рукамі у норах або з-пад навіслых берагоў. У берагах з зараснікамі былі норы і ў іх хавалася вялікая рыба. Вялося ў Баброўцы сама менш сем-восем відаў рыб. Плотак, шчупакоў, уюноў і келбаў-печкуроў было процьма. А колькі было ракаў!
Даўным-даўно тут пасяліліся прыроджаныя вадзяныя жыхары – бабры. Яны мелі свае хаткі. Будавалі гаці і грэблі. Пабудаваныя імі тамы падносілі ўзровень вады і набярэжныя лугі былі падмоклмі. Не ўсюды можна было дабрацца-дайсці на бераг ракі. Часта не дазваляла на гэта глыбокая твань-дрыгва. Бывала, тапіліся ў ёй каровы. Пераважна тады, калі пускалі іх на пашу, як у нашай вёсцы кажуць, спутаных або яшчэ інакш стрыножаных. А яшчэ іншых з ланцугом на шыі. Мой суразмоўца, той жа Андрэй Пучынскі, бачыў трагічнае здарэнне. Ён якраз адвячоркам пасвіў кароў. Раку хацеў пераехаць фурманкай селянін з суседняй вёскі Плянты. Мужчына любіў выпіць і была к таму нагода – у той дзень дакапалі бульбу. І вось ён вяртаўся падвечар дадому. На Бабоўцы ў гэтым месцы не было мастка. Ехаў селянін фурманкай і конь скрунуў на глыбокі брод і тады патапіліся запрэжаны ў загружаны мяшкамі з бульбай воз, конь і мужчына, які вельмі намагаўся яго ратаваць. Вось так здарылася да сёння незабытая трагедыя.
Над Баброўкай былі і ёсць шырокія страката-квяцістыя сенажаці. Тут прасторная маляўнічая ваколіца. Ранняй вясной цвілі жоўтыя лотаці. Летам касцы касілі лугі і ў пагодлівыя дні паветра было настоенае прыемным пахам сена. Лугі касілі летам і восенню. Уборка атавы не кожны год удавалася. Калі прайшлі праліўныя восеньскія дажджы, рэчка выступала з берагоў і залівала сенажаці. Свежаскошаную траву вынoсілі на драўляных дручках-насілках на грудочкі. Дасушвалі яе ўжо на панадворках. Бывала і так, што пасля праліўнога дажджу атава так і паплыла з цячэннем ракі.
Першыя масты цераз раку будавалі драўляныя і паабапал з балясамі. Тоўстыя палі пад іх забівалі ў дно ракі пры дапамозе так званай „бабы”. Старэйшыя людзі ведаюць, як яны выглядалі. Часта летам на мастках моладзь дамаўлялася на вечаровыя сустрэчы ды прастойвала да поўначы, а то і ўсю ноч. На адным з мастоў з бярвенняў я сядаў з вудай і лавіў плотак і акунёў. Мы з братам лавілі шчупакоў і ментузоў кошыкам або калыскай, у якой нас – калі мы былі малечамі – калыхалі бацькі. Некаторыя вяскоўцы мелі прыхаваныя сеці, бродні і невады. Лавіць рыб імі забаронена. Таму цягнулі сеці і сачкі пад вечар ды далей ад рухлівай дарогі. Вудзільшчыкаў таксама кантралявалі.
Баброўка жыве ў маіх ўспамінах і таму, што падчас летніх канікул я з калегамі часта прыходзіў сюды купацца. Аднойчы летам пасля вялікага дажджу ў рэчцы прыбыло шмат вады. Каля моста яе ўзровень быў мне па шыю. Я набіраў у лёгкія паветра, затойваў дух і прысядаў, а вада выносіла мяне на паверхню. Я захацеў навучыцца плаваць, і навучыўся!
Баброўку меліяравалі. Змяніўся пейзаж і характар наваколля. Над ракой і лугамі не чуваць як калісьці крыклівых кнігавак. Летнім вечарам не чуваць драча. А буслы да нас прыляталі і зараз прылятаюць.
Янка Целушэцкі