Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (2)

    UB-oŭcy z Sakołki, jakija pravia try let viali śledztvo, ustanavili, szto maldunak na rasstralanych „kamunistaŭ” skłali sołtys z Łapiczaŭ Ivan Charuży, sołtys z Trejglaŭ Franak Karpuk i padsołtys z hetaj vioski Edzik Jurczenia. Pad kaniec grudnia 1942 r. mielisa jany sptakacca ŭ czaćvier na bazary…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

25 сакавіка 2024 г.

Святочны канцэрт з удзелам сімфанічнага аркестра „Classic-Modern Orchestra”. Узровень як мінімум еўрапейскі, а як максімум – сусветны Фота Юркі Хмялеўскага
Святочны канцэрт з удзелам сімфанічнага аркестра „Classic-Modern Orchestra”. Узровень як мінімум еўрапейскі, а як максімум – сусветны
Фота Юркі Хмялеўскага

Сёння 106-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Вечарам удзельнічаў я ў святочным канцэрце, які прайшоў у Падляшскай філармоніі ў Беластоку.

Такога буйнога і на такім высокім узроўні мерапрыемства, прысвечанага Акту 25 Сакавіка, яшчэ ў нас не было. Канцэртная зала была запоўнена амаль да апошняга месца. Сабраліся аўтахтонныя беларусы, перад усім з Беластока, але таксама з Бельска, Гайнаўкі ды іншых мясцовасцей рэгіёну. Прысутныя былі вядома і прыезджыя беларусы – імігранты, і яшчэ нашыя польскія сябры. Пабачыў я вельмі шмат знаёмых твараў, з некаторымі была нагода коратка пагутарыць.

На гэты раз арганізацыйны камітэт узначаліў нова пакліканы Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Урачысты канцэрт пад назвай „Беларускі музычны краявід. Гісторыя пра волю” стаў першай значнай падзеяй, зладжанай і сфінансаванай гэтай культурнай установай Падляшскага ваяводства, што пачала сваю дзейнасць толькі з 1 студзеня. Мерапрыемства адкрыў і прывітаў афіцыйных гасцей выконваючы абавязкі дырэктара цэнтру Анатоль Вап. Вядучай была яго намесніца Ілона Карпюк.

Як заўсёды на пачатку ўся зала стоячы выканала гімн „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пасля быў відэазварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Яна падкрэсліла, што барацьба за Беларусь не спынена і запэўніла, што „пры першай магчымасці Рада перадасць паўнамоцтвы сапраўднай незалежнай уладзе ў Беларусі”.

Як першы прамаўляў падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі, які на канец заклікаў: „Niech yje wolna Polska! Niech yje wolna Biaoru!”. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка уручыў Медаль Францыска Скарыны дырэктару Гайнаўскага белліцэя Ігару Лукашуку і перадаў 3 тыс. зл. для Цэнтра беларускай культуры. Радны Падляшскага ваяводства Славамір Назарук павіншаваў прысутных з найбольшым нацыянальным святам ад імя маршалка Артура Касіцкага.

Традыцыйна былі ўручаны бел-чырвона-белыя букеты кветак асобам, якія ў мінулым годзе праявілі асаблівыя заслугі для беларускай справы. Такія ўзнагароды атрымалі: тэхнічны рэдактар тыднёвіка „Ніва” Адам Паўлоўскі, кіраўнік хабу „Новая зямля” ў Беластоку Надзея Салаўёва, сакратар аб’яднання АБ-БА Пётр Мулярчык ды стараста Гайнаўскага павету Андрэй Скепка.

Пасля пачаўся двухгадзінны канцэрт адмыслова створанага беларуска-польскага сімфанічнага аркестра „Classic-Modern Orchestra”. Яго складаюць у большасці прафесійныя музыкі, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь і ў Варшаве заснавалі „Volny arkiestr”.

На сцэне Падляшскай філармоніі прагучалі музычныя шэдэўры такіх кампазітараў, як Станіслаў Манюшка, Антоній Генрык Радзівіл, Канстанцін Горскі, Ян Тарасевіч, Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Мікола Равенскі, Яўген Глебаў, Уладзімер Солтан, Сяргей Ліпень, Канстанцін Яськоў і іншыя. Выдатна выступілі таксама салісты – Ілля Сільчукоў (прыляцеў спецыяльна з Бостану ў ЗША) i маладзенькая таленавітая спявачка Юлія Еўтухоўская (м.інш. выканала арыю Ганны з оперы „Страшны двор” Станіслава Манюшкі).

Адбылася таксама сусветная прэм’ера твораў маладога кампазітара Канстанціна Яськова – фантазіі на беларускія тэмы для фартэпіяна (Кірыл Кедук) з аркестрам.

Святкаванне закончылася супольным адспяваннем гімну „Магутны Божа”.

Вельмі трапна падсумавала канцэрт Ілона Карпюк, што гэта „як мінімум еўрапейскі ўзровень, а як максімум – сусветны”. Дарэчы трэба сказаць, што канферансье таксама была моцным пунктам праграмы. Ілона ўсё мерапрыемства, асабліва канцэрт, павяла сапраўды прафесійна. Надта займальна распавядала пра творы, паасобных музыкаў, кампазітараў і салістаў.

Калі ўсё скончылася, прыйшоў мне на думку сумны парадокс. У Беластоку святкаванні Дня волі на пачатку дзевяностых гадоў былі даволі сціплыя, удзельнічала ў іх няшмат асоб. Тым часам тады быў найбольшы ўздым беларускасці, бо сапраўды ў той час адраджалася наша дзяржава. Тым часам у апошніх гадах святкаванні ўгодкаў БНР у Беластоку праходзяць шматлюдна і на высокім узроўні нягледзячы на тое, што суверэнітэт Беларусі апынуўся пад пагрозай і з загаду рэжыму многія за беларускасць сядзяць цяпер у турмах.

Вольная Беларусь, як сумна заўважыла Ілона, гэта цяпер, на жаль, усё яшчэ мара. – Але марыць трэба, – сказала, – каб мары маглі здзейсніцца. Верым, што неўзабаве дойдзем да перамогі.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    750 – няўдалая аблога ў 1274 г. Наваградка аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі. 510 –  8.09.1514 г.  перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (644) – 8 верасьня 1380 г. кулікоўская бітва. Перамога маскоўскіх войск на чале з князем Дзмітрыем Данскім над мангола-татарскімі войскамі.
  • (510) – 8.09.1514 г. перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена ад расійскіх войскаў. Дзень Беларускай вайсковай славы.
  • (510) – 8 верасьня 1514 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем князя Канстанціна Астрожскага разграмілі маскоўскую армію пад Оршай (Воршай). Неафіцыйны дзень Беларускага Войска. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена ад расійскіх войскаў.
  • (151) – 8.09.1873 г. памёр Яўстафій Тышкевіч, археоляг, гісторык, этнограф і краязнавец (нар. 18.04.1814 г. у Лагойску). У 1831 г. закончыў Мінскую гімназію, у 1843 г. з мэтай археалягічных досьледаў наведаў Данію, Швэцыю, Фінляндыю. Заснаваў Віленскі музэй старажытнасьцей і Віленскую археалягічную камісію. Дасьледаваў курганы і гарадзішчы. Пасьля 1863 г. вызвалены з усіх пасад. Напісаў шматлікія краязнаўчыя, археалягічныя і гстарычныя працы, напр. „Opisanie powiatu borysowskiego” (1847).
  • (120) – 8.09.1904 г. на Наваградчыне нар. епіскап Віцебскі і Полацкі Афанасій (Антон Мартас). Закончыў Багаслоўскі факультэт Варшаўскага Унівэрсытэта (1930), быў манахам у Пачаеўскай лаўры. У час ІІ сусьветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальным руху, быў епіскапам Віцебскім і Полацкім,
  • (99) – у 1925 г. была заснавана Васілём Рагуляй ды Фабіянам Ярэмічам ініцыятыўная група пакліканьня партыі Беларускі Сялянскі Саюз. Друкаваным органам была „Сялянская Ніва”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis