Жыве ў Дзятлаве на Гродзеншчыне сціплая жанчына. Яна ніколі не імкнулася ў вялікія пісьменнікі і журналісты, а проста жыве, як усе яе землякі, працуе на агародзе, даглядае ўнукаў, сустракаецца з чытачамі, якія яе запрашаюць. Завуць гэту жанчыну – Леанарда Юргілевіч.
Леанарду Юргілевіч у Дзятлаве ведаюць многія дзятлаўчане. Усё жыццё яна адпрацавала ў дзятлаўскай раённай газеце „Перамога”, а гэта ажно 37 гадоў. Пісала пра людзей, пра зямлю, пра тое, што хвалявала чытачоў. І цяпер спадарыня Юргілевіч не пакідае сваё пяро. Яна піша і публікуецца ў некаторых газетах і часопісах. Праўда, розных інфармацый і рэпартажаў даўно нікому не дасылае, не шукае іх, не публікуе. Леанарда Юргілевіч актыўна спрабуе свае сілы ў чыста пісьменніцкай справе: піша гумарэскі, фельетоны і апавяданні. Гэтымі творамі проста зачытваюцца чытачы, асабліва тыя, хто жыве ў глыбінцы. І калі каму трапляюць на вочы яе жыццёвыя гісторыі, то дачытваюцца яны ад пачатку і да канца. Тут трэба адзначыць уменне пісьменніцы ствараць ілюзію спісвання з рэальнасці, з натуры. Гэтаму, вядома ж, дапамагае здольнасць аўтаркі стаць убаку і глядзець. І яшчэ – слова, багацце яго народна-гутарковых пластоў. Слова ў творах Леанарды Юргілевіч свеціцца ўсімі адценнямі жыцця, і ствараецца ўражанне, быццам перад намі не літаратура, а аповеды бывалага чалавека, што як след валодае народна-побытавай лексікай, фразеалогіяй і на хаду прыдумвае нечаканыя трапныя слоўцы і афарызмы. Прафесар Гродзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч, які памёр у сакавіку 2022 г., неяк пра дзятлаўскую пісьменніцу сказаў, што яна выпрацавала ў творчасці сваю адметную форму – сціслае апавяданне-замалёўку. Такая форма зусім не абмяжоўвае магчымасці ўвасабляць самыя розныя праявы жыцця. І творы яе гучаць на самых розных эмацыянальных нотах – гумарыстычна-сатырычных, паэтычных, журботных, драматычна-балючых. Бо, сапраўды, такое наша жыццё…
У 2000 годзе ў серыі „Бібліятэка „Вожыка” пабачыла свет яе першая кніга гумарэсак „Грэшная душа”. Глыбокае веданне вясковага, местачковага побыту, талент высвеціць істотнае, важнае, цікавае, смешнае ў псіхалогіі і паводзінах сваіх герояў, сакавітая самабытная мова робіць творы Леанарды Юргілевіч сапраўднымі літаратурнымі жамчужынкамі.
Некалькі разоў аўтарка станавілася лаўрэатам часопіса „Вожык”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару „Аўцюкі-2000”, дзе атрымала дыплом „За развіццё традыцый беларускага гумару”.
У 2003 годзе з друку выходзіць новая кніга прозы Леанарды Юргілевіч „Восеньскае танга”, якую мне прыйшлося рэдагаваць і пісаць да яе прадмову. Гэту кнігу склалі апавяданні аўтаркі, сюжэты якіх узяты з жыцця тых людзей, што жывуць побач. У тужлівых і простых здавалася па сюжэту апавяданнях, аўтарка распавядала пра нялёгкі чалавечы лёс. У многіх з іх бачыцца сама аўтарка з яе перажываннямі і радасцямі. Магу шчыра прызнацца, што сярод усіх апавяданняў, якія мне прыйшлося прачытаць, траплялі і хрэстаматыйныя, такія, як „Блакітная посцілка”, „Восеньскае танга”, „Чаму ты, мама, не паміраеш?” і іншыя.
У 2002 годзе Леанарда Юргілевіч была ўдастоена спецыяльнага дыплома і прэміі амерыканскай кампаніі „Філіп Морыс” за перамогу ў конкурсе для журналістаў, якія пішуць на сацыяльную тэматыку. Менавіта гэта тэма скразною лініяй праходзіць праз усе жыццёвыя гісторыі пісьменніцы. А іх напісана яшчэ вельмі шмат, якія шчыра просяцца пад адну вокладку. І праз пэўны час свет пабачылі яе новыя кнігі „Доўгі калідор” і „На лясной дарозе”. І тут у тужлівых і простых па сюжэту апавяданнях Леанарда Юргілевіч распавядае пра нялёгкі чалавечы лёс. У многіх з іх бачыцца сама аўтарка з яе перажываннямі і радасцямі. Яна, як і ранні Кузьма Чорны, умее назіраць за працэсам чалавечай свядомасці. Аўтарка добра адчувае псіхалогію сваіх герояў, яна разам з імі думае і разважае, перажывае і перамагае. Ды і самой пісьменніцы ў жыцці давялося перажыць нямала выпрабаванняў.
У 2020 г. выйшла з друку кніга Леанарды Юргілевіч „Калі адлятуць журавы”. Кніга складаецца з 34 кароткіх апавяданняў-замалёвак, аб’яднаных агульнай тэмай нялёгкага чалавечага жыцця. Ці можна вымераць шчасце? Як змянілася адвечная праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей? У чым моц надзеі?.. Леанарда Юргілевіч пры дапамозе сакавітай самабытнай мовы, абраўшы ў якасці месца дзеяння сучасную беларускую вёску (аграгарадок), паказвае тое, што хаваецца за безліччу пакут, якімі напоўнена жыццё, і дае чытачам магчымасць самім зразумець, што ж сярод гэтага ўсяго найбольш істотнае.
„Czasopisu” прапаную дзве жыццёвінкі Леанарды Юргілевіч. На сто працэнтаў упэўнены, што яны спадабаюцца чытачам.
Сяргей Чыгрын
Фота аўтара
Лаві шчасце, Маня!
Цёплым ліпеньскім адвячоркам Валя і Міхась Трыпуці выйшлі пасядзець на ганку. Не мінула і пяці хвілін, як скрыпнула брамка і да іх далучылася суседка Маня Капустка.
– Добра вам удвайгу, – не то пазайздросціла, не то паскардзілася. – А я во адна пяты гадок. Як мой Сымон кінуў то і адна. Так самотна і маркотна, што не перадаць словамі. Зараз мохам абрасту, нібы які камень…
– То чаму ты адна? Ішла б замуж, пакуль яшчэ таварны выгляд не страціла, – параіў Міхась, скасавурыўшы вока на стройную вабную суседку.
– То ёй жа, як і мне, шэсцьдзесят адзін год споўніўся, – уставіла слова Валя. – А я хіба страціла таварны выгляд? – Латвей уладкавала на ступеньцы сваю тоўстую фігуру.
– Не пра цябе размова, – не адказаў на жончына пытанне Міхась. – Я, так ужо і быць, дапамагу табе, пазнаёмлю з добрым чалавекам. Век удзячна будзеш. Згодна, Маня?
– То чаму ж не! А хто такі?
– Са мной разам у райцэнтры працуе. Удавец, бяздзетны, не стары, можа, тваіх гадоў. Завуць Вінцук.
– А як гэта зрабіць? – Маніны вочы загарэліся надзеяй.
– Скажу яму, што ёсць добрая кабета, дам тэлефон. Пазвоніць і сустрэнецеся.
– А як гэта? Мы ж ніколі не бачыліся, то мо і размінёмся?
– Нічога! Ты будзеш трымаць у руках газету. Гэта ўмоўны знак. Не бойся, усё будзе як трэба. Лаві шчасце, Маня!
Сусед не падмануў. Назаўтра пазваніў той невядомы Вінцук. Перакінуліся словам-другім, а потым ён і кажа:
– Трэба сустрэцца заўтра вечарам у нашым райцэнтраўскім парку, на бярозавай алеі, там, дзе статуя дзеўкі з вяслом. Ведаеце?
– Знайду. Я буду трымаць у руках газету. Так Міхась навучыў.
– Вельмі добра. У восем гадзін чакаю, – сказаў Вінцук і паклаў трубку.
Цалюткую ноч і цалюткі дзень Маня не мела спакою, усё думала, якую сукенку апрануць, якія басаножкі абуць і чым твар намаляваць, каб выглядаць маладзейшай і прыгыжэйшай. Нават прыбягала да Валі на параду, але тая з зайздрасці, што ў суседкі будзе новы муж, нічога не падказала.
Ледзь толькі сонца схілілася з палудня, Маня напрасткі па сенажаці патэпала са сваіх Лубянцоў у райцэнтр. Знарок не пайшла дарогай, каб хто не ўбачыў ды не сурочыў. Ды з непатрэбнымі роспытамі не прычапіўся.
Пакуль дайшла да парку, звечарэла. Знайшла бярозавую алею і на ёй статую – дзеўку з вяслом. Села непадалёку і пачала чакаць. І раптам нібы яе хто варам абліў, загарэлася як рабіна:
– А газета дзе?! – пранеслася ў галаве. – Забылася з дому ўзяць і тут нідзе не купіш, бо кіёскі пазачыняны! Вечар жа!
Яна падхапілася і подбегам кінулася да шматкватэрнага дома, што быў непадалёку. Ускочыла ў першы пад’езд. Спачатку пазваніла ў дзверы, а потым ад нецярпення кулаком у іх забарабаніла. Адчыніла пажылая кабета з бігудзямі на галаве:
– Хто ты такая і чаго хочаш? – спытала незадаволена.
– Дайце хутчэй газету!
– Якую?!
– Хоць якую! Толькі хутчэй!
На іхнія галасы з суседняй кватэры выглянула другая баба.
– Чаго яна хоча? – спытала.
– Кажа, дайце газету…
– Гані прэч, бо гэта, няйначай, наводчыца! Паглядзіць, ці багатая ў цябе кватэра, а потым прыйдуць зладзеі і абдзяруць як ліпку. Ведаем мы такіх! Газету ёй трэба!
Дзверы абедзьвух кватэр з ляскам зачыніліся.
Маня была ў адчаі. Яна выскачыла з першага пад’езда і памкнулася да другога. Шчасце вісела на тоненькім валаску, які гатовы быў абарвацца!
У другі пад’ездзе яна ўжо не званіла, а стала лупіць кулакамі ў двое дзвярэй, якія былі побач. Адных ніхто не адчыніў, а з другіх высунуўся малажавы таўсматы мужчына ў сямейных трусах, і, нахмурыўшы кусцістыя бровы, пацікавіўся:
– Што скажаш, мадам? Ёсць праблемы?
– Дайце хутчэй газету!
– Мадам мае звычку пачытаць перад сном? Пахвальна. Якой прэсе аддаеш перавагу? Жоўтай ці белай?
– Газету, кажу, дай! Любую!
– А санітараў табе не паклікаць? Лупіць у дзверы як апантаная і дай ёй газету… А то зайдзі. І газету пачытаем, і тэлевізар паглядзім…
Маніна сэрца апусцілася ў пяты і там ледзь варушылася. Яна пабрыла ў парк і была цвёрда ўпэўнена, што правароніла сваё шчасце. Ды з-за чаго?! З-за нейкай газеты! Чорт умяшаўся і ўсе карты зблытаў…
Як і баялася, на бярозавай алеі мужчыны не было. Толькі паціху сунуўся нейкі дзядок, моцна абапіраючыся на кіёк. Але гэта быў не той чалавек. Зусім не той…
Маня села на лаўку. Сядзела да таго часу, пакуль цемра не ахінула гарадок, а потым пасунулася ў сваю вёску.
Назаўтра сусед Міхась прыйшоў да яе з пытаннем:
– Нешта я не разумею, Маня, дзе цябе ўчора чэрці насілі?
– Чаму?
– Па качану! Сёння Вінцук падыходзіць да мяне і кажа:
– З добрай кабетай пазнаёміўся я ўчора. Дзякуй табе. Маладая, модная. Як я прыйшоў, яна ўжо сядзела на лаўцы. Праўда, замест газеты чытала часопіс. Ды, урэшце, якая розніца…
– Не можа быць, – кажу. – Маня павінна быць з газетай. Апішы яе аблічча.
З першых слоў зразумеў, што гэта была не ты… Перадумала, ці што, знаёміцца? Але ж мая Валя казала, што ты пайшла ў горад…
– Пайшла ды не дайшла… Нагу падвярнула. Прыйшлося вярнуцца…
– Ну і ўсё, галубка! Вінцук ўпадабаў тую… Але не бядуй, як кажуць, яшчэ не вечар. Знойдзем табе другога кавалера, яшчэ лепшага…
Прымак
Худая як рыбін хвост Маня Кашулька не хадзіла, а лётала па сваіх Забэцьках: нарэшце яе дачка Ядзя сабралася замуж. Яна то ўжо даўно была сабраўшыся, бо пераваліла за трыццаць, але жаніхі хату абміналі, каб яны долі не пазналі. І вось нарэшце Манін брат Сымон выпараў з халасцяцкай бярлогі Віцьку Шкіпідара з суседніх Ягнатцаў:
– Ледзь уламаў! – хваліўся сястры. – Кажу: колькі ўжо будзеш балтацца як трэска ў палонцы? Пара сям’ю заводзіць. Як у прымы пойдзеш, то станеш бабамі камандаваць нібы які генерал.
Так што ў суботу прывяду ў сваты, рыхтуйцеся.
Не паспела Ядзя прыйсці з работы з калгаснай канторы, як маці з запечку радаснай весткай аглушыла:
– У суботу сваты будуць! Віцька Шкіпідар згадзіўся ўзяць цябе замуж. Ведаеш такога?
– Што?! Ведаю Віцьку і замуж за яго не пайду нават пад пісталетам! Брыдкі надта. Тоўсты як камбайн, рыжы і рабаціністы, увесь твар нібы грэчкай абсыпаны.
– Авохці! А ты, канешне, прыгажуня, што там казаць. Худая нібы аглобля, твар пляскаты, нос шырокі, а на галаве валасоў усё адно як хто сеяў ды кінуў, недасеяўшы. Для мяне ты, вядома, прыгожая, але ж у людзей свае вочы ёсць.
– Не пайду я жыць у Ягнятцы, бо гэна вёска задрыпаная! Адтуль людзі нават парасят не купляюць.
– Дома будзеш жыць, Віцька прымаком стане.
– Ну калі так, то добра, на прымака я згодна. Толькі слухай, каб вяселле было як належыць: з вэлюмам, з машынамі, з лялькамі на капотах.
Маці ўмовы прыняла і было ўсё: і вэлюм, і машыны, і лялькі. Жаніх быў у новым касцюме, які Маня купіла ў райцэнтры, бо свайго ён не меў, амаль да сарака гадоў дажыўшы.
– Яно, канешне, шкада грошы на пустадомка аддаваць, – казала Ядзі, – але нічога, як будзе тут жыць, то адробіць у дзесяць столак.
Кабета ні на кроплю не сумнявалася, што зяць, прыйшоўшы ў прымы, стане ёй падпарадкоўвацца, бо, так бы мовіць, жыцьме на чужой тэрыторыі, есці хлеб з чужога стала.
Ды абманулася. У панядзелак пасля вяселля Ядзя пайшла на работу, а Віцька ўсё хроп, ажно шыбы ў вокнах звінелі. Ледзь успарола, каб паснедаў ды падаўся ў калгасную майстэрню слясарыць.
Адслясарыўшы, вярнуўся, паеў і зноў плюхнуўся на ложак. Узяў пульт ад тэлевізара і нібы пісталет нацэліў яго на экран.
– Чаго, зяцёк, разваліўся? Атаву на аселіцы трэба касіць, ужо ўсе людзі даўно пакасіўшы, у куратніку страха цячэ, варотцы ў агарод паламаліся, а ты вылежвацца будзеш? Не, галубок, так не будзе!
– Што ты скрыпіш, старая? Я ў тваёй хаце і абагрэцца не паспеў, а ты ўжо ў работу ўпрагаеш. Дай прывыкнуць!
– І доўга будзеш прывыкаць?
– Мо тыдзень, мо два…
Маня бразнула дзвярамі, узяла ў пуні касу і сама пайшла касіць атаву. Яна і не бачыла, як вярнулася з работы дачка, паела і таксама ўзвалілася на ложак. Убачыла толькі вечарам.
– Уселіся на мой карак і будзеце ехаць?!
– Мама, не ўмешвайся ў наша сямейнае жыццё! Мы лепш за цябе ведаем, што трэба рабіць!
Маня ноччу не змружыла вачэй, а раніцай зноў накінулася на зяця, папракала гультайствам.
– А чаго ты, цешча, уласна кажучы, ад мяне хочаш? Гэта атава, варотцы, страха і ўсё астатняе – яно маё? Не маё. То чаму я павінен клапаціцца?
Маня зноў усю ноч круцілася на мулкай пасцелі, яе галаву распіралі думкі:
– А і праўда, трэба перапісаць на Віцю гаспадарку, тады яму ахватней будзе даглядаць усё і берагчы.
Праз тры дні яны з зяцем накіраваліся ў райцэнтр да натарыуса і зрабілі патрэбныя паперы. Дадому ён вярнуўся сапраўдным гаспадаром усяго рухомага і нерухомага дабра.
– Ну вось, няхай гаспадарыць, няхай кіруе, а хоць адпачну, – думала Маня з палёгкай.
Але дарэмна радавалася. Назаўтра, прыйшоўшы з работы, Віцька зноў заняў назіральны пункт на ложку, па-ранейшаму ўзброіўшыся пультам. Цешча вачам сваім не паверыла. Яна то думала, што зяць паесць ды возьмецца зграбаць і насіць з аселіцы сена, якое яна высушыла. Вечар жа вялікі, то потым можна і варотцы ў агарод паправіць, і страху ў куратніку залатаць.
На гэты раз не сварылася і не папракала, думала, што зяць яшчэ не ўвайшоў у ролю гаспадара, яшчэ не ўсвядоміў, якая на ім ляжыць адказнасць за ўсё-ўсякае.
Так мінуў тыдзень. Маня маўчала, толькі злосна зыркала з-пад лоба, калола Віцьку поглядам як кінжалам. Але на яго гэта не дзейнічала, усё адно як і на Ядзю. Яны былі задаволены жыццём і не абцяжарвалі сябе ні турботамі, ні работай.
Нарэшце старая не вытрымала:
– Гультаіна, заваліна! – накінулася на зяця. – Ляжыш, каб ты каменем лёг, а ў гаспадарцы столькі работы, куды ні кінь – усюды клін! І ў хляве, і ў агародзе, і склеп трэба рамантаваць. Адна не паспяваю…
– А яно тваё? – раўнадушна мовіў Віцька. – Чаго ты так клапоцішся пра чужое дабро? Твайго, цёшчачка, тут ужо нічога няма, так што сядзі ціхенька, як мыш пад венікам…
Леанарда Юргілевіч