5 верасня 2022 г.
Аглянуў знакаміты фільм „Маці” („Mayrig”), зняты французскім рэжысёрам армянскага паходжання Генры Вернуілам у 1991 г., а пасля працяг „Вуліца Парадзі, дом 588” („588 rue Paradis”) з 1992 г. Гэты геніяльны кінашэдэўр у Польшчы чамусьці застаўся амаль незаўважаным. Пэўна паказвалі яго калісь у кіно і ў тэлебачанні, але я прапусціў. Дарэмна цяпер знайсці яго ў Нэтфліксе ці іншых такога тыпу платформах.
На гэты цудоўны двухсерыйны фільм, які зняты па раману рэжысёра, натрапіў я выпадкова, шукаючы ў Інтэрнэце фільмаў з даўнімі сусветнымі зоркамі кіно, як Клаўдзія Кардынале ці Амар Шарыф. У стужцы Вернуіла выступаюць яны абое, а свае ролі сыгралі выдатна. Кардзінале як маці і Шарыф як бацька – Араксі і Гагоп Закарыяны. Галоўным героем з’яўляецца іх сын Азат, які ў фільме распавядае пра лёсы сваёй армянскай сям’і і іхняе жыццё ў Францыі, дзе апынуліся яны, вымушаны пакінуць айчыну. У гэтай ролі выступілі ажно чатыры акцёры, адпаведна да ўзросту героя.
Акцыя фільму пачынаецца ў 1921 г., калі сям’я Закарыянаў прыплывае ў Марсель. Яны ўцяклі з роднай Арменіі ратуючыся ад генацыду. Падчас першай сусветнай вайны ў 1915-197 гг. турэцкая армія і звычайныя туркі здзейснялі кашмарныя зверствы на армянах. Сотні іх тысяч былі забітыя або памерлі ад голаду, смагі і хвароб. Затрыманых расстрэльвалі, тапілі, забівалі, скідалі ў горныя прорвы, спальвалі жывымі або закопвалі ў зямлю, а жанчын раней гвалтавалі, святарам Армянскай царквы прыбівалі да ног падковы. Тыя, якім удалося выжыць, уцякалі за мяжу. Паводле ацэнак, у выніку гэтай жудаснай аперацыі колькасць армян у Турцыі скарацілася з 2,1 мільёна ў 1912 г. да ўсяго 150 тыс. у 1922 г.
На пачатку фільму на французскай вуліцы малады армянін страляе насмерць у нейкага былога міністра турэцкага ўраду з часоў генацыду. Пасля адбываецца судовы працэс над забойцам, які не адчувае сябе вінаватым, кажучы, што гэта яго асабістая справа. Прысуд – невінаваты.
Такі вось драматычны ўступ для цёплага сямейнага фільма. Азату тады шэсць годзікаў. Сям’і бежанцаў нялёгка прыстасавацца да новых умоў жыцця ў чужой краіне. Але дзякуючы каханню і падтрымцы адзін аднаго яны пераадольваюць усе цяжкасці і робяць усё, каб Азат атрымаў добрую адукацыю і мог нармальна жыць у Францыі.
Хлопчык ходзіць у школу і становіцца выдатным вучнем. Паступае ва ўніверсітэт, дзе атрымоўвае дыплом інжынера. Аднак не працуе па вывучанай прафесіі, робіць кар’еру драматурга, піша і ставіць п’есы. Жэніцца з францужанкай, якая нараджае яму двое дзетак.
Другая частка фільма гледача пераносіць менавіта ў шасцідзясятыя гады, у дарослае жыццё Азата. Ён жыве заможна ў Парыжы як аўтар таленавітых і папулярных п’ес, дзякуючы якім набыў міжнародную вядомасць. Але не прызнаецца ў тым, што ён армянін. Лічыць, што гэта можа адмоўна паўплываць на яго кар’еру. Таму мяняе нават імя і прозвішча.
У тым часе бацькі вядуць сціплае жыццё пад Марселем. Аднойчы Азат (ён цяпер П’ер) запрашае іх у сталіцу на прэм’еру сваёй апошняй п’есы, напісанай ім на аснове лёсаў сваёй сям’і. Прыязджае толькі бацька, бо маці ўжо нядужая і хутка памрэ. Сын здымае яму шыкоўны гатэль. Аднак бацька не можа зразумець, чаму не хоча прыняць яго ў сваім доме. Выклікае гэта непаразуменні, якія прыводзяць да таго, што П’ер ізноў становіцца Азатам. Ангажуе настаўніцу армянку, каб яго дзеткі пазнавалі мову і культуру продкаў.
Нягледзячы на напамін у фільме пра зверствы генацыду ўсё ж такі гэта не стала галоўнай яго тэмай. Ён у асноўным пра тое, якой павінна быць сапраўдная сям’я, пра каханне і іншыя вечныя каштоўнасці. Гэта фільм пра цяжкасці эмігрантаў, а гледзячы яго і праслязіцца можна, і ўсміхнуцца, а галоўнае – задумацца. І доўга яшчэ будзе гучаць у галаве прыгожая музыка Жан-Клода Пеці, такая ж сумная і эпічная, але якая ў сэрцы пакідае надзею, а тая, як вядома, памірае апошняй.
Такога цудоўнага фільму даўно я ўжо не аглядаў. А вось яшчэ такая цікавінка. Калі рэжысёр Генры Вернуіл сказаў Амару Шарыфу і Клаўдзіі Кардынале, што не будзе мог ім заплаціць, яны толькі ўсміхнуліся. Для іх – таксама эмігрантаў – было справай гонару сыграць гэтыя незабыўныя ролі. Фільм грошай не прынёс і ўся здымачная група працавала практычна бясплатна.
Запомніліся мне дзве надта прыгожыя сцэны. Першы сюжэт гэта каляровыя здымкі з набажэнства ў армянскай царкве. Напаміналі яны праваслаўную літургію і нашы храмы. Армяне аднак прымалі хрысціянства ўжо ў другой палове першага стагоддзя. Там існуе Армянская апостальская царква.
Другая сцэна – таксама надта каляровая – гэта абразок традыцыйнага армянскага панадворка з мноствам кветак, які прыдбаў сябе ў Францыі галоўны герой, калі нанова стаў Азатам. Гэта прыклад багатай армянскай культуры, якая мае антычны радавод. Нам беларусам і наогул славянам у жыцці ў гэтым плане прыходзіцца яшчэ шмат чаго вучыцца, паколькі іхняя цывілізацыя на тысячагоддзе і болей старэйшая за нашу.
Пасля фільма ўспомніў я, што ў Польшчы таксама пражываюць армяне, якіх колькасць ацэньваецца на чатыры тысячы. Невялікая частка гэта нашчадкі гэтак званай старой эміграцыі, у асноўным з XI-XVII стст. Астатнія прыехалі ў Польшчу пасля Другой сусветнай вайны, асабліва пасля распаду Савецкага Саюза. Аднаго армяніна з новай эміграцыі я нават ведаў. Пасяліўся ён з сям’ёю ў Беластоку ў дзевяностых гадах. Тады шмат армян эмігравалі ў Еўропу пасля паразы азербайджана-армянскай вайны за Нагорны Карабах. У Беластоку тады можна было сустрэць надта шмат такіх уцекачоў на базары. Але калі на радзіме сітуацыя крыху супакоілася, большасць іх вярнулася ў Арменію. Той мой знаёмы, Артас, якога ў Польшчы называлі Артур, застаўся. Помню, здзівіла мяне тое, што хутка навучыўся ён добра размаўляць па-польску.
А ў Нагорным Карабаху па-ранейшаму неспакойна. Нядаўна там зноў адбыліся сутычкі.
Пра эмігрантаў знята шмат фільмаў. Цікава было б аглянуць такую стужку пра беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу пасля жнівеньскіх пратэстаў у 2020 г. Іх цяпер ужо больш чымсьці нас, карэнных. У Фейсбуку часам чытаю іхнія допісы. Яны не скрываюць сваёй тугі па радзіме. Па гэтай прычыне нават упадаюць у дэпрэсію.
12 верасня 2022 г.
На электронную пошту „Часопіса” прыходзяць лісты ад беларусаў, якія па вядомых прычынах з’ехалі ў Польшчу. Яны шукаюць працы. Тлумачу, што мы працуем пазаштатна, але за публікаваныя тэксты ганарары плацім. Прапаную, каб пазнаёміліся з характарам выдання і даслалі штосьці цікавае нашым чытачам.
Вось нядаўна скантактавалася са мною жанчына з Мінска, якая апынулася ў Беластоку. „Часопіс” згледзела яна ў Цэнтры праваслаўнай культуры па вуліцы Святога Мікалая. „Я нават не ведала, што існуе такое выданне” – сказала мне па тэлефоне. Асабліва звярнула ўвагу на артыкулы па-беларуску, у тым ліку даспадобы быў ёй мой „Дзённік рэдактара”.
Аказваецца, жанчына раней працавала ў буйной газеце „Звязда”. Я паясніў, што не ўсе тэмы з Беларусі нашым чытачам цікавыя і зразумелыя. Запрапанаваў, каб на пачатак напісала штосьці асабістае – чаму і як з’ехала ў Польшчу, пра свае ўражанні і перажыванні. Пасля маіх слоў наступіла хвіліна маўчання. Урэшце жанчына сказала, што яна спецыяліст па сацыяльных тэмах. Я папрасіў, каб прыслала мне штосьці для прыкладу. Праўда, хутка я атрымаў некалькі тэкстаў, раней апублікаваных ёю ў „Звяздзе”. Былі гэта маленькія гісторыі з жыцця шматдзетнай сям’і. Гэта жаночае пісанне, яно такое цёпленькае, утульнае, сямейнае. Хаця крыху банальнае, але ўсё ж такі не інфантыльнае. Чытаецца гэта даволі прыемна. І мова прыгожая, чысценькая, мала там русізмаў. Адразу відаць, што аўтарка – прафесійная журналістка, прытым з літаратурным талентам. Таму адну замалёўку на спробу вырашыў я апублікаваць.
Прыйшоў таксама ліст ад настаўніка гісторыі і журналіста з Дзятлаўшчыны. Ён разам з сям’ёю вырашыў з’ехаць у Польшчу з увагі на ціск у краіне, у якой няма дня, каб кагосьці „неблаганадзёжнага” не арыштоўвалі. Настаўнік ад дзесяці гадоў піша артыкулы па-беларуску, па-руску і па-польску, у асноўным на краязнаўчыя тэмы. Знайсці іх можна ў часопісах „Дыялог”, „Наша Вера”, „Echa Polesia”, „Magazyn Polski”. Можна дадумацца, што супрацоўніцтва асабліва з апошнім выданнем выклікала ў аўтара страх перад рэпрэсіямі. Напісаў мне – яшчэ перад выездам у Польшчу – што „хаатычна шукае сабе працу”. Запытаў, ці ёсць вольныя месцы ў нашай рэдакцыі або ці ёсць магчымасць публікацыі артыкулаў на пазаштатнай аснове.
У адказ я запрапанаваў, каб настаўнік на спробу нешта даслаў. На пачатак напрыклад пра тое, як і чаму вырашыў ён пакінуць Беларусь і як праходзіць уладкаванне жыцця ў Польшчы. Наогул хацелася б, каб было гэта нешта асабістае, можа быць пад псеўданімам.
Пасля пару тыдняў настаўнік прыслаў – ужо з Польшчы – два тэксты, адзін гістарычны, другі аб яго развітальным падарожжы па Дзятлаўшчыне.
Суродзічам з Беларусі, якія апынуліся цяпер не па сваёй віне ў складанай жыццёвай сітуацыі, трэба ўсё ж такі дапамагаць. Буду аднак настойваць, каб пісалі яны ў „Часопіс” штосьці болей актуальнае, найлепей пра сваё жыццё ў Польшчы.
Не ведаю ці нешта з гэтага атрымаецца, паколькі дыяспара ўвесь час жыве ў пэўным страху. Так іх напалохаў рэжым у Мінску. І можна гэта зразумець. Усё-такі было б вельмі цікава пачытаць пра лёсы гэтых беларусаў. Не толькі пра маршы і сустрэчы, але таксама пра іх звычайнае жыццё. Як уладкаваліся яны на працу, з чаго, дзе і як жывуць, іх адчуванні і спадзяванні. Выглядае на тое, што пакуль цяжка ім раскрыць сваю ананімнасць.
Юрка Хмялеўскі