Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Іна Снарская: „Паэту баліць тое, што баліць яго краіне”

Беларуская паэтка Іна Снарская родам з Полацка, але даўно жыве ў Палтаве ва Украіне. У свой час яна скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут і Палтаўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Караленкі. Працавала ў Палтаўскай абласной тэлерадыёкампаніі „Лтава”.

Да вайны, якую распачала Расія супраць Украіны, Іна часта наведвала родную Беларусь, сваю Полаччыну. Але ўжо даўно не была на Бацькаўшчыне. Іна з’яўляецца сябрам Нацыянальнай спілкі журналістаў Украіны і сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яна піша вершы, як казаў пра яе Рыгор Барадулін, „Іна Снарская – паэтка апантаная, утрапёная. Вершы жывуць у ёй… Вершы прыходзяць да паэткі ў вешчых снах… Полаччына дала ёй трапяткую душу, неўтаймаваную думку й прыгажосць, прыгажосць таленавітую…”. 

Таленавітая паэтка выдала шмат сваіх паэтычных зборнікаў. Яна піша па-беларуску і па-украінску. З-пад пяра паэткі свет пабачылі зборнікі вершаў „Пацеркі”, „Пачакай, мая птушка”, „Лясна панна”, „Кветка Гарынь”, „Вогнепаклонніца” і іншыя.

Для нашага „Сzasopisa” Іна Снарская пагадзілася адказаць на пытанні і распавесці пра сённяшнюю сітуацыю ва Украіне і пра сваё жыццё падчас вайны.

Фотаздымак на памяць
Фотаздымак на памяць

Спадарыня Іна, пяць гадоў таму выйшаў Ваш зборнік „Вогнепаклонніца”. Здаецца адтуль радкі-парады Вашага дзеда-каваля: „Паддай агню, не падай духам, Іна!..”.  Ці падае сёння духам беларуская паэтка Іна Снарская ў Палтаве, ва Украіне, дзе ідзе вайна?

–Так, гэтыя радкі сёння асабліва актуальныя. Нялёгка ў час вайны не падаць духам, але трымаемся… Ратуюць вершы, родныя людзі, сябры, прырода… Часта бываю ў вёсцы, дзе ў нас дача, невялічкая сядзіба з будынкам, агародзікам, пладовымі дрэвамі, кветкамі. Курсую між Палтавай і вёскай. Калі працую на зямлі, супакойваюся. Вядома ж, ненадоўга, бо штодзённа сачу за навінамі, яны, на жаль, не радуюць, чытаю, слухаю каментары палітолагаў… Нават у вёсцы ў нас шмат перасяленцаў з «гарачых» кропак Украіны, я ўжо не кажу пра Палтаву, дзе колькасць насельніцтва значна вырасла за кошт перасяленцаў. Хоць мы пакуль што нібы ў тылу, вайна нагадвае пра сябе паветранымі трывогамі, сірэны гучаць некалькі раз на дзень, а таксама ўначы. Не магу і не хачу да гэтага прызвычайвацца. Дрэнна сплю, таму «бягу» з горада ў вёску, дзе нарэшце магу элементарна адаспацца, нешта напісаць. Вядома ж, бяспекі ва Украіне няма нідзе, але ў вёсцы ўсё ж спакайней. Не магу прызвычаіцца да трывог і таму, што разумею: некуды ляціць смерць, нешта будзе зруйнавана. Некалькі разоў «далятала» і да Палтаўшчыны. Але ўсё, як кажуць, пазнаецца ў параўнанні. У майго знаёмага пісьменніка з Харкава зруйнавалі кватэру, дачка ўратавалася дзівам, бо падчас фатальнага абстрэлу начавала ў іншым месцы. Яшчэ ў адных знаёмых, толькі ўжо з Луганскай вобласці, спалілі хату, дзякуй Богу, людзі паспелі выехаць у Днепр. У знаёмай мастачкі з Палтавы на перадавой загінуў сын… Такіх прыкладаў шмат і гэта толькі тыя, каго я ведаю асабіста. Сёння на перадавой гіне да 100 чалавек штодзённа. Як да гэтага можна «прызвычаіцца»?.. Нядаўна мой чатырохгадовы ўнук спытаў: «Буся (так ён мяне называе, паходнае ад «бабуся»), а што такое смерць?» У яго пяшчотным узросце трэба пытаць пра птушак, рамонкі, вавёрак, сонейка… Як можна дараваць ворагу зруйнаваныя гарады, школы, бальніцы, тэатры, помнікі, спаплюжаныя долі людзей? Як гэта невымоўна балюча, калі ўласны дзіцёнак задае такія пытанні?!. Ноччу малы спіць у калідорнай шафе, бо там ёсць дзве сцяны і больш бяспечна. Неяк патэлефанавала дзецям, далі трубку ўнуку. Размаўляем, і раптам – сірэна. Чую, як малы нервова крычыць бацькам: «Хавайцеся! Хавайцеся!» Як такое можна дараваць?! Але трымаемся, бо іншага варыянту няма: мы мусім перамагчы. І гэта залежыць ад кожнага: яго думак, спраў, слоў, малітвы…

У творчым паходзе
У творчым паходзе

Чым і як Вы сёння жывяце ва Украіне, акрамя думак і пажаданняў, каб хутчэй перамагчы акупантаў і скончылася гэта вайна?

– Калі пачалася вайна, шок быў такі, што я не магла нават чытаць нешта акрамя стужкі навін у інтэрнэце, і нават глядзець мастацкія ці дакументальныя фільмы не было сіл. Ніводнага радка не магла напісаць, толькі нейкія невялічкія нататкі ў штодзённік… Шмат маіх знаёмых далучыліся да валанцёрскага руху. Кожны намагаецца ў гэты нялёгкі час быць нечым карысным, што,як бы гэта не высакапарна гучала, набліжае перамогу. Мая знаёмая са Львова аказвае псіхалагічную дапамогу траўміраваным дзецям перасяленцаў, яе сын арганізаваў для такіх дзетак лагер адпачынку. Нехта збірае адзенне для перасяленцаў, нехта шукае медыкаменты для арміі, нехта пляце сеткі. Першы месяц вайны і я хадзіла плесці маскіравальныя сеткі. Гэта трохі супакойвала і давала адчуванне, што ты нечым карысная… Але потым я зразумела: больш дапамогу, калі буду рабіць тое, што ў мяне выходзіць найлепей. З’явіліся першыя вершы, якія і вывелі мяне са стану дэпрэсіі…

Паэтка сярод кветак
Паэтка сярод кветак

А якія вершы лепш пішуцца: па-беларуску ці па-украінску?

– Вершы пішуцца па-беларуску і па-украінску папераменна. Тэмы так ці інакш звязаныя з вайной, з’явіўся такі сабе лірыка-патрыятычны цыкл. Паэту баліць тое, што баліць яго краіне. Вядома ж, не толькі я такая ўнікальная, мае калегі-пісьменнікі таксама твораць. Мінулае і сучаснае пераасэнсоўваецца, нараджаюцца тэксты, якія могуць падтрымаць, натхняць іншых. Калі пішацца, я жыву, адчуваю, што ўсё недарэмна. «Не мы, а цераз нас…». Тэксты і вершы  выстаўляю на Фэйсбук, але нядаўна адчула, што друкаванага, віртуальнага слова замала. Неабходна бачыць вочы чытача, слухача, гледача. Таму патроху пачала выступаць, ладзіць паэтычныя вечарыны. Да гэтых выступаў далучаю сваіх знаёмых літаратараў, музыкантаў, аўтараў і выканаўцаў уласных песень. Людзі дзякуюць, кажуць, што гэтыя вечарыны-канцэрты – вельмі важная, псіхалагічная і духоўная падтрымка. Дзея супраць хаосу і руйнацыі.

Пасля адной з сустрэч
Пасля адной з сустрэч

Ці страшна Вам асабіста сёння жыць ва Украіне?

– Страшна, я ж жывы чалавек… Я не такая рашучая і смелая, як некаторыя знаёмыя жанчыны, нават мае равесніцы, якія пайшлі ў тэрытарыяльную абарону, навучыліся карыстацца зброяю. Сярод калег-журналістаў ёсць такія, хто працуе на перадавой… З іншага боку, я б, напэўна, не змагла б  жыць недзе за кардонам, у бяспечным месцы, каб уратаваць сябе. Мой выбар такі: я застаюся каля сваіх родных, у горадзе, які ўжо стаў мне родным. Страшна не так за сябе, як за дзяцей, унука… Дратуе няўпэўненасць у заўтрашнім дні, залежнасць ад волі шалёнага дыктатара ды яго прыспешнікаў-выканаўцаў, усё гэта руйнуе звыклыя планы на будучае, змушае жыць толькі сённяшнім днём. Прачнулася? Дзякуй Богу! Страшна адкрываць Фэйсбук, чытаць, што нехта знаёмы загінуў… А колькі незнаёмых?!. З фотаздымкаў проста ў душу глядзяць вочы такіх прыгожых мужных хлопцаў, маладых мужчын… Яны – лепшыя, краса нацыі… ды ад іх ужо ніколі не народзяцца дзеці… Балюча… не магу нават думаць пра гэта без слёз. Знаёмая кажа: «Не прапускай усё скрозь сябе, гэта небяспечна». Але як не прапускаць? Як?!

Міхась Скобла і Іна Снарская выступаць у Зэльве каля помніка Ларысе Геніюш
Міхась Скобла і Іна Снарская выступаць у Зэльве каля помніка Ларысе Геніюш

Ці пішуцца вершы менавіта цяпер, калі пішуцца, дык пра што яны, толькі пра вайну?

– Часткова адказала на гэтае пытанне. Але хачу дадаць, што першы свой верш пра вайну я напісала 23 лютага, за дзень да яе пачатку. Было прадчуванне трагічных падзей, якія перажыве Украіна. Цяпер усё прасякнута гэтай тэмай, нават скрозь інтымную лірыку праступае вайна. Баліць… Адлюстроўваецца ўсё ўбачанае, пачутае, яно кранае да глыбіні душы. Нядаўна сяброўка прыслала на вайбер відэа, дзе выпускнікі танцуюць вальс на фоне сваёй зруйнаванай школы. Зачапіла да слёз, два дні «хварэла» гэтай тэмай, у рэшце рэшт з’явіўся верлібр… У кожнага верша –  свая гісторыя. Неяк у красавіку гуляла я ў лесе, у нас яшчэ, дзякуй Богу, ёсць такая магчымасць, і пабачыла зламанаю пад корань дзікую абрыкосу. Яе галіны цвілі! Хіба не вобраз мужнасці, нескаронага духу? Сам сабой напісаўся верш…

Іна Снарская чытае вершы
Іна Снарская чытае вершы

Ва Украіне ўжо створаны беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе супраць акупантаў-маскалёў. Што ўкраінцы кажуць сёння і пішуць пра беларусаў наогул?

– Да беларусаў з пачаткам вайны адносіны неадназначныя, бо афіцыйная Беларусь у гэтым канфлікце падтрымлівае Расію. Усім вядома, што з тэрыторыі РБ ляцелі расійскія ракеты, ворагам выкарыстоўваюцца беларускія лётнішчы, базы і дарогі… Знаёмая ўкраінка яшчэ напачатку вайны спытала ў мяне: „Мы заўсёды так добразычліва ставіліся да беларусаў, чаму ж яны такія пасіўныя? Чаму не выходзяць на плошчы з пратэстамі, не выступаюць за мір?” Давялося пачаць з гісторыі Беларусі, вядома ж, успомніла 2020 год, пратэсты, якія выклікалі жахлівыя рэпрэсіі, расказала, што шмат нацыянальна свядомых беларусаў змушаны былі з’ехаць за мяжу і да гэтага часу не могуць вярнуцца на Радзіму… Усім такое не раскажаш, не растлумачыш… Але большасць украінцаў усё ж сочаць за навінамі, спрабуе самастойна разабрацца, чаму так, а не інакш…

Пра полк імя Кастуся Каліноўскага тут ведаюць і ўдзячныя кожнаму, хто ваюе на баку Украіны, змагаецца за яе свабоду, падтрымлівае, дапамагае. Але нам, нацыянальна свядомым беларусам, трэба яшчэ шмат працаваць для паляпшэння адносін паміж нашымі народамі. Такі ўбілі клін! Гэтая тэма вельмі мне баліць. Пераймяноўваюць вуліцы з беларускамі назвамі, мяняюць тапонімы… Таму намагаюся рабіць, што ад мяне залежыць: пішу посты на Фэйсбук, выступаю з украінскімі й беларускімі вершамі, нешта актуальнае расказваю. Але я не палітычная дзяячка, мая справа – пісаць. Праз родную мову іду да праўды, справядлівасці й сэрца чытача. Культура шмат чаго можа зрабіць, не менш, чым палітыка. Беларускую мову мае чытачы ўспрымаюць дужа пазітыўна, захапляюцца, некаторыя нават хацелі б вывучаць… Шкадуюць па-свойму беларусаў. Усё няпроста, аднак мы братнія народы, бліжэйшых ад нас няма!

Іна Снарская прэзентуе сваю кнігу Два неба
Іна Снарская прэзентуе сваю кнігу “Два неба”

Ужо некалькі гадоў Вы не былі ў родным Полацку і, наогул, у Беларусі. Ці сумуеце? Ці хочацца дамоў?

– Радзіму з розных прычын не магу адведаць ужо трэці год. Вядома, хочацца прыехаць у родны Полацк, сустрэцца з сябрамі, адведаць магілы бацькоў і дзядоў. Але мой дом даўно ва Украіне. Я мару, малюся, прашу Бога, каб хутчэй скончылася гэтая вайна і Украіна перамагла, каб былі жывыя і здаровыя мае сябры, родныя, каб людзі вярнуліся да нармальнага жыцця, не чакалі абстрэлаў, каб не мулілі вока, не страшылі руіны, каб нікому не давялося хаваць сваіх блізкіх і знаёмых. Няхай хутчэй вярнуцца дадому нашы ваяры, нават верш ёсць пра гэта, хоць і напісала яго яшчэ да вайны. Прадчуванне? Так. Шмат у мяне такога…

Іна Снарская каля помніка Тарасу Шаўчэнку
Іна Снарская каля помніка Тарасу Шаўчэнку

Ці ёсць якія-небудзь сувязі з творчымі людзьмі з Беларусі сёння, ці тэлефануеце, ці лістуецеся з кім?

– Рэгулярна чытаю допісы на Фэйсбуку Міхася Скоблы, Валянціны Аксак, Леаніда Дранько-Майсюка, Эдуарда Акуліна. Яны таксама рэагуюць на мае публікацыі. Часта тэлефануе з Польшчы Лена Глагоўская (Helena Glogowska).

З украінскімі сяброўкамі па пяру
З украінскімі сяброўкамі па пяру

Нашы чытачы ведаюць пра Ваш кантакт з Ленай Глагоўскай. У чэрвеньскім нумары Вы – адна з гераінь яе рэпартажу. І Вашы вершы там дададзены…

– Вельмі хачу яе пабачыць, як і маю сяброўку Наталлю Русецкую… У Полацку жыве сяброўка маладосці, журналістка Ларыса Малашэня. Тэлефануем адна адной па Вайберу. Мінулым летам мы з Ларысай сустракаліся, разам адпачывалі ў Адэсе… Падтрымліваю сувязь з камандай часопіса «Дзеяслоў» пад кіраўніцтвам Барыса Пятровіча, у часопісе друкуюцца мае вершы і проза… Вядома ж, не хапае жывой шчырай гаворкі вочы ў вочы, вечарын, сустрэч. «Размаўляю з маімі сябрамі на старонках падораных кніг…» – напісала я ў адным з вершаў. Так у асноўным і адбываецца…

З Рыгорам Барадуліным
З Рыгорам Барадуліным

–У Вашым зборніку „Кветка Гарынь” ёсць, мне здаецца, шмат вершаў і радкоў, якія чытаеш і ў іх адчуваецца бяда. Яны нібы прарочыя. Ну, напрыклад: „Крумкачы, крумкачы, як ад вас уцячы?..”, „Вечарам – сажай люты крумкач рукі мне звяжа…”, „А ў сівых гарадах – то нуда, то бяда, слепне кожны…”, „А потым будзе боль гарачы і нямы, цябе сустрэць дазволь сярод ахвяр зямных”, „Па беламу – трава, па чорнаму – няволя, галосіць удава савою ў чыстым полі…” і г.д.

– Вельмі шмат прарочых вершаў я напісала 5, 10, а то і 30 гадоў назад. Драматычнае светаадчуванне было заўсёды, магчыма таму, што рана засталася без бацькоў, жыву далёка ад Радзімы… Муза з маладосці пераважна мінорная, але, разам з тым, светлая. Такі сабе светлы сум. Суцэльнага трагізму ў маёй паэзіі няма, заўсёды ёсць  выйсце. Нават у цемры свеціць або грамнічная свечка, або поўня, або світанак, зара вечаровая, зорка… Зорка Радзімы, якая заўсёды са мной.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

 

Адна з кніг Іны Снарскай
Адна з кніг Іны Снарскай

Спадарыня Іна, вельмі хочацца верыць, што Украіна пераможа. Пра гэта і Ваш радок: „Мая зямля –гаючы бінт на целе…”. Ці так?

– Ці ж толькі гэта? Надзея, вера і любоў перамагаюць зло і цемру. У творчасці я намагалася і намагаюся данесці гэтую думку. Яшчэ паняцце волі для мяне важна, проста неабходна! Мір, так, але не любой цаной. Можна жыць у міры, але быць рабамі. Нам гэтае не падыходзіць! Мне падабаецца мужны, свабодалюбівы, непакорны ўкраінскі народ. Цікава, што мой дзядуля па матулі насіў прозвішча Цімошчанка. Магчыма, нейкія далёкія продкі родам з Украіны. Не дарэмна ж мяне сюды паклікаў лёс… На жаль, не спытала ў дзядулі, не паспела… А Украіна неадменна пераможа, інакш не можа быць. Веру!..

І мы, беларусы, верым у гэту перамогу. Верым і чакаем, верым і абавязкова пераможам! Няхай Вас усіх беражэ Бог!

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

ВЕРШЫ ІНЫ СНАРСКАЙ

* * *

Заплюшчваю вочы, яшчэ раз заплюшчваю,

нібы снюся сама сабе:

там неба… такое глыбокае неба

нада мной, пада мной і ў ва мне…

Ці ўратуюць душу маю вершы?

Разрэжаны подых вяршыняў,

сасновы пах лесу…

Няўжо гэта толькі сніцца?

Але я не герой, зусім не герой,

хоць і назвала сябе гарой,

я проста плыву ў чаўне адным

з краінай маёй, сям’ёй…

Разрэжаны подых вяршыняў

і васількоў у жыце…

Вось толькі гэты сон, што з ім рабіць:

на полі ляжыць салдат забіты і ўглядаецца ў цішыню.

24.05.2022 г.

 

Сястронкі

Вёска Сястронкі – вось жыцця,

высь мая, гэта ж – я.

Вось стаю, паглядаю здалёк,

лёгкая сярод васільковых палёў.

Проста здымак маленства: лета, я…

Чорна-белаю стала мая зямля,

бо гаруе громам разам са мной,

пашаю дыхае агнявой.

Шмат чаго яшчэ сказаць трэба…

ці пачуе… адчуе неба?

Трэсачка з дзіцячага трэбніка

роднай старонкі… Сястронкі.

5.06.2022 г.

 

Танец

Вальс … зруйнаваная школа… ружы …

апошні вальс дзяцінства: раз-два-тры, раз-два-тры, раз…

ён невясомы, нібы з пялёстак,

але як жа пячэ, нібы на жарынах таньчаць:

раз-два-тры, раз-два-тры, раз…

апошні званок, апошні вальс дзяцінства…

не сумуйце, не плачце… танцуйце, танцуйце!

юнасць… маладосць … жыццё без вайны…

усё гэта абавязкова будзе,

руіны застануцца толькі кадрамі з фільма,

а боль ператворыцца ў чырвоную ружу,

якая не пячэ, а дае сілы жыць, робіць мацнейшымі…

раз-два-тры, раз-два-тры, раз…

усё тваё застанецца з табой: сяброўства, каханне…

а цяжкія ўспаміны паляцяць у вырай разам з бусламі,

гэтыя птушкі ўмеюць тушыць пажары сваімі крыламі.

зацвітуць сады, адродзіцца Украіна…

проста танцуй, калі ласка, проста танцуй!

раз-два-тры, раз-два-тры, раз-два-тры…

7.06.2022 г.

 

Наступныя два вершы я напісала восем год назад, калі фактычна і пачалася вайна Украіны з Расіяй, хоць агрэсія была прыхаваная, а вайсковы канфлікт лакальны. Але ўжо тады я разумела: ніякае гэта не АТО, а сапраўдная вайна. Таму і вершы такія пісаліся… Цяпер яны гучаць, нібы напісаныя ўчора….

 

Сэрца маці

            «Калі заварушыцца брук…»

              Міхась Скобла

І раптам прарасце брук хлебам…

Ужо адрываецца… Рэкі… Палі…

Цяжка дыхае брук: даляцець бы да неба.

Маці вырасціць сына на вольнай зямлі.

Боханы з бруку цішынёю плывуць…

Як заснуць? Забіваюцца вочы зямлёю

У тых, хто схіліў галаву

На халодную лёлю*.

«Люлі-люлі» спявала ўчора,

А сёння на вайну праваджала.

Гэты хлеб быў цяжкі і чорны,

Гэты хлеб быў з вужыным джалам.

Нават брук прарастае хлебам,

Нават брук у неба ірвецца.

Моліцца маці зямлі і небу,

Захінаючы сына айчынаю сэрца.

 

Лёля* – льоля (укр.) – радавая кашуля

 

* * *

Стаю на каленях. Зямля так шчымліва да сэрца,

Да волі, да долі, да ўсіх жаўруковых вятроў,

Стаю на каленях і мне па-дзіцячаму верыцца,

Што ўсё змагары павярнуцца жывымі дамоў.

А ўсе змагары яшчэ песні свае даспяваюць,

Ім гушкаць дзяцей, уплятаць у бяссонне сады.

Стаю на каленях, а недзе зара караваем,

На волю, на долю, і на залатыя мяды.

Карункавы шлях замаўляю на беразе поўні,

Цячэ па шчацэ не сляза – верасовы спакой,

І поўніцца дзень… Так сунічна, чароўна, раптоўна

Адчыняцца дзверы – героі вярнуцца дамоў!

г. Палтава

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis