Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Васіль Філіпенка: „Свабода прыходзіць да таго, хто ідзе да яе на сустрэчу”

Беларус з Украіны распавядае пра сваё жыццё ў краіне падчас вайны з Расіяй

Беларускі паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Васіль Філіпенка з сям’ёй з 1988 года жыве ў горадзе Лубны ў Палтаўскай вобласці Украіны. Родам Васіль з вёскі Трасцянец Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Выдаваўся ў калектыўных зборніках мясцовага літаратурнага аб’яднання «Сонячні перевесла», у альманахах «Ліра» і г.д.
Аўтар зборнікаў «Памяць» (2000), «Свеча уставшая» (2001), «Душа славянская» (2008), «На языке родных осин» (2008), «Рэха самоты» (2013), «Поклічы лёсу» (2015), «На ростанях душы» (2018) і іншых. У гэты няпросты час для Украіны, дзе ідзе вайна, беларус Васіль Філіпенка пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў нашага карэспандэнта. Гутарка адбылася і запісана 14 красавіка 2022 года.

Васіль Філіпенка
Васіль Філіпенка

Спадар Васіль, якія ў вас, беларускага паэта, што жыве ва Украіне, былі жыццёвыя і творчыя планы да вайны?

– Планы да вайны былі самыя сціплыя, чалавечыя і натуральныя для мяне. А жыў я ў дэмакратычнай і свабодалюбівай краіне. Найперш хацелася – гэта выдаць невялікі зборнік паэзіі і прозы на роднай і любай беларускай мове. А больш за ўсё я марыў (але не спадзяваўся) прыехаць да сябе на Бацькаўшчыну. Не так да жывых, як наведаць магілы бацькоў, бабуль, дзядуль, братоў, цётачак, сяброў лепшых самых… На жаль, усіх і не пералічыць у некалькі радкоў. Так склалася, што ўсё лепшае, і ўсё лепшыя і сапраўдныя з майго жыцця, на жаль, сышло і сышлі з жыцця нашага зямнога. Таму марыў, і думаю пра тых, хто сышоў, і душа баліць сэрцам, што не магу, па зразумелых прычынах, прыехаць хаця б на дзянёк. І нешта мне падказвае, што гэтага можа ўжо і не здарыцца… Але так хачу памыліцца…

З кім з творчых людзей з Украіны і Беларусі ці іншых краін сябравалася і сябруецца? Якую ролю адыграла вайна ў гэтых творчых сяброўскіх стасунках?

– Слова „сяброўства” для мяне, паняцце касмічнае. Сяброўства, як па мне, пазнаецца толькі ў бядзе, бітвах ці пакутах. У маёй вёсачцы адбывалася і жыла найвялікшая гісторыя святога, непадробнага сяброўства, паміж моладдзю вёсачкі і двума хлопцамі, на долю якіх выпалі такія мукі і боль, і горыч з веліччу, чаго падобнага больш я і не сустракаў у тым маім жыцці. Хлопцы з другога класа захварэлі на страшную хваробу, калі адміраюць мышцы. Яны паступова перастаюць хадзіць, рухацца, не могуць нават падняць руку, каб прывітацца, не могуць пераставіць нагу, і не могуць нічога, акрамя, як трымаць галаву і сядзець у калясцы ці на канапе ў хаце. І калі старэйшы жыў у інтэрнаце да заканчэння сярэдняй школы, то малодшы, мой аднакласнік (мае сваякі па мамінай і татавай лініі) усе гады жыў у вёсцы з бацькамі. Дык вось, мы раслі разам можна сказаць. Было вялікае кола сяброў, якое з раніцы да глыбокай ночы праседжвала з ім у яго доме. Мы насілі яго на руках… На вуліцу, з вуліцы… у хату… Вазілі на стадыёны, у клубы, абсалютна на ўсе значныя і не значныя падзеі.

Кожны практычна дзень і вечар мы вазілі на калясцы яго, а потым і старэйшага яго брата, з сабой… Да войска займаўся з ім я, а калі сышоў служыць, хтосьці іншы займаўся ім, і так… да самай іх смерці. Памерлі яны не пражыўшы і 30-ці гадоў… Вось гэта было сяброўства.

Кнігі Васіля Філіпенкі
Кнігі Васіля Філіпенкі

А цяпер пра сяброўства паміж творчымі людзьмі? Паколькі я чалавек, мусіць, сумнаваты, і жыву дзесьці на пабярэжжы, так бы мовіць, ад сталіц і бурнай плыні літаратуры, сустрэч, хвалы і бясконцых прамоў, то гэтым пахваліцца не магу. Але паколькі горад Лубны вельмі насычаны творчасцю, творчымі людзьмі, то я з усімі знаёмы і, напэўна, сябруем, жывем тым сяброўствам, пра якое мы гаворым. Тут вельмі шмат моцных і цікавых паэтаў і празаікаў з тых, хто жыве цяпер, якія з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Украіны, і тых, што па розных прычынах не з’яўляюцца членамі Саюза. З усімі я знаёмы і ў нармальных, добрых адносінах. Часам сустракаемся на прэзентацыях, якія мне здаюцца цікавымі. Сустракаемся на вуліцы і з радасцю гаворым адзін з адным. Тэлефануюць, калі хочуць нешта пачытаць і пачуць. Тэлефаную і я. Увогуле, усё нармальна… У мяне ва Украіне ворагаў няма і ніколі не было. Вайна ніяк не адбілася на нашых нармальных чалавечых адносінах. А як будзе далей, не ведаю. На радзіме, на маёй Лоеўшчыне, некалі сустрэўся з паэтамі сталага ўзросту, бо вельмі хацелася пазнаёміцца з імі і нечым падзяліцца ў творчасці, да чаго прыйсці агульнаму і сучаснаму. І сустрэчы былі прыстойнымі, і чыталася, і гаварылася годна… Але чамусьці вось скацілася ўсё да шэпту аб Украіне, аб „бандэрах”, „жахах і ўцісках”, „няправільнай і неразумнай лініі”… Мне стала з імі нецікава…

Ці падтрымліваеце сувязі і ці ведаеце беларускіх літаратараў, якія жылі і жывуць цяпер ва Украіне?

– Ведаеце, заўсёды хацеў мець добрыя знаёмствы з беларускімі літаратарамі, якія жывуць ва Украіне, але так нічога з гэтага і не выйшла. Проста не было дзе мне з імі знаёміцца. Гэта ўжо пры з’яўленні інтэрнэту магчымым стала бачыць і даведвацца нешта пра беларускіх літаратараў… І было найвялікшае жаданне ўліцца ў жыццё беларускае ва Украіне, а вось зручнага выпадку, ды і наогул ніякага, не падвярнулася. Я ж і ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, мусіць, па волі выпадку патрапіў, хоць жаданне было бязмежнае. Ва Украіну прыязджаў з Мінска Алесь Рыбак з Саюза беларускіх пісьменнікаў, у іх у Днепрапятроўску тагачасным было нейкае сумеснае мерапрыемства з пісьменнікамі Украіны. Быў там і старшыня Лубенскага літаратурнага аб’яднання, ваш калега па прафесіі, пісьменнік, сябра Саюза пісьменнікаў Украіны, галоўны рэдактар газеты „Лубеншчына” Аляксандр Мішчанка, з якім у нас вельмі добрыя стасункі. Ён і расказаў пра мяне. Дзякуй Алесю Пятровічу Рыбаку, не кінуў мяне, не адвярнуўся. Цярпліва чытаў мае лісты, слухаў тэлефонныя званкі. І рэкамендаваў мяне ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Проста, схіляюся нізка перад гэтым чалавекам.

З украінскімі сябрамі-літаратарамі. Злева на права паэтка Ларыса Назаранка, пісьменнік Уладзімір Васільеў, паэтка Ніна Шарсцюк, Васіль Філіпенка, паэт Андрэй Далёкі. У цэнтральнай бібліятэцы Лубнаў (Украіна)
З украінскімі сябрамі-літаратарамі. Злева на права паэтка Ларыса Назаранка, пісьменнік Уладзімір Васільеў, паэтка Ніна Шарсцюк, Васіль Філіпенка, паэт Андрэй Далёкі. У цэнтральнай бібліятэцы Лубнаў (Украіна)

Ведаю паэтку Іну Дзідык-Снарскую, якая жыве ў Палтаве. Мы з ёй знаёмыя. Калісьці быў там, патэлефанаваў ёй, і мы сустрэліся ў яе на працы ў абласной тэлестудыі „Лтава”. Зараз ратуе інтэрнэт. Можна паглядзець розныя і бясконцыя сустрэчы, прэзентацыі, узнагароджанні. Я чалавек, які знаходзіцца неяк з боку, і гляджу на ўсё з боку ў стаўленні таго, аб чым мы кажам. Гляджу, бывае, шмат і чытаю час ад часу тое, што піша „Дзеяслоў” і іншыя беларускія выданні, нешта параўноўваю з украінскімі, нешта ацэньваю, і, вядома ж, разумею, што было б часам цікава дзесьці там сярод іх пабываць, паказаць, што і я чагосьці варты. Але жыву, як жыву, і мяне гэта задавальняе… Гляджу з боку і на ўсё, што адбываецца ў літаратурным жыцці ў Беларусі і ў беларусаў… Але стараюся ўсё ж быць у курсе ўсіх беларускіх падзей.

Спадар Васіль, ці хто мог падумаць пяць-дзесяць гадоў таму, што на Украіну нападзе суседка Расія?

– Скажам так, што ва Украіне пераважная большасць заўсёды і выразна разумела пастаянную пагрозу і пастаянную магчымасць нападу Расіі. І казалі аб гэтым на ўсіх пляцоўках радыё і тэлебачання. Казалі аб неабходнасці ўмацоўваць веру і войска. Іншая справа, што адэкватны і нармальны чалавек, у якога душа і сэрца заўсёды пярэчыць найгоршаму, у якога розум працуе на пазітыў, да апошняга моманту, да самай страшнай секунды, мабыць, не можа паверыць у відавочнае, таму і не можа сказаць: „Заўтра пачнецца вайна”… Так і атрымалася цяпер. Усе разумелі да чаго ўсё ідзе, што адбываецца вакол Украіны, чакалі, як гаворыцца, з дня на дзень, кожную раніцу ўставалі з надзеяй, што вайны няма. Але ў адну раніцу гэта здарылася….

Васіль Філіпенка з ружамі. Творчы вечар паэткі Ларысы Назаранкі
Васіль Філіпенка з ружамі. Творчы вечар паэткі Ларысы Назаранкі

Як успрымае беларускі пісьменнік тое, што адбываецца на яго другой Радзіме?

– Часта ўспамінаю словы маёй мамы, якой прыйшлося перажыць тую вайну з гітлераўцамі, быць адпраўленай са сваімі землякамі ў Нямеччыну на працу. А яна казала так: „Горш вайны няма нічога”.Так успрымаю і я. Але я разумею, што мы жывем у часы вялікай гісторыі зменаў усяго свету, змены, як у геапалітычным плане, так і ў свядомасці чалавечай. Я перад вайной казаў людзям, якія хацелі ведаць нешта пра сучасную, сённяшнюю Украіну, што яе не перамагчы. Нарадзілася Вялікая, добрая, светлая і гераічная Нацыя. Нараджалася дзесяцігоддзямі ў бітвах з бандыцкай уладай і ў рэвалюцыях. Прайшла цяжкую барацьбу, расстрэлы і турмы. Гэтая, сапраўды, Айчынная вайна ва Украіне зацвердзіла Бясспорнасць, Непахіснасць і Вялікае права Украіне Быць! Украіна сёння гэта ж і надзея для ўсіх, хто змагаецца за сваё права быць свабоднымі і шчаслівымі людзьмі. Свабода прыходзіць да таго, хто ідзе да яе на сустрэчу. Украіна ўпарта і гераічна ішла да гэтага, таму і чакае яе будучыня мірная і светлая, самастойная, сярод дэмакратычных еўрапейскіх краін, і ўсяго дэмакратычнага свету. У яе назад дарогі няма. І я гэтаму вельмі рады разам з усімі грамадзянамі Украіны. І я веру ў украінскі народ і ў саму Украіну!

Падчас вайны, што сабе ўяўляе ваш, напрыклад, адзін дзень жыцця ў Лубны?

– Адзін дзень?.. Вайна не адмяняе побыт… А праблемы і жыццёвыя пытанні, яны кожны дзень, яны бясконцыя… А падчас вайны ўсё ў разы ўскладняецца. Бясконцыя паветраныя трывогі ў дзень і ў ночы, і ўсё, што з гэтым звязана… Людзі ў горадзе жывуць пад сталай нервовай напругай, дзе б яны не былі, ці то на працы, ці то дома, ці то ў пошуках неабходных лекаў і г.д. Я – не выключэнне… Жыву, як усе. Але веру, што абавязкова бяду перажывём і пераможам зло…

Помнік Андрэю Дальняму ў Лубнах
Помнік Андрэю Дальняму ў Лубнах

Як украінцы ўспрымаюць сёння беларусаў?

– Хацелася б неяк супакоіць і абнадзеіць, але гэта будзе не зусім дакладна і разумна. Калі меркаваць у адносінах да мяне, то нічога не змянілася. Жыву з усімі ў горадзе мірна і добра. Ніводнага дрэннага слова ў мой адрас я не пачуў. Можа таму, што жыву тут доўга, з’яўляюся грамадзянінам Украіны і перажываў з усімі ўсё тое, што перажывала і перажывае зараз краіна. Людзей жа не падманеш…

З таго, што прыйшлося пачуць у цэлым, то ў краіне найвялікшы негатыў да Беларусі, як краіны, якая дазволіла напасці на Украіну, адкрыўшы межы і дапамагаючы сваёй інфраструктурай: аэрадромамі, чыгункай і г.д. Людзям крыўдна і адчайна, нават горка і нечакана балюча, што вайна прыйшла адтуль, адкуль яе зусім не чакалі, бо верылі ў Беларусь заўсёды-заўсёды, любілі яе бязмерна і паважалі…

Зараз гэтага ўжо няма… І ўсё ж, нягледзячы на агульны негатыў, як мінімум палова насельніцтва, калі не большасць, разумее ўсё, што адбываецца, хто вінаваты, што і хто за ўсім гэтым стаіць. Яны спакойна і дакладна падзяляюць беларусаў на тых, хто наш і не наш… А калі скончыцца вайна, то патрэбна будзе вельмі шмат гадоў, а яшчэ больш працы і намаганняў, каб неяк гэты негатыў сышоў.

– Чым усё ж закончыцца вайна ва Украіне? Давайце ўявім, што праз тыдзень яна, сапраўды, закончылася. Што далей будуць рабіць украінцы?

– Чым закончыцца? Мірам. Украіна канчаткова зацвердзіць сябе дзяржавай, за якую нездарма загінулі людзі, і, паколькі ўкраінцы вельмі працавітыя, краіна вельмі хутка адбудуецца, стане даволі прывабнай у плане эканомікі, у якую пойдуць і ўліюцца вялізныя фінансавыя патокі. Думаю, і шмат кажуць, пішуць, што гэта будзе нешта падобнае на план Маршала, калі аднаўлялі Еўропу. У людзей і ў мяне няма ніякіх у гэтым сумневаў. Гэта будзе сучасная, прыгожая і свабодная краіна свету, якая на многія дзесяцігоддзі стане прыкладам і сімвалам свабоды і дэмакратыі.

Мяне вельмі хвалюе і такое пытанне, пра гэта ў нас мала пішуць: дзе музеі, архівы, бібліятэкі, якія былі, напрыклад, у Марыупалі, Харкаве і іншых гарадах? Ці паспелі іх вывезці, ці іх разрабавалі? Рабуюць жа акупанты кватэры, дамы, крамы…

– На жаль, спадар Сяргей, нічога дакладнага сказаць не магу, а пісаць пра чуткі будзе неяк няёмка. Меркаванні мае таксама будуць толькі здагадкамі. Можа, калі нешта і высветліцца, стане вядомым…

І, наогул, спадар Васіль, ці добра жылося Вам ва Украіне да вайны?

– Ну, вядома ж, добра! Я жыў у свабоднай і светлай краіне, дзе жывуць прыгожыя і разумныя людзі, якія падзяляюць дэмакратычныя погляды… Мы жылі без страху, зрасталіся са свабодай слова, друку і выбару… Мы дыхалі вольна… Вялікая сіла ў гэтым. Украіне волі не адабраць, таму яна і застанецца свабоднай і людзі будуць такімі ж шчаслівымі і свабоднымі. І я з імі таксама!

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (818) – у 1206 г. пачаўся захоп інфлянцкімі (лівонскімі) крыжакамі Кукенойскага княства (населенага Крывічамі і балцкімі плямёнамі), у якім панаваў полацкі князь Вячка (Вячаслаў), які загінуў у бітве з крыжакамі ў 1224 г.
  • (719) – напады крыжакоў у 1305 г. на Гарадзенскую замлю ды аблога імі Гарадзенскага замка.
  • (450) – у 1574 г. заснаваньне ў Нясьвіжы езуіцкага калегіума. Пазьней падобныя калегіумы былі заснаваны ў Бярэсьці, Бабруйску, Віцебску, Гародні, Драгічыне (на Палесьсі), Магілёве, Менску, Наваградку, Оршы, Слуцку і іншых гарадах.
  • (233) – 3.05.1791 г. польскі сойм прыняў канстытуцыю (Ustawa Rządowa), паводле якой была зьнесена аўтаномія Вялікага Княства Літоўскага.
  • (179) – 3 (15).05.1845 г. у фальварку Свольна каля Дрысы (зараз Верхнедзьвінск) на Віцебшчыне нар. Іван Чэрскі, геоляг і географ. За ўдзел у студзеньскім паўстаньні сасланы ў Омск, дзе праводзіў гэалягічныя дасьледаваньні ваколіц. Памёр 25.06.(7.07)1892 г. падчас экспэдыцыі ў пасёлку Калымскім каля вусьця ракі Амалон.
  • (147) – 3.05.1877 г.  у фальварку Іваноўшчына Лепельскага пав. нар. Антон Грыневіч (арыштаваны ў 1933 г., памёр у савецкім лагеры 8.12.1937 г.), фальклярыст, кампазытар, пэдагог, выдавец. Удзельнік суполкі „Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1910-1912 гг. выдаў два тамы кніжкі „Беларускія песьні з нотамі”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis