Як паведамлялася ў „Беларускім календары на 1927 год” за кароткі час – фактычна на працягу пару месяцаў былі заложаны Акружныя Управы: Глыбоцкая, Наваградзкая, Вялейская, Горадзенская; 250 гурткоў з лікам 3500 сяброў; 8 Народных Дамоў і 35 бібліятэк-чытальняў: „Ня толькі у матэр’яльным сэнсе люднасьць на мясцох нясе ахвярнасьць для сваей роднай справы, але ад’значваецца яшчэ актыўнасьцю ды сваей уласнай ініцыятывай. У адных мясцох сваімі ўласнымі сіламі ладзяць лекцыі, рэфэраты, спэктаклі; у другіх арганізоўваюць хоры, аркестры, драматычныя гурткі; у трэціх адбудоўваюць грамадзкія будынкі пад Народныя Дамы, ды будуюць новыя; у чацьвёртых арганізоўваюць прыватныя беларускія школы, курсы для няпісьменных і. г. д і. г. д.” Галоўная Управа месьцілася ў Вільні (вул. Сьв. Ганны 2). Мела яна аддзелы: 1) выдавецкі, які апрацоўваў падручнікі і кніжкі для сялянскіх бібліятэк-чытальняў, 2) пазашкольнай асьветы, які складаўся з пададдзелаў лекцыйнага і драматычнага, 3) пачатковае школы і пэдагагічных курсаў, 4) тэхнічна-гаспадарчы.
У сувязі з грамадоўскімі і КПЗБ-оўскімі ўплывамі ў ТБШ, частка дзеячаў (м. інш. кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, Васіль Рагуля) адышла з Таварыства і стварыла альтэнатыўны Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры, заставаўся пад уплывам Беларускай Хрысьціянскай Дэмакрацыі. Шмат дзе гурткі ТБШ пакрываліся з гурткамі БСРГ, а дзеячы БСРГ былі старшынямі гурткоў ТБШ. Паводле розных дадзеных у Таварыстве было да 500 гурткоў і да 30 тысяч членаў. Нават калі гэтыя дадзеныя завыжаныя, не мяняе гэта факту, што ТБШ была масавай арганізацыяй, а пры тым палітызаванай уплывамі БСРГ і КПЗБ. Пад уплывам дэлегалізацыі БСРГ у 1927 г. і арышту яе кіраўніцтва у ТБШ сітуацыя стала складанай. 28-29 сьнежня 1927 г. адбыўся І З’езд ТБШ. Старшынёй Галоўнай Управы быў выбраны А. Трэпка, які далей займаўся школьнай справай. Аднак на правінцыі ў гуртках, павятовых і акружных управах значны зплыў мела КПЗБ, што спрыяла радыкалізацыі дзейнасьці ТБШ, якое ангажавалася ў парламецкіх выбарах у 1928 г. па старане пасьляграмадоўскага „Змаганьня”. 28 жніўня 1928 г. польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Галоўнай Управы, што давяло два палярызацыі поглядаў сярод кіраўніцтва ТБШ. Р. Астроўскі, А. Луцкевіч, Я. Шнаркевіч, А. Трэпка былі прыхільнікамі выключна культурнай дзейнасьці Таварыства, у адпозьненьні ад прыхільнікаў палітызацыі арганізацыі – І. Дварчаніна, Ф. Валынца, якія дзякуючы ТБШ сталі дэпутатамі польскага сойму. Увосень 1928 г. раскол дайшоў да акруговых і павятовых управаў. У такой сітуацыі была паклікана Часовая Паўнамоцная Камісія (А. Трэпка, Я. Шнаркевіч, Кузьма Крук), якая мела падрыхтаваць новыя выбары ўладаў ТБШ і кіраваць да іх Таварыствам. За намовамі дэпутатаў „Змаганьня” большасьць гурткоў не прызнала дзейнасьці Камісіі. Яны стараліся здамінаваць уплывы ў ТБШ. Наглядная Рада ТБШ вырашыла ліквідаваць Камісію і назначыла з’езд Таварыства на 19 мая 1929 г. Камісія з гэтым не пагадзілася і вырашыла склікаць з’езд 9 ліпеня. Аднак пад уплывам КПЗБ 19 мая ў Вільні адбыўся нелегальны з’езд, на якім выбралі новую ўправу, у якую увайшлі Ф. Стэцкевіч – старшыня, М. Пяткевіч, Р. Шырма, М. Марцінчык, М. Кепель, П. Пяткун і дэпутаты: І. Дварчанін Ф. Валынец, І. Грэцкі, П. Крынчык, Я. Гаўрылік. З ТБШ выключаны былі ідэйныя праціўнікі палітызацыі Таварыства, м. інш. А. Трэпка. З’езд скліканы 9 ліпеня быў нешматлікі, у большасьці інтэлігенцкі, выказаўся за выключна культурна-асьветніцкую дзейнасьць. А. Луцкевіч прапанаваў прызнаць Галоўную Управу, выбраную 19 мая, да наступнага з’езду.
У канцы жніўня 1929 г. улады знялі забарону дзейнасьці Галоўнай Управы, адначасна сталі больш назіраць за дзейнасьцю Таварыства. З лета 1930 г. да канца 1931 г. было закрыта больш за 100 гурткоў, а ў пачатку 1932 г. з 7 акружных управаў засталося толькі 3 – беластоцкая, косаўская і ваўкавыская. Улады праводзілі рэвізіі ў гуртках і ў дзеячаў ТБШ, неаднаразава арыштоўваючы іх. Да 1933 г. не ўдалося правесьці з’езду Таварыства, а колькасьць гурткоў зменшылася да 150.
На фоне дзейнасьці ТБШ адрозьнівалася Беласточчына, дзе пасьля ліквідацыі Грамады ў 1927 г. таксама пачалі паўставаць гурткі Таварыства. Паводле школьнага закону з 1924 г. у Беластоцкім ваяводзтве не дазвалялася на закладаньне беларускіх школ. Таму і немагчымым было сабіраньне подпісаў на адкрыцьцё беларускіх школ. Дарэчы ў дзейнасьць ТБШ на Беласточчыне ўліўся радыкалізм пад уплывам палітыкі польскіх уладаў у адносінах да беларусаў і КПЗБ, якая знайшла сярод незадаволеных польскай палітыкай падатлівы грунт. Як успамінаў беластоцкі стары ТБШовец Кастусь Сідаровіч: „На тэрыторыі Беласточчыны замест ліквідаванай у 1927 годзе Грамады, было вырашана стварыць беларускую культурную ўстанову. Першапачаткова была зроблена спроба стварыць „Інстытут беларускай гаспадаркі і культуры”. Да гэтай установы далучыўся ксёндз Рэшаць, які быў выкладчыкам настаўніцкай сэмінарыі ў Беластоку. Праца інстытута заключалася ў папулярызацыі лекцый па гісторыі Беларусі, літаратуры і этнаграфічна-гістарычнай геаграфіі Беларусі. Гэтыя лекцыі мелі вялікую папулярнасць сярод слухачоў Беластока. Аднак, гэтая праца не магла разгарнуцца так актыўна, як гэтага патрабавала жыццё, як гэтага хацелі заснавальнікі інстытута. Жыццё патрабавала больш рашучай барацьбы за справу народа, і ліберальны падыход да акружаючых з’яў быў недастаткоым імпульсам для шырокага развіцця беларускай культурнай дзейнасці. У выніку гэтага праз некаторы час інстытут самаліквідаваўся. Пасьля гэтага ў Беластоку было пастаноўлена залажыць гурток „Таварыства беларускай школы” („Ніва”, № 9, 2.03.1958 г., с. 3). Паводле К. Сідаровіча спярша ў ТБШ уступіла 47 чалавек. На арганізацыйным сходзе былі выбраны ўлады гуртка: старшыня Федаровіч, сакратар Марцінчык (Мартынчык) і скарбнік М. Грыцук. Спачатку гурток збіраўся па дамах сяброў гуртка, а пасьля дамовіліся з гаспадаром дома на вуліцы Касьцельнай 4 – Сланімскім, каб пад Таварыства адступіў значную яго частку дзеля працы драматычнай і харавой сэкцыяў, якія заснаваліся пры гуртку. У Беластоку і ваколіцы пачалі ставіць п’есы пад рэжысурай Аляксандра Андрэйчука і Лявона Богуша. Хорам кіраваў Антон Кавальчук. У драматычнай сэкцыі было 24 асобы, а ў хоры – 38. Улады забаранілі карыстаньне з памешканьня з тэхнічна-пажарна-санітарных прычын. Тады гурткоўцы вырашылі ўзяць у арэнду ўвесь будынак. Сабралі больш за 2500 злотых і на працягу 45 дзён прыстасавалі яго да працы Таварыства. Абсталявалі залу са сцэнай на 220 месц. У кожную суботу і нядзелю ладзіліся спэктаклі і канцэрты. Выязджалі з імі і на правінцыю – у Супрасьль, Агароднікі, Міхалова, Заблудаў. Вясной 1928 г. адбыўся з’езд Акружнай Управы. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі Галоўнай Управы: Рыгор Шырма і сэнатар Аляксандр Уласаў. У Аружную Управу былі выбраны: Сьцяпан Кузьмін – старшыня, Кастусь Сідаровіч – сакратар і Язэп Грыгорчук – скарбнік. ТБШ на Беласточчыне актыўна ўключылася ў выбарчую кампанію ў 1928 г., што было недаспадобы ўладам. З 1929 г. яны сталі забараняць спэктаклі і канцэрты, а ў 1937 г. – зліквідавалі Таварыства, закідваючы яму пагрозу бяспецы Польшчы. На працягу дзейнасьці беластоцкія ТБШоўцы паказалі 18 спектакляў, м. інш. п’есы Францішка Аляхновіча – „Птушка шчасьця”, „Дзядзька Якуб”, „Чорт і баба”, „Страхі жыцьця”, „На вёсцы”. Некатарыя з іх ставіліся больш як 10 разоў – 14 разоў „Збянтэжаны Саўка”, 13 – „Страхі жыцьця”, 12 – „Птушка шчасьця” і „Змагары за ідэю”, 11 – „Боты”, „На вёсцы”. Беластоцкі гурток абслугоўваў у асноўны паветы Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі.
У Беластоцкім павеце ў 1927 г. было 13 гурткоў з 351 сябрамі, а ў Бельскім – 6 гурткоў з 127 сябрамі. 8 сьнежня 1929 г. у Беластоку адбыўся агульны з’езд сяброў ТБШ Беластоцкага і Сакольскага паветаў. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі Галоўнай Управы Петкевіч і Лябецкая, якія прачыталі наступныя рэфэраты: „Беларусь мінулая і сучасная – гістарычна-географічны агляд” і „Жанчына ў грамадзкім жыцьці”. Пасьля з’езду адыгралі п’еску „Антон Лата”, а хор прапяяў шмат песьняў. З’езд і спэктакль-вечарына адбыліся ў Беластоцкім народным Доме, які адбудаваны вялікаю афярнасьцю сяброў Таварыства. На з’езьдзе былі прысутнымі паслы Беларускага Сялянска-Работніцкага Клюбу І. Дварчанін і Ф. Валынец.
20 кастрычніка 1929 г. у Раманаўцах Ваўкавыскага павету сябры гуртка ТБШ адыгралі „Апошняе спатканьне” і „Лекары і Лекі”. На пашырэньне Бібліятэкі-Чытальні пры гуртку атрымана 80 зал. ад Гміннае Рады. 13 кастрычніка 1929 г. Песчаніцкі гурток Беластоцкага павету ладзіў спэктакль-вечарыну, пастаўлены былі „Дзядзька Якуб” і „Пярэстая Красуля”.
1 сьнежня 1929 г. адбыўся сход Сьвіслацкага гуртка, на якім перавыбрана ўправа гуртка. 15 сьнежня 1929 г. у Сьвіслачы быў вызначаны агульны сход сяброў ТБШ Ваўкавыскага і Бельскага паветаў. Меліся быць на ім прачытаныя рэфераты: „Нацыянальныя праблемы” і „Жанчына ў грамадзкім жыцьці”. Аднак з’езд не адбыўся – забараніў яго Беластоцкі ваявода. Вялася таксама падгатоўка да з’езду у Пружанскім, Наваградзкім і Горадзенскім паветах, дзеля чаго па ўсіх гурткох былі разасланы адозвы.
Як паведамлялася ў „Інформацыйным Бюлетэні Таварыства Беларускае Школы” ад 6 ліпеня 1932 г. (с. 5), у Гарадоцкім гуртку Беластоцкага павету 28 мая „адбылася гэткая конфэрэнцыя. Павятовы Стараста і ваяводзкі прадстаўнік безпячэнства, прыехаўшы ў Гарадок, заклікалі сяброў гуртка на нараду, на якой дамагаліся, каб Т-ва супрацоўнічала са стрэльцамі і „коламі млодзежы польскай”, а драматычная сэкцыя гуртка павінны пайсьці пад кіраўніцтва польскіх вучыцялёў, бо ў праціўным выпадку Т-ва будзе ліквідавана”. Гарадоцкая гмінная ўправа ТБШ налічвала на той час 196 сяброў: 35 кабет і 161 мужчын, якія былі згуртаваныя ў 8 гурткоў: Гарадоцкі, Валілаўскі, Бялевіцкі, Мелешкоўскі, Зарэчанскі, Песчаніцкі, Залуцкі, Навасёльскі. 156 сяброў мела статус сапраўдных, 40 – дапамагаючых. Сярод іх было 126 сялян і 70 работнікаў. Гарадоцкі гурток меў драматычную, харавую і музыкальную сэкцыю, Меляшкоўскі – драматычную.
Як паведамлялася ў лістападзе 1932 г. пра стан ТБШ на Беласточчыне, усіх гурткоў (разам з Беластокам) налічвалася 16, з агульным лікам 460 сяброў. Найбольшы лік сяброў быў у Белевіцкім гуртку (51) і Гарадоцкім (51). У самым Беластоку – 23. З агульнага ліку 460 сяброў, жанчын 52. Па сацыяльным палажэньню, большасьць – 300 сялян, рэшта – работнікі. Пасколькі можна было ўстанавіць, 9 гурткоў маюць бібліятэкі-чытальні з 1807 экзэмплярамі кніжак, 5 гурткоў маюць па 2 сэкцыі: драматычную і харавую, 5 – толькі драматычную, а гурткі ў Гарадку і Міхалове маюць драматычныя, харавыя сэкцыі і аркестры. У 9 гуртках практыкуецца пазашкольнае навучаньне. Гурткі наладзілі ўсяго 23 спэктаклі, у той-жа час забаронена было 14, г. зн. больш як палавіна пастаўленых. 20 лістапала 1932 г. адбыўся Акружны З’езд Беласточчыны, на якім выбралі Акружную Управу і Наглядную Раду. Галоўную Управу на з’езьдзе прадстаўлялі д-р Марцінчык і Піліп Кізевіч.
Лена Глагоўская