Вядомы аўтар і вядучы кулінарных тэлеперадач Роберт Макловіч у канцы красавіка завітаў у Случанку каля Гарадка. Жанчыны з Гуртка вясковых гаспадынь прывіталі і ўгасцілі яго традыцыйна па-беларуску. Анна Трахімчык, як шэфіха гэтага надта актыўнага гуртка, знакамітага госця прывітала на вуліцы хлебам, соллю і, вядома, чаркай самагонкі ды запрасіла ў вясковую святліцу. А там сталы ажно гнуліся ад мноства смакавітых страў, якія падрыхтавалі жанчыны. Спадара Роберта частавалі свойскай каўбасою, вантрабянкай, салам, бульбяной кашай са скваркамі і іншымі тутэйшымі беларускімі прысмакамі. Да гэтага – як жа іначай – была і самагонка.
У міжчасе супрацоўнікі Макловіча гэты сардэчны прыём адымалі на відэа. На другі дзень на канале ў YouTube з’явіўся чарговы фільм з запісам кулінарнай сустрэчы ў Случанцы, а таксама з Кундзічаў каля Крушынянаў, дзе крыху раней у той дзень пабываў госць і смажыў бульбяныя дранікі ў соўсе з грыбамі. У фільме Макловіч расказаў пра свае ўражанні з вандроўкі, падчас якой захапляўся зубрамі ў Кнышынскай пушчы, плантацыяй абляпіхі пад Крынкамі. Крыху распавёў таксама пра Іллю з Грыбоўшчыны, пабудаваную ім царкву і недакончаны горад Вершалін.
Фільм у YouTube аглянула больш за 300 тыс. асоб. У кожныя наступныя выхадныя на дарозе з Беластока ў Крынкі відаць было надта шмат аўтамашын на нетутэйшых нумарах. У выніку між іншым прамоцыі Макловіча рухнуў сюды яшчэ большы прыток турыстаў. Найперш у татарскія Крушыняны, каб пабачыць мячэць і паабедаць у гасподзе Джэнэты Багдановіч. Пры нагодзе турысты наведваюць і пазнаюць таксама незвычайныя месцы са слядамі спадчыны і гісторыі тутэйшых беларусаў. Фільм з кулінарнага візіту Роберта Макловіча безумоўна паўплываў на павышэнне ліку прыязджаючых сюды турыстаў.