Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускія лёсы

Марыя і Вольга Ярашэвічанкі – беларускія настаўніцы з Кнышэвічаў

„Добрая была настаўніца!” – так у 1986 г. успамінаў сваю настаўніцу Вольгу Ярашэвічанку родам з Кнышэвічаў Шудзялаўскай гміны 75-гадовы тады Уладзімір Хомік са Слоі. Тады расказаў ён Міколу Гайдуку пра свой нялёгкі шлях у даваеннай Польшчы і пра беларускую школу ў 1918-1920 гг., калі Слоя і ваколіцы належалі да акругі Крынкі-Лунна Беларускай Народнай Рэспублікі, існаваўшай з 25 сакавіка 1918 г. Праўда, вясной 1919 г. Гарадзеншчыну і Віленшчыну занялі польскія войскі, застаўшы там беларускія школы і беларускую ўладу. На жаль, фактычна ў 1920 г. усё беларускае пачало змяншацца – уладу пераймала Цывільнае ўпраўленьне ўсходніх земляў (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich), беларускія школы заменьваліся польскімі, а беларускія настаўнікі пазбаўляліся працы. Але гэты кароткі перыяд існаваньня БНР на Сакольшчыне заангажаваў многа каго з тутэйшай беларускай моладзі дзеля працы на яе карысьць.

Праўда, большасьць беларусаў яшчэ не вярнулася з бежанства з Расеі, але ж і не ўсе туды падаліся ў 1915 г. Нешматлікія астаўшыеся як маглі ўключаліся ў пабудову маладой дзяржавы, часта не думаючы нават, як доўга яна праіснуе. Існаваўшая з 1916 г. Беларуская настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы рыхтавала настаўнікаў для школ. Нямецкія ўлады дазволілі на закладаньне беларускіх школ. Таму шмат дзе на Беласточчыне яны паўставалі.

Сямейны здымак Ярашэвічаў, падараваны Вользе 31.08.1927 г. Сядзяць злева: Анна, Павал, Іосіф. Стаяць справа: Елізавета, Аляксандр, Маня, Людміла
Сямейны здымак Ярашэвічаў, падараваны Вользе 31.08.1927 г. Сядзяць злева: Анна, Павал, Іосіф. Стаяць справа: Елізавета, Аляксандр, Маня, Людміла

Вось сёстры Марыя і Вольга Ярашэвічанкі з Кнышэвічаў да І сусьветнай вайны вучыліся ў Краснымстоку (цяпер Ружанысток) – Марыя (народжаная ў 1895 г.) – у настаўніцкай сэмінарыі, а другая – на два гады малодшая Вольга – там у сельскагаспадарчай школе. Вучобу перапыніла І сусьветная вайна. Дзяўчаты вярнуліся ў родную вёску. У сям’і Іосіфа і Анны Ярашэвічаў было разам з імі васьмёра дзяцей. Найстарэйшы Леанід памёр у дзяцінстве. Потым былі Марыя і Вольга. За імі нарадзіліся: Канстанцін – у 1899 г., Елізавета – у 1902 г., Павал – у 1906 г., Аляксандр – у 1910 г., Людміла – у 1915 г. Старэйшыя дзеці да І сусьветнай вайны прайшлі адукацыю ў царкоўна-прыхадзкой школе ў Кнышэвічах. Знаходзілася яна паміж Кнышэвічамі і Слояй, але да нашых дзён не захавалася. Мясцовыя з яе цэглаў пабудавалі сабе дамы.

Шура і Канстанцін Ярашэвічы. Свярдлоўск, кастрычнік 1931 г.
Шура і Канстанцін Ярашэвічы. Свярдлоўск, кастрычнік 1931 г.

Перад І сусьветнай вайной Іосіф Ярашэвіч арандаваў частку маёнтку ў Яна Тарасевіча ў Шындзелі. Калі ў 1915 г. большасьць жыхароў з Кнышэвічаў, Слоі і ваколіц падалася ў бежанства ў глыб Расеі, тады таксама Ярашэвічы, спакаваўшы чатыры фурманкі, падаліся на ўсход. Перад вазамі Оля і Маня гналі сьвіней. Пасьля чатырох тыдняў завярнулі іх назад немцы. Вярнуліся ў Кнышэвічы, дзе жылі ў суседзяў. У 1918 г. Іосіф Ярашэвіч вырашыў пабудаваць уласны дом. Бежанцы ў асноўным вярталіся ў родныя вёскі пасьля І сусьветнай вайны – у 1920-1921 гадах.

У 1919 г. Іосіф і Анна Ярашэвічы пабудавалі хату, якая стаіць і зараз. Служыць яна і сёньня іх маладым нашчадкам – сямейству Яанне і Станіславу. Жыды, якія яе будавалі, зрабілі таксама – у падарку – стол і лавы. Стол стаіць на ганаровым месцы дасюль. Шмат хто з кнышэвічан, вярнуўшыхся з бежанства, завідаваў Ярашэвічам – яны сталі багацейшымі, уся сям’я была ў камплекце, Марыя і Вольга працавалі настаўніцамі.

У 1921 г. у Кнышэвічах паводле перапісу насельніцтва было 209 жыхароў – 99 жанчын і 110 мужчын, якія пражывалі ў 35 дамах. 148 з іх былі праваслаўнага веравызнаньня, 59 – рымакаталіцкага і 2 – юдэйскага. Па нацыянальнасьці 132 асобы лічылі сябе беларусамі, 75 – палякамі і 2 – жыдамі.

Хата Ярашэвічаў пабудавана ў пачатку вёскі. Яна зараз быццам бы музей – столькі ў ёй гістарычных артэфактаў, што цяперашнія гаспадары яшчэ не да ўсяго дайшлі, што захоўваецца на гарышчы – беларускія кнігі, газэты, дакументы. Праз 100 гадоў у хаце на сьцяне вісіць супольны здымак выпускнікоў Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні з 1919 гг., якія ўзначальваў Янка Станкевіч. Кожны курсант падпісаны прозвішчам. Сярод іх шмат моладзі з Беласточчыны: Уладыслаў Казлоўшчык, Сэрафіма Кішко, Вера Мультан, Марыя Зіневіч, Вольга Якута, Маляньня Алюшык, Вера Матэйчук… І сёстры Ярашэвічанкі – Марыя і Вольга. На здымку таксама ёсьць Браніслаў Туронак – бацька Юркі Туронка, які некалі бачыў такі здымак ў Веры Матэйчук у Агароднічках пад Супрасьлю. Ці захавалася больш такіх здымкаў?

Вольга Каласкова і Аляксандр Ярашэвіч у Саколцы. 1950-тыя гады
Вольга Каласкова і Аляксандр Ярашэвіч у Саколцы. 1950-тыя гады

Больш як 20 гадоў таму ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Менску знайшла я спісак удзельнікаў гэтых курсаў. Ужо тады ўразіла мяне вялікая колькасьць маладой інтэлігенцыі з Беласточчыны. Тады звярнула я ўвагу на дзьве сястры Ярашэвічанкі з Кнышэвіч. Цікава, як склаўся іх лёс? – думала я неаднойчы. Ці асталіся іх нашчадкі? Анэта Прымака-Онішк, родам з Кнышэвіч, не чула пра такіх настаўніц, але на маю просьбу аднак удалося ёй здабыць кантакт да Яаанны Ніцэвіч, унучкі Паўла Ярашэвіча, якая з сям’ёй жыве ў хаце прадзедаў і беражліва адносіцца да іхняй спадчыны. Сын Паўла, бацька Яаанны – Юрка Ярашэвіч, пражываючы ў Саколцы, з’яўляецца пасіянатам гісторыі і зберагае таксама каштоўныя сямейныя здымкі і дакументы. Праўда, сёе-тое згарэла ў печы, – кажа, – але найважнейшае захавалася. Ад яго даведваюся пра апублікаваны ў „Беларускім каляндары на 1987 год” успамін Уладзіміра Хоміка: «На навуку ў школе то ў мяне і часу не было. Вучыўся я ўсяго дзве зімы, бо ад Пакровы да Вялікадня, калі жывёла ў хляве стаяла. Толькі ўсяго і было майго школьнага занятку. Але тады, калі ў 1918-20 гадах была ў нас тут Беларусь і школы былі беларускія, то якраз на добры шлях і наставіла мяне беларуская школа. Школа была ў нашай вёсцы, у хаце Мікалая Вуткі. Вучыла ў ёй народная настаўніца Вольга Ярашэвіч. Добрая была настаўніца! Па-беларуску добра ўмела сама, і нас навучыла любіць і шанаваць сваю мову. Яна таксама і па-польску чытаць і пісаць навучыла. Потым гэтую школу закрылі і не было навукі аж да 1924 года» (М. Гайдук, Песні тых часоў, «Беларускі каляндар 1987 год», с. 130-131).

Паводле Юркі Ярашэвіча Вольга, пасля закрыцьця беларускай школы ў Слоі, ужо не працавала настаўніцай. У 1924 г. выйшла замуж за быўшага афіцэра царскай арміі Яна Каласкова, які пасьля польска-бальшавіцкай вайны 1920 г. не хацеў вяртацца на бацькаўшчыну пад савецкай уладай. Нарадзіўся ён у 1892 г. у Людзьвінаве Калужскае губерні. Пасьля інтэрнаваньня польскімі ўладамі апынуўся ў Гародні, дзе мабыць і пазнаёміўся з Вольгай Ярашэвічанкай. Мабыць і яна пасьля ліквідацыі беларускай школы ў Слоі выехала ў Гародню, дзе яшчэ існавала беларуская школа і беларускі прытулак, ведзеныя сябрамі з Беларускіх настаўніцкіх курсаў. Яе муж меў праблемы са сталай працай, пакуль прыстроіўся ў страхавой фірме. Жылі яны па вуліцы Глухой 3. Спярша нарадзіўся ў іх сын Ігар, які хутка памёр. 7 красавіка 1930 г. нарадзілася дачка Тамара.

Маня Ярашэвіч у Кнышэвічах. 1950-тыя гады
Маня Ярашэвіч у Кнышэвічах. 1950-тыя гады

Калі 17 верасьня 1939 г. у Гародню ўвайшлі саветы, 19 кастрычніка НКВД выклікала Яна Каласкова. Адтуль ён ужо не вярнуўся і да сёньня дачка не ведае нічога пра лёс свайго бацькі. Калі Вольга з дачкой прыехала на велікодныя канікулы 1940 г. да бацькоў у Кнышэвічы, 13 красавіка іх там арыштавалі і вывезьлі ў Казахстан на „голы” стэп. Там Вольга выкапала зямлянку і працавала ў калхозе – у пякарні. У 1946 г. вярнулася з дачкой у Кнышэвічы ў родную хату. Ужо ў жывых не было яе бацькі Іосіфа – памёр 22 ліпеня 1944 г., меўшы 80 гадоў. Пахаваны ён на праваслаўных могілках у Самагрудзе. Побач з ім спачыла і яе маці Анна, якая памерла 30 красавіка 1947 г., пражыўшы 77 гадоў. На той час у Кнышэвічах у бацькоўскай хаце былі таксама Павал, Аляксандр і Маня. Браты на аснове хатняга кнігазбору заснавалі прыватную бібліятэку – захавалася пячатка і картатэка. Марыя дапамагала ў гаспадарцы. Вольга з дачкой выехала ў Саколку, дзе працавала фізічна ў пачатковай школе. Пасьля пераехала ў Васількова і там таксама працавала фізічна ў школе. Тамара вучылася ў суконнай школе і працавала на фабрыцы імя Сержана. У 1956 г. выйшла замуж за Эдмунда Казлоўскага. Зараз жыве адна ў Беластоку – нядаўна памёр яе муж. Вольга памерла на сэрца ў 1967 г. і пахаваная на праваслаўных могілках у Саколцы. У Саколцы жыла яе малодшая сястра Елізавета, якая была краўчыхай.

Марыя (Маня) у 1918 г. заснавала беларускую школу ў Сакалдзе. Калі польскія ўлады ў 1920 г. перайменавалі яе ў польскую, далей у ёй настаўнічала – таксама за савецкім часам – у 1939-1941 гадах. З лютага 1941 г. захавалася паўнамоцтва на атрыманьне грошай за працу ў школе, таксама расклад урокаў у школе, якая была рускай з навучаньнем польскай мовы. Ці існавала гэтая школа падчас нямецкай акупацыі і ці вучыла ў ёй Марыя Ярашэвічанка, трэба яшчэ высьвятліць. Пасьля вайны жыла яна ў Кнышэвічах і дапамагала братам у гаспадарцы. Вучыла сьпяваць царкоўныя песьні. Памерла ў 1974 г. Пахаваная на праваслаўных могілках у Саколцы побач з сястрой Вольгай.

З гэтага дому ў Кнышэвічах выйшлі беларускія настаўніцы Ярашэвічанкі Фота Вечаслава Харужага
З гэтага дому ў Кнышэвічах выйшлі беларускія настаўніцы Ярашэвічанкі
Фота Вячаслава Харужага

Як склаўся лёс братоў і сясцёр беларускіх настаўніц, расказаў іх братанак Юрка. Канстанцін на выдатна закончыў царкоўна-прыхадзкую школу ў Кнышэвічах. У міжваенны час, у 1924 г., як член КПЗБ падаўся ў Савецкую Беларусь. Апынуўся ў Сьвярдлоўску, дзе ажаніўся з Шурай – дачкой быўшага белага афіцэра. У 1937 г. пад сьвярдлоўскім адрасам яго не стала – на захаванай паштовай картцы ёсьць анатацыя: „выбыл в неизвестном направлении”. Вядома, што ў 1937 г. па Савецкім Саюзе пракаціліся сталінскія чысткі і Канстанціну Ярашэвічу вельмі лёгка можна было закінуць любую надуманую віну, хаця б шпіянаж на карысьць Польшчы. Ніхто ніколі не даведаўся, што з ім здарылася. Мабыць быў расстраляны, як шмат хто ў тыя гады.

Елізавета выйшла замуж за Адама Більміна спад Кузьніцы. Нарадзілася ў іх у 1935 г. дачка, а ў 1941 г. – сын. У 1947 г. гаспадарку пад Кузьніцай аддалі ў арэнду, а самі на палавіну з Паўлам купілі дом у Саколцы, куды перасяліліся. Елізавета займалася кравецтвам. Памерла ў 1992 г. і пахаваная на праваслаўных могілках у Беластоку на Выгодзе.

Аўтарка (злева) з цяперашняй сям’ёю настаўніц Ярашавічанак у іх родным доме ў Кнышэвічах. Жнівень 2020 г. Фота Вечаслава Харужага
Аўтарка (злева) з цяперашняй сям’ёю настаўніц Ярашавічанак у іх родным доме ў Кнышэвічах. Жнівень 2020 г.
Фота Вячаслава Харужага

Павал ажаніўся з Людмілай Матусевіч з Юраўлянаў, якой бацька за царскім часам закончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю і працаваў народным настаўнікам, сьпярша ў Юраўлянах, а затым быў напраўлены на Палесьсе – у Батчу Кобрыньскага ўезда. У яго былі яшчэ два сыны – Барыс і Яўген, якія да вайны распачалі навуку ў вышэйшых навучальных установах. Барыс вучыўся на інжынера ў Варшаўскай палітэхніцы, а Яўген – на сельскагаспадарчым факультэце Віленскага ўніверсітэта. Барыс прапаў без весьці пасьля ІІ сусветнай вайны, а Яўген стаў прафесарам Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані. Павал Ярашэвіч займаўся гаспадаркай. Да вайны ў іх хаце была крама. На гаспадарцы быў таксама Аляксандр, які адбыўшы службу ў польскім войску ў Гародні, у 1930 г. вярнуўся ў Кнышэвічы. Пасьля ІІ сусьветнай вайны Ярашэвічы займаліся часаньнем воўны – людзі чакалі ў чарзе па трое сутак, дапамагаючы адначасова Ярашэвічам у гаспадарцы. У Паўла было пяцера дзяцей: дзве дачкі Анна і Ларыса і трох сыноў: Генадзь, Іосіф і Юрка. Павал памёр у Кнышэвічах у 1990 г. і пахаваны на праваслаўных могілках у Самагрудзе.

Аляксандр пасьля вайны, пабыўшы крыху ў Кнышэвічах – можа год, падаўся ў Саколку, дзе падчас нямецкай акупацыі займаўся сталяркай. Там заснаваў сям’ю, але дзяцей не меў. Памёр у 1996 г. і пахаваны побач з сёстрамі Оляй і Маняй у Саколцы.

Людміла выйшла замуж у Кнышэвічы – за Кукліка. Мелі двое дзяцей – дачку і сына. За Герка – у сямідзесятыя гады – выехалі ў Беласток. Пасьля сьмерці там і пахаваныя на праваслаўных могілках на Выгодзе.

Ад часу, калі былі ліквідаваныя польскімі ўладамі беларускія школы на Беласточчыне, мінула 100 гадоў. А што сталася з іх настаўнікамі? Шмат хто з іх у міжваеннай Польшчы стаў беспрацоўным, бо або не хацеў працаваць у польскай школе, або польскія ўлады не дазвалялі ў ёй працаваць беларускім настаўнікам. У 1939 г. шмат хто меў надзею на працу ў беларускай школе і яе атрымаў, але і шмат хто трапіў пад савецкія рэпрэсіі, у ссылку ці ў лагеры – так як Вольга Ярашэвічанка. Падчас нямецкай акупацыі на Беласточчыне было шмат беларускіх настаўнікаў, што дазволіла на адкрыцьцё беларускіх школ. На групавым здымку беларускіх настаўніцкіх курсаў у Беластоку ў 1943 г. іх лік немалы. Ці ўдзельнічала ў іх Марыя Ярашэвіч? Пасьля вайны у Польскай Народнай Рэспубліцы беларускія настаўнікі сталі непатрэбнымі, з кляймом калабарантаў з немцамі. Беларускія школы былі ліквідаваныя. Таму зараз так цяжка што-небудзь даведацца пра беларускіх настаўнікаў і адшукаць іх сьляды. Маю надзею, што на гэты раз удалося вярнуць памяць пра Марыю і Вольгу Ярашэвічанак з Кнышэвічаў, так як раней пра Вольгу Якуту з Вароняга Луга і пра Маланьню Алюшык з Сідэркі. Усё ж такі 102 гады таму ўзяліся яны за арганізаваньне беларускага школьніцтва на Беласточчыне ў вельмі складаны для беларусаў час і за тое заплацілі вялізную цану, якой аказалася грамадзкае забыцьцё. Але ўсё ж такі памяць засталася ў родным доме і найбліжэйшай сям’і, што дазваляе вяртаць іх таксама ў гісторыю беларускага школьніцтва на Беласточчыне.

Лена Глагоўская

Архіўныя здымкі з калекцыі Юркі Ярашэвіча

 PS. Дзякую Яаанне і Станіславу Ніцэвічам з Кнышэвічаў за цёплую гасьціну, Юрку Ярашэвічу з Саколкі за цікавыя ўспаміны, здымкі і дакументы, Вячаславу Харужаму за супольнае падарожжа ў Кнышэвічы, Алесю Юзэфовічу за натхняльную экскурсію па Шудзялаўскай гміне і Анэце Прымака-Онішк за бясцэнны кантакт да сям’і Марыі і Вольгі Ярашэвічанак.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (483) – у 1541 г. быў створаны паляўнічы запаведнік у Белавежскай пушчы.
  • (404) – пачатак пабудовы ў 1620 г. касьцёла кармэлітаў у Бераставіцы  (непадалёк сучаснай мяжы з Польшчай). З 1866 г. праваслаўная царква.
  • (318) – у Амстэрдаме ў 1699-1706 гадах беларускі кнігавыдавец і асьветнік Ілья Капіевіч склаў ды выдаў каля 20 сьвецкіх навуковых кніг.
  • (122) – 5(20).05.1902 г. у в. Каралішчавічы Менскага пав. нар. Язэп Пушча (сапр. Іосіф Плашчынскі, пам. 14.09.1964 г. у Менску), паэт, настаўнік, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня „Узвышша”. У 1930 г. будучы студэнтам быў арыштаваны савецкімі ворганамі бясьпекі і сасланы ў Сібір. У 1941 г. мабілізаваны ў савецкую армію. Пражыў вайну, змог паявіцца ў Беларусі толькі пасьля 1956 г. Пахаваны на могілках у родных Каралішчавічах.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis