На пачатку ліпеня апазіцыйны клуб Грамадзянскай кааліцыі ў Падляшскім сейміку выдварыў са сваіх радоў праваслаўна-беларускага раднага Славаміра Назарука. Прычынай было тое, што на абсалютарыйнай сесіі не падпарадкаваўся ён дысцыпліне клубу і прагаласаваў, аказваючы давер управе ваяводства з аб’яднанай правіцы. Як напісаў на сваёй старонцы ў Фейсбуку – было гэта „цяжкае рашэнне”, над якім здаўна задумваўся. Падняў яго разлічваючы на тое, што цяпер будзе мець „большыя магчымасці дзейнасці ў карысць свайго асяроддзя і ўсіх жыхароў Падляшскага ваяводства”.
Славамір Назарук узначальвае Праваслаўнае брацтва Трох свяціцелей у Беластоку, быў у першым складзе нашай рэдакцыі. У палітычнай дзейнасці як беспартыйны цесна супрацоўнічае з царкоўным Форумам меншасці Падляшша. Перад гэтым як восенню два гады таму стаў дэпутатам падляшскага сейміка, дваццаць гадоў быў радным горада Беластока. Як беларус стараўся наколькі мог дапамагаць нашым арганізацыям. З яго ініцыятывы некалькі вуліцам і пляцам у горадзе прысвоены былі імёны і назвы, якія ўшаноўваюць тутэйшую беларускую і праваслаўную гісторыю і культуру.
Падляшскі сеймік налічвае 30 радных, з чаго толькі трох гэта беларусы ці праваслаўныя – апрача Славаміра Назарука дырэктар гайнаўскага белліцэя Ігар Лукашук (з Грамадзянскай кааліцыі) і Мікалай Яноўскі (Польская сялянская партыя).