Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Hutarka

Сьведка нашай жывой прысутнасьці

Размова зь Юркам Хмялеўскім, галоўным рэдактарам 30-гадовага „Часопіса”

Юрка, ці помніш ты, калі і як зьявілася ідэя „Часопісу” як другога пэрыёдыку беларусаў у Польшчы? Хто выступіў з гэтай ідэяй? Ці, можа, першы імпульс прыйшоў з Варшавы, якая пасьля палітычнага пералому 1989 году вырашыла фінансаваць не адно, але два пэрыядычныя выданьні для кожнай нацменшасьці ў краіне?

Юрка Хмялеўскі – зь 1992 г. па сёньня галоўны рэдактар „Часопіса”
Юрка Хмялеўскі – зь 1992 г. па сёньня галоўны рэдактар „Часопіса”

– Ніякага імпульсу звонку не было. У Польшчы ў 1989 годзе пачаліся палітычныя зьмены. Мы, як маладое пакаленьне беларусаў, як пакаленьне студэнтаў зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) на зломе 1980-х і 1990-х, адчулі патрэбу паклікаць да жыцьця новае пэрыядычнае выданьне, каб дайсьці да таго беларускага чытача, да якога, магчыма, не даходзіў тыднёвік „Ніва”, усё яшчэ з арыентацыяй больш на вёску, чым на горад. Мы хацелі мець магчымасьць прадстаўляць погляды маладога пакаленьня пра Беларусь і беларускія справы ў Польшчы ў новай форме.

Мы не разглядалі сябе як канкурэнцыю „Ніве”, а хутчэй як яе дапаўненьне, якое пашырыць кола зацікаўленасьці беларускасьцю ў Польшчы. „Ніва” выходзіць выключна па-беларуску, а мы вырашылі, што будзем пісаць і па-польску, каб дайсьці да тых, якія па-беларуску не чытаюць, але ўсё ж цікавяцца беларускімі справамі.

З ідэяй заснаваць новы беларускі часопіс – хутчэй для інтэлігенцыі ў гарадах, чым для сялян на вёсцы – выступіў на сходзе БАСу ў 1989-м годзе Веслаў Харужы, тады студэнт на гістарычным факультэце філіялу Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку. І тады да нас далучыліся яшчэ два Славаміры – Славак Іванюк, які закончыў Люблінскі ўнівэрсытэт і стаў працаваць у дзяржаўным архіве ў Беластоку, і Славамір Назарук. Весек Харужы і Славак Назарук былі ў тым часе актыўнымі дзеячамі Брацтва праваслаўнай моладзі, у якім ужо мелі пэўны выдавецкі досьвед – яны выдавалі праваслаўны бюлетэнь „ФОС” па-беларуску. Даволі хутка далучыўся да нас Юрка Каліна, а крыху пазьней – Дарота Кузьміч (Сульжык), а пасьля яе муж Юрка. Амаль ад пачатку ёсьць таксама з намі Лена Глагоўская.

Першы сыгнальны нумар „Часопісу” мы падрыхтавалі пад Вялікдзень 1990-га году. Варта адзначыць, што гэты першы нумар яшчэ праходзіў праз камуністычную цэнзуру, якая тады дажывала свае апошнія дні. Ён, гэты першы нумар, быў даволі сярмяжны з выдавецкага боку, але ў ім адчуваўся ўжо прыліў новай энэргіі – гэтае ўражаньне ня сьцерлася для мяне і па сёньня. Мне асабіста, як сьвежаму выпускніку Палітэхнічнага ўнівэрсытэту ў Беластоку з дыплёмам інжынэра-электрыка, было цікава пераключыцца на нешта іншае – паспрабаваць журналісцкага занятку. Ну і тады якраз пачыналася кампутэрызацыя, што таксама было цікава. І вось гэтая падвойная цікавасьць паспрыяла таму, што нам, аматарам, з часам удалося зрабіць даволі прафэсійнае пэрыядычнае выданьне.

Дзе ты, чалавек з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, вучыўся беларускай літаратурнай мове? У школе ў тваёй вёсцы былі ўрокі беларускай мовы?

– Якраз калі я пайшоў ў школу у сваёй вёсцы, у Востраве, прадмет беларускай мовы ліквідавалі. Гэта быў пачатак 1970-х гадоў. Тагачасныя асьветныя ўлады не скасавалі навучаньня беларускай мове на Беласточчыне зусім, але зрабілі яго добраахвотным. На Бельшчыне і на Гайнаўшчыне яно засталося па сёньня. А ў нашай школе ад беларускай мовы адмовіліся самі настаўнікі. Ім проста не залежала, каб усьведамляць людзей, што трэба трымацца беларускай мовы.

Рэд. Юрка Хмялеўскі сярод вучняў бельліцэя ў Бельску. 2000-ыя гады Фота з архіва рэдакцыі
Рэд. Юрка Хмялеўскі сярод вучняў бельліцэя ў Бельску. 2000-ыя гады
Фота з архіва рэдакцыі

З маёй беларускай мовай было так. У час майго дзяцінства ў нашай вёсцы па-польску практычна ніхто не гаварыў. Усе, і праваслаўныя, і католікі, гаварылі „папросту”, гэта значыць, як сам добра ведаеш, на гаворцы блізкай да беларускага літаратурнага стандарту. А літаратурны стандарт нашай простай мовы я пачуў ад журналіста „Нівы” Міхася Хмялеўскага, майго земляка і далёкага сваяка, які час ад часу заглядаў у нашу школу, каб зрабіць матэрыял у газэту. Аднаго разу ён зрабіў матэрыял пра найлепшых вучняў у нашай школе, але мяне тады не было на занятках. Мне было даволі прыкра, і аднойчы, калі я паехаў у Беласток, я зайшоў у „Ніву” і выклаў Міхасю Хмялеўскаму сваю прэтэнзію… І ён напісаў пра мяне і мае школьныя дасягненьні (сьмяецца)… Я гэты матэрыял, які быў апублікаваны ў „Зорцы”, дадатку для дзяцей і школьнікаў, захоўваю як вялікі скарб да сёньняшняга дня. Ну і з таго часу я стаў даволі рэгулярна чытаць „Ніву” і такім чынам вучыць беларускую літаратурную мову. Мой тата тады працаваў у вёсцы лістаношам і прыносіў „Ніву” ня толькі ў нашу хату, але і шмат каму іншаму з аднавяскоўцаў. Так што я „Ніву” паважаю за тое, што яна мяне навучыла літаратурнай беларускай мове.

Калі вы пачыналі „Часопіс” у пачатку 1990-х, то як вы сябе пазыцыянавалі ў адносінах да „Нівы”? Інакш кажучы, чаго вам у „Ніве” не хапала ці, можа, што ў ёй не падабалася і схіліла вас выступіць са сваім уласным выдавецкім праектам?

– Мы ўжо тады заўважылі, што моцна паменшала колькасьць чалавек у беларускім асяродзьдзі, асабліва сярод маладога пакаленьня, якія ведаюць і могуць чытаць кірылічную азбуку. Значыць, рэзка паменшала колькасьць людзей, якія чытаюць або могуць чытаць „Ніву”. І мы тады думалі – як лічу сёньня, даволі наіўна – што будзем даходзіць на нашых чытачоў пераважна на польскай мове. Потым, калі мы ўжо стабілізаваліся як рэдакцыя, я зразумеў, што гэта не да канца так. Ну бо мы маем мясцовы прыклад праваслаўнага выданьня, – я маю на ўвазе „Przegląd Prawosławny”, – якое выходзіць амаль выключна на польскай мове і датычыць таксама беларускага асяродзьдзя, але беларускага духу ў ім няма. А нам залежыць на тым, каб, нягледзячы на непазьбежнасьць карыстаньня польскай мовай у перадачы інфармацыі, заставацца беларускім выданьнем. А гэта без беларускай мовы немагчыма… З цягам гадоў мы спрабавалі выпрацаваць балянс паміж тым, што нам трэба падаваць на польскай мове, а што мусіць зьяўляцца па-беларуску…

У пачатку 1990-х „Ніва” ўсё яшчэ даволі моцна асацыявалася зь вёскай. А ў нас тады была амбіцыя, каб стварыць часопіс для інтэлігенцыі. Для беларускай інтэлігенцыі і для той часткі польскай інтэлігенцыі, якая цікавілася беларускай праблематыкай і ставілася да беларусаў прыхільна і зычліва. „Часопіс” з самага пачатку быў задуманы як месца беларускага-польскага дыялёгу. І нам гэта ўдавалася: сярод нашых аўтараў былі і палякі – яны, дарэчы, і сёньня ў нас ёсьць. З аднаго боку, „Часопіс” выконваў і выконвае ролю такога мосту паміж беларускім і польскім берагамі, а з другога, гэта і мост паміж беларускімі берагамі, калі мець на ўвазе агул беларусаў, якіх падзяляе дзяржаўная мяжа.

Што тычыцца беларуска-беларускіх дачыненьняў, паміж беларусамі ў Польшчы і ў Рэспубліцы Беларусь, адчуваньне ў мяне дваістае. Мы маем сувязі зь людзьмі ў Беларусі, мы маем аўтараў зь Беларусі. І хоць „Часопіс” накіраваны перад усім да беларусаў Польшчы, то з самага пачатку мы давалі зразумець у сваіх публікацыях, што падзеі ў Беларусі для нас не абыякавыя. І нас, безумоўна, турбуе татальная моўная і мэнтальная русыфікацыя ў Рэспубліцы Беларусь, адсутнасьць угрунтаванай нацыянальнай сьвядомасьці. Але мы таксама акцэнтуем, што столькі гадоў падзелу дзяржаўнай мяжой паўплывала на тое, што мы ў Польшчы цяпер – аб’ектыўна „іншыя”, чым беларусы ў Беларусі. Я схіляюся да меркаваньня, што на працягу апошняга паўстагодзьдзя на Беласточчыне ўзьнік асобны „малы беларускі народ Эўропы”. І да гэтага „малога народу” перш за ўсё скіраваны наш штомесячнік.

Ці польская мова ў „Часопісе” дадала вам новых чытачоў, калі параўноўваць з чытачамі выключна кірылічнай „Нівы”?

– Дадала, але менш, чым мы спадзяваліся.

Якім тыражом вы выдавалі „Часопіс” у 1990-х?

– Я ацэньваю, што даволі вялікім, калі браць пад увагу профіль нашага выданьня, нашы магчымасьці распаўсюду і кола нашых рэальных і патэнцыяльных чытачоў. Тыраж тады стабілізаваўся на даволі доўгі час недзе на ўзроўні 1,5 тысячы экзэмпляраў. Ён пачаў падаць недзе пасьля таго, як Польшча ўступіла ў Эўразьвяз, у 2004 годзе. Зрэшты, тыражы большасьці папяровых пэрыядычных выданьняў у Польшчы пачалі тады падаць.

А які тыраж „Часопісу” цяпер?

– Цяпер мы друкуем 500 экзэмпляраў. Галоўная праблема ў нас з распаўсюдам – фірмы, якія займаюцца распаўсюдам пэрыядычных выданьняў, вельмі неахвотна бяруць у продаж, а то й увогуле адмаўляюцца браць, такія нізкатыражныя, нішавыя выданьньні, як „Часопіс”, бо ім не аплочваецца. Таму мы былі вымушаныя засяродзіцца амаль выключна на падпісцы, як асноўным спосабе продажу выданьня. Трохі тыражу прадаём у гандлёвых пунктах, але гэта нязначная частка.

Але гады два таму мы пайшлі з „Часопісам” шырэй у інтэрнэт, які раней выкарыстоўвалі толькі ў невялікай ступені. У такі спосаб чытацкае кола нашага выданьня значна пабольшала.

У апошнім дзесяцігодзьдзі „Часопіс” пачаў даволі рэгулярна і мэтанакіравана друкаваць матэрыялы ня толькі на літаратурных мовах – польскай і беларускай – але і на дыялектных варыянтах, „папросту” і „па-свойму”. Чаму ты пайшоў на такі крок?

– На такі крок пайшоў ня толькі я ў „Часопісе”, гэта шырэйшая зьява. Што тычыцца асабіста мяне, я зразумеў, што ёсьць такая аўтэнтычная патрэба – пісаць на жывой мове. Спэцыфіка канкрэтна Беласточчыны ў тым, што мы маем вялікае багацьце жывой мовы ў выглядзе дыялектаў. Яшчэ маем. Гэтыя жывыя гаворкі ўсё яшчэ існуюць. Магчыма, мы – апошняе пакаленьне, якое яшчэ можа карыстацца сваёй жывой мовай, а ня толькі той, вывучанай у школе ці з кніжак.

Пра падляскую мову гаварыць табе ня буду, бо ты сам пра яе ведаеш усё, што табе трэба. Дзякуючы табе, але ня толькі, і зьяўляюцца тэксты на гэтай мове.

Я са свайго боку адкрыў нанова важнасьць „простай мовы”. Я і яшчэ Тамара Болдак-Яноўская, якую я заахвоціў пісаць у „Часопіс” „папросту”. Яна, як і я, з таго рэгіёну, дзе „простая мова” была некалі чымсьці натуральным, дый цяпер яшчэ існуе. „Часопіс” тым і характэрны, што ён зьмяшчае тэксты на такой мове. Мэта ў тым, каб захаваць гэтую мову ў друку, каб яна да канца не памерла.

Як ты думаеш, чаму беларускія журналісты ў Беластоку не дадумаліся значна раней скарыстаць дыялекты для прамоцыі жывой беларускасьці? Чаму гэтае ўсьведамленьне прыйшло, хоць і далёка не да ўсіх, толькі цяпер, калі мы з табою – фактычна апошняе пакаленьне, якое яшчэ ў змозе натуральна паслугоўвацца жывой мовай беларусаў у Польшчы?

– Я трошкі апраўдаю сваіх калег-журналістаў. Усё-такі лягчэй працаваць на беларускай літаратурнай мове, чым на падляскай ці „папросту”. Беларуская літаратурная мова мае і слоўнікі, і кадыфікацыю, і літаратуру, словам – яна мае ўсё. А гаворкі і дыялекты – яны як бы затрымаліся на этапе вёскі, што тычыцца іхняга слоўніка. Я заўважаю гэтую праблему ня толькі ў маім выпадку з „простай мовай”, але і ў тваіх тэкстах „па-свойму” – не хапае слоў. На жаль, трэба браць або палянізмы, або прыдумоўваць нейкія новыя словы. Інакш кажучы, на гэтых мовах вельмі цяжка апісаць сучасны сьвет, у якім жывем мы. Можна лёгка апісаць гісторыю, у якой жылі нашы бацькі і дзяды, але вельмі цяжка пісаць пра нашу інтэрнэтную эпоху.

Наколькі істотная, па-твойму, для чытачоў „Часопісу” ў Польшчы тэматыка, зьвязаная з палітычна-сацыяльным жыцьцём Рэспублікі Беларусь?

– Мы прынцыпова, з самага пачатку, вырашылі кожны месяц зьмяшчаць у „Часопісе” сьціслую хроніку падзей у Беларусі. Вядзем такую хроніку, дарэчы, і для падзей на Падляшшы і ў Польшчы, якія могуць быць цікавыя для нашых беларусаў і ў такой ці іншай ступені датычыць іх лёсу. Калі гаварыць пра асьвятленьне тэматыкі з Рэспублікі Беларусь, я назваў бы гэта нашым маральным абавязкам. Мы гэта робім, хоць ведаем, што такая інфармацыя, па аб’ектыўных прычынах, малацікавая для нашага чытача. Ну і vice versa. Ты ж сам добра ведаеш, што тое, што адбываецца ў Беларусі і пра што дзень у дзень пішаце на сайце Радыё Свабода, чытачоў з Падляшша не цікавіць, яны на ваш сайт амаль не заглядаюць.

Гэта больш складаная справа, чым толькі адсутнасьць узаемнага зацікаўленьня. У Беларусі нічога не мяняецца, ужо колькі дзясяткаў гадоў. У навінах увесь час адно і тое ж – кагосьці затрымалі, камусьці далі пяць сутак, кагосьці выпусьцілі, хтосьці пайшоў са сьцягам… Манатоннасьць, якая не спрыяе зацікаўленасьці. Але з увагі на наш маральна-патрыятычны абавязак нам трэба сачыць за гэтым, бо мы верым, што Беларусь урэшце стане дэмакратычнай краінай, у якой беларуская культура і мова – тое, пра што насамрэч рупяцца беларусы ў Польшчы – будуць разьвівацца, а не гібець…

Давай на заканчэньне пагаворым пра людзей, зь якімі ты рабіў „Часопіс” на працягу 30 гадоў. Згадай некаторыя імёны…

– Любы часопіс добры тады, калі ў ім публікуюцца добрыя аўтары. Нам, як мне здаецца, пашанцавала мець шмат добрых аўтараў. За апошнія 30 гадоў для нас пісалі некалькі дзясяткаў аўтараў, сярод якіх былі і майстры пяра…

Заўважу мімаходзь, што даволі прыкметная група журналістаў, якія цяпер працуюць у розных беларускамоўных СМІ ў Беластоку, пачынала сваю журналісцкую дарогу публікацыямі ў „Часопісе”. Ну, чалавек пяць як мінімум. Юрка Каліна, які цяпер на „Белсаце”, – адзін з такіх узорных прыкладаў…

Я тут назаву некаторыя імёны аўтараў, тэксты якіх лічу вельмі важнымі для „Часопісу”.

Гэта, перш за ўсё, Сакрат Яновіч. Ён ад узьнікненьня „Часопісу” ажно да свае сьмерці ў 2013 годзе пастаянна пісаў у наш штомесячнік. У яго быў незабыўны цыкл фэльетонаў пад назвай „Быць сабою”, якія ён пісаў па-польску, нярэдка выклікаючы вострыя нападкі польскіх шавіністаў. У сваіх Крынках ён нават атрымоўваў шмат ананімак з пагрозамі за сваю публіцыстыку ў „Часопісе”. Сакрат Яновіч таксама пісаў нам апавяданьні і мініятуры, мы публікавалі ў фрагмэнтах ягоныя ўспаміны і мэмуарную прозу – „Ня жаль пражытага” і „Хатняе стагодзьдзе”, напрыклад.

2003 г. У варшаўскай кватэры Яцэка Кураня, польскага палітыка, аднаго з лідараў апазыцыі ў камуністчнай Польшчы. На здымку з жонкай Данутай паміж Сакратам Яновічам і Юркам Хмялеўскім. Яцэк Курань у 1999 г. абараняў „Часопіс”, калі міністр культуры разважаў спыніць фінансаванне штомесячніка. Прычынай быў фельетон Сакрата Яговіча, у якім згадаў пра праявы фашызма і бандытызму ў радах пасляваеннага польскага падполля. За „Часопісам” заступілся тады і іншыя польскія палітыкі і інтэлектуалісты Фота з архіва рэдакцыі
2003 г. У варшаўскай кватэры Яцэка Кураня, польскага палітыка, аднаго з лідараў апазыцыі ў камуністчнай Польшчы. На здымку з жонкай Данутай паміж Сакратам Яновічам і Юркам Хмялеўскім. Яцэк Курань у 1999 г. абараняў „Часопіс”, калі міністр культуры разважаў спыніць фінансаванне штомесячніка. Прычынай быў фельетон Сакрата Яговіча, у якім згадаў пра праявы фашызма і бандытызму ў радах пасляваеннага польскага падполля. За „Часопісам” заступілся тады і іншыя польскія палітыкі і інтэлектуалісты
Фота з архіва рэдакцыі

Варта згадаць Міколу Гайдука, ад якога, як і ад Сакрата Яновіча, я найбольш навучыўся, што тычылася культуры мовы. Гайдук і Яновіч – гэта былі тузы журналістыкі, ад якіх можна было вучыцца, і мы, у пачатку свайго шляху, так і рабілі.

Трэба згадаць і мастака Лёніка Тарасэвіча, які калісьці бачыў у „Часопісе” авангард журналістыкі на Беласточчыне і падтрымліваў нас, спачатку публікуючы ў нас свае сатырычныя малюнкі, а потым запраектаваў нам новы графічны выгляд выданьня, які мы ўтрымлівалі цягам 15 гадоў.

2000 г. Рэд. Юрка Хмялеўскі (справа) з калегай Вечаславам Харужым падчас сустрэчы з нагоды 10-годзьдзя „Часопісa” Фота з архіва рэдакцыі
2000 г. Рэд. Юрка Хмялеўскі (справа) з калегай Вечаславам Харужым падчас сустрэчы з нагоды 10-годзьдзя „Часопісa”
Фота з архіва рэдакцыі

Былі ў нас і вядомыя аўтары-палякі, якім адпавядаў профіль нашага выданьня і якія нам пісалі або падтрымоўвалі нас: эколяг Януш Корбэль зь Белавежы; пісьменьнік Эўгеніюш Кабац; прафэсар Ежы Тамашэўскі. І шмат іншых, якіх цяжка сходу згадаць…

Былі (і ёсьць) у нас і аўтары зь Беларусі. Згадаю пры гэтай нагодзе хаця б Алеся Чобата, Юрыя Гуменюка і Сяргея Чыгрына…

А ці ёсьць маладая зьмена, гэта значыць, людзі ва ўзросьце 20-30 гадоў, якія ведаюць беларускую мову ці падляскія гаворкі настолькі добра, каб можна было падключыць іх да працы ў „Часопісе” як аўтараў або нават як рэдактараў?

– Ёсьць, хоць гэта ўжо ня тое, што было 30 гадоў таму. Прыкладам, зьявіўся Тамаш Суліма, які з выразна маладзейшага пакаленьня, чым наша. Свайго часу працаваў з намі малады аўтар, які называўся Хрыстафор Гос. Нядаўна патэлефанаваў мне малады хлопец, родам з маёй ваколіцы, які толькі ў другой клясе ліцэя, але чытае „Часопіс” і цікавіцца справамі, пра якія мы пішам. Магчыма, нешта з гэтага выйдзе і мы пачнём супрацоўнічаць. Я веру, што „Часопіс”, які ўжо замацаваўся ў інфармацыйнай і культурнай прасторы Падляшша, будзе жыць і працягваць сваю місію ў такой форме ці іншай. І сьведчыць пра нашу жывую прысутнасьць тут.

Гутарыў

Ян Максімюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis