15 гадоў таму 20 чэрвеня ў Варшаве памерла Аляксандрa Бэргман, вядомая даследчыца гісторыі беларускага нацыянальнага руху І паловы ХХ стагоддзя. Пахавалі яе на яўрэйскіх могілках.
Нарадзілася яна 1 мая 1906 г. у Гродне, у мяшчанскай яўрэйскай сям’і. Бацька Рыгор (Гірш) Мойжэш Кучкоўскі 30 гадоў працаваў у тытуневай фабрыцы Шарашэўскага – быў загадчыкам складу. Маці Цына, калі дзеці падрасьлі, купіла і вяла краму з аптэчнымі таварамі. Дзьве старэйшыя сёстры Аляксандры (Голда і Цыля) працавалі таксама ў фабрыцы Шарашэўскага пры скручваньні папяросаў.
З чацьвярых дзяцей у сям’і Кучкоўскіх толькі наймалодшая Аляксандра (Хава) атрымала сярэднюю адукацыю. У 1923 г. закончыла 8 класаў у класічнай гімназіі Вальдмана. Заняткі вяліся там на рускай мове, а з 1921 г. – на польскай.
У 1923 г. Аляксандра пачала працу як вучаніца ў кравецкай майстэрні. Яшчэ ў гімназіі ўступіла ў Камуністычны Саюз Моладзі (КСМ), дзякуючы падтрымцы Жэні Сэгал (пазьней па мужу Паповай) і Рахэлі Штуц (загінула ў мінскім гетце ў вайну).
У 1924 г. на гарадзкой канферэнцыі КСМ у Гродне Аляксандру выбралі ў гарадзкі камітэт КСМ, а на акруговай канферэнцыі – у Гродзенскі акруговы камітэт. Да вясны 1925 г. была сакратаром камітэту. Тады ў КПЗБ паявілася раскольніцкая група „Сэцэсыя”. На канферэнцыі ў 1924 г. гэтая група прыняла рашэньне пра падрыхтоўку збройнага паўстаньня з мэтай адарваньня Заходняй Беларусі ад Польшчы і прылучэньня яе да БССР. Група гэтая выступала супраць дамінацыі КПП над КПЗБ. Кіраўнік „сэцэсыі” Міхал Гурын (Маразоўскі) быў арыштаваны. Стаў тады супрацоўнікам польскай разведкі і сьведкам абвінавачаньня ў працэсе „Грамады”. Аднак быў забіты як правакатар. Многія члены гродзенскай арганізацыі былі пад уплывамі „сэцэсыі”. Аляксандра не супрацоўнічала з „сэцэсыяй”, але паддалася яе ўплывам. За гэта, што не змагла справіцца з раскольніцкімі ўплывамі ў КСМ, была знятая з пасады сакратара. Разгледзеўшы яе справу і прызнаўшы, што не мела нічога супольнага з „сэцэсыяй” ЦК КСМ ЗБ у ліпені 1925 г. выслаў Аляксандру ў Вільню, як сакратара віленскага акруговага камітэту КСМ. У Вільні ўступіла ў КПЗБ. Акруговым сакратаром партыі быў там Міхал Арэхва – „Пётр”, з якім Аляксандра вельмі блізка супрацоўнічала.
У Вільні жыла нелегальна. Шукала яе паліцыя. У гадах 1925-1926 працавала сакратаром акруговага камітэту КСМ у Брэсьце, пазьней да лютага 1927 г. – у Баранавічах. Адтуль была напраўлена на год у партыйную школу ЦК КПЗБ у Менску. Пасьля школы вярнулася як інструктар ЦК КСМ ЗБ. У 1928 г. удзельнічала ў І З’езьдзе КПЗБ. Пасьля з’езду працавала сакратаром камітэту Варшава-Падмейска, пазьней – у сакратарыяце ЦК КСМ ЗБ. У тым жа годзе пазнаёмілася з віленскім дзеячам КПЗБ Бэніямінам (Біняй) Эпштайнам, які быў сакратаром Гродзенскага камітэта КПЗБ, а ў 1930 г. памяняў імя і прозвішча на Стэфан Бэргман. 21 лістапада 1931 г. Аляксандра выйшла за яго замуж.
У 1929 г. Аляксандру адправілі ў Маскву. Там па ўласнай просьбе працавала зваршчыцай у фабрыцы „Электразавод”. Была перадавіком працы, агітатарам калектыву і рэдактарам насьценнай газэты. Уступіла ва Усерасійскую камуністычную партыю бальшавікоў – УКП(б).
У канцы 1930 г. адправілі яе на 9-ці месячны курс у міжнародную ленінскую школу ў Маскву. Аднак вясной 1931 г. яе адклікалі з Масквы і паслалі на партыйную працу ў віленскую і беластоцкую акругі. З ліпеня да сьнежня 1931 г. была членам краёвага сакратарыяту ЦК КПЗБ. У лістападзе 1931 г. езьдзіла ў Берлін на пасяджэньне Бюро ЦК КПЗБ са справаздачай з дзейнасьці краёвага сакратарыяту. У пачатку 1932 г. удзельнічала як прадстаўнік краю ў партыйнай нарадзе ў Савецкай Беларусі. Да канца 1932 г. працавала ў Менску ў кіраўніцтве партыйнай школы КПЗБ. У 1933 г. вярнулася ў Польшчу і як інструктар Краёвага сакратарыяту ЦК КПЗБ езьдзіла па акругах. У сакавіку, з увагі на цяжарнасьць, паслалі яе ў Менск, дзе працавала выкладчыцай ў партыйнай школе КПЗБ. 3 ліпеня 1934 г. нарадзіла там дачку Зору (Зоф’ю). Пару месяцаў пазьней гарадзкі камітэт КП(б)Б у Мінску накіраваў Аляксандру на працу ў абутковую фабрыку. Была там рэдактаркай фабрычнай газеты і выкладчыкам на партыйных курсах. У студзені 1935 г. выехала ў Гомель, дзе працаваў яе муж. Была другім сакратаром партыйнай арганізацыі ў фабрыцы сельскагаспадарчых машын „Гомсельмаш”.
19 сьнежня 1935 г. савецкія ўлады арыштавалі Аляксандру. Зорай апекавалася бабуля Паўліна (Пэся) Эпштэйн. Раней, напярэдадні угодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі, 6 лістапада арыштавалі яе мужа. Сьледства вялося падазраваючы Аляксандру ў правакацыі. Хаця канкрэтных абвінавачанняў ёй не паставілі, „Особое Совешчание” прысудзіла 3 гады працоўных лагераў і выслала ў Чыб’ю (Ухт-Печорскія лагеры). У маі 1938 г. прывязьлі яе ў Менск на перагляд справы. Дадатковае сьледства цягнулася 9 месяцаў. Прысуд пабольшылі да 5 гадоў і выслалі Аляксандру ў Сіб-Лаг.
Па 5 гадах турмы ў розных лагерах Сібіры ў лістападзе 1940 г. выйшаў на волю муж Аляксандры. Дзякуючы яго стараньням у 1943 г. была звольнена і Аляксандра, але атрымала наказ працы ў шахце Анджэро-Суджэнск каля Новасібірска. Працавала там да канца вайны. Летам 1945 г. атрымала згоду на вяртаньне ў Польшчу. 12 кастрычніка 1945 г. з дачушкай прыехала ў Лодзь, дзе ўжо ў партыйным выдавецтве „Książka” працаваў яе муж Стэфан, які прыехаў туды ў красавіку.
Аляксандра пачала працаваць у тым-жа выдавецтве загадчыцай складу. Уступіла ў ПРП (Польская Работніцкая Партыя). У кастрычніку 1947 г. нарадзіла другую дачку – Элеанору.
У студзені 1948 г. у сувязі з перасяленьнем выдавецтва сям’я Бергманаў таксама пераехала ў Варшаву. Ад сакавіка 1948 г. да канца 1949 г. Аляксандра працавала рэферэнткай, а пазьней кіраўнічкай аддзелу просьбаў, прашэньняў, памілаваньняў і датэрміновых вызваленьняў ў выканаўчым бюро Спецыяльнай Камісіі Змаганьня са Злоўжываньнямі (Komisja Specjalna do Walki z Nadużyciami). У 1950-1955 гадах у Цэнтральным Асяродку Партыйнага Абучэньня ў Варшаве вяла заняткі на курсах для павятовых сакратароў Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі (ПАРП). У 1952 г. завочна закончыла Партыйную Школу пры ЦК ПАРП.
У гадах 1956-1957 працавала ў рэдкалегіі „Życie Partii” і ў рэдакцыі яўрэйскай газеты „Fołks Sztyme”. У 1958 г. перайшла на пенсію і пачала самастойна займацца навукова-дасьледчыцкай дзейнасьцю – спярша ў галіне гісторыі работніцкага руху, а пазьней – беларускага нацыянальнага руху. Напісала звыш 100 артыкулаў (у тым шмат у «Ніве») і дзьве фундаментальныя працы – кніжкі: „Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu” (Warszawa 1977) i „Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej” (Warszawa 1984), якія да сёньня захапляюць чытачоў. Супрацоўнічала з навуковым гуртком пры Галоўным Праўленьні Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства ў Беластоку.
Займаючыся гісторыяй Беларусі ХХ ст. немагчыма абмінуць навуковых дасягненьняў Аляксандры Бергман і яе лёсу – так моцна звязанага з беларускай гісторыяй. Як напісала яе дачка Зося 30 сьнежня 2011 г.: «Dziesięcioletni pobyt w łagrach i wielokrotne rozmyślania o niesprawiedliwych zarzutach, jakie spotkały ją, męża i tylu ich przyjaciół, zaowocowały pasją w próbie odpowiedzi na pytania: dlaczego z taką zaciekłością niszczono białoruską Hromadę, dlaczego rozwiązano KPP, a jej członków skazano na wytępienie. I chociaż nie znalazła pełnej odpowiedzi na te pytania, to rozpoczęła pionierskie poszukiwania, które wyznaczyły kierunek dalszych badań».
Лена Глагоўская
Подпісы пад фота – Элеаноры Бэргман