З беларускім кампазітарам, музыкантам, літаратарам Міколам Яцковым я знаёмы з 1970-х гадоў. Мы некалі разам вучыліся ў Магілёўскім культасветвучылішчы: я – на артыста тэатра, ён – на музыканта, харавіка. З таго часу мы і звязалі свой лёс з нашай культурай, літаратурай і мастацтвам. Няпростая гэта справа, але мы ніколі не здрадзілі ёй. Мікола жыве ў вёсцы Брылі каля Магілёва, узначальвае там мясцовы Дом культуры. У вольны час ён піша вершы і музыку на паэтычныя творы беларускіх аўтараў. Напісана іх ужо больш за 1000.
Мікола Яцкоў сёння яшчэ ўзначальвае Магілёўскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён шчыра прапагандуе творчасць сваіх землякоў-літаратараў, наладжвае розныя вечары і сустрэчы, прэзентацыі і вандроўкі. Пра тое-сёе з яго спраў і захапленняў мы вырашылі пагутарыць. А гутарку прапанаваць „Czasopisu”.
Спадар Мікола, ты творчы чалавек – і пісьменнік, і музыкант, і кампазітар. Як табе жывецца ў вёсцы Брылі на Магілёўшчыне? Такія творчыя людзі, як ты, павінны жыць у Магілёве ці ў Мінску? Ці не адмяжоўвае цябе вёска ад творчых сустрэч і адкрыццяў?
– У жыцці нічога не бывае выпадковым. І калі пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры я па размеркаванню трапіў у Брылі, што ля Магілёва, значыць так і трэба было. Для творчых людзей няма розніцы дзе жыць. Буйныя гарады дадаюць больш тлуму і больш адрываюць ад творчасці, бо асфальт паміж творцам і зямлёй прыглушае пачуцці і асэнсаванні. Калі ты басанож ідзешь па роднай зямлі, то атрымліваешь і натхненне, і яснасць думак.
Мне здаецца, больш актыўна, натхнёна і творча праходзіць жыццё ў Беларусі ў яе заходніх рэгіёнах, чым ва ўсходніх. І я, і іншыя творчыя людзі, мала што чуем і чытаем, як жыве, напрыклад, сёння Кругляншчына, Краснапольшчына, Чаусы, Чэрыкаў, Клічаў, Слаўгарад, Глуск… І ці ёсць там творчыя людзі? Ці пішуць яны што? Ці выдаюць свае кнігі, альбомы, паштоўкі? Ці ўшаноўваюць там людзі сваіх знакамітых землякоў? Ці наладжваюць літаратурна-музычныя вечары, сустрэчы? Можа ты ведаеш штось пра культурнае і літаратурнае жыццё ў сваіх райцэнтрах? Ці ёсць там людзі, якія цікавяцца краязнаўствам? І, наогул, ці існуе там творчы рух?
– Магу пагадзіцца з тваім меркаваннем: насамрэч, “заходнікі” больш свабодныя ў думках і ў сваіх памкненнях да інтэлектуальнага. Мусіць, гэтаму паспрыяла быццё ў складзе Польшчы з 1920 да 1939 гадоў. Усё-ткі – Еўропа са сваімі каштоўнасцямі. Усход Беларусі рухаўся на нейкіх іншых маршрутах, і гэта паклала свой адбітак. Творчыя людзі тут, вядома ж, ёсць, і яны, як я заўсёды кажу, трымаюць там на сваіх плячах беларускае неба. У Бялынічах -гэта Міхась Карпечанка, у Глуску – Навум Сандамірскі, у Слаўгарадзе – Фелікс Шкірманкоў, у Горках – Лідзія Мініч (Андрэева), у Бабруйску – Анатоль Санаценка, у Шклове – Алесь Грудзіна… Яны вельмі якасна робяць сваю беларускую справу і па магчымасцях і друкуюцца, і ладзяць сустрэчы, і памятаюць пра сваіх выбітных землякоў. Але трэба ўлічваць тое, што яны ў сваёй большасці ўваходзяць у склад Саюза беларускіх пісьменнікаў, а гэта, як правіла, ставіць заслон паміж імі і мясцовымі ўладамі, якія моцна падтрымліваюць альтэрнатыўны Саюз пісьменнікаў Беларусі і імкнуцца не заўважаць дзейнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў…
Спадар Мікола, найперш ты музыкант, кампазітар. Як так сталася, што ты стаў літаратарам? Ды яшчэ сёння ўзначальваеш Магілёўскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў…
– Калі ты маеш нейкія творчыя памкненні, то даволі складана казаць, што тут найпершае, а што другаснае. Вершы я пачаў пісаць зашмат раней, чым музыку – спачатку на рускай мове, а потым катэгарычна па-беларуску. Відаць, спрацавала беларуская генетыка і прыйшло адчуванне мовы. Беларуская мова ж спачатку прыглядаецца да цябе – ці можна табе адкрыцца. І калі вырашае, што можна, то ты трапляешь у нейкую неверагоднасць – са сваім гучаннем, гукапісам і адчуваннем, што на мове можна сказаць абсалютна ўсё. І ты пачынаеш нешта казаць, і атрымліваюцца вершы, і яны пачынаюць жыць самастойным жыццём… Я не магу сказаць, што дасягнуў тут нейкіх вышынь, але ж Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў і Эдуард Акулін нешта ўбачылі і далі мне свае рэкамендацыі для ўступлення ў наш Саюз беларускіх пісьменнікаў. А калі ўзнікла пытанне ўзнаўлення дзейнасці Магілёўскай абласной філіі СБП, то магілёўскія літаратары абралі мяне на пасаду кіраўніка.
Ведаю, Мікола, што ты файны кампазітар, напісаў тысячу песень на словы беларускіх паэтаў. Нават жарт ёсць, калі Мікола Яцкоў на твае вершы не напісаў песень, то ты дрэнны паэт. Раскажы, як адбываецца тваё супрацоўніцтва, як кампазітара, з паэтамі.
–Тут усё проста: чытаю вершы і адразу адчуваю, ці ёсць меладычнае гучанне. Насамрэч, калі з’яўляецца песня, то слова “кампазітар” не вельмі адпавядае сутнасці. Мне больш бліжэй слова “расшыфроўшчык”, бо ў мяне вельмі простая задача – нічога не выдумляць, а проста расшыфраваць, “выцягнуць” з вершаваных радкоў тую мелодыю, якую заклаў туды паэт, калі пісаў свой верш. Дарэчы, многія паэты кажуць, што калі пішуць вершы, то нейкія мелодыі суправаджаюць гэты працэс. Вось іх я і павінен пачуць. Цікава тое, што калі гучыць музыка вершаў Генадзя Бураўкіна, то яна зусім не падобная на музыку вершаў Ніла Гілевіча ці Сяргея Чыгрына. У кожнага паэта свая інтанацыя, свае пачуцці – і гэта заўжды кладзе адбітак на музыку.
Ведаю, што ты ў 2003 годзе ты меў тры канцэртныя праграмы ці выступленні на вершы беларускіх паэтаў у „Беларускім Трыялогу” у Крынках на Беласточчыне. Давай прыгадаем гэты час.
– Усё пачалося з маёй нізкі вершаў у часопісе „Маладосць”, якую пачытаў вядомы ўсім беларусам Сакрат Яновіч. Ён і запрасіў мяне прыехаць у Крынкі на „Трыялог”. І вось што мне ўспамінаецца… І былі тры незабыўныя дні: ад раніцы даклады і творчыя дыскусіі, удзень вандроўкі па святых месцах крынкаўскага наваколля з абавязковымі захапляльнымі аповедамі Сакрата Яновіча: у крушнянскай мячэці – пра польскіх татараў, у царкве ў Грыбоўшчыне – пра гісторыю праваслаўя ў гэтым былым кутку Беларусі, у Супрасльскім манастыры – пра доўгі шлях, што вядзе да Храма, ля старажытных муроў крынкаўскай жыдоўскай бажніцы – пра былое і незваротнае… А ўвечары, крыху змораныя за дзень сябры „Трыялогу”, па-апостальску рассаджваліся за доўгім сталом, запальвалі свечкі, і пад лапіцкімі прыцемкамі ўзляталі мае песні на вершы Гілевіча, Законнікава, Бураўкіна, Акуліна. А калі аднойчы ўсе дружна падхапілі гілевіцкую „Песню бярыце з сабой…”, падумалася: абавязкова возьмуць! І панясуць яе, беларускую песню, па еўрапейскіх шляхах. Бо адгукнуліся на вокліч Сакрата Яновіча, паверылі яму і пайшлі побач з ім…
Вядома яшчэ, што ты напісаў гімн Магілёва і Слаўгарада. І яны афіцыйна зацверджаныя… Ці так?
– Так, гімн Магілёва на словы Аляксандра Шлеянкова быў зацверджаны ў 2006 годзе, а гімн Слаўгарада на словы Фелікса Шкірманкова – у 2017-м.
Ты шмат гадоў выдаеш розныя бюлетэні, адзін з іх – „Брылёўскі летапіс”. Што цяпер з тваімі бюлетэнямі? Які іх лёс? Ці выдаюцца яны сёння?
– „Брылёўскі летапіс” выдаваўся з 2006 года па 2011 год і стаў часткай гісторыі нашых Брылёў. На жаль, сёння бюлетэнь не выдаецца па пэўных аб’ектыўных абставінах.
Магілёўскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў выдае штогадовы альманах „Брама”. Ці хапае твораў на штогоднік магілёўскіх аўтараў? І хто гэтыя аўтары? Ці трапляюць у альманах з магілёўскай правінцыі творы мясцовых пісьменнікаў?
Літаратурны альманах „Брама” выдаецца з 2013 года, пабачылі свет ужо шэсць нумароў. Па водгуках такіх паважаных літаратараў, як Кастусь Цвірка і Уладзімір Някляеў, магілёўская „Брама” – прыклад сучаснай беларускай літаратуры высокага ўзроўню. Твораў для публікацыі хапае, нават даводзіцца скарачаць з таго, што прапануецца. Друкуюцца ў асноўным мясцовыя літаратары з Магілёўшчыны, якія тут жывуць .
Якія планы ў Міколы Яцкова на 2020 год?
– Ёсць шмат творчых задумак, і хочацца спадзявацца, што ўсе яны абавязкова здзейсняцца.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын
Фотаздымкі з архіва Міколы Яцкова