Беларусь ужо доўгі час застаецца анты-лідарам у Еўропе ва ўсім, што датычыць правоў чалавека. У 2018 годзе міжнародная арганізацыя Freedom House пазначыла Беларусь як «несвабодную» краіну, адзіную на пару з Расеяй, у Еўропе. Ціск на незалежную прэсу, адсутнасць свабоды сходаў і наяўнасць палітвязняў – гэта стала найважнейшай часткай міжнароднага іміджу Беларусі. У лютым у Беларусі стала на два палітвязні болей. Па сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымалі анархісты Мікіта Емяльянаў ды Іван Камар.
14 гадоў на дваіх. У Беларусі з’явіліся новыя палітычныя вязні
Менчукі Мікіта Емяльянаў ды Іван Камар, якія абодва маюць 19 гадоў, абвінавачваліся Савецкім судом Менску адразу ў чатырох эпізодах. Яны нібыта кінулі фарбу ў Менскі гарадскі суд 25 верасня 2019 года ў знак пратэсту супраць суда над іншым актывістам анархісцкага руху ў Беларусі Змітром Паліенкам.
Ужо на судзе Мікіта Емяльянаў сказаў, што перформанс з пуляннем фарбы ў Менскі гарадскі суд быў спробай паказаць супольнасці, што закрыты суд над Паліенкам не з’яўляецца справядлівым, а акцыя каля СІЗА №1 у Менску была накіраваная на прыцягванне ўвагі да наяўнасці ў Беларусі рэпрэсіяў і палітычных вязняў. Таксама іх абвінавачвалі ў спробе запаліць кактэйлем Молатава дзверы менскае СІЗА. У першы раз сумесь не ўспыхнула і яны паўтарылі спробу праз тыдзень.
Менскае СІЗА знаходзіцца ў будынку замку Пішчалы, які лічыцца культурніцка-гістарычнай каштоўнасцю, таму следства палічыла, што хлапцы мелі намер яе адмыслова пашкодзіць. Таму ў выніку ім прад’явілі абвінавачванне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 341 Крымінальнага кодэксу – апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці, частку 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеянні з прадметамі, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў у складзе групы, артыкул 344 Крымінальнага кодэксу.
Шкода, нанесеная дзеянні Емяльянава і Камара, склала 144 рублі 48 капеек ці каля 70 долараў. Падсудныя пагасілі гэтую суму яшчэ да суда.
Як праходзіла следства
Актывістаў затрымалі 20 кастрычніка 2019 года і адразу змясцілі ў СІЗА. Потым яны распавядалі, што на іх ціснулі падчас следства. Івана Камара перад допытамі збівалі, пагражалі праблемамі не толькі яму, але і яго сям’і. У СІЗА яго пасялілі ў камеру з нявызначаным мужчынам, які пагражаў згвалціць яго. Пад такім прымусам Іван напісаў яўку з пакаяннем. Правы Мікіты Емяльянава таксама парушаліся. На судзе ён распавядаў, што падчас затрымання следчы вёў запіс допыту, не папярэдзіўшы яго.
– З першых дзён, як мы даведаліся пра затрыманне, мы знайшлі хлапцам адвакатаў, паспрабавалі выйсці на сувязь з бацькамі, занеслі першыя перадачы, каб паказаць, што пра іх ведаюць, і пачалі распаўсюд інфармацыі, – распавядае Марына Касінерава, каардынатарка кампаніі #dissidentby.
Віну Емяльянаў прызнаў часткова, Камар жа цалкам не прызнаў віну ў нападзе на будынкі. Пракурор запатрабаваў па сем гадоў калоніі для кожнага. Суд не прыняў да ўвагі звесткі аб ціску на падсудных і прысудзіў па сем гадоў калоніі кожнаму.
Палітычныя вязні?
Адразу пасля прысуду восем праваабарончых арганізацыяў Беларусі прызналі Мікіту Емяльянава і Івана Камара палітычнымі вязнямі. Старшыня рады арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава лічыць, што пакаранне ў 7 гадоў пазбаўлення волі кожнаму з’яўляецца непрапарцыйнай карай.
– «Прававая ініцыятыва» ўжо звярнулася да спецдакладчыка ААН па Беларусі, каб яна адрэагавала на з’яўленне новых палітвязняў. Гэтае пытанне будзе таксама ўздымацца падчас Універсальнага перыядычнага агляду, які Беларусь будзе праходзіць у траўні 2020 года. Адвакаты рыхтуюць апеляцыйныя скаргі на прысуд.
Вікторыя падкрэслівае, што зараз вельмі важна праявіць салідарнасць з палітвязнямі, каб гэтая справа і празмерна жорсткі прысуд заставаліся па-за ўвагай СМІ.
Мікіта Емяльянаў на сустрэчы з матуляй зазначыў, што нічога не шкадуе і вельмі ўдзячны ўсім, хто прыйшоў на суд з падтрымкай.
Сябры хлапцоў распачалі кампанію іх падтрымкі. Кампанія #dissidentby збірае подпісы ад беларускіх журналістаў, мастакоў, культурных дзеячаў у падтрымку хлапцоў. Ужо было сабрана больш за сто подпісаў.
– Мы лічым прысуд паказальнай расправай над сябрамі анархісцкага руху з мэтай запужаць усё актыўнае насельніцтва і падкрэсліць манаполію ўлады на гвалтоўныя дзеянні. Такім чынам, дыктатура карае самых бескампрамісных за прамы супраціў. Справа забудавана выключна на паказаннях, якія былі атрыманы пад ціскам (псіхалагічнага і фізічнага шантажу, маніпуляцый), фактычна ўсе сведкі былі супрацоўнікамі СІЗА-1 і Мінгорсуда. Следства было праведзена з парушэннямі і недасканала, пры адсутнасці прамых улік і неабходных экспертыз, – кажа каардынатарка кампаніі #dissidentby Марына Касінерава.
Сябры хлапцоў працягваюць падтрымліваць іх. Іх галоўная мэта – змяніць стаўленне да палітычных актывістаў і прыцягнуць увагу да беларускіх палітзняволеных у шырэйшым коле грамадства.
Зараз у СІЗА знаходзіцца актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які пафарбаваў помнік Пушкіну. Абвінавачанне яму яшчэ не прад’яўлена.
Ксенія Тарасевіч
Фота: spring96.org