„Дзённікі (1941-1959)” народнага паэта Беларусі Максіма Танка (1912-1995) былі апублікаваныя ў 9-м томе збору твораў у трынаццаці тамах Максіма Танка. Том гэты пабачыў свет у мінскім выдавецтве „Беларуская навука” ў 2009 годзе.
Дзённікі Максіма Танка распачынаюцца запісамі ад 1 ліпеня 1941 года. Якраз пачалася вайна. І аўтар дзённікаў піша, што ўчора „наш цягнік з беластоцкімі бежанцамі спыніўся ў Новаузенску, амаль на самай граніцы Казахстана…”. Ці не начальства найперш пакінула Беласток і выехала ажно ў Казахстан?..
1942 год. Максім Танк у запісах ад 4 і 6 студзеня прыгадвае паэта Міхася Васілька: „Нарэшце дабраліся да Масквы. І адразу трапілі на прыём да П.К. Панамарэнкі (савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. – С.Ч.). Многа і цікава расказваў нам аб становішчы на франтах, аб партызанскім руху ў Беларусі. І новасць: у нейкай нямецкай газеце друкуецца М. Васілёк, у што, прызнацца, не хацелася верыць. Надрукаваць маглі і без яго ведама, як гэта было, калі ён сядзеў у нямецкім палоне, а верш яго быў змешчаны ў берлінскай „Раніцы”, аб чым ён пісаў мне перад вайной”.
Магчыма, размова ідзе пра газету „Новая дарога”, якая выходзіла ў Беластоку ў 1942-1944 гадах пад рэдакцыяй Хведара Ільяшэвіча. А газета „Раніца” выдавалася ў Берліне на беларускай мове са снежня 1939 года да красавіка 1945 года.
Пра тое, што Міхась Васілёк друкуецца ў „нейкай нямецкай газеце”, адразу зрэагаваў паэт Міхась Машара і напісаў верш „Здраднік”. Максім Танк 6 студзеня 1942 года піша: „…Заходзіў М. Машара, прачытаў нам свой верш „Здраднік”, прысвечаны М. Васільку. Зайздросная аператыўнасць!..”.
Я адшукаў верш Міхася Машары „Здраднік” у ягоным зборніку „Мая азёрная краіна” (Мінск, 1962. С.223-224). Але тое, што гэты верш прысвечаны „здрадніку” Міхасю Васільку, адсутнічае. Ды і Міхася Васілька ў жывых ужо не было, памёр ён у Гродне 3 верасня 1960 года. А верш гучыць так:
Стаіць, як пёс, ля панскага парога,
Чакае косткі з панскага стала,
Сагнуўшы нізка карак, ліжа ногі
Фашысцкім катам здраднік-рэнегат.
За гэту костку ён прадаў радзіму,
Прастор палёў, душы сваёй узлёт.
І рад таму, што сам ён не загінуў,
Пакорна лёг у гразь пад панскі бот.
Усюды след свой значыць чорнай здрадай,
Паўзе, як гад, па слёзах і жудзе,
Гатоў нажом прабіць ён плечы брата,
Рыхтуе сцежку рабству і бядзе.
Ён нават рад, што сонца над краінай
На міг пагасла ў хмарах і крыві,
Што смех і спеў прастораў родных, сініх
Апалі мёртвай птушкай на палі.
Яму не шкода, што агнём чужынцы
Знішчаюць нашы сёлы, гарады,
Крывёй людской атручаны крыніцы,
З якіх пілі мы чар жывой вады.
Яго не ўзрушаць плач і енк уночы,
Ні крык жахлівы гінучых дзяцей,
Глядзіць лісліва ворагам у вочы
З усёй сабачай вернасцю сваёй.
Не знае ён, што блізкі дзень расплаты,
Што гнеў, народны гнеў, за ім ідзе,
І што загінуць тут фашысты-каты,
І не схавацца здрадніку нідзе.
Дасталася ў гэтым вершы Міхасю Васільку. Не разабраўшыся з сітуацыяй і, паказваючы сваю „аператыўнасць”, Міхась Машара назваў Міхася Васілька і „здраднікам-рэнегатам, і гадам, і сабакам”… Не ведаю, ці сябравалі яны між сабой пасля вайны, і ці ведаў на самой справе Міхась Васілёк пра гэты верш?…
Гартаю далей дзённікі Максіма Танка. Студзень 1943 года. Чытаю: „Сёння з С. Прытыцкім наведалі нашага таварыша па падполлі цяжка параненага Паўла Адынца. Баіцца, дзівак, каб яго доўга не пратрымалі ў шпіталі і без яго закончылася вайна. Неспадзявана сустрэў на вуліцы Апанскага яўрэйскага паэта Гелера, вершы якога я калісьці перакладаў. Пры дапамозе партызан нейкім цудам яму ўдалося ўратавацца з беластоцкага гета…”.
Сяргей Прытыцкі (1913-1971) быў родам з вёскі Гаркавічы Сакольскага павета, займаў пасаду Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. А хто такі Павел Адынец? Далей у дзённіках Максім Танк піша, што „Павел Адынец пад клічкай Вінаградава партызаніць недзе на Беласточчыне. Перадае прывітанне ад Міхася (Васілька). Піша, што ў сувязі з набліжэннем фронту абставіны ўскладніліся, часцей прыходзіцца манеўрыраваць, рабіць „драй драп”. Але – нічога. Думаю, перажывем гэту цяжкую барацьбу і сустрэнем нашу Чырвоную Армію. У канцы пісьма – сумная звестка аб гібелі былога віленскага падпольшчыка і нашага старога друга – Бонка, „з грудзей якога немцы сарвалі ордэн Чырвонай Зоркі”.
Дарэчы, Павел Адынец (1916-1944) падпольшчык у Заходняй Беларусі быў лепшым сябрам Максіма Танка. А яўрэйскі паэт, якому ўдалося выратавацца з беластоцкага гета, ні хто іншы, як Бінем Гелер (1908-1998). Гелер жыў у Варшаве, а з 1957 года – у Ізраілі. У 1951 годзе ў Варшаве выдаў анталогію вершаў 36 яўрэйскіх паэтаў, якія загінулі ад рук гітлераўцаў.
Запіс ад 28 верасня 1944 года: „З брыгадай нашых і маскоўскіх пісьменнікаў выехаў на Другі беларускі фронт, якім камандуе гвардыі генерал-палкоўнік А. Гарбатаў. Па дарозе спыняліся на начлег у Баранавічах і ў Беластоку. Ледзь адшукаў той дом, у якім жыў перад вайной. Замбраў. Да Варшавы – 100 кіламетраў…”.
Далей у сваіх дзённіках Максім Танк прыгадвае раку Нараў: „Перакачавалі ў дывізію генерал-маёра Валасатых. З палкоўнікам Грузенбергам былі ў часцях, якія рыхтаваліся да наступлення. Роўна ў 12.00 ночы пачалася кананада з плацдарма за ракой Нараў, ад якой калацілася ўся зямля. Раніцой, калі крыху пацішэла, прыйшлі гаспадары хаты, у якой мы прыпыніліся. Разам з наступаючымі часцямі ідзём за Нараў”.
Самыя цікавыя запісы, якія датычаць Беласточчыны, адносяцца да 3 і 6 лістапада 1944 года. Яны прысвечаныя рэпатрыяцыі. Максім Танк піша:
„Толькі што вярнуліся з камандзіроўкі, як зноў трэба збірацца ў дарогу. М. Лынькоў, К. Крапіва, А. Куляшоў, М. Машара і я едзем па загаду П. К. Панамарэнкі ў Польшчу, на Беласточчыну. Выдалі нам на дарогу пісталеты, на ўсякі выпадак, каб было чым бараніцца ад акаўцаў. Заданне: памагчы ў рэпатрыяцыі беларусаў у Савецкі Саюз”.
І яшчэ: „На машыне прыехаў у Гайнаўку і адразу пайшлі па вёсках агітаваць. А вёскі тут досыць заможныя і прыгожыя. Ва ўсіх хаты чыстыя, прасторныя. Людзі не вераць, што тут будзе Польшча. Пішуць у Маскву, Сталіну, каб перанёс граніцу за Буг, далей на Захад. Не хочуць пакідаць землі сваіх бацькоў”.
Аказваецца, нават беларускія пісьменнікі прымалі ўдзел у рэпатрыяцыі. Іх камандзіравалі на Беласточчыну, каб яны агітавалі беларусаў пакідаць родныя мясціны. А беларусы дужа не хацелі развітвацца з роднай Беласточчынай, бо, як піша Максім Танк, дзе былі вёскі заможныя і прыгожыя, хаты чыстыя і прасторныя, і людзі, вядома ж, працавітыя і добрыя. Я даследую рэпатрыяцыю, сустракаюся з дзесяткамі людзей, якія пакінулі родныя гнёзды на Беласточчыне, ці з іх дзецьмі і ўнукамі, якія сёння пражываюць у розных кутках Беларусі, і бачу, і чую, што за ўвесь пасляваенны час, яны заўсёды хочуць дамоў. І сумуюць, і з радасцю распавядаюць, хто памятае, пра свае вёскі, людзей, хаты, пра сваё багацце і зямлю. Людзей цягне дадому. Але, як пісаў Васіль Быкаў, доўгая дарога дадому… І, відаць, бясконцая…
На што спадзяваліся беларусы ў тыя 1940-я гады? На Маскву? На Сталіна?.. І на каго беларусам спадзявацца сёння?.. Адказ адзін: толькі на сябе, інакш рэпатрыяцыя можа паўтарыцца.
Сяргей Чыгрын