Беларускі паэт і даследчык роднай літаратуры Леанід Дранько-Майсюк родам з Давыд-Гарадка, што на Століншчыне. Пасля сярэдняй школы вучыўся ў Маскве, дзе скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Вярнуўся ў Мінск і з ласкі Міхала Дубянецкага пачаў працаваць у выдавецтве „Мастацкая літаратура”, рэдагаваць кнігі іншых аўтараў.
За свае 60 гадоў літаратар напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, эсэ, п’ес. А Уладзімір Караткевіч некалі назваў Леаніда „паэтам з рысамі рыцара”. На некаторыя вершы беларускага рыцара кампазітары напісалі цудоўныя песні. Самай папулярнай з іх з’яўляецца песня „Полька беларуская”. Пра творчасць, жыццё і літаратурныя справы Леанід Дранько-Майсюк пагадзіўся распавесці нашаму „Czasopisu”.
Сяргей Чыгрын: – Леанід, я памятаю выхад твайго першага зборніка вершаў „Вандроўнік”. Пра яго шмат пісалі СМІ, выходзілі рэцэнзіі Гарадніцкага, Гублера, Кавалёва… Ці памятаецца табе той ужо далёкі час?
Леанід Дранько-Майсюк: – Гэта 1983 год, пачатак майго жыцця ў Мінску і другі год працы ў слаўным выдавецтве „Мастацкая літаратура”, якім кіраваў выдатны дзеяч нашай культуры Міхал Дубянецкі. А кніга „Вандроўнік” пачынаецца вершам, які я склаў 10 траўня 1982 года ў маскоўскім метро паміж станцыямі „Кастрычніцкая” і „Новыя Чаромушкі”:
Гэта цень мой вярнуўся дамоў,
Выпіў кварту халоднай вады,
Узышоў на вяршыні дубоў,
Абтрасаючы жалуды.
Часам гэтым стары сталяр
У павеці вычэсваў прамень.
На сабаку, што побач стаяў,
Трэскі падалі і мой цень.
Часам гэтым карміліся з рук
Качкі свойскія і журавы,
І ля будкі ляжаў ланцуг
Парыжэлы і нежывы.
Вось такія ў маскоўскім метро з’яўляліся мне творы. Па выхадзе „Вандроўніка” літаратурны крытык Варлен Бечык адзначыў, што паэзія Леаніда Дранько-Майсюка нязвыклая.
Памятаю, такое меркаванне мне спадабалася; наогул жа, люблю тое мастацтва, якое адначасова і зразумелае, і нязвыклае.
Потым былі новыя кнігі вершаў, у Маскве ў перакладзе на рускую мову выйшаў зборнік „Проза радости”. Тады ты быў актыўным аўтарам, шмат друкаваўся, шмат сустракаўся са сваімі чытачамі. Гэта што, звязана з маладосцю, а цяпер, як кажуць, гады бяруць сваё?
– Так, пасля нязвыклага „Вандроўніка” былі новыя паэтычныя радасці, была і „Проза радости” – кніга вершаў і паэм, надрукаваная ў Маскве ў выдавецтве „Советский писатель” у 1991 годзе, дзякуючы паэту Пятру Кошалю. Дарэчы, гэта апошняе выданне беларускага пісьменніка ў Савецкім Саюзе! Ці не гістарычны факт?! А што да творчай актыўнасці, то на гэты конт маю дваістае пачуццё… Тады было так, а цяпер гэтак…
У цябе сын Васіль вельмі творча актыўны, шмат выступае, шмат друкуецца, папулярызуе роднае слова; магчыма, працуе нават больш, чым ты ў 1980 – 1990 гг. Зрэшты, і ты быў таксама дужа папулярным. На твае словы артысты спявалі песні, ты багата даваў інтэрв’ю…
– Кажучы мовай Янкі Брыля, Васіль Дранько-Майсюк знаходзіцца „…на быстрай плыні стрыжня…”; талент ягоны імклівы, заснаваны на ведах, працы, любові да беларускай літаратуры, яе творцаў і накіраваны на станоўчы вынік. Праз гэта Васіль і здабыў свой артыстычны поспех – скажам, стварыў п’есу „Пясняр” (першы мастацкі твор пра Уладзіміра Мулявіна), якая ўпрыгожыла афішу акадэмічнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Згадаю і яшчэ адну ягоную п’есу, якая называецца „Сатурніянка” – твор пра мастака Язэпа Драздовіча. Летась, у 2018 годзе, выдавецтва „Мастацкая літаратура” выпусціла Васілёву кнігу дзевяці казачных гісторый „Таямніцы нашага садка” – падарунак маленькім чытачам. А што да папулярызацыі беларушчыны, то тут Васіль проста адчувае сябе пераможцам, бо надрукаваў шмат змястоўных артыкулаў і, як аўтар сцэнарыяў і вядоўца, стварыў ужо даволі фільмаў, кожнаму з якіх уласціва майстэрская інтрыга… Калі ж гаварыць пра сябе, то сабе, цяперашняму, не буду шукаць апраўдання, а толькі скажу: на сённяшні дзень і я дастаткова дзейны аўтар; вось у трох апошніх нумарах часопіса „Дзеяслоў” за гэты 2019 год (№№ 99, 100, 101) змешчана мая новая рэч „…Усе бачылі нястачу віна…” – аповесць пра ксяндза Адама Станкевіча. Калі ласка, чытайце яе!
І перад сваімі чытачамі я шмат выступаю; скажам, з паэтам Эдуардам Акуліным аб’ездзіў ці не ўсю Беларусь, і песні мае выконвае народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка… Хіба што для газет менш інтэрв’ю стаў даваць?!
Наогул, Леанід, у мяне такое адчуванне, што сёння ў беларускім літаратурным руху табе шмат што не падабаецца, цябе нешта нервуе і нават трывожыць. Гэта так, ці я памыляюся?!
– У нас дастатковы лік фігурных адраджэнцаў, ладная колькасць катэджных змагароў за беларускую мову – словам, даволі хітрых блытанікаў, якія вельмі спрытна з чорнага робяць белае, а калі трэба, то і наадварот. Ім непатрэбны станоўчы вынік, аднак жа яны імкнуцца задаваць тон; псеўдадзейнасць – іхняя філасофія. З’явіліся таксама „пісары”, якія не вучацца беларускай літаратурнай мове; яны не разумеюць (здаецца, і не хочуць разумець!) і не адчуваюць, што такое беларускае (!) спалучэнне слоў у сказы, таму іхнія тэксты – амаль суцэльнае калькаванне.
А яшчэ яны наўмысна (дзе трэба і дзе не трэба) карыстаюцца трасянкай, і не лічаць, што здзекуюцца з прыгожай літаратурнай мовы – наадварот, бачаць у гэтым асаблівы шык. Іхнія кніжкі (прынамсі тыя, якія надрукаваны) размінуліся з мастацкім пісьмом, густам, стылем, зместам. Блытанікам пажадаю ператварыцца ў маўчуноў, а „пісарам” параю: штодня вучыце, спадары і спадарыні, беларускую мову!
Чаму на эстрадзе няма новых песень на твае словы, чаму не спяваюць нашы маладыя артысты файныя песні на добрыя паэтычныя словы? На твае словы…
– Песні ёсць… Але чаму наша моладзь пераважна крывіць свае таленавітыя вусны па-ангельску і мала спявае па-беларуску? Трэба спытацца ў самой моладзі… Аднак жа, калі гаварыць зусім акрэслена, то вось мой верш, узбагачаны мелодыяй Аляксандра Балотніка:
Еўфрасіння
Ты спачын знайшла
У палесцінскім краі,
Журба аліў злятае
З твайго чала.
Твае малітвы памятае
Вечная зямля святая.
Еўфрасіння, пад алівамі
Сніла ты ў апошнім сне
Воблака шчаслівае,
Што купалася ў Дзвіне;
Сніла і той дзень балесны,
Калі брала шлюб нябесны…
Полацак свой бачыла ў тумане!
Цень жалобы лёг
На твар Ерусаліма…
Жыла ў душы радзіма,
А ў сэрцы – Бог.
Плыла радзіма над вачыма
Сінім дымам, сінім дымам.
Маладыя артысты, маладыя спевакі, калі ласка, карыстайцеся гэтым вершам (толькі аўтараў, выходзячы на сцэну, называйце!), вучыце словы, а нотны запіс вам разгорне кампазітар А. Балотнік…
Калі б казачная, ці нейкая фантастычная сіла была б у тваіх руках, што ты асабіста памяняў бы сёння на ніве нашай літаратуры і культуры наогул?
– Паколькі на гэтай ніве перш за ўсё бачу сябе, то, авалодаўшы казачнай сілай, і пачаў бы з сябе… Скажам, пазбавіў бы надоўга сябе сну, каб і па начах дарабляць свае рукапісы. Маю цікавыя, але пакуль незавершаныя творы.
Я ўважліва прачытаў тваю арыгінальную і змястоўную архіўную кнігу пра Максіма Танка. Гэта для цябе новая праца, якою раней не займаўся. Чаму ты вырашыў заглянуць і ў Заходнюю Беларусь да маладога Максіма Танка?
– Гэта не новая праца, а, можна сказаць, працяг ранейшай работы… У 2013 годзе я напісаў аповесць „Гурын-Маразоўскі. Забойства на Ягелонскай”, а ў 2014 годзе стварыў нарыс „Не знаць перад карай страху”, – твор пра апошні арышт Антона Луцкевіча 30 верасня 1939 года.
У маёй кнізе „У Вільні і больш нідзе”, якая друкуецца ў часопісе „Дзеяслоў”, ёсць тое новае, што я знайшоў, вывучаючы ў архівах жыццяпісы, скажам, Браніслава Тарашкевіча і Клаўдзія Дуж-Душэўскага. А тады ўжо з’явілася і архіўная аповесць пра Максіма Танка „…Натуральны, як лінія небасхілу…”, працаваць над якою мне дапамагалі архівісты Сігітас Саладжынскас і Алена Глагоўская.
Сваімі вельмі слушнымі парадамі дапамагаў мне і гісторык Анатоль Сідарэвіч. І апошняя мая рэч, пра якую ўжо згадваў, – дакументальная кніга пра Адама Станкевіча „…Усе бачылі нястачу віна…”. Заходняя Беларусь – блізкая, цікавая мне, можна сказаць, сямейная тэма. Мае бацькі нарадзіліся ў Заходняй Беларусі ў Давыд-Гарадку, калі Давыд-Гарадок належаў Польшчы, і я змалку толькі й чуў пра тое, як людзі жылі пры Польшчы! Мае новыя творы таксама будуць пра Заходнюю Беларусь.
Сам ведаю, што працуючы над гэтай тэмай, знайшлося многа іншых цікавых дакументаў і фактаў з гісторыі былой Заходняй Беларусі. Ці не так?
– Так, прызнаю тваю рацыю, спадар Сяргей! Цікавых дакументаў знайшлося шмат – напрыклад, па дзейнасці Беларускага навуковага таварыства і па кароткай, але напружанай рабоце з 1918-га па 1921 год Міністэрства беларускіх спраў Летувы, якое існавала ў Коўні, і змястоўны збор запісаў у „Кнізе выбываючых папераў Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны”, і паперы, якія раскрываюць сутнасць канфлікту паміж Іванам Луцкевічам і В. Студніцкім і г.д. Словам, ёсць над чым задумацца…
У нас, у Беларусі, стала проста модным атрымліваць у апошні час прэміі за літаратурныя творы. Ты, наогул, чытаеш тых аўтараў і тыя выданні, якія раз-пораз узнагароджваюцца прэміямі?
– Лепей скажу пра выданне, якое (упэўнены!) будзе ўзнагароджана; маю на ўвазе аповесць Барыса Пятровіча „Засада, або Лавіся, рыбка, вялікая” („Дзеяслоў” № 100, 3/19). Гэта сучасны, багаты на ўнутраную сілу, чытэльны твор пра неабароненасць чалавека і ягонай сям’і і пра ўсёмагутнасць дзяржаўнага апарату; гэта мастацкая рэч з добра выпісанай псіхалогіяй нашых рахманых, памяркоўных людзей: вось ім загадалі камандным голасам сядзець у сваёй кватэры і нікуды не выходзіць, – яны й сядзяць суткі, а то й болей, і нікуды не выходзяць! Як, дарэчы, і выпадковыя іхнія госці… У „Засадзе…” Барыса Пятровіча ўражваюць дакладныя назіранні, напрыклад, такое: „…Голад не мае панятку пра ветлівасць, прыходзіць не спытаўшыся…”. Гэта, падкрэслю, новая проза Барыса Пятровіча, і яна змястоўная на адкрыццё: твой утульны дом у любы момант можа быць ператвораны ў казарму, а то і ў турму! Гучыць таксама ж і неабходны матыў спагаднасці: чалавеку, якога ловяць і якога цкуюць за праўду, трэба дапамагаць! Барыс Пятровіч стварыў рэч з публіцыстычнымі нотамі, праз якія адметна асэнсоўваецца прырода чалавечага страху! А развагі пра свабоду ўспрымаюцца, як своеасаблівыя верлібры. І калі чытачы, захопленыя сітуацыяй аповесці, спытаюцца ў аўтара: што рабіць далей? То пачуюць адказ: жыць, думаць, чытаць якасныя творы і, працуючы, не забываць, – у любы момант у вашай кватэры (у вашым доме) можа быць зроблена засада! Аповесць Барыса Пятровіча прыдумана, дарэчы, і для будучага кінагледача, бо яе раскошнае дзеянне – сапраўдны кінасцэнарый!
А ты сам калі апошні раз атрымліваў якую-небудзь узнагароду за сваю працу?
– У 2005 годзе за апавяданні „Нервовы раман” і „Хлопчык і яго бацькі” („Дзеяслоў” №№ 15, 19) атрымаў літаратурную прэмію „Залаты апостраф”. А вось яшчэ набегла на памяць… 23 кастрычніка 1991 года ў Маскве „Литературная Газета” (па тых часах вельмі знакамітае выданне!) змясціла маё эсэ „Ратаванне Грэцыяй” пад назваю „Исцеление”. Гэту прозу на рускую мову пераклалі Г. Артханаў і Р. Лапушын. Праз месяцы два, разгарнуўшы пераднавагодні нумар „Литературной Газеты”, я даведаўся, што за эсэ „Ратаванне Грэцыяй” („Исцеление”) мяне ўзнагародзілі рэдакцыйнай прэміяй. Тут варта адзначыць і тое, што з прэміяй „Литературной Газеты” ў Беларусі мяне павіншаваў толькі адзін пісьменнік – Алесь Асташонак… Наогул жа, адносна сённяшніх прэмій скажу: заўсёды (ці амаль заўсёды) яны даюцца сваім (ці пераважна сваім)! Чужы прэмію атрымае хіба што гады ў рады! У такой устойлівай псіхалагічнай раскладцы мастацкая якасць твора, талент аўтара асаблівага значэння не маюць, – галоўнае, каб аўтар быў са сваёй групоўкі. Варта адно паглядзець, хто ўваходзіць у журы, і карціна становіцца яснай. А ў нас (ці не традыцыя ўжо?!) зазвычай амаль кожнае журы складаецца з адных і тых жа асобаў!
Традыцыйнае пытанне: над чым сёння працуеш, што на рабочым стале ў пісьменніка Леаніда Дранько-Майсюка?
– На маім рабочым стале мае рукапісы… Мне падабаецца сам працэс пісьма, мне падабаецца крэсліць на паперы словы па-беларуску… Сярод іншага рыхтую да асобнага выдання дакументальную аповесць пра Адама Станкевіча „…Усе бачылі нястачу віна…”. Гэта твор я прысвяціў свайму віленскаму сябру Сігітасу Саладжынскасу.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын