Я, ураджэнец Новага Ляўкова Нараўчанскай гміны, пра існаванне чыгункі ў нашым наваколлі ведаў з ранняга дзяцінства. З маёй роднай вёскі ўсе яе жыхары днём і ноччу чулі, калі ехалі і гудзелі паравозы ды стукалі коламі вагоны на спалучэннях рэек. Паднімаўся вялікі шум, калі поезд імчаў па жалезным мосце на рэчцы Нараўцы. На вакзале паравозы пераклікаліся галасістымі свісткамі.
Пасля заканчэння вучобы ў Пачатковай школе ў Старым Ляўкове, я пайшоў вучыцца ў Агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы. Даязджаў поездам з вакзала ў Плянце. Пару гадоў ездзіў у вагонах, падчэпленых да паравоза. Пасля на шляху з Гайнаўкі ў Цісоўку пачалі курсіраваць г.зв. двухвагонныя тарпеды – венгерскія і польскія (тыя апошнія былі карацейшыя ад замежных) і прыходзілася ехаць усю дарогу (20 км) стоячы. Бывала, што моладзь збіралася ў канцы першага або другога вагона і ўчыняла „гайданку”. З дзесяць вучняў то прысядала, то зноў ставала на роўныя ногі. І вагон гайдаўся: калі зад падаваўся ўніз, то перад ішоў угору. Былі такія выбрыкі, дурныя жарты.
З Гайнаўкі чыгунка бегла акрай вёсак Дубіны, Навасады, Звадзецке, Пераходы, Гнілец, Сушчы Барок, Плянта і Семяноўка. Яна перасякае Белавежскую пушчу і паварочвае то ўлева, то ўправа. Прыгожыя тут ваколіцы. Чыгунка з Гайнаўкі ў Цісоўку бяжыць цераз жалезныя масты на Нараўцы, Баброўцы і Нарве. На шляху пасажырскія паязды затрымліваліся ў Гнільцы, Плянце (тут былі тры пероны і кожны дзень паязды адпраўляў дзяжурны руху ў службовай чырвонай шапцы), Семяноўцы і Цісоўцы.
Аднойчы я стаяў на пероне ў Плянце і чакаў на прыезд цягніка, на якім збіраўся ехаць у Гайнаўку. Прыехаў поезд і тут жа нехта паклікаў мяне да паравоза. У кабіне стаяў мой дзядзька Валодзя з Гайнаўкі. Вось неспадзеўка! Ён быў машыністам на гэтым паравозе. І мы паехалі. Цікава было глядзець цераз паравознае акенца. Калі я выйшаў у Гайнаўцы (меў прапанову ехаць далей), мне закружылася ў галаве ад уражанняў.
Летам жыхары Новага Ляўкова гналі кароў на супольнае пасвішча за лесам каля чыгункі, якое назвалі «Плянта». Стада налічвала 50-70 штук быдла. Кароў найчасцей пасвілі не толькі дарослыя, але і большыя дзеці. Летнія дні доўгія і пастушкі выдумлівалі розныя „штучкі”. Бралі з дому розных памераў жалезныя і мядзяныя цвікі (гвоздзікі) і клалі іх на рэйкі. Калі праехаў па іх поезд, цвікі былі пляскатыя і былі як вастрыё ножыкаў. Можна было падвастрыць іх на
г. зв. асёлцы (бруску), асаджвалі іх у г. зв. драўляныя калодкі, звязвалі дротам і можна было тое-сёе перарэзаць. Бралі мы гэтыя ножыкі (рабілі іх многа), ідучы па грыбы. Згубіш яго – якая гэта страта! Рабілі мы таксама рагаткі з чорнай і чырвонай гумы. З іх цэлілі то ў дупло ў дрэве, то збівалі сухія шышкі з галін елак і сосен. У цёплыя сонечныя дні мы лавілі рыб у Баброўцы, было іх сем відаў.
Але вяртаюся да чыгункі. Мы, старэйшыя і маладыя пастухі, цікавіліся праязджаючымі паяздамі ды тым, як для іх адкрываюць і замыкаюць семафоры. З будкі настаўшчыка беглі побач пуцей два сталёвыя провады або інакш дзве лінкі. Яны перасоўваліся: адна сунулася ў напрамку семафора, а другая ўзад. Калі на станцыю прыехаў поезд, хлапчукі хапалі рукамі за адзін з правадоў і трымалі яго. Калі семафор быў ужо адкрыты і цягнік паехаў, пастухі не давалі яго закрыць, а пасля памахвалі яго паднятай „рукою”. Былі вось такія хуліганскія ўчынкі.
Пасля вайны ў Плянце Нараўчанскай гміны Гайнаўскага павета пабудавалі доўгі драўляны барак: меў ён 42 метры даўжыні і 12 метраў шырыні. Былі ў ім пачакальня для пасажыраў, касы, службовыя пакоі дзяжурнага руху і касіра, які прадаваў білеты, склад на пасылкі і багаж, буфет, святліца. Памятаю доўгі калідор, шмат акон ды cкрыпучыя драўляныя падлогі. У памяшканнях былі кафлёвыя печы. З будынка выходзіла ажно дзесяць комінаў.
Мне падабаўся драўляны цікавай архітэктуры дом чыгуначніка (цяпер рэдка дзе іх сустрэнем), у якім жыла сям’я спадара Заоніка. Стаяў ён пры самай пуці, так як і барак. Пры ім раслі кусты бэзу, язьміну і маладыя яблынькі. Яны ёсць і цяпер. Пры дарозе да вакзала расце і зараз многа прыгожых ліпаў, клёнаў і магутны дуб.
Калі я меў дзесяць гадоў, бацькі высылалі мяне на вакзал з конаўкамі малака і смятаны ды з сыром. Там ахвотна куплялі ў мяне сыры і масла сем’і чыгуначнікаў. Часам у нядзелю я і мой брат хадзілі на вакзал, каб купіць у буфеце вельмі смачны ліманад ды цукеркі. Чатыры гады (1958-1962) я ездзіў з плянтаўскага вакзала ў Агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы. Тады ездзіла шмат людзей і быў даволі вялікі рух. Хто прыязджаў, а хто адпраўляўся ў дарогу. Ездзілі паравозы, як на старых кінафільмах. У вагонах вечарам і ноччу запальвалі вялікія, звісаючыя са столі, лямпы-карбідкі. Давалі яны бляклае сіняе святло. Так было ды й годзе.
У святліцы быў тэлевізар і мы, новаляўкоўцы, хадзілі глядзець кінафільм у суботнія вечары. Тут актыўна дзейнічаў Гурток вясковых гаспадынь (КГВ), арганізавалі двухгадовыя курсы сельскагаспадарчых ведаў і курсы на вадзіцельскія правы (я тут у 1966 годзе здаў экзамен на вадзіцельскія правы кіраваць матацыклам), а таксама курсы для фурманаў і веласіпедыстаў.
Раз у тыдзень – у сераду – у Плянту прыязджала кінаперасоўка. Ішлі лепшыя расійскія кінафільмы. Тут адбываліся вечарыны-акадэміі з нагоды дзяржаўных святаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі (між іншым, з матросам з „Аўроры”). Працавала бібліятэка. Было шмат краёвай і савецкай прэсы. На сцэне выступалі мастацкія песенныя калектывы. Было гэта прытульнае, прыгожае ў сярэдзіне памяшканне. Святліцай шмат гадоў кіраваў былы ніўскі карэспандэнт Уладзімір Клімюк.
У плянтаўскай святліцы дзейнічаў многа гадоў вакальна-музычны калектыў. Займаліся ў ім дзяўчаты і юнакі з Плянты, Міклашэва, Сушчага Барка, Новага Ляўкова, а нават з Нараўкі і са Скупава. У святліцу купілі музычныя інструменты. Музычным кіраўніком быў Аляксандр Маеўскі. У гурце спявала восем маладых дзяўчат (сярод іх былі салісткі) і крыху менш юнакоў. Найлепшым акардэаністам быў Уладзімір Паўлючук. Калектыў ездзіў з канцэртамі ў Гайнаўку, Чаромху і Седльцы. Летам танцавальныя вечарыны адбываліся на свежым паветры на драўлянай пляцоўцы ў засені прыгожых вялікіх соснаў, бяроз і клёнаў. На акардэоне і бубне складна і прыгожа гралі да танцаў маладыя музыканты-цыганы (тады адна цыганская сям’я пару гадоў жыла ў Плянце). А моладзь з Плянты і навакольных вёсак любіла танцаваць!
…Зараз праз Плянту не ездзяць пасажырскія цягнікі. 21 лістапада 2012 года разабралі барак. На яго месцы выраслі дрэвы і кустоўе. Ужо нават няма некаторых пуцёў. Усё замерла. Глуха тут і сумна. Пероны зараслі дзе травой, дзе зялёным мохам…
Янка Целушэцкі