У беларусаў ёсць адзін цудоўны вынаходак, якому пазайздросцілі б і дыпламаты, і шпіёны, і прадаўцы пыласосаў. Гэта – тутэйшасць. Універсальны сродак ад усіх нязручных пытанняў, нацыянальны плашч-нябачнік, пад якім можна пражыць цэлае жыццё і ні разу не патурбаваць уласнае сумленне. – Хто ты па нацыянальнасці? – Тутэйшы. – Гэта значыць беларус? – Ну, што ты, навошта адразу так катэгарычна?
Чалавек нават крыху крыўдзіцца. Яму прапанавалі вызначыцца, а гэта ўжо замах на асабістую свабоду! Ён жа не які-небудзь нацыяналіст, каб выпендрывацца, хто за такі ён. Ён сёння тутэйшы, заўтра ніхто, паслязаўтра – як абставіны складуцца.
У яго пашпарце, праўда, усё напісана даволі канкрэтна, але пашпарт – рэч казённая. А тамака ў польскім довадзе – ён жа паляк, бо грамадзянін Польскай Рэчыпаспалітай. А душа патрабуе прастору. Асабліва калі ў гэтай прасторы можна не адказваць на лішнія пытанні. Ён жа вольны жыхар Еўропы і нават свету. – Ну, беларуская мова? Вельмі паважаю. Але гаварыць на ёй неяк няёмка, па-вясковаму.
Ён і за беларускую мову – чаму не. Асабліва калі трэба падпісаць петыцыю, паставіць лайк пад вершам ці сказаць, што мову трэба захаваць для нашчадкаў. Нашчадкі, вядома, няхай захоўваюць. Ну, тамака, у Беларусі. У іх, раптам, можа, часу будзе болей.
Сам жа ён у краме папросіць па-польску ці па-руску, на працы напіша па-польску ці па-руску, з дзецьмі загаворыць па-польску ці па-руску, а потым уздыхне: – Шкада, што мова знікае.

І ўздых гэты такі шчыры, што хочацца неяк суцешыць чалавека. Напрыклад, прапанаваць яму паспрабаваць размаўляць на ёй самому. „Не, ну гэта ўжо іншае!” Гісторыя? Галоўнае – не капаць. У сям’і тутэйшага гісторыя жыве ў выглядзе некалькіх правераных аповедаў. Дзед быў добры чалавек, бабуля пякла смачныя бліны, а далей пачынаецца тэрыторыя, на якую лепей не заходзіць без дазволу. – А што было з нашымі продкамі сто гадоў таму? – Жылі. – А дзвесце? – Таксама жылі. – А якую мову яны лічылі роднай? – Ды якая розніца? Галоўнае, каб чалавек быў добры.
А чамусьці, калі гаворка заходзіць пра чужую гісторыю, тутэйшы раптам становіцца вельмі дапытлівым. Ён гатовы абмяркоўваць чужыя каралеўскія дынастыі, чужыя паўстанні, чужыя нацыянальныя трагедыі. Ён ведае, хто каму сваяк у суседняй краіне, і можа гадзінамі расказваць пра чужых герояў. А пра ўласных продкаў ведае толькі тое, што яны «не лезлі ў палітыку». Вось былі людзі! Ніколі не лезлі, нікуды не ўмешваліся, нічога не патрабавалі. Мабыць, таму пра іх і засталося так мала звестак. Яны былі настолькі асцярожныя, што нават гісторыя прайшла міма іх на дыбачках.
Палітыка – нячыстая справа. Тутэйшы не цікавіцца палітыкай. Ён вышэй за гэта. Ён чалавек практычны: яму трэба, каб быў заробак, каб не капала з полапа і каб сусед не свідраваў сцяну ў нядзелю раніцай, асабліва ў «наша свята». – А хто вырашае, які ў цябе будзе заробак? – Начальства. – А хто прызначае начальства? – Ды чаго ты ўсё пытаешся? – А хто вырашае, якую мову будуць вучыць твае дзеці? – Ну, гэта ўжо палітыка! У Канстытуцыі няма прымусу…
Тутэйшы мае выключны талент: аддзяляць уласнае жыццё ад усяго, што на яго ўплывае. Ён гатовы абмяркоўваць надвор’е, курс валют, кошт бульбы і якасць каўбасы, але варта закрануць пытанне, хто вызначае правілы жыцця ў краіне, – ён адразу ўспамінае пра сваю непрыязнасць да канфліктаў. Ягоная грамадзянская пазіцыя нагадвае дыванок каля дзвярэй: на ім можна выцерці ногі, але далей у кватэру ён не заходзіць. – Я па-за палітыкай, – ганарліва заяўляе ён. І сапраўды, па-за. Праўда, палітыка чамусьці не па-за ім. Яна прыходзіць да яго праз цэны, законы, школу, працу і штодзённыя рашэнні. Але тутэйшы ўпэўнены: калі заплюшчыць вочы і не называць рэчы сваімі імёнамі…
Міра Лукша











