20 лістапада.
Сёння зноў пішу аповесць, працяг. Калі Цялушэцкі Іван, які перайшоў з ГП БГКТ у Павятовы камітэт ПАРП, узяты цяпер на працу ў „Ніву”, дык сведчыць гэта пра тое, што на маё месца ніхто ісці не хоча.
Цялушэцкага прыняў Валкавыцкі на працу без ведама Хмялеўскага, бо не лічыцца з ім, відаць, невыпадкова. Валкавыцкі ідзе на тое, каб самому ўтрымацца.
Увечары зайшоў Цялушэцкі. Аказалася, Майсеня недакладна мяне інфармаваў – такі я зрабіў вывад, бо Цялушэцкі яшчэ не ў „Ніве”. Гаварылі мы аб усім.

З Дзяржаўнага архіва ў Беластоку
23 лістапада.
Чарговым чытачом маіх „кірылюкоўскіх” дакументаў і выступлення А. Карпюка быў Уладзімір Лісоўскі, муж сябра маёй маці. Знаходзіўся ў мяне ад 10.20 да 14 гадзін. Увечары былі: суседка Жывалеўская, швагеркі Люда і Зіна, швагер Шурка, брат Саша. Гутаркі сямейныя і інш.
Сёння пісьмо ад Літвінюка з Варшавы – ніякае. Куды яму да Варашыльскага!
Здаецца, сядзець дома – правідловая тактыка. Відаць сяброў. Відаць таксама, чаго ўладам трэба ад мяне. За месяц былі ў мяне: Паўлючук – па інспірацыі Валкавыцкага, Геніюш – магчыма, з цікавасці, Цялушэцкі, Майсеня – у пошуках спадарожніка да невядомай мэты. Сяброў не відаць. Паўсябры – гэта Паўлючук, Майсеня. З імі можна пайсці, але толькі на пэўным этапе: сяброўства тактычнае. Сяброў не было.
25 лістапада.
Сёння паслаў Кастусю Цвірку пераклады свае вершаў Віктара Варашыльскага – „Стары Маркс” і „Фашыстоўскія дзяржавы” (са зборніка „Zagada gatunkw”). Зрабіў іх учора, увечары. Таня зрабіла копію перакладу – і паслаў я на памятку Варашыльскаму.
Зянюк усё яшчэ падсірае мне ў сувязі з „Беларускім календаром” на 1971 год. Даведаўся аб тым ад М. Жачка, цэнзара. Гутарыў з ім каля 19 гадзін. Хацеў я забраць копію „Старых”.
28 лістапада.
У „Delikatesach”, завітаўшы за пакупкамі, напаткаў Марыю Федарук. Гутарка. Перадала ліст ад Быкава Васіля, ляжаў у „Ніве” аж 5 дзён. Быкаў пытае, што здарылася? Я адпісаў яму зараз жа, у двух пісьмах: у першым – канкрэтна ўсё аб даносе на мяне Амільяновіча, у другім – канкрэтна аб сітуацыі, якая выклікала гэта ўсё, аб беларусапаходжаннях. Выслаў яшчэ паштоўку з кароткім паўтарэннем, бо бяспека не спіць. Мо хоць яна дойдзе…
Звольнілі Збышка Насядку з „Газеты Беластоцкай”. Напэўна займаўся беларушчынай. Думаю, адбываецца знішчэнне нашай групы сяброўскай інтэлігенцыі польска-беларускай (калі лічыць беларусам Паўлючука). Насядкам даўно бяспека цікавілася.
30 лістапада.
Пасля 10 гадзін быў я ў Эдварда Рэдлінскага (вул. Канапніцкай, 8, кв.14). Каля 13 гадзін зайшоў з ім у клуб „Сямі”, дзе жудасна пуста. Выйшаў адсюль каля паловы трэцяй. Эдвард завітаў у „Ніву” да Паўлючука, і ўвёў мяне з ім у „Падлясянцы”. Быў гэта дзень, у якім пацвердзілася найгоршае. З Рэдлінскага зрабіў Мікульскі шэфа апазіцыі, групы. Побач з ім ставіць мяне. Насядку Збышка звольнілі на падставе „думкі калектыву”, за нішто (не спадабаўся). Неўзабаве, пакуль не позна, сам звольніўся з „Нівы” Уладзімір Паўлючук. У рэдакцыях настрой страху. Паўлючук забаяўся бачыць мяне ў рэдакцыі, сустрэліся пад дзвярыма „Падлясянкі” і зайшлі ў чайную, што ў падвале. З дня на дзень чакаюцца новыя звальненні і ў „Газеце Б.” і ў „Ніве”.
Рэдлінскі прывёз у Варшаву вестку, якая разыходзіцца па Беластоку: менавіта, савецкі пасол Арыстаў выступіў у маю абарону і, увогуле, беларускай інтэлігенцыі ў Беластоку! Неверагоднае!! Усе лічаць, што я пісаў Арыставу. Гэта няпраўда! У чым справа?..
Атмасфера пагрому нарастае. Думаю, што гэта вынік барацьбы за ўтрыманне ўлады беларусапаходжанцамі – незадоўга ваяводская справазначна-выбарчая канферэнцыя ПАРП. Палякі атакуюць, тыя бароняцца.
Сапраўды, мая справа з’явілася толькі ўступам да атакі па ўсіх думаючых, здольных, маладых творцаў. Робяць з нас ворагаў. Валкавыцкі з задавальненнем прыняў рэзігнацыю Паўлючука, які даведаўся, што хутка будзе выкінутым, папярэдзіў гэта. Здаецца, цяпер чарга за Карпюком, потым за Хмялеўскім. А і сам Валкавыцкі можа паляцець з пасады, я нават упэўнены ў гэтым, ці хутка, ці праз год-два.
Дакладна апісаў я ўсё ў пісьме В. Варашыльскаму, якое зараз жа напісаў, паслаў.
Нарастае апагей пагрому ўсіх, хто сімпатызаваў ды памагаў беларусам, нашай літаратуры. Галоўны рэдактар „Газеты Беластоцкай” Новак, у час апошняга партыйнага сходу, два разы выступаў з доўгімі прамовамі аб Рэдлінскім, пра мяне і ўсёй „апазіцыйнай групе”, громячы, як шалёны: „Мы дэмаралізавалі журналістаў!?”. Сабака!..
Трэба зрабіць вакол сябе цішыню: трымаць язык за зубамі, пісаць пісьмы невялікія або апалітычныя. Не дражніць больш звера! Што трэба і каму трэба, і так ужо многа і дакладна напісаў. Істэрыя ў Беластоку працягнецца, бадай, да лютага. Пасля ваяводскай канферэнцыі ПАРП абціхне гэтак, як пасля з’езду ПАРП абціхла ўсё ў Варшаве 1968 года.
Прыемна, у сённяшнім „Жыці літэрацкім” публікуецца маё прозвішча – значыць, авантура беластоцкая, не агульнапольская.
Рэдлінскі паведаміў мне, што будучы ў „Іскрах” даведаўся, што мая перакладная кніжка знаходзіцца на ўвазе . Мабыць, Лёвэль з „ Жыця л.” памог, абяцаў скарыстаць свае знаёмствы ў „І.” для мяне, для справы выдання кніжкі твораў маіх у перакладзе на польскую мову.
Як невялікім выдаецца мне ўчынак Амільяновіча, ён усяго толькі падзарабіў. Справа ні ва мне толькі, але ў многіх: я, Рэдлінскі, Паўлючук, Кажушка, Насядка, і яшчэ каля дзесятка іншых, вядомых мне з выгляду, маладых творцаў. Не думаў я, што аж так! Не, хоць сёе-тое заўважаў. Думалася, усё-такі мінуў час чыстак. Як многа здарылася за гэту восень. Гэта новы этап!
3 снежня.
Цікавіла мяне, ці сапраўды едзе Амільяновіч да Карпюка? 2 снежня я пазваніў з вулічнага аўтамата: аказалася, яго няма дома, жонка сказала, што ён у СССР – калі б быў ён, я адвесіў бы трубку (жонка не запытала, хто тэлефануе). Увечары каля 18 гадзін я паслаў Быкаву тэлеграму: „Ён прадаў не давайце Сакрат”. Я разлічыў, што пісьма мае да Быкава, высланыя ў суботу, яшчэ не дайшлі, а Быкаў хоча мець пэўнасць, менавіта, ад мяне. Яшчэ мне хацелася, каб даць знаць, каб нічога не давалі Амільяновічу з маіх пісем.
Сёння быў я ў Барыса Нікіцюка, кір. музея рэвалюцыйнага руху. Наведаў яго хворага дома. Ён згадзіўся даць мне работу ў музеі – за 1.200 зл.
Нікіцюк пазваніў у „Ніву” Валкавыцкаму, каб той напісаў апінію пра мяне. Валкавыцкі сказаў Нікіцюку, што павінен перш пазваніць Вітальду Мікульскаму, сакратару ВК ПАРП, і запытаць, ці той дазволіць Нікіцюку ўзяць мяне – тады Валкавыцкі напіша апінію.
Вывад: я ў руках Мікульскага, і Валкавыцкі без згоды яго, ніколі не напіша мне апініі аб маёй працы ў „Ніве”. Без апініі – я без работы!
(Працяг будзе)
Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын











