Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Дзённікі

Вялікая спадчына Сакрата Яновіча. Працяг

Дзённікі Сакрата Яновіча 1970 г. (ч. 2)

4 верасня Сакрату Яновічу (1936–2013) споўнілася б 90 гадоў. На здымку ў 1960-х гадах як журналіст „Нівы” ля ўваходу ў будынак, у якім была рэдакцыя тыднёвіка Архіўнае фота Нівы
4 верасня Сакрату Яновічу (1936–2013) споўнілася б 90 гадоў. На здымку ў 1960-х гадах як журналіст „Нівы” ля ўваходу ў будынак, у якім была рэдакцыя тыднёвіка
Архіўнае фота Нівы

23 кастрычніка.

Сёння выціснуў з Матыса 74 старонкі! За апошнія сто злотых паставіў яму паўлітра, а памочніцы – пачку шакаладак. Сам выконваў розную „чорную работу” – абы хутчэй, абы паспець з укладкай „Старых” у асобную кніжыцу. Заўтра прыходзіць у друкарню Зенюк, і Бог адзін ведае, ці не прыходзіць ён па тое, каб не дапусціць да друкавання „Старых”?!

 

25 кастрычніка.

Зенюк прыходзіў па справе выдання фальдэра аб БГКТ на 15-годдзе. Тэксты, фота і дазвол Варшавы ёсць на гэта. Наіўны, не ведае, што кніжку выдаць – да таго каляровую, бо такую хоча ён – гэта справа году часу. А 15-годдзе БГКТ за парогам ужо.

Мой „Каляндар” будзе першым выданнем у 15-годдзе. „Старых” пакуль ніхто не чапае, але без асобнага заказу друкарні на іх не абыдзецца. Пабачым, чым закончыцца мая партызаншчына.

Учора закончыў „ламанне” беларускага ў календары на 1971 год. Да чаго прычэпіцца цэнзура? Яна штораз больш антыбеларуская.

Сёння быў я на семінары карэспандэнцкага клуба маладых пісьменнікаў пры ВП ЗМВ. Спазніўся, бо заспаў. Быў Чыквін, але выйшаў з семінара яшчэ да майго з’яўлення. Ці спадзяваўся ён пабачыць каго з нас? Мяне?

Пасля семінара напрасіўся я на аўтарскія сустрэчы ў рамках дзейнасці ЗМВ. Ці адбудуцца?

Пасля семінара Э. Ярашэвіч фундаваў мне білет. Ярашэвіч вельмі цяжкі ў гутарцы – ён мізэрна начытаны.

Думаю пісаць на конкурс п’есу аб БГКТ.

 

26 кастрычніка.

Пабачыўшы TV-спектакль „Godzina szczytu” захацелася зрабіць падлік месц і асоб, у якіх (дзе) прасіў пра работу, гэта: ваяводскі архіў (Маецкі), ваяводская бібліятэка (Асановіч), прафсаюзы (Карповіч), прафсаюзы (Ігнасяк), медыцынская акадэмія  (Сарокін), клінічная бальніца (з нагавору Сарокіна), музей рэвалюцыйнага руху (Нікіцюк), Верабей Ліда, Раманюкі, Боўтрык Алесь, Wema (Шаціла), ваяводскі саюз кааперацыі (Пугаўка), ВЗГС (Лісоўскі). Разам, калі не памыляюся, 13 устаноў і асоб. Паабя­цалі: Карповіч, Ігнасяк… Рэшта  раілі то там, то сям, пазваніць, а Шаціла і Нікіцюк нат нібы і шукалі мне работу. З работай надта цяжка. Да хуёў з ВК ПАРП не пайду прасіць! Зрэшты, яны толькі пасмяяліся б. У іх жаргоне называюся я – „uderzony w jaja”. Езуіты і бюракраты, бюракраты і езуіты!!!

Заўтра іду ў пасрэдніцтва працы – патрэбныя дакументы ўжо маю.

 

27 кастрычніка.

Палітыка выразна зыходзіць на антыбеларускі курс. Гэта трэба было заўважыць ужо ў 1968 годзе.

 

28 кастрычніка.

Хмялеўскага не любяць Зянюк і Валкавыцкі. Яны яго даволі хутка даб’юць.

Толькі што вярнуўся я ад Паўлючука Валодзькі – патрэбны мне былі інфармацыі аб партыйным сходзе 17.X. (у суботу). Справа выглядала так.

Партыйны сход пачаўся ад таго, што М. Кірылюк з ВКПК, пасля некалькіх слоў нервовай характарыстыкі мяне, зачытаў цытаты з майго пісьма ад 1967 года, якое я пераслаў А. Карпюку ў Гродна (праз рукі Л. Геніюш). Зачытаў тыя цытаты, якія абражаюць СССР (Кірылюк чуўся напалоханым). Пасля гэтага былі пытанні ад журналістаў: Сверада, Клімашэўскага, Свідзінскай… Змест пытанняў: ці сумясціма мая прыналежнасць з такімі поглядамі – да ZLP, БГКТ, ці адпаведна рэагавала кіраўніцтва „Нівы” на мае погляды?? Кірылюк выкручваўся ад адказаў, засланяючыся кампетэнцыямі паасобных арганізацый і ўстаноў. Адказваў найбольш Валкавыцкі, які прыняў слушную тактыку, што мае погляды нікому не з’яўляліся таямніцамі. 

Ніхто, акрамя Валкавыцкага, не выступаў з „Нівы” (Валкавыцкі спадзяваўся на Паўлючука). Перад сходам хадзіў да Валкавыцкага Рудчык, але Валкавыцкі „пугнуў” яго: праўдападобна таму, што не ведаў зместу будучага сходу (Рудчык, як заўсёды, хацеў прыслужыцца шэфу).

Кірылюк зрабіў з мяне антысавета, даючы зразумець міжнародны аспект маёй справы. Гэтая пастаноўка маёй справы не магла не выклікаць сімпатыяў да мяне сярод палякаў. Настрою не было ні на сходзе, ні ўвесь час пасля сходу. Думаю, што і Кірылюку не спалася, усё ж – справа міжнародная! Тыпова, што затаіў удзел Амільяновіча – і баяўся дамаганняў публічнага разгляду маёй справы з маім удзелам. Усім было ўсё тое громам з яснага неба! Поўнае ашаламленне!

Аб гэтай маёй справе ўжо ведаюць многія асобы ў Варшаве (Варашыльскі дзейнічае). Мая рэзігнацыя з рэдактарства „Беларускім календаром” была своечасовай: мяне напэўна прыкладна выгналі б, тое самае – і з БГКТ. Валкавыцкі сказаў на апошнім пасяджэнні Выдавецкай камісіі ГП: „А што ён думаў! Плакаць па ім будзем?! Хам!”. Барскі і Чыквін, пасля пасяджэння і на вуліцы, выказалі сваю балючасць у сувязі з маёй справай у тым сэнсе, што зроблена мне свінства. Наколькі гэта было ў іх шчыра?..

Зянюк здольны не дапусціць мае творы ў „Альманах” № 2. Думаю, што „Сярэбранага яздака” перапыніць. Шкада, халера! Тры гады ўжо ляжыць! А, мо і добра: зраблю з яго вялікую аповесць – да 200 старонак.

Сёння выслаў у ГП БГКТ паведамленне, што пры выпуску „Беларускага календара” на 1971 год я выканаў рэдактарскія работы вартасцю ў 4.800 зл.

 

29 кастрычніка.

Выслаў пісьмо Варашыльскаму, у якім апісаў партсход 17 кастрычніка, вывады – і сваю сітуацыю (хай ведае больш).

Выслаў Анатолю Бутэвічу ў Мінск кніжку Дур-Дурскага пра Набароўскага. Ён прасіў мяне аб шмат польскіх выданнях, якія датычаць Нясвіжа. Хто даў яму мой адрас?

 

30 кастрычніка 

0,30 гадз.Бачу шмат аналогіяў у дзейнасці адміністрацыі санацыйнай Польшчы і цяперашняй у дачыненні да беларусаў, да іх правадыроў: сапхнуць у безнадзейны антыпольскі шавінізм, у нелегальшчыну нават (правакацыя Куца), выкарыстоўванне нацыянальнага маленства. Новае тое толькі, што дадаецца яшчэ антысаветызм, бо сацыялізм атаясамліваецца з польскасцю. БГКТ – агентурная арганізацыя.

13.45 гадзін. У сённяшняй літаратурнай старонцы „Белавежа” змешчаны другі верш Костака Бандарука „Вызваленне”. Першы – у вераснёўскай старонцы, якую я рабіў (Чыквін, яе рэдактар, знаходзіўся тады ў водпуску). Паслаў Бандаруку „Ніву”, нядаўна – Бандарука я адкрыў, ён – мая знаходка.

 

1 лістапада.

У апошні час навальніца навін, непрыемных і прыемных. У пятніцу пад вечар 30 кастрычніка з’явілася з Крынак перапалоханая маці. Спадзявалася, што ўжо даўно я ў турме. Прывезла мяса, яек, яблыкаў. Некалькі дзён раней, хіба ў аўторак, зайшоў да маіх бацькоў у Крынках нейкі тып, гаварыў па-польску, многае расказаў ім аб маёй справе. Відаць з усяго, што маці ведае яго, але чамусьці баіцца сказаць мне, хто гэта быў. Мо хто з бяспекі?

Гэта гісторыя з маці маёй устрывожыла мяне наймацней. Подласць! 

Маці ў мяне ўжо трэці дзень. Будзе яшчэ заўтра.

Сёння каля 18.00 з’явіўся Паўлючук Валодзька. Гаварыў аб вельмі многім і ўзяўся пасрэднічаць паміж мною і Зенюком з Валкавыцкім, найперш, па пытанню ўладкавання мяне на работу. Часткова прызнаў, што прыйшоў па даручэнню Валкавыцкага. Справа з друкаваннем мяне выглядае так: і друкаваць нядобра, і не друкаваць таксама нядобра („Свабодная Еўропа” возьме на языкі). Зянюк будзе кансультавацца ў ПАПР і Валодзька напалохаў яго „Еўропай” падчас сустрэчы журналістаў „Нівы” у ГП БГКТ (чацвер).

У чацвер на сходзе SDP Э. Рэдлінскі востра выступіў у абарону мяне. 

2 лістапада.

Маці прызналася, што таго тыпа невядомага прыдумала. Змахлявала? Прыкра. Зрэшты, я неперакананы… Штосьці і ад кагосьці мусяла чуць, бо гаварыла аб маіх пісьмах да Карпюка, аб якіх я, здаецца, не пісаў ёй падрабязна ў пісьме, пасланым напачатку кастрычніка.

Сёння Ніна Андрэюк (з „Нівы”) перадала мне пісьмо ад Кастуся Цвіркі з Мінска (я званіў каля 14-ць гадзін і дапытваўся ў Ніны наконт пісьмаў).  Цвірка, відаць нічога не ведае пра тое, што здарылася са мною. Пісьмо сардэчнае, з планамі друку мяне ў БССР.

Чакаю Паўлючука, мае быць каля 19.30 гадзін, г.зн. праз паўгадзіны. Перадасць першыя вынікі свайго пасрэдніцтва. Не прыйшоў. Чаму?

Сёння паслаў пачку слоўнікаў беларускіх у Гарадок у дом культуры Сцяпану Копе. Адпісаў таксама Цвірку.

(Працяг будзе)

Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com