Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Дзённікі

Вялікая спадчына Сакрата Яновіча

Дзённікі Сакрата Яновіча 1970 г. (ч. 1)

Сёлета 4 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння нашага таленавітага празаіка, журналіста, грамадска-палітычнага дзеяча з Беласточчыны Сакрата Яновіча (1936-2013). Аказваецца, пасля сябе пісьменнік пакінуў шмат неапублікаваных матэрыялаў, найперш гэта яго дзённікі, лісты, запісы, роздумы пра людзей і жыццё.

Ніколі не мог падумаць, што Сакрат Яновіч пакіне нашчадкам такую вялікую ўласную літаратурна-культурную спадчыну. Пры жыцці, здавалася, што ён сядзіць у сваіх Крынках, піша там празаічныя творы і ўсё. Зрэдчасу прыедзе на літаратурныя прэзентацыі, сустрэчы, ці завітае з жонкай па запрашэнню да каго-небудзь у госці. Аказалася – не. Сакрат Яновіч працаваў шмат, падтрымліваў сувязі з многімі вядомымі асобамі Беларусі, Польшчы, Літвы, Англіі, ЗША. Пісаў розныя просьбы, прапановы, заявы, пратэсты ў шматлікія інстанцыі ў абарону беларускай мовы, адукацыі і беларускага народа. Ён уважліва адсочваў усё тое, што адбываецца ў свеце, асабліва тыя падзеі, якія звязаны з Беларуссю. Усё прыватнае ліставанне, дзённікі, творы, фотаздымкі, пісьмы з дзяржаўных устаноў, кантор, міністэрстваў пісьменнік адкладваў і падшываў у спецыяльныя асобныя тэчкі, акуратна ўсё захоўваў для гісторыі. У іх адлюстраванае не толькі прыватнае жыццё беларускага літаратара ў Польшчы, але і духоўнае, культурнае, сацыяльнае, палітычнае жыццё Польшчы і Беларусі, беларускай нацыі і свету ў цэлым на пэўным адрэзку часу.

Сакрат Яновіч і Янка Брыль на юбілеі кампазітара Генадзя Цітовіча ў Мінску, 1980 г.
Сакрат Яновіч і Янка Брыль на юбілеі кампазітара Генадзя Цітовіча ў Мінску, 1980 г.

Сакрат Яновіч – гэта ўнікум, гэта чалавек-архіў, пісьменнік-скарб, пісьменнік-музей, які глядзеў наперад на гадоў 50 і ведаў, што ўсё трэба падрыхтаваць загадзя, каб пакінуць нашчадкам і Бацькаўшчыне. Бо калі сам гэта не зробіш – усё прападзе. А сабраў ён вельмі шмат – гэта цэлыя фонды невычэрпнай крыніцы для вывучэння літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі і Польшчы на працягу амаль саракагадовага перыяду.

Напачатку 1980-х гадоў Сакрат Яновіч пачаў перадаваць свае дакументы ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, у Цэнтральную навуковую бібліятэку Акадэміі Навук Беларусі і г.д. Шмат матэрыялаў пісьменніка знаходзіцца ў архівах Польшчы, ЗША, Англіі, Літвы, у прыватных архівах. Нядаўна кампазітар і паэт з Магілёва Мікола Яцкоў пазнаёміў мяне з лістамі Сакрата Яновіча да яго, з аўтографамі на кнігах і фотаздымкамі. А такіх асоб, з кім ліставаўся пісьменнік з Крынак, дзясяткі.

Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва асабісты архіўны фонд Сакрата Яновіча пад № 294 можна  падзяліць на некалькі тэм. Гэта і грамадска-палітычная дзейнасць Сакрата Яновіча, і праблемы беларускай мовы і беларускай асветы, і сацыяльна-палітычныя стасункі Беларусі і Польшчы на сучасным этапе, і беларуска-польскія літаратурныя і культурныя ўзаемадачыненні, і гісторыя літаратурнага аб’яднання „Белавежа” ў Польшчы, і гісторыя БГКТ у Польшчы, і беларуская супольнасць у свеце, і перакладчыцкая дзейнасць пісьменніка, і г.д. Каб увесь творчы скарб Сакрата Яновіча падрыхтаваць і выдаць – ён будзе налічваць не менш чым 15-20 тамоў. Але каб пазнаёміцца з усімі матэрыяламі, падрыхтаваць іх да друку, набраць тэксты на камп’ютары, вычытаць, зрабіць каментар – патрэбны час, сілы і сур’ёзная праца. Дзеля гэтага неабходны нейкі праект на год ці два, каб усю гэту працу прафінансаваць і ажыццявіць. Ды і копіі матэрыялаў у архівах патрабуюць фінансавання. Калі хто рыхтаваў спадчыну іншых творцаў – той добра ведае, што такая праца вельмі клапатлівая і няпростая.

Самымі цікавымі ўсё ж з’яўляюцца яго суб’ектыўныя і аб’ектыўныя дзённікі. З некаторымі з іх чытачы ўжо знаёміліся. Друкам выйшаў яго „Дзённікі. 1987-1995”, пэўныя запісы да 2002 года друкаваліся ў „Тэрмапілах”, а таксама на аснове дзённікаў ён напісаў кнігу „Не жаль пражытага” (Беласток, 2002). Але гэта далёка не ўсё. 

У Беларускім архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску (фонд 294, воп.1, спр.32) захоўваюцца рукапісы яго дзённікаў, пачынаючы з 1951 года. І каб з усімі імі разабрацца – патрэбны час. 

Сёлета 4 верасня Сакрату Яновічу спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння. Час бяжыць хутка, таму не за гарамі – і стогадовы юбілей. Лічу, што найперш трэба публікаваць дзённікі пісьменніка, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску. Дзённікавых запісаў шмат, некаторыя з іх зберагаюцца ў форме чарнавікоў у агульных сшытках, іх нават цяжка прачытаць, разабрацца, а іншыя лісты-запісы знаходзяцца ў нейкім хаатычным стане, яны таксама патрабуюць своеасаблівай сістэматызацыі. Але большасць дзённікавых запісаў лёгка прачытаць і яны чакаюць публікацыі. 

„Сzasopis” пачынае друкаваць дзённікавыя запісы розных гадоў Сакрата Яновіча. З дзённікамі чытачы будуць знаёміцца не ў храналагічнай паслядоўнасці і друкавацца яны будуць толькі тады, калі матэрыялы будуць падрыхтаваныя да друку.

На пачатак прапаную чытачам „Сzasopisа” дзённік Сакрата Яновіча 1970 года. Пачынаючы са студзеня 1970 года запісаў дзённіка не адшукаў. Відаць, іх і не было, а пачаў пісаць пісьменнік дзённік з верасня 1970 года. А вось запісы дзённіка 1971 года пачынаюцца са студзеня і заканчваюцца пачаткам верасня 1971 года. Іх „Czasopis” апублікуе пазней. 

Дзённік 1970 года Сакрат Яновіч пачаў пісаць тады, калі на яго быў напісаны данос журналістам Аляксандрам Амільяновічам, і калі яго звольнілі з „Нівы”. Гэта было вельмі даўно – 56 гадоў таму. Тады яшчэ камуністы кіравалі Польшчай і КПСС была адзінай партыяй у СССР. Пра ўсё гэта і даволі цікава напісаў і пакінуў нам у спадчыну Сакрат Яновіч. З многімі пытаннямі і думкамі з ім можна пагадзіцца, а з нечым сёння і паспрачацца. Адзінае, што ярка вымалёўваецца з яго дзённікаў – гэта сяброўства, знаёмства і беларускасць у Польшчы ў тыя часы. А час быў няпросты і складаны, таму кожны беларус у Польшчы тады стараўся як найменш канфліктаваць, трапляць на вочы начальству. Толькі смелыя і рашучыя сябры стараліся ў нечым беларусу дапамагчы. Іншыя – толькі абяцалі.

Найбольш з Сакратам Яновічам у той 1970 год мог паспрачацца рэдактар „Нівы” Георгій Валкавыцкі (чамусьці ў дзённіках Яновіча ён напісаны ВаЎкавыцкі, але прыйшлося выправіць на ВаЛкавыцкі. – С.Ч.). Свае думкі на ўчынак Сакрата Яновіча выказаў Георгій Валкавыцкі ў сваіх нататках рэдактара „Віры” (Беласток, 1991, с.126-127):

Нечакана пазваніў Мікалай Кірылюк старшыня Камісіі партыйнага кантролю ВК:

– Ёсць справа, зайдзіце.

У гэтым органе ніколі не быў, але ведаў выклікаюць сюды не на кампліменты. Ішоў і перабіраў у думках свае грахі. Але спавядаць мяне Кірылюк не збіраўся. З падкрэсленай галантнасцю пасадзіў за кафейны столік, паклаў на ім канцылярскую папку і прапанаваў:

– Пазнаёмцеся.

Пачаў чытаць і аслупянеў. Нейкі вар’яцкі агляд палітычнага становішча беларусаў у Польшчы. Падобныя гора-доследы прыходзілі ў рэдакцыю. Без мукаў сумлення адпраўляў іх у кошык (аб чым лаяльна паведамляў даследчыкаў). Гэты ж даклад быў пасланы ў Гродна, а яго аўтар Сакрат Яновіч. Папера перайшла ў міжнародную якасць, стала прадметам некалькіх пасяджэнняў кантрольнай камісіі і выйшла з грыфам „Злосны паклёп на ПНР”.

Як сведчыў пратакол, віноўнік пакаяўся, але адмаліць смяртэльнага граху не здолеў – выключылі з партыі.

Нахлынула злосць (на чорта, блазнюк, выслаў свой „рапарт” за мяжу!) і жаль (чаму, трапіўшы ў бяду, не параіўся, як з яе выбрацца?). Поўная затоенасць, у якой адбываўся партыйны суд над Яновічам, давала падставу да розных меркаванняў. Таму, відаць, Кірылюк і пераконваў мяне:

– Не ўспрымайце рашэнне камісіі як выхад супроць беларусаў. Справу разбіралі дэталёва. Каб не тычылася „Нівы”, перадалі б у суд. Робім скідку, бо не хочам мець у Беластоку „нацыянальнага працэсу”.

Цяпер усё, чым я мог аблегчыць долю свайго супрацоўніка, – гэта развітацца па „дамоўленасці бакоў”.

9 снежня працу „Нівы” абмяркоўвала нацыянальная камісія ВК ПАРП. Спадзяваўся на лупцоўку з-за Яновіча („А мы казалі!”, „А мы папярэджвалі!”). Нічога падобнага. Пасяджэнне прайшло карэктна. Быццам і не было справы. Толькі ў вачах удасканальшчыкаў непрыкрытае асуджэнне: „Аднак мы мелі рацыю”…

Але найбольш тады пацярпеў Сакрат Яновіч. Пра ўсё гэта ён распавядае ў сваіх дзённіках 1970 года. 

Сяргей Чыгрын

 

Дзённікі Сакрата Яновіча 1970 г. (1)

 

8 верасня.

4 верасня пачаўся мне 35 год. Быў мілы абед. Удзень я быў абавязаны на 10 гадзін з’явіцца ў Ваяводскай камісіі партыйнага кантролю. Допыт і спісванне пратакола зацягнулася да паловы другой гадзіны. Данос на мяне напісаў Амільяновіч, літаратар. Наколькі відаць – абвінавачаны я ў антысаветызме.

Галоўны рэдактар „Gazety Białostockiе” К. Новак яшчэ ў ліпені забараніў упамінаць маё прозвішча на старонках гэтай дзянніцы. Схема гісторыі цэлай такая: недзе ў 1967 ці ў 1968 годзе перадаў я праз Ларысу Геніюш даўжэзнае пісьмо Аляксею Карпюку ў Гродне. У жніўні 1969 года праз Васіля Быкава папярэдзіў я А. Карпюка, які у той час гасцяваў у Амільяновіча ў Беластоку, што Амільяновіч на сувязі з бяспекай. Карпюк не паверыў, даў мой ліст і яму пачытаць, і ўсё расказаў. Амільяновіч мсціцца.

 

14 верасня.

Сёння быў у „Ніве” Чыквін. Я крыху расказаў яму пра данос на мяне Амільяновіча, цытаваў слынныя запіскі Леніна наконт „грузінскага  інцыдэнту” – значыць, не толькі роўнасць, але нават няроўнасць на карысць нацыянальнай меншасці.

Учора даваў чытаць Шурыку Хомчыку мае «Сімптомы абвастрэння» (Symptomy zaostrzającej się polityki w stosunku do przejawów działalności białoruskiej grupy narodowej na Białostocczyźnie, напісанай 8.ІХ. г.г. Пералік він з польска-дзяржаўнага боку. На Шурыка зрабіла гэта ўражанне.

Думаю яшчэ апрацаваць, таксама каля 6 старонак, важнейшыя думкі Леніна, якія можна стасаваць у сітуацыі беларускай нацыянальнай меншасці на Беласточчыне. Наогул, самаадчуванне надта дрэннае. Прадчуваю найгоршае. Апатыя.

 

15 верасня.

Сёння ў „Ніве” расказаў я Алесю Барскаму пра данос на мяне Амільяновіча і даў прачытаць „Сімптомы”. Барскі схільны да таго, што я прайграю гэту сваю бітву з партыйным езуітызмам і польскім дзяржымордствам. Мой кантакт з Барскім быў заўважаны Юркам Геніюшам, А. Карпюком і В. Рудчыкам. Асабліва Геніюш здагадваўся аб чым гаворым, бо Барскі не сцярогся, а Геніюш сядзеў у мяне амаль за спіною ў кавярні.

Увечары некаторыя справы расказаў сябру Андрэю Гацко і дыскутавалі, чыталі Леніна „апошнія лісты і артыкулы”. Досыць!! Досыць таго гаварэння, якім рыхтую сабе „мякчэйшае месца пры ўпадку”. Досыць! Трэба маўчаць і плясці дурноты пра сэкс. Маўчаць, маўчаць і яшчэ раз маўчаць.  

 

27 верасня.

22 верасня напісаў „Энспірацыі…”, як дапаўненне да „Сімптомаў”, паставіўшы заднюю дату 13.09. дзеля таго, каб выглядала на тое, што чакаў зручнага моманту ўручыць асабіста і, каб не было завялікага перапынку ад даты „Сімптомаў”…

У сераду быў у Зубачах – удзень, а 14.00, сустрэча ў школе. У пятніцу і суботу знаходзіўся ў Варшаве ў сувязі з залікам у Раеўскага па прадмету паэтыкі. Начаваў у Бергманаў. Гутарылі да паловы другой ночы. Начлег гэты вынайшаў Віктар Швед, які жыве ў аддзеле БГКТ на вуліцы Сенатарскай, 8. Пра данос Амільяновіча расказаў я фрагментальна Шведу і Бергман, на ўсякі выпадак, каб потым не думалі, што напраўду я штосьці подлае доўб.

У пятніцу быў у выдавецтве „Iskry”, гутарыў з Енчменем, ён даў мне копію рэцэнзіі маёй творчасці. Кніжка маіх твораў у перакладзе на польскую мову з’явіцца праўдападобна ў 1973 годзе або ў 1974 годзе (6-7 аркушаў). Устрывожыла мяне тое, што Енчмень сказаў, быццам бы не меў бы нічога супраць таго, калі б узялося выдаваць мяне іншае выдавецтва… Магчыма, гэта толькі звычайная шчырасць.

Шведу доўб я ў галаву ў пятніцу вечарам, каб пастараўся аб выданні нашых аўтараў у выдавецтве „Książka i Wiedza”, дзе ён працуе ў якасці старшага рэдактара. Магчыма, Віктар Швед адважыцца „перацягнуць” гэту справу.

У Варшаве не змог я знайсці начлег у ніякай беларускай сям’і. Віктар Швед выручыў мяне з Бергманамі.

 

28 верасня.

Сёння выключылі мяне з партыі. Допыт на камісіі цягнуўся з 10.00 да 12 з мінутамі. Праз 20 хвілін, у час якіх мяне адправілі на калідор (я пайшоў у хол), быў апавешчаны мне прысуд: антысаветчык, нацыяналіст, і г.д.

Сёння звольнілі мяне з „Нівы” – з трохмесячным тэрмінам. У 14.30 гадзін паклікаў мяне да сябе Валкавыцкі (у прысутнасці п. Рогаль з кадраў) і ўручыў звальненне. Словам, машына задзейнічала надта хутка.

Першым чалавекам, якому паведаміў аб усім я, быў Піліп Кізевіч, мой настаўнік беларускасці ў першых гадах сталасці (1955-1957). Сёння больш нікому, Таню не хачу трывожыць, яна пакідае сваю працу, каб адпачыць. Аб звальненні скажу ёй у лістападзе, у канцы. Тады, калі пашукаю працу. На шчасце, я магу жыць ужо нават 2-3 дні не заходзячы ў рэдакцыю „Нівы”. Адвыкаю. Вельмі любіў.

 

2 кастрычніка.

Шукаю, ужо другі раз, Эдварда Рэдлінскага. Хачу параіцца ў яго, што мне рабіць? Дзе шукаць працу?

Сёння спрабаваў я ўладзіць справу так, каб фармальна выходзіла на тое, што я сам звальняюся з працы ў „Ніве”. Гаварыў у гэтай справе з Аверам (аддзел прапаганды ВК ПАРП), са Стачкоўскім (дырэктар мой), з Валкавыцкім (галоўны рэдактар „Нівы”), потым зноў з Аверам, з Зенюком (сакратар ГП БГКТ), з Валкавыцкім гаварыў асабіста. Усе робяць уражанне, што не супраць памагчы, але ніхто не дапамог. Халерныя езуіты! Добра, што хоць з годнасцю гаварыў з імі… Больш не буду гаварыць – ні з імі, ні з да іх падобнымі. Думаю ўладзіцца так, каб мець многа часу на пісьменніцкую работу і на завочную сваю вучобу. Зарабляць нямнога, каля 1.500 зл., час ад часу артыкул напісаць: мо ўдасца мець пасаду нейкага бібліятэкара або кнігарніка? Можа буду проста майстрам у электрычным варштаце недзе паблізу хаты, дзе работы на некалькі гадзін, а рэшта – вольны час? Мушу перад усім пісаць! Пісаць новую кніжку.

Таня яшчэ не ведае аб маім звальненні. Нічога не кажу ёй, каб не нерваваць яе, бо яна якраз таксама кідае сваю працу, звальняецца сама. Не вытрымлівае працы.   

 

4 кастрычніка.

Сёння, у нядзелю, гаварыў з Эдвардам Рэдлінскім: ад 10.00 да 20.30 гадзін. Чуць не пападалі знясіленыя.

Болей падрабязна і праўдзіва пазнаёміў яго з тым, што здарылася са мною ў ВК ПАРП. Вялікае і пазітыўнае ўражанне зрабілі на ім „Symptomy…” i „Inspiracje”.

Рэдлінскі правёў даўжэльны довад, які меў пераканаць мяне ў тым, каб пачаць пісаць на польскай мове. Больш чытачоў і значэння. Яму то было лёгка выказаць логіку, а мне? Нечакана самому сабе – калі ўжо завячэрала – я, седзячы ў цемнаце, адкрыў самому сабе тое, што рабіў свядома ад 1962 года толькі ў дачыненні са Службай Бяспекі, каб пазбыцца яе. Менавіта, я адкрыў, што залежыла мне на тым, каб пазбыцца партыі, у якую лезуць чуць не адны кар’ерысты, і – таго беларускага асяроддзя, якое існуе штучна. Сказаў я Рэдлінскаму: восем гадоў ваяваў я за беларускую справу перад рознымі ўладамі не таму, каб выйграць, бо ў выйгрыш не верыў, а таму, каб спазнаць механізм улады, восем год тварыў я сваю кніжку жыцця, якую хачу некалі напісаць; ад некалькіх гадоў рыхтаваў сябе да адходу з „Нівы”, бо прадчуваў, што калі „вылечу” з партыі, не будзе мне месца і ў „Ніве”. Спазнаў, і што трэба было, нічога не шкадую, цяпер кідаю жыць з журналістамі, шукаю ціхай работы і бяруся за напісанне кніжкі. А па-беларуску, шаноўны Эдвард, чытае мяне больш людзей і ўважлівей, чым чытала б па-польску: эліта культуры БССР, дзе-нідзе і ў СССР. Рэдлінскі здзівіўся і пагадзіўся. 

У хаце Таня сказала мне, каб я звальняўся з „Нівы”. Не ведае, што я ўжо звольніўся.

 

8 кастрычніка.

Ужо прамінуў 11-ы дзень ад хвілі, калі настаў час развітання з партыяй, з „Нівай”. Больш-менш падрабязна паведаміў я аб здарыўшымся: Яна Чыквіна, Мікалая Матэйчука (з Гарадка, Дом культуры), часткова В. Рудчыка („Ніва”) і Серафіма з Любай Раманюкоў. Толькі паведаміў – у сувязі з пошукамі працы – У. Паўлючука („Ніва”), Асановіча (бібліятэка), Карповіча і Ігнасяка (прафсаюзы), Я. Шацілу (выд. Weme).

На кім скончу гутаркі, бо былі яны непазбежны ў пошуках працы. Цяпер ведаю, чаго спадзявацца, дзе працаваць. Роспыты будуць непазбежны, але абмяжую іх да тэзы: Амільяновіч данёс на мяне. Таму ў „Ніву” буду заходзіць толькі ў неабходных справах. Усё зраблю, каб хутка пакінуць „Ніву” і перайсці як найхутчэй на новую працу, мо ў Weme? Сёння выслаў пратэст у Цэнтральную камісію кантролю. 

 

14 кастрычніка.

Сёння напісаў заяву аб звальненні з „Нівы” ад 1 лістапада (прыспешаным). Вышлю заяву ў пятніцу або ў суботу – поштаю. Больш не хачу бачыць Г. Валкавыцкага.

 

16 кастрычніка.

Учора ў 19 гадзін выслаў заказным лістом я заяву сваю аб адыходзе з „Нівы” – з 1 лістапада. Сёння зрабіў экскурсію ў Белавежу цераз Бельск – ездзіла Таня і Славак (Ярак быў у Белавежы ў канцы жніўня). Аб тым ніхто не ведае. Афіцыйна быў гэта мой службовы выезд машынаю выдавецтва. Увечары каля 20 гадзін быў у нас Саша, які вярнуўся з Крынак. Сказаў ён, што маці задаволеная маёй беспартыйнасцю, непакоіцца крыху тым, што я кідаю „Ніву”. Падазрае, што мяне проста звольнілі.

 

17 кастрычніка.

У чацвер, 15.X., наведала мяне ў „Ніве” Валянціна Фішэр, старшыня арганізацыі эсперантыстаў у Беластоку. Прынесла мне копіі перакладаў двух твораў маіх на мову эсперанта. Гэтыя творы здабылі ўзнагароду ў літаратурным конкурсе, які адбыўся ў час летняга эсперанцкага фестывалю. Кашковяк у „Газеце Беластоцкай” усё змахляваў у гэтай справе – Фішэр напісала яму пратэстацыйнае пісьмо.

 

20 кастрычніка.

Думаю, што Таня праклінае той момант, калі я ўступіў у ПАРП. Сёння я зразумеў, якой вялікай свіннёю з’яўляецца Зенюк, сакратар ГП БГКТ. Даў ён мне зразумець, што буду я рэпрэсіраваны таксама і па лініі БГКТ – уключна да забароны друку маіх твораў (на гарышчы ГП балаган) сёння. Зенюк сказаў Хмялеўскаму, што нядобра сталася, што дапусцілі да таго, што я наладзіў развітальную выпіўку ў „Ніве”. Былі на ёй: Хмялеўскі, Паўлючук, Карпюк, Ада Чачуга, Марыся Федарук, Рыбі, і яшчэ некалькі асобаў. Нібы аб гэтай выпіўцы ўжо ведае Ваяводскі камітэт ПАРП. Хмялеўскі вельмі знерваваўся на Зенюка, тым болей, што Зенюк якраз у той момант частаваўся гарэлкаю Хмялеўскага. 

– Ты ж таксама п’еш у ГП? – выбухнуў Хмялеўскі. – Больш таго не будзе ад сёння, Зенюк.

Закалола ў вочы тое, што ўся „Ніва” была за мною. Спадзяваліся ізаляцыі. Вядома, выпіўка была дэманстрацыяй маёй, бо ў Валкавыцкіх я не прасіў дазволу.

Зайшоў у друкарню, дзе я даглядаў „Беларускі каляндар” на 1971 год. Раней я дамовіўся з Хмялеўскім, што ён прынясе мне рэшту хронікі БГКТ (ад IV да IX г.г.). Хмялеўскі, відаць, хадзіў да Зенюка ўзгадняць гэты матэрыял…

Чыквін на днях гаварыў Шурку Хомчыку, што адчувае сябе банкротам.

Думаю, што настаў ужо час абмежаваць свае кантакты з БГКТ толькі да літаратурных спраў.

Зраблю „Каляндар”, гэта важна, бо захаваю прозвішча ў так крытычную хвілю – і канцы ў воду! Пры нагодзе дам падборку польскіх цытатаў – нам на руку, беларусам – і спрабую выхітрыць асобнае выданне п’ескі „Старыя” (міністэрства забараніла друкаваць яе ў „Календары”).

Заўтра ў 13.00 іду па канчатковы разлік з „Нівай”. Не шкадую такога канца.

 

21 кастрычніка.

Зрабіць тэхнічную рэдакцыю „Беларускага календара” на 1971 год я не дамаўляўся. Але раблю – і то нат паўлегальна. Узяўся я па многіх прычынах: каб захаваць сваё прозвішча, свае матэрыялы, свой стыль „звёрсткі”, выдаць прытым п’есу „Старыя” (паўлегальна), і ўрэшце – гэта апошні ў жыцці мой каляндар, трэці (1965, 1968, 1971). Да трох разоў штука! Ці ўдасца выдаць п’есу „Старыя”? Мастацкае нішто, але хай была б. Асабліва ў крытычны мне час была б яна маёй другой кніжкай, другім асобным выданнем. 

Максімальна доўга трымаць усіх у несвядомасці маіх намераў.

22.35 гадз.

 

22 кастрычніка.

Сёння сакратарка „Нівы” Марыся Федарук прынесла мне дахаты апінію Валкавыцкага аб маіх 15 гадах працы. Гэта „апінія”, напісана, калі я нарадзіўся, у якіх гадах працаваў і… на якіх умовах звольнены з рэдакцыі, г.зн. на нармальных, трохмесячных. Ні слова аб тым, як працаваў я! Гэту „апінію” я адаслаў поштаю ўвечары назад Валкавыцкаму, дапісаў, што гэта кпіны з мяне!!

Сёння звярсталі ўжо 145 старонак „Беларускага календара” на 1971 год! Больш не будзе яго. Як каля 190 старонак (апрача „Каляндарыума”). Вярстоўшчык Матыс – гультай.

Сёння ўпершыню зайшоў у пасрэдніцтва працы (вул. Варшаўская р/г Сянкевіча).

(Працяг будзе)

Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com