

Фота Міры Лукшы
Галоўны герой гэтага твору – гісторык-архівіст Стэфан, які зарабляе на жыццё складаннем радаводаў для заможных кліентаў. У ягонае размеранае жыццё ўрываецца каханне да загадкавай Леты.
Леце Юстыновіч
1
Цяперашні Стэфанаў кліент, айчынны гарэлачны магнат, стала атабарыўся на Крыце і, хадзілі чуткі, жыў у палацыку з элементамі лабірынту, што адразу прымушала ўспомніць Мінатаўра. Для поўнага шчасця суседу антычнае пачвары не ставала як мага больш разгалінаванага радаводу. Мяркуючы па выплачаным перад Калядамі авансе, Стэфана чакаў больш чым прыстойны ганарар.
Яны з замоўцам сустрэліся ў зацішным грузінскім рэстаране. Падобны да штангіста-цяжкавагавіка магнат натхнёна даваў рады вялізнаму сакаўному хачапуры па-мегрэльску, падліваў у келіхі мукузані і нецярпліва нагадваў афіцыянту пра хінкалі. Збіваючыся з вы на ты, ён захоплена апавядаў пра аднаго з продкаў па мужчынскай лініі, або, як казалі даўней, па мячы.
Продак, славуты на ўсё ваяводства неймавернымі спрытам і дужасцю шляхціч, любіў праехацца на двух конях, стоячы правай нагою на адным, а леваю – на другім. Ён забіваў ілбом каваныя цвікі, каб лёгка выцягваць іх зубамі. Стаяў на правай руцэ, выпіваючы з левай добрую чарку гарэліцы і прыкусваючы яе салёным гурком. Ён перанырваў шырокую рэчку і абавязкова выходзіў на бераг са шчупаком ці ментузом. І, безумоўна, ніхто не мог дараўнаць ягонай нястомнасці ў любошчах. Гэта пацвярджалася ці не самым слынным вычынам продка: аднойчы той нібыта перанёс на прычынным месцы праз усю карчму ніштаватае вядзерца з півам. Можа, кухаль? – паспрабаваў удакладніць Стэфан. Вядзерца, адрэзаў замоўца і ўпіўся зубамі ў пякучую хінкаль.
Калі ўсё пойдзе ладам, замоўца дэклараваў запрасіць Стэфана да сябе на Крыт. Можна і з музай, рагатнуў кліент. І неабавязкова, каб яе звалі Кліо.
2
Пошукі абяцалі стаць цікавымі, бо Стэфан прасачыў нітачку, якая лучыла сённяшняга жыхара Крыта з рэальным, а не легендарным продкам, асобаю знакамітаю і вартай памяці нашчадкаў. Той продак не насіў на сорамным месцы ні вядзерцаў, ні кухляў з півам, затое пакінуў найцікавейшы дзённік-дыярыуш эпохі Рэнесансу. Калі душа аўтара адляцела ў вечны вырай, сыны, якіх Бог не абдзяліў розумам, не засунулі дыярыуш у куфар з фамільнымі паперамі, а надрукавалі яго, і кніга зрабілася тагачасным бестселерам.
Старадаўняя кніга нездарма займела мноства чытачоў: людзей адвеку вабілі таямніцы і жахлівыя здарэнні, а якраз імі і поўніліся старонкі.
Але спачатку ён адклаў дыярыуш, бо чартавіны, як сказала б ягоная бабуля, у жыцці і так хапала.
Другая спроба аказалася больш паспяховай.
3
Продак гарэлачнага магната, адукаваны шляхціч з дыпломам факультэта вольных мастацтваў Карлавага ўніверсітэта, бясконца вандраваў па дзяржаве і суседніх краінах то з войскам, то з двума вернымі слугамі. Нязменна знаходзячы час на дыярыуш, ён выявіў пільнае вока, чуйнае вуха і нязводную схільнасць да містыкі.
У дыярыушы былі старанна занатаваныя атмасферныя і астранамічныя праявы, патлумачаныя ў духу эпохі як нябесныя знакі. Яны папярэджвалі пра небяспеку, вешчавалі добрае ці благое або наўпрост здзяйснялі Божую волю.
На Вадохрышча над зямлёю ад небакраю да небакраю вісела вясёлка, і год выпаў ураджайны на нівах і ў садах, а грыбы ў лясах стаялі шыхтамі, і нейкая белагаловая з-пад Наваградка пахвалілася падарожніку: Насілі з нявесткаю грыбы – як не ажарабіліся.
Сонечнае зацьменне супала з бітваю, дзе загінуў найлепшы сябра аўтара дыярыуша. Стэфан спраўдзіў дату зацьмення ў гугле: яно папраўдзе адбылося ў дзень баталіі са шведамі.
А ў месяцы лютым паказалася камета вялікая на ўсходзе сонца і стаяла час не малы, а па камеце разарэнне ўсёй зямлі ад маскоўскага непрыяцеля прыйшло. Пры аблозе гарадоў і замкаў не стралялі загавораныя чараўнікамі гарматы, агнёвыя ядры не падпальвалі драўляных сценаў, а з глыбокіх, украй паўнюткіх равоў за ноч да кроплі сыходзіла вада. Пасланы варожымі ведзьмакамі ўраган зрываў дахі палацаў і нахіляў званіцы, а выпраўлены ў адказ тутэйшымі млынарамі віхор знявечыў дзевяноста царскіх стральцоў, паадрываўшы каму руку ці нагу, а каму і голаў.
Сустрэлася ў дыярыушы і згадка, за якую ўхапіліся б уфолагі: Знак на нябёсах паказаўся ў шарую гадзіну, а мяноўна месяц выплыў, і зорка вялікая прыйшла і яму слугавала.
Стэфан запіваў адоленыя старонкі келіхам падараванай кліентам рэцыны – грэцкага белага віна з водарам і прысмакам смалы – і чытаў пра полаза таўшчынёю з руку і даўжынёю з дзіду, што даганяў найхутчэйшага каня, абкручваўся вакол вершніка ды працінаў яму горла джалам. Не менш уражваў і аповед, як пярун на шасцідзясяты дзень нараджэння забіў у полі пад хваінаю пана пачцівага, бо акурат такую смертухну прадказаў яму ў маладосці звяздар-астролаг.
4
Нібы адчуўшы, што Стэфан урупіўся ў працу, з Крыту затэлефанаваў кліент. Ён жыццярадасна і нецвяроза даваў у слухаўку ўласную справаздачу: плавае ў моры, п’е найлепшае ўзо – мясцовую анісаўку і ўвогуле ўсё, што гарыць, і бавіцца з німфамі. Калі радаводнае дрэва зашамаціць лістотаю, магнат пакліча Стэфана на гасціны, і яны будуць поплеч рабіць ранішнія і вечаровыя заплывы ды пустошыць запасы самага дарагога і рэдкага пітва. Тэлефон рагатаў і сапраўды пачынаў пахнуць анісаўкай.
Стэфан скаўтнуў асцу. Даўні спадзеў хаця б на тыдзень кардынальна памяняць заваконны краявід набываў усё большую верагоднасць. У сіле заставалася і колішняе запрашэнне высадзіцца на Крыце у кампаніі з музаю. Як яе будуць зваць, Стэфан дагэтуль не ведаў.
Каб упэўніць магната, што справа жвава рухаецца наперад, Стэфан прачытаў яму фрагменты дыярыуша і запрапанаваў найцікавейшае прыкласці да радаводу. Замоўцу ідэя натхніла. Ён чамусьці асабліва ўпадабаў чарадзейны камень з дзіркаю, пралезшы праз якую, чалавек пазбаўляўся любой шкоднай звычкі ці хваробы. А вось запіс, як пан Бог пакараў віленскага ваяводу Паца за дазвол разграміць бажніцу кальвіністаў, выклікаў пратэст. Пра ваяводу не трэба, не пакаціла. Мы народ талерантны.
5
Чытаючы далей,Стэфан папраўдзе захапіўся.
Дарогаю з Вільні дадому заначаваў я ў стадоле і на досвітку ўбачыў агністага чалавека, да якога кінуўся, а ён сам ішоў да мяне, і схапіў я нож, і ўдарыў яго. А ён, прапаўшы, знячэўку ў тым самым куце, дзе напачатку, аб’явіўся і зноў ішоў да мяне. А я вакно адчыніў і шапку смушкавую шпурнуў у прыхадня. Вось тады ён згінуў і следа не пакінуўшы.
Раніцой пакаёўка пад сакрэтам апавяла падарожніку: агністы чалавек – гэта цмок-летавец. Ён заяўляецца начамі любіцца з гаспадароваю дачкой. Усе навакольныя жыхары, якія бачылі летаўца ўначы, а то і сярод белага дня, або тапіліся, або лезлі ў пятлю. Самога падарожніка такая горкая доля абмінула, але ён занядужаў і мусіў у тым маёнтку затрымацца. Запрошаны лекар вызначыў, што хвароба насланая інкубусам, пакінуў бутэлечку лекавага зелля і паперчыну з закляццем на добры сон.
Хворы трохі ачуняў і аднае начы прачнуўся ад стуку ў шыбіну. За вакном было пуста, а ўдалечы, на ўзлеску, гарэла вогнішча. Трэба аддаць належнае смеласці шляхціча: той не збаяўся, захапіўшы шаблю, вылез у вакно і незаўважным наблізіўся да загадкавага вогнішча, каб стаць там сведкам жахлівай карціны.
Перад вогнішчам, раскінуўшы рукі, нібы збіралася ўзляцець, стаяла ў начной сарочцы бялявая прыгажунька – гаспадарова дачка, а вакол яе… Вакол яе кружляла сціжма кажаноў. Яны збіваліся над дзяўчынаю ў цёмны рой, як гіганцкія авадні, з піскатам рассыпаліся і сядалі ёй на голаў і плечы, чапляліся да рук і ног. Дзяўчына не баялася пасланцоў змроку, а наадварот – цешылася іх таемнай гульнёю нават, калі кажаны абсядалі яе ўсю вялізнымі начнымі матылямі і пераўвасаблялі летаўцову каханку ў калматую мурынку, пакідаючы белым адзін твар.
Цемра была хаўрусніцай падарожніка. Ён непрыкметна дабраўся да маёнтка, хапатліва склаў кайстру і ўскочыў у сядло.
Стэфан падарваўся з фатэля і колькі хвілін утрапёна хадзіў з кута ў кут. Нарэшце прымусіў сябе сесці, выпіць віна і зноў занурыцца ў дыярыуш. Таямніца тае ночы так і засталася нераскрытай, а таму чыталася ўжо па інерцыі. Стэфана не ўразілі ні ўваскрэслы з попелу, чвартаваны, а затым спалены шляхцюк, які зрабіў замах на вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, ні чэрці, што заявіліся па аўтара дыярыуша на чацверыку коней, заехаўшы сходу на другі паверх камяніцы, ні белая кабета, якая выправіла нячысцікаў назад у пекла, крыкнуўшы: Гэты чалавек яшчэ не ваш!
Уваччу з тонкім піскам раіліся над дзяўчынай з шаснаццатага стагоддзя кажаны.
Амаль так, як было на лясным возеры, на якое ён з Летаю прыехаў у ліпені.
6
Кожнага вечара яны раскладалі водбліз іхняй зялёнай з сінімі вокнамі дамоўкі невялікае вогнішча і да паўночы бавіліся пры ім, размаўляючы ды папіваючы кожны свой напой: ён – віно, а Лета – незаменны каньяк.
Кажаны аб’явіліся ў першы ж дзень: то бязгучна праляталі над імі, то нагадвалі пра сябе посвістам крылаў і, дэманструючы дасканалую рэхалакацыю, знікалі ў прыцемку, трымаючыся неспасцігальна-мудрагелістай траекторыі.
Стэфан з маленства пабойваўся гэтых стварэнняў. Неяк у бабулінай вёсцы кажан сарваўся з неба проста на голаў малому суседскаму хлопчыку. Пакуль старэйшыя, а з імі і Стэфан, змагаючыся з агідаю, выдзіралі кажана з валасоў, малы трымцеў ад страху і ўрэшце абсікаўся. Каб не закажанеў і не застаўся на ўсё жыццё такога самага расточку, малога вадзілі да вясковай вядункі – маленькай, сухенькай і, напэўна не маладзейшай за сто гадоў. Стэфан памятаў яе, бо з самім ім бабуля хадзіла да вядункі лекаваць ад кацінае драпы. Знахарка капала са свечкі ў ваду воск і шаптала чарадзейныя словы.
Да вогнішча Стэфан прыходзіў у кепурцы, і ўвесь час прапаноўваў накінуць нешта на валасы і Леце. Ён распавёў ёй пра абсіканага малога і вядунку. Лета адмахнулася: Не бойся, не ўсікаюся. Дый вырасла ўжо. Няхай садзяцца!
Між тым, як выглядала, з іхняе пары кажаны вылучалі якраз Лету. Магчыма, акурат таму, што яна сядзела каля агніска з непакрытаю галавой, крылатыя жыхары ночы часам разразалі паветра ўсяго на пядзю ад яе.
Калісьці ў школьным біялагічным гуртку Стэфану даручылі падрыхтаваць выступ якраз пра кажаноў. Ён ніколі не скардзіўся на памяць і лёгка ўспомніў усё, што ўведаў тады пра гэтых ці то мышэй, ці то птушак.
Лета, да чаго ён ужо звык, пераважна адмоўчвалася, прынамсі, аніколі не распачынала размовы сама, і Стэфан нярэдка парушаў моўкнасць пры вогнішчы весткамі пра летуноў-назолаў. Ты ведаеш, яны засынаюць уніз галавой і могуць праспаць так без шкоды для сябе восем месяцаў? – Зайздрошчу, адгукалася Лета. Затое, калі прачнуцца, лётаюць хутчэй за любую птушку. – І куды яны лётаюць? – Леце былі ўласцівыя пытанні з неспадзяваным паваротам. Як куды? Шукаюць што з’есці. – Ты сапраўды лічыш, што яны такія прымітыўныя? – Гіганцкія вечарніцы, не здаваўся Стэфан, ядуць жабаў і яшчарак, а звычайны кажан за ноч з’ядае жамяры на траціну сваёй вагі. – Давай і мы наловім жабаў. Яшчарак шкада. Яны валхвіцы.
Стэфан ведаў: высвятляць, чаму яшчаркі – валхвіцы, марна, а таму не збіваўся з тэмы. Мо ўсё ж лепей наловім рыбы? – прапаноўваў ён. Вуды так і ляжаць некранутыя. А яшчэ кажаны спяваюць на ўльтрагукавых хвалях. У кожнага, калі заляцаецца да саміцы, свая песня. – Ну, ясна, юны натураліст, усё як у людзей.
7
Ён цягнуўся да Леты, вылушчваў з апраткі яе халаднаватае, незагарэлае цела дзяўчынкі-падлетка і ўадначас дасведчанай таленавітай жанчыны, і яны плылі ў высокай траве пад зоркамі і кажанамі. Плылі доўга, рознымі стылямі, і кожны дарыў адметную асалоду.
Потым Стэфан з Летаю туліліся да вогнішча. Ён любіў хвіліны, калі полымя дагарала і ператваралася ў процьму чырвоных з чорнымі пералівамі профіляў, твараў, постацяў – у чалавечкаў-вогнікаў, якія абдымаліся, счэпліваліся ручкамі і ножкамі і, ствараючы непаўторныя кампазіцыі, здавалася, таксама пачыналі кахацца.
Гледзячы на вогнішча, Стэфану добра думалася пра час, загадкавую субстанцыю, якая запаўняе любыя формы з відочнымі і невідочнымі межамі, але ў кожнай з гэтых формаў паводзіцца па-рознаму. Вось тут, у коле святла, – час такі, а там, у цемры, адкуль вынырваюць кажаны, – бясспрэчна, зусім інакшы.
Табе не здаецца, што наш лес жыве немаведама ў якім стагоддзі? Мо там, напрыклад, юрскі перыяд? Лета, нібы прачытаўшы ягоныя нядаўнія думкі, адказала ва ўласцівым ёй стылі: Адчуваю, як твой час запаўняе маю пляшачку. Яна паказала апусцелую пляшку з-пад каньяку. Можа, сходзіш па новую? Пакуль з твайго юрскага перыяда, яна кіўнула на лес, не вылецеў які-небудзь… Гэта быў апошні лясны вечар, і, Стэфан адзначыў, Лета крыху разгаварылася. Які-небудзь птэрадактыль? – скончыла яна.
Цемра азвалася піскатнёй кажаноў, якіх эвалюцыя, шкадуючы чалавека, прывяла на змену птэрадактылям. Як бы адчуваючы: заўтра ні вогнішча, ні людзей тут не будзе, кажаны разлёталіся болей, чым зазвычай. Стэфан не сумняваўся: Лета вабіць іх нашмат мацней за яго і знайшоў вясёлае, як яму здавалася, тлумачэнне. Маўляў, яны, няпрошаныя двухногія госці, маюць справу з выключна, так бы мовіць, мужчынскаю папуляцыяй. Кажаны заслужана паводзяць сябе па-гаспадарску, а з’яўленне гасцей і найперш яе, Леты, для іх – нечаканая прыемная прыгода. Сярод гаспадароў прыцемкаў і мораку, безумоўна, ёсць закаханыя ў Лету асобіны. Яны раўнуюць, і ў іх ідзе суперніцтва за права першай, дакладней, апошняй ночы. На яе перадусім, ведама ж, прэтэндуе важак пісклявае папуляцыі. Якое ў яго можа быць імя? Нешта лятучае і з гучным тытулам?
Лета рэзка спыніла той дураслівы маналог: Яго завуць Начны кашмар! Мне падабаюцца кашмары. Яны аздабляюць жыццё. Яна зноў памахала ў паветры пустой каньячнай пляшкай і кіўком галавы паказала на дом.
Надзвычай хутка Леціны словы пра кашмары атрымалі пацверджанне.
8
Па дарозе назад да вогнішча Стэфан з прысмерку ўбачыў, як Лета, павярнуўшыся да яго спінаю, стаіць з раскрыленымі рукамі, а вакол яе танчаць страхавіты танец кажаны. Аўтару напісанага пяцьсот гадоў таму дыярыуша яны выдавалі велізарнымі аваднямі і матылямі, а Стэфану пасля нядаўняй згадкі юрскага перыяда здаліся закажанелымі птэрадактылямі, ад якіх веяла жудой і пагрозаю.
Ён не пабег ратаваць Лету, бо зразумеў: ёй, як і той каханцы летаўца, даспадобы жывая хмара, што часам захінала яе, нібыта забіраючы з сабой. У нейкі момант Лета пачала ўзамахваць рукамі. Стэфана апякла вар’яцкая думка: вось-вось Лета сама пераўвасобіцца ў кажана і ўзляціць.
Яна не ўзляцела. Пачула яго крокі, і яе рукі – хвілю таму яны мроіліся яму крыламі – павольна апалі, зрабіліся якімісьці бездапаможнымі. Лятучыя танцоры, незадаволена папіскваючы, падняліся ў начное неба вышэй, але не паляцелі прэч, а па-ранейшаму густа кружыліся над імі, на імгненні крадучы ў вачэй зоркі. Стэфан пераканаўся: ні кажаны, ні Лета не радыя ягонаму вяртанню. Гэты свет належыць не толькі нам, ім – таксама. Але супакойся. Я пакуль не навучылася лётаць.
У тую ноч Стэфан спаў наструнена-чуйна і часта прачынаўся ад выразнага свісту крылаў. Колькі разоў крылатыя гаспадары наваколля біліся ў вялікае, злучанае са шклянымі дзвярыма вакно, і яму, Стэфану, мірсцілася: гэта не кажаны, а ўсяго адна крылатая тварына, што ніяк не можа супакоіцца і развітацца з Летай.
Лета ж у мірг вока заснула, як звычайна на левым баку, па-дзіцячы падклаўшы абедзьве далоні пад шчаку, і спала надзіва спакойна. Яе быццам падмянілі: у мінулыя ночы яна почасту ўздрыгвала, штосьці мармытала на тарабарскай начной мове, а то і сядала ў ложку, неўразумела гледзячы навокал шырока расплюшчанымі непрачнутымі вачыма, і анічога такога, прызнавалася ўранні, не памятала.
На знікомай мяжы паміж яваю і сном перад Стэфанам мільгануўся лекар з дыярыуша пяцісотгадовай даўніны, што даў аўтару бутлік зёлак і паперку з закляццем ад летаўца. Стэфан не адмовіўся б ад такіх лекаў.
9
Адолеўшы старадаўні дыярыуш, Стэфан адчуў, як зноў трапляе ў пастку ўспамінаў. Яны паўставалі ў інакшым святле. Сталася відавочным: адпраўной кропкаю цэлага ланцужка непразрыстых здарэнняў і сітуацый, звязаных са знікненнем Леты былі зусім не кажаны на лясным возеры. На той момант ён ужо быў гатовы да розных нечаканак.
У тэлефоне адбіліся тры званкі з кодам Грэцыі. Замоўца выяўляў нецярплівасць, і Стэфан правёў з ім заспакаяльную гутарку: ён заложна працуе і набыў квіткі ў Вільню, дзе павінны знайсціся дакументы пра ўдзел продкаў у паўстанні Каліноўскага. У якасці мастацкага дадатку Стэфан прачытаў гарэлачнаму магнату новыя ўрыўкі з дыярыуша.
Стэфан выклаў на стальніцу стос зробленых пад старасвеччыну жаўтлявых крафтавых аркушаў, на якіх складаў фінальныя генеалагічныя табліцы і пасунуў да сябе масянжовую каламарку пазамінулага стагоддзя, праўда, з сучасным чорным атрамантам. Пяро было не гусінае, а сталёвае, аднак ён пакінуў за сабою права называць яго для кліентаў гусіным, а то, пад настрой, і лебядзіным.
Роўным чытэльным почыркам з элементамі каліграфіі ён перапісаў з дыярыуша тры старонкі, аздабляючы загалоўныя літары чырвоным атрамантам з асобнага бутліка. Цягам усяго працэсу яго не пакідала вярэда, якая паступова вылузвалася з туману і набывала абрысы выразнай высновы.
Калі Стэфан загарнуў дыярыуш і высушыў свежаперапісаныя аркушы, ён усвядоміў, што зробіць, каб утаймаваць плынь згадак пра Лету, якія па-ранейшаму бунтавалі душу, не дазваляючы засяродзіцца на працы і наогул вярнуцца ў звыклы лад жыцця, які яму падабалася ў думках называць на лаціне – modus vivendi.
Ён знайшоў бездакорны, як здавалася, сродак: напісаць уласны дыярыуш. Даверыўшы паперы падзеі прамінулага года, ён створыць паміж імі і сённяшнім днём патрэбную дыстанцыю. Ён завершыць радавод, з’ездзіць на Крыт і калі-небудзь, настроіўшыся на адпаведную хвалю, перачытае ўжо крануты пацінай часу свой задаўнены дыярыуш, каб недзе ўсміхнуцца, недзе зажурыцца, а штосьці, як пашанцуе, і разблытаць.
Разам з тым Стэфан не сумняваўся: існуюць рэчы, сутнасць якіх ты аніколі не патрапіш расшыфраваць, але яны нікуды не знікаюць і, магчыма, больш пашчасціць некаму іншаму.
Як гэта ён вычытаў недзе ў тастаментах? Памяць чалавечая вельмі кароткая была б, каб пісьмом не падпіралася.
Уладзімір Арлоў











