Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Вясковая адзінота

Дарога ў цішыню

Выбраліся нядаўна з жонкай на яе малую радзіму – вёсачку, што ляжыць у кіламетрах дваццаці ад нашай. Жонка там нарадзілася, а потым у дзяцінстве яе кожнае лета туды адвозілі бацькі да бабулі. Бабулю забралі адтуль мо ўжо з гадоў дзесяць таму. З таго часу хата пустая стаіць. Цесць так і не вырашыўся яе прадаваць, бо ў свае часы бацька яму забараняў. Маўляў, не чапай хату, у чорную гадзіну будзеш хаця б мець дах над галавой. Ды й, шчыра кажучы, каму яна патрэбная ў гэткай глухамані, дзе няма нават крамы і людзей палічыць на пальцах.

У цягніку, як звычайна ўзімку, пасажыраў няшмат ехала. Нейкія кабеты скардзіліся паміж сабой на моцныя маразы, што распачаліся напрыканцы снежня. Маўлялі, хату ўдалося аднойчы пратапіць толькі да васьмі градусаў, а ў слоіку, што стаяў ля акна, нават вада замёрзла. Эх, падумалася, слухаючы іх, тая яшчэ задачка будзе ісці з прыпынку ў мароз па занесенаму снегам полю да вёскі.

Раптам дзяўчына, што сядзела на суседняй лаўцы, павярнулася да жонкі, пэўна пазнала яе па голасе, і трохі з ёй паразмаўляла.

– Гэта Аленка, – адказала жонка пазней, – дачка суседзяў і мая сяброўка з дзяцінства, даўно яе не бачыла, а калісьці разам летам гулялі.

Аленка, па словах жонкі, заўсёды была „круць-верць”. Вучыцца не мела ахвоты, затое была гожая з твару і хлопцы за ёй бегалі. Першае дзіця нарадзіла хіба адразу пасля школы, а ўвогуле выходзіла замуж тройчы і ў кожным шлюбе мела дзяцей. Старэйшы яе сын ужо зусім дарослы, жыве самастойна. А Аленка зараз робіць у краме ў пасёлку, невядома, ці да бацькоў заглядвае.

Вось мы, урэшце, прыехалі, а потым неяк дапляліся па глыбокім снезе да хаты. Раней у гэтай вёсцы жыло каля ста чалавек, а зараз засталося толькі некалькі сем’яў – моладзь паз’язджала, а старыкі адышлі ў лепшы свет. Вуліца, дзе стаіць хата, зусім стала пустая, як у нейкай антыўтопіі. Сляды колаў, па якіх мы ішлі, былі ўжо добра занесеныя снегам. Тое й нядзіўна, бо аўталаўка сюды завітвае толькі некалькі разоў на тыдзень, а акрамя яе амаль ніхто не ездзіць, асабліва ў такую пару. Драўляны прыдарожны крыж, што стаіць напрыканцы вуліцы, быў напалову занесены снегам і пахіліўся ад старасці, бо няма каму яго даглядаць. Нават суседкі, што жыла насупраць жончынай бабулі, а потым пільнавала хату, ужо даўно няма. Адзіныя жывыя людзі, што засталіся ў гэтым кутку вёскі гэта Аленчыны бацькі, іх рэдкія сляды бачна было на снезе.

Вось падышлі да хаты, з цяжкасцю адчынілі дзверы. Абыходзячы пустыя пакоі, жонка пачала ўспамінаць дзіцячыя гады. У хлеў ужо не зазіралі, бо снегу было зашмат. Даўней там стаяла сячкарня, набытая яшчэ „за польскім часам”. Вывезці яе не паспелі на жаль – скралі яе калісьці шукальнікі злому.

Калі выходзілі з хаты, то спаткаліся з бацькамі Аленкі. Тыя выйшлі на шум, спужаліся, што можа злодзеі завіталі да суседзяў. На іх тварах відаць было адначасова здзіўленне і радасць, бо ўбачылі жывую душу.

Пагутарылі з імі. Яны абодва пенсіянеры, але выглядаюць яшчэ прыстойна, даглядаюць малодшую дачку, што захварэла ў дзяцінстве менінгітам і засталася інвалідам на ўсё жыццё. Падставовыя прадукты ім прывозіць аўталаўка, а бацька калі-некалі яшчэ выбіраецца ў горад ці ў пасёлак на старым аўтамабілі. З’ехаць з вёскі яны не могуць, бо грошай на гарадскую кватэру ў іх няма, а хату ў паўзакінутай вёсачцы прадаць амаль нерэальна.

Трохі пагаварыўшы, развітваемся з імі, бо трэба паспець на зваротны цягнік. А яны зноў застаюцца ў цішыні. Так і жывуць дзень за днём, а далей – як Бог дасць.

Сяргей Александровіч

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com