З 17-га па 19-га снежня ў агра-сядзібе Бора-Здруй у Нараўчанскай гміне праходзіў сёлетні літаратурны семінар „Бязмежжа”. Арганізаваны тыднёвікам „Ніва” і Беларускім саюзам у Польшчы некалькі апошніх гадоў адбываўся ў Беластоку, але сёлета яго ўдзельнікі зноў сустрэліся недалёка Белавежскай пушчы.
Такі семінар быў прыдуманы для сустрэчы літаратараў і дзеячоў культуры з абедзвюх бакоў польска-беларускай мяжы. Aдтуль і яго назва. У сувязі з палітычнай міжнароднай сітуацыяй чарговы ўжо год не змаглі прыехаць пісьменнікі з самой Беларусі. Але прысутнічалі тыя, якія вымушаны жыць цяпер у эміграцыі, найболь у Польшчы. Са сваімі новымі кнігамі знаёмілі між іншым Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў і Алесь Аркуш. З Любліна прыехаў літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, а з Вільні літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. Прафесар Галіна Тварановіч, якая жыве ў Бельску-Падляшскім, расказала пра пасмяротную кнігу свайго мужа Яна Чыквіна, якую выдаў Музей малой айчыны ў Студзіводах.
Сярод аўтараў – аўтахтонаў з Беласточчыны былі прысутныя між іншым Ганна Кандрацюк, Міра Лукша, Міхал Андрасюк і Андрэй Сцепанюк. Яраслаў Іванюк пазнаёміў з дзейнасцю бібліятэкі і выдавецтва Камунікат.орг.
Падчас семінару былі літаратурныя чытанні з прэзентацыяй новых кнігаў, гаварылася пра бягучыя выдавецкія справы і новыя культурніцкія праекты. Удзельнікі наведалі таксама магілу Уладзіміра Гайдука – селяніна-паэта зТарнопаля ў Нараўчанскай гміны.











