
Fot. Podlaski Oddział Straży Granicznej
У беластоцкім хабе „Новая зямля” па вуліцы Святога Роха 5 (памяшканне 32) адбылася сустрэча ў сувязі з запланаваным на 22 лістапада ўрачыстым адкрыццём двух інфармацыйных шыльдаў-табліцаў каля месца былога двара ў Мастаўлянах, у якім 2 лютага (23 студзеня) 1863 г. прыйшоў на свет Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Літвы.
Першая прадстаўляе, як магла выглядаць сядзіба, а на другой па-беларуску і па-польску змешчана інфармацыя пра само месца ў геаграфічна-гістарычным кантэксце. Ідэя ўзнікла ў асяроддзі беларускай дыяспары ў Польшчы, галоўным чынам з Беластока, якое ўшаноўвае памяць Кастуся Каліноўскага цяпер асабліва на яго радзіме ў Мастаўлянах. Каардынатарам праекту з’яўляецца журналістка Вольга Сямашка, пры дапамозе між іншым сяброў з Клуба гістарычнай рэканструкцыі „Invictus 1863”.
Ініцыятыву падтрымалі ўлады гміны Міхалова, паколькі месца ўсталявання табліцаў як і часткі гістарычнай сядзібы знаходзіцца менавіта на яе тэрыторыі. Яны поўнасцю прафінансавалі табліцы, а выканала іх майстэрня Януша Талуця з Беластока, які родам з суседняй вёскі Зубры (ён таксама аўтар праекту і выканаўца помніка Кастусю Каліноўскаму, пастаўленага ў 2015 г. з маёй перад усім ініцыятывы).
На сустрэчу ў хабе прыйшло толькі крыху больш за дзесяць чалавек. У тым ліку я як адзіны мясцовы беларус. Быў я ў пэўным шоку, калі вядучая Вольга Сямашка сказала, што ўслед за табліцамі ёсць планы рэканструкцыі двара ў Мастаўлянах, апрацаваны ўжо нават архітэктурны праект сядзібна-паркавага ансамбля. Праўда, прысутны на сустрэчы Юры Меляшкевіч (старшыня ліквідаванага Таварыства аховы помнікаў у Беларусі) заўважыў, што гэты двор напэўна выглядаў інакш. Але на жаль няшмат ёсць гістарычных звестак і архіўных дакументаў, дзе было б апісанне гэтага маёнтку.
Добра ведаю, што ў Дзяржаўным гістарычным архіве ў Гродне ёсць такі вопіс з 1845 г. Але ці хтосьці дакладна яго прагледзеў?
Я звярнуў увагу на іншае. Падняў пытанне, не так пра аграмадны кошт такой інвестыцыі і адкуль узяць грошы, але што там канчаткова мела б быць і хто комплекс, які цяпер на канцы свету, утрымліваў бы. Па-мойму гэта пакуль проста нерэальнае.
Сапраўды варта аднак зрабіць візуалізацыю гэтага гістарычнага месца і яго віртуальную рэканструкцыю. Пачаць трэба з даследаванняў, найлепей навуковых, спецыялістычных. І абавязкова правесці там археалагічныя раскопкі.
Гутарка пайшла яшчэ пра непрыхільнае стаўленне да Кастуся Каліноўскага з боку Праваслаўнай царквы. З такой перашкодай сутыкнуўся я асабліва падчас ўсталавання помніка героя ў Мастаўлянах. Зразумеў, што прычынай ёсць недастатковыя і не да канца правільныя веды ў царкоўным асяроддзі пра „мяцежнікаў” 1863-1864 гг. Тое, што на смерць замучылі яны некаторых бацюшкаў яшчэ не сведчыць, што яны і іх правадыр Кастусь Каліноўскі былі заядлымі ворагамі праваслаўнай веры. Святары згінулі, бо спрыялі Мураўёву-„Вешацелю”, хаця магчыма паўстанцы не заўсёды былі да канца ў гэтым сарыентаваныя. Маглі часам не ведаць, скажам, хто сапраўды выдаваў іх таварышаў казакам.
Настаяцель царквы ў Мастаўлянах айцец Славамір Якімюк да ідэі „каліноўцаў” ставіцца вядома асцярожна. На старонцы прыходу ў Інтэрнэце ў гістарычным нарысе бацька Кастуся, Сямён Каліноўскі, апісаны як непрыхільны праваслаўным.
У айца Славаміра цяпер іншыя праблемы. У абезлюднелым прыходзе засталася жменька вернікаў. Настаяцелю ў апошніх гадах усё-такі ўдалося прыдбаць фінансы, каб адрамантаваць прыходскую царкву. Але рамонту патрабуе яшчэ другая, на могілках, што з часоў уніяцкіх, бо з канца XVIII ст.
Падчас сустрэчы ў хабе Юры Меляшкевіч сказаў, што пазнаёміўся ён з айцом Славамірам. Настаяцель паказаў яму праект рамонту гэтай царкы, якога каштарыс складае вялікую суму грошай. Вакол гэтай царквы да сцен падыходзяць магілы, таму немагчыма абысці яе з крэсным ходам. Айцец Славамір хоча царкоўку перанесці ў другое, больш свабоднае месца. Але яна пад аховай кансерватара помнікаў і пэўна на гэта згоды не будзе.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар












