31 траўня ў Майстэрні фільму, гуку і фатаграфіі «Нязбодка» (Pracownia Filmu, dźwięku i Fotografii „Niezbudka”) у Міхалове адбылася сустрэча прысьвечаная Міколу Гайдуку, які нарадзіўся 29 траўня 1931 г. у недалёкай Кабылянцы. Хаця не жыве ён з 1998 г., аказалася, што ўспаміны пра яго сярод прысутных захаваліся сьветлыя і жывыя.
У 2013 г., калі быццам бы сьвяткаваліся яго 80. угодкі нараджэньня, адбылася навуковая канфэрэнцыя ў Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучаньня імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, якога ён быў дырэктарам у 1965-1971 гг.. Тады таксама завіталі ў яго родную Кабылянку, у Майстэрню «Нязбудка», на праваслаўныя могілкі на Выгодзе ў Беластоку… І там менавіта высьветлілася, што юбілей Міколы Гайдука быў два гады раней – у 2011 г. Здавалася, што ўсё пры нагодзе выправілася, але як бачна ў розных крыніцах дасюль падаецца памылкова яго год народзінаў. Таму сустрэча ў Міхалове не прывязвалася да ніякіх угодкаў – проста так, каб успомніць чалавека родам адсюль, які вельмі шмат зрабіў для сваёй культуры, хаця б сабраўшы больш за 600 беларускіх песень з Беласточчыны, у тым ліку з Міхалоўскай зямлі.
Тое, што мяне пазітыўна здзівіла, гэта шматлюднасьць сустрэчы. Сярод прысутных аказалася сяброўка Міколы Гайдука з пачатковай школы Яніна Граблеўская – мама прафесара Унівэрсытэту ў Беластоку Альжбеты Кананьчук. Яна менавіта – равесьніца М. Гайдука – пацьвердзіла, што нарадзіўся ён як і яна ў 1931 г. Успамінала яго як надта разумнага і таленавітага вучня. Памятала яго таксама прысутная суседка з Кабылянкі Зіна Грыка, якой ўнучка Агнешка Вашкевіч зараз солтысам у гэтай вёсцы. Малодшае пакаленьне, якое мела магчымасьць сустрэць на сваёй дарозе М. Гайдука, успампінала яго як вельмі працавітага і апантанага чалавека. Яўген Чыквін успамінаў яго з супольнай працы на праваслаўнай ніве, Міра Лукша – пра яго працу ў «Ніве».

Фота арганізатараў
Архітэктар і краязнавец Яўген Сяменюк з Грыгораўцаў успамінаў М. Гайдука, які прыняў яго ў Ліцэй у Бельску. Юры Госьцік расказаў, як яго бацька Аркадзь – сябра з дзяцінства М. Гайдука, ставіў яму яго ў прыклад, каб чагосьці пазітыўнага ў жыцьці дабіцца. Дарафей Фіёнік успамінаў Міколу Раманавіча з часоў сваёй адукацыі ў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. Дарэчы завітаў ён у Міхалова з гуртам «Жэмэрва», які музыкай і сьпевамі ўзбагаціў сустрэчу. Сьпявалі яны народныя песьні, запісаныя М. Гайдуком у розных кутках Беласточчыны. Ганна Комінч прачытала апавяданьне М. Гайдука «Меры чалавечнасьці».
Прыемна было бачыць зацікаўленьне сярод сабраных асобай Міколы Гайдука. Варта згадаць, што сярод прысутных былі: старшыня Гарадзкой рады Марыя Анціпюк, быўшы бргамістр Міхалова Уладзімір Кананьчук, быўшы войт Гарадка Яўген Сяменюк. Мне асабіста шкада, што на сустрэчы па розных прычынах адсутнічалі цяперашні бургамістр Міхалова Марк Назарка, дочкі М. Гайдука Яанна і Марыя, Гражына Харытанюк-Міхей – якая апрацавала вельмі багатую бібліяграфію творчасьці М. Гайдука. Хочацца, каб пабачыла яна сьвет друкам, каб кожны мог дацаніць маштаб працы М. Гайдука. Шкада таксама, што сустрэчы не дачакала сястра М. Гайдука – Зіна Садаўнічая.
Апошнім акордам была прапанова арганізатаркі спатканьня Эдыты Росяк, каб назваць сквер паміж Міхаловам і Кабылянкай імем Міколы Гайдука. Усе прысутныя ахвотна падтрымалі ініцыятыву, падпісваючыся пад лістам да бургамістра і Рады горада. Трэба мець надзею, што яно так і будзе ў хуткім часе, бо, як бачна, асоба М. Гайдука блізкая жыхарам і Кабылянкі (дзе нарадзіўся і жыў з бацькамі), і Міхалова (дзе вучыўся, працаваў і пісаў пра яго ў «Ніве»).
Лена Глагоўская