
Фота Юркі Хмялеўскага
Сёння на астанках Вершаліна, заснаванага ў палове 1930-х гадоў „прарокам” Ільём, прайшоў другі дзень V фестывалю „Мастацтва на прыродзе”. Мерапрыемства арганізаваў фонд „Падляшскі звер” з Беластока, на што атрымаў 93 тыс. зл. фінансавання з Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.
Я быў прысутны толькі ў першы дзень – вечарам у царкве св. Іаана Хрысціцеля ў Старой Грыбоўшчыне, пабудаванай амаль сто гадоў таму тым жа Ільём Клімовічам. У рамках фестывалю ў храме зладжаны быў канцэрт ў выкананні Марціна Абійскага, царкоўнага спевака з Варшавы (родам ён з Гайнаўкі) і двух харыстаў. Прагучалі даўнія душэўныя малітвы і набожныя песні з Супрасльскага ірмалагіёну, Канстантынопаля і манахаў з Гары Афон. Гэта была царкоўная музыка самага высокага ўзроўню.
Паколькі арганізатары гэта католікі, канцэрт назвалі па-касцельнаму – „Візантыйскія марыйныя гімны”. У царкве таксама пераважна былі католікі і якія пераважна не адгэтуль родам як я, праваслаўны. Але крыху знаёмых мне людзей было. Пасля канцэрта правёў я некалькі сімпатычных размоў. Аказалася, што не ўсе ведалі, што неўзабаве выйдзе мая раскрывальная кніга пра Ілью і Вершалін. Прыйшлося тлумачыць што, як і чаму. Падкрэсліваў галоўнае – было не так як у Уладзіміра Паўлючука (які толькі што памёр і няхай рыбалаўская зямелька яму будзе пухам) ды іншых. Ізноў выклікаў я вялікае зацікаўленне сваёй кніжкай, так як падчас многіх ранейшых размоў з людзьмі ды пасля артыкулаў у „Часопісе” і звестак у Інтэрнэце.
Але на другі дзень – была гэта Сёмуха – астаўся я дома. Такая формула і праграма фестывалю для мяне крыху чужая. Як і для самога незвычайнага месца па славутым Вершаліне. Як пабачыў на здымках, зноў сабраліся там пераважна католікі, калі за Ільі сыходзіліся сюды адны праваслаўныя. Прагучалі таксама чужыя для гэтага месца курпёўскія ды іншыя польскія песні. Толькі вандроўка па зарослым сёння дрэвамі, кустамі і зеллем Вершаліне з расказамі аматаркі мясцовай гісторыі з Крынак неяк спасылалася на незвычайную гісторыю гэтага месца. Яшчэ ў адзінай уцалелай хацінцы прэзентаваліся архіўныя здымкі. Мне яны ўжо не так і цікавыя, бо ўсе маю. І нават нашмат больш. Будуць у кніжцы, багата ілюстраванай.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар