100 гадоў таму 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора на Гайнаўшчыне нарадзіўся беларускі паэт Віктар Швед, журналіст, грамадскі дзеяч, паэт, аўтар дваццаці кніжак.
Помню, як у нашу школу ў Семяноўцы прыехала госця з «Зоркі» (пані Яніна Чарнякевіч), беларускі дзеяч, вельмі высокі – дзядзька Васіль (Дзун), і паэт у акулярах, ціхі і лагодны, які чытаў нам свае вершы.

Фота з архіва тыднёвіка „Ніва”
Мы першы раз убачылі жывога паэта – а ж на сцяне класа, дзе мы вывучалі беларускую мову і літаратуру, тыя паэты віселі – не за гасцямі (каля арла віселі партрэты польскіх кіраўнікоў краіны) – а на сцяне збоку. Былі там Колас, Купала, Багдановіч, Крапіва. Мы чыталі вершы гэтых вельмі старых, падручнікавых паэтаў, прыгожыя, але… папяровыя. А перад намі стаяў жывы, румяны, усміхнуты дзядзька, які казаў нам пра родную старонку, парог у нашай хаце і пра нас, непаседлівых жэўжыкаў, што тупаталі па нашай прыгожай школе, вакол яе і каля царквы святога Георгія, што забіў злога змея. Гэта таксама было наша месца, звычайнае, але і святое, пад старымі дрэвамі, адкуль да нас азываліся сотні гракоў: «Птак! Птак!».
І цяпер, калі чую пошум векавых дрэў і гоман птушак, успамінаюцца мне сонечныя блікі ў акулярах заўжды жывога Віктара Шведа і радкі з яго вершаў. А тады я нясмела прызналася, калі паэт і пані Яня спыталіся: «Хто з вас піша?» – « Я пішу!». Тады я не ведала, што і пані «Зорка», і паэт прывядуць мяне ў «Ніву» і «Белавежу». Атрымала я тады ад іх алавяны радок з друкарні, які зрабіла пані Вера, што набірала на вялікім апараце – лінатыпе «Ніву», і я пасля даведалася як друкавалася «Ніва» з «Зоркай», і Беларускія календары ды кнігі, і сама таксама надрукавала гарачым волавам «Школа ў Семяноўцы» – мой родны парог.
Дзякуй Вам, Віктар Швед, за крокі да роднага слова!
Міра Лукша