Na wspaniałym wernisażu przyjaciela i sympatyka „Czasopisu”. Ożyły też osobiste wspomnienia sprzed lat.
Такога шматлюднага вернісажу ў нашым асяроддзі я даўно не бачыў. На адкрыццё фотавыставы „Focus on Orthodoxy – Праваслаўе ў аб’ектыве” Аляксандра Васылюка ў Цэнтр праваслаўнай культуры ў Беластоку прыйшло надта шмат асоб. Самая экспазіцыя тасама – буйная. Уключае яна 160 фатаграфій, размешчаных на агароджы сабора св. Мікалая ў Беластоку. Звыш тысячы было яшчэ прэзентаваных на экране падчас вернісажу. Гэта незвычайныя фатаграфіі, на якіх увекавечаны цэрквы на Падляшшы, у Польшчы і ў свеце, святары, манахі, вернікі, прыхадскія святы ды розныя праваслаўныя падзеі.
Шмат прэзентаваных фотаздымкаў прадстаўляюць Брацтва праваслаўнай моладзі на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Сам аўтар, вядомы ў асяроддзі як Алік, калісь узначальваў гэтую арганізацыю. Быў сузаснавальнікам і адміністратарам сайту Cerkiew.pl, а пасля міжнароднага сервісу Orthphoto.net, які мае цяпер больш за пяць тысяч карыстальнікаў і звыш 120 тысяч фотаздымкаў з 79 краін свету.
Алік таксама ўжо трыццаць гадоў займаецца фатаграфіяй і то на высокім мастацкім узроўні. І як ні дзіўна, гэта яго першая аўтарская выстава. Дагэтуль арганізаваў шматлікія фотавыставы на базе Orthphoto.net у Польшчы і 17 краінах свету, у тым ліку ў сядзібе Еўрапарламента ў Бруселі. Здаўна ён таксама надта актыўны ў грамадскім жыцці, працуе з праваслаўнай моладдзю, ініцыюе і праводзіць шматлікія культурныя праекты, арганізуе розныя конкурсы. Апошнім часам з’яўляецца галоўным каардынатарам рэканструкцыі будынкаў асяродка Брацтва праваслаўнай моладзі ў Белавежы з мэтай, каб арганізаваць там грамадска-культурны цэнтр. Мінулай восенню быў яшчэ прызначаны дарадцам маршалка Падляшскага ваяводства Лукаша Пракорыма па справах нацыянальных і этнічных меншасцей.

Фота Юркі Хмялеўскага
Урэшце Алік сабраўся і падрыхтаваў сваю першую аўтарскую фотавыставу. Як сказаў журналістам, прыдумаў яе, каб прагледзець фотаздымкі, якія зрабіў на працягу мінулых звыш трыццаці гадоў, і падабраць самыя каштоўныя, звязаныя найперш з родным Паляшшам і тутэйшымі людзьмі. – Праваслаўе – рэлігія поўная веры, любові, радасці, і я шукаў у сваёй творчасці менавіта такіх фатаграфій, што гэта паказваюць, – распавядаў ён. – Мне такое дае надзею на будучыню і сілу працягваць сваю дзейнасць у карысць найперш праваслаўя, – сказаў.
А яшчэ важнай асабістай нагодай была прэзентацыя яго творчасці прымеркаваная да юбілею 50-годдзя аўтара. І якраз у гэты дзень, прытым у цішыні Вялікага посту, адбылася гэтая важная, цікавая і сімпатычная падзея.
Адкрыццё выставы сабрала шмат удзельнікаў, у тым ліку пачэсных асоб – прадстаўнікоў мясцовай улады, праваслаўных і беларускіх арганізацый, духавенства, журналістаў і, вядома, фатографаў. Бо Алік – чалавек вядомы, любімы і паважаны ў многіх колах.
Афіцыйна выставу адкрылі побач аўтара уладыка Якуб, маршалак Лукаш Пракорым ды намеснік прэзідэнта горада Беластока Марк Масальскі. Фінансавую падтрымку мерапрыемству аказалі самаўрадавыя ваяводская ды гарадская ўлады.
Аляксандр Васылюк падчас цырымоніі адкрыцця атрымаў высокую царкоўную ўзнагароду – прызнаны Саборам Праваслаўнай царквы ў Польшчы ордэн Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ІІІ ступені. Уручыў яго ўладыка Якуб. Маршалак Лукаш Пракорым падкрэсліў, што творчасць і праца юбіляра ўносіць значны ўклад у культуру рэгіёна. Падзяліўся ён таксама сваімі ўражаннямі з выставы на агароджы сабора. – Гэтыя каляровыя маленькія цэркаўкі надаюць непаўторнасць падляшскаму краявіду, а строі святароў таксама вельмі прыгожыя, – сказаў маршалак.

Фота Аляксандра Васылюка
Адразу пасля афіцыйнай часткі сябры і сяброўкі Аліка, што спяваюць у царкоўным хоры і падарожнічаюць з ім па свеце з нагоды фотавыстаў у розных краінах, на яго жаданне заспявалі кранальны малітоўны твор на грэчэскай і польскай мовах. Было, вядома, і „Многая лета” юбіляру. Каб павіншаваць яго стаяла даволі доўгая чарга сяброў. Некаторыя ўручалі кветкі і падарункі. Мастак Міраслаў Здрайкоўскі перадаў сваю карціну ў характэрным для сябе стылі беларускага народнага ручніка з выявамі нашага падляшскага краявіду.
Калі вяртаўся я з вернісажу, прыгадаў сваё з Алікам знаёмства ды супрацоўніцтва. Пачалося яно ў 2012 годзе, калі быў я дырэктарам Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку. Гэта было неўзабаве пасля таго, як закончыўся прайшоўшы пад маім міш іншым вокам капітальны рамонт усяго будынку. У адноўленых сценах прыдумаў я арганізавць сустрэчы пад назвай „На пакоях у Хадкевічаў”. Былі гэта мастацкія сустрэчы з г.зв. вышэйшай культурай. Паколькі ў даўніх вяках у палацах і замках гучала часам класічная музыка, віселі карціны, падумалася мне, што не інакш было ў замку Хадкевічаў у Гарадку. Тутэйшы Дом культуры, якому пакінуў я імя Кастуся Каліноўскага (прыхаваўшы адарваную ў час рамонту са сцяны памятную дошку), з пачатку дзевяностых гадоў якраз знаходзіцца пры вуліцы Хадкевічаў, перайменаванай з Караля Свярчэўскага. І гэта мне як дырэктару з вялікімі амбіцыямі добра кампанавалася. Помню, пад такой назвай арганізаваў я выставы мастацтва, літаратурныя сустрэчы ці невялікія музычныя канцэрты і прэзентацыі фільмаў. І вось скантактаваўся тады са мною Алік Васылюк з прапановай паказаць у Гарадку выставу „Колеры праваслаўя. Польшча”, якая прэзентаваная раней была ў Беластоку і мабыць у ішых гарадах. Я, зразумела, нават не задумоўваўся, адразу даў згоду ды ўзяў на сябе фінансавыя і арганізацыйныя справы. Тады таксама гэтае мерапрыемства адбылося ў Вялікім посце. Едучы на працу ў Гарадок сваім аўто я завёз фатаграфіі, якія Алік вынес мне са свайго дому ў Дайлідах. Помню, атрымалася даволі сімпатычная сустрэча. Усё адбывалася ў галоўным фае. На фоне фотаздымкаў з цэрквамі выступіў дзіцяча-моладзевы хор з гарадоцкага прыходу, а калектыў „Каліна” з Залук праспяваў некалькі вялікапосных песень.
Праз тры гады сустрэўся я з Алікам пры нагодзе арганізаванага ім конкурсу ўспамінаў пра Бежанства 1915 г. у рамках мерапрыемстваў на стагоддзе ад гэтай падзеі. Я тады працаваў ужо намеснікам бурмістра ў Міхалове. Разам з адной жыхаркай з гміны, якая атрымала ўзнагароду ў гэтым конкурсе, прымаў я ўдзел у яго падсумаванні ў Супрасльскай акадэміі. Год ці два пазней гарадская ўправа, у якой я працаваў, фінансава падтрымала разам з некалькі іншымі гміннымі самаўрадамі выданне альбома з фатаграфіямі падабранымі Алікам.
Ну, а ўжо некалькі гадоў карыстаемся яго здымкамі ў „Часопісе”, за што яму як рэдакцыя мы вельмі ўдзячны. Віншую, Алік, з юбілеем і прыгожай магутнай выставай. Я ўпэўнены, што не раз яшчэ праявіш свой мастацкі і арганізацыйны талент. Шмат сіл і здароўя Табе!
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар