У мінулы раз мы гаварылі пра Платона Галавача, а сёння нашым героем будзе Аляксандр Дайлідовіч. Ён жа Алесь Дудар. Ён жа Тодар Глыбоцкі. Што рабіць, любіла наша моладзь у тыя слаўныя гады мець не адзін, а то два ці тры псеўданімы. Чым больш, тым цікавей. Наш герой быў вельмі неадназначны.
Алеся Дудара многія не любілі. І ня дзіва! Ён адзін з першых пачаў цкаваць у другой палове 1920-х паэта-эстэта, узвышаўца Язэпа Пушчу. Пісаў, напрыклад, пра яго так: «…яго вобразы гэта плаксівыя, аднастайныя дрындушкі… Для рабочых, для сялян, для савецкай інтэлігенцыі Пушча памёр». Пісаў здзеклівыя рэчы пра Якуба Коласа, Тодара Кляшторнага і многіх іншых.
1920-ыя гады – ваяўнічы час, квітнее непавага да створанага папярэднікамі, буяе час вясёлага карнавальнага хамства, калі маладыя, слабаадукаваныя „маладнякоўцы” пачалі лічыць сябе новымі багамі на Алімпе беларускага прыгожага пісьменства. Падобныя думкі, бязумоўна, ап’яняюць. Таму Алесь Дудар тут быў не адзінокі, хутчэй ішоў за крыклівай грамадой сваіх аднагодкаў. Адной з прычын такіх настрояў Зміцер Жылуновіч, напрыклад, бачыў у тым, што юныя аўтары прыйшлі на ўсё гатовае. У 1926-м годзе, у №6 часопіса „Полымя”, ён адназначаў: «Гэта лёгкасьць. Параўнаўчая лёгкасьць, з якой можна цяпер зьявіцца аўтару ў нашым літаратурным сьвеце. Усякая друкаваная рэч, зразумела, надае яе аўтару гордасьці, задзёру, самалюбства і самаўпэўненасьць. Праца над самаадукацыяй адпіхаецца навамодным пісьменьнікам далей ад сябе, і ён застаецца на ўсё жыццё з тым, з чым пачаў пісаць». Алесь Дудар на гэта мог адказаць радкамі са сваіх вершаў, змешчаных у дэбютным зборніку „Беларусь бунтарская”. Вось урывачак з верша „Я малады”:
Вось вышэй-бы за ўсіх ўзьняцца –
Я ўвесь непакорны шквал.
Што-ж рабіць, калі дух юнацкі
Агарнуў ваяўнічы запал…
Былы „маладняковец” Максім Лужанін пра ўзаемаадносіны старэйшага і малодшага пакаленняў пісаў у 1984 годзе так: «Маладнякоўцы, абвясціўшы паход „у рожкі са старымі” вымушаны былі неўзабаве схіліць свае слабенькія рожкі перад Янкам Купалам, які як быццам не заўважыў дзёрзкіх нападаў, перад Якубам Коласам, які аплявушыў, і даволі адчувальна, задзірак. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, уступіўшы ў „Маладняк”, тую арганізацыю, якая нападала на яго, а Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч, адбіваўся, удала і няўдала, і яму трапляла найбольш з усіх бакоў”.
Ці заўсёды быў такім дзёрзкім Алесь Дудар? Якая была ў яго сям’я? Як паўплывала на станаўленьне яго бунтоўнага характару?
Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч нарадзіўся ў суботу 24-га снежня 1904 года ў вёсцы Навасёлкі Капаткевіцкага ўезду Мазырскага павету. Яго бацька, Аляксандр, дзеля большых заробкаў пераехаў з сям’ёй у горад. Спярша гэта была ў 1910-м Мар’іна Горка, затым – Менск. Тут бацька паступае на службу ў кантору Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі і пасяляецца разам з жонкай і сынам на вуліцы, заселенай амаль аднымі чыгуначнікамі: яна называлася Правадной, бо злучала паміж сабой рэйкі Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай і Лібава-Роменскай чыгункі. Жыла сям’я Дайлідовічаў у вялікім драўляным доме пад нумарам 15. Тут знаходзіліся тры кватэры. У першай жылі гаспадары дома, у другой – сям’я нашага героя, а ў трэцяй – вядомы нашаніўскі пісьменнік, а ў будучым стваральнік беларускага Вандроўнага тэатра Уладзіслаў Галубок. Паводле даследніцы творчасці Алеся Дудара Ганны Севярынец: «Першынец Аляксандра і Вольгі Дайлідовічаў, старэйшы Шуркаў брат, памёр зусім маленькім. У 1914 нарадзілася сястрычка Жэня — надзейная Шуркава (так называлі нашага героя) сяброўка і яго ж паслухмяная выхаванка».
У гэтым жа 1914-м годзе бацька звяртаецца да кіраўніцтва чыгункі з просьбай выдзеліць субсідыю на навучанне старэйшага сына, і ў верасні 1914 года Алесь Дайлідовіч становіцца вучнем адной з самых прэстыжных менскіх гімназій — прыватнай гімназіі К. Фальковіча і С. Зубакіна. Навучанне тут было дастаткова дарагім, але для сем’яў чыгуначнікаў існавалі вялікія зніжкі. Адукацыя ж была сур’ёзная. Алесь Дайлідовіч атрымлівае грунтоўныя веды ў рускай і нямецкай мовах, геаграфіі, гісторыі і арыфметыцы. У далейшым, любоў да моваў у Алеся Дудара атрымае свой працяг. Ён будзе вывучаць ангельскую і французкія мовы, стане выдатным перакладчыкам, які бліскуча пераложыць на беларускую мовы творы Гётэ, Бамаршэ, Гэйнэ, Пушкіна, Блока, Ясеніна.
Чытаць ён навучыўся дастаткова рана, асабліва палюбіў прыгодніцкія аповесці і раманы Луі Бусенара, Эдгара Бероўза, Жюля Верна. Гэткая любоў да авантурных жанраў выявілася ў тым, што Алесь Дудар у 1924-м стане супольна з Анатолем Вольным і Андрэем Александровічам аўтарам першага беларускага савецкага прыгодніцкага рамана „Ваўчаняты”, які вельмі палюбілі юныя чытачы і які вытрымаў некалькі перавыданняў і перакладаў.
Падчас Першай сусветнай вайны сям’я нашага героя была ў бежанстве ў горадзе Казлове, што знаходзіўся ў Тамбоўскай губерні. Там Аляксандр Дайлідовіч вучыўся ў Казлоўскай мужчынскай класічнай гімназіі, куды ён пераводзіцца напрыканцы 1915 года. Любімае месца для нашага героя – публічная бібліятэка. Як бачым, дзяцінства будучага бунтара Алеся Дудара не было хуліганістым. Ніякіх скандалаў у сям’і, пануе любоў і спагада да дзяцей, праўда, маці Вольга, дастаткова строгая і суворая, але без фанатызму, са сваім мужам, больш ціхмяным Аляксандрам не сварыцца і жыве ў згодзе. Калі ў 1917-м сям’я Дайлідовічаў вяртаецца ў Менск ды зноў пасяляецца на вуліцы Правадной, у нашага героя пачынаюцца новыя прыгоды.
Што ў гэты час, а канкрэтней у 1921 годзе адбываецца ў Беларусі? Як заўсёды бяда з агрэсіўнай большасцю, якая не прызнае Беларусь нацыянальнай. Дамо слова Янку Клічу, ён жа Зміцер Жылуновіч: «Калі-ж прыдуць лепшые часы? А іх усё няма… Быў пробліск іх у 1919 годзе, калі абвяшчалася незалежная Беларусь. Беларускае правіцельства, адраджэньне краю. Толькі ў марах. Спусціўшы кароткі час сіверны вецер разганяе іх. Цяпер надыйшлі зноў вольные часы. Беларусь – рэспубліка. Свабодная, з раўнапраўем моваў… Але чуеш і бачыш – беларускай культуры становяцца новые перашкоды. Знаходзяцца людзі, маючые сілу і правы, якія ў імя народу бяруць на сябе сьмеласьць казаць, што беларуская культура лішняя, што беларускі працоўны народ патрабуе расейскай культуры». Словы гэтыя, поўныя болю, узятыя з артыкулу Жылуновіча „Думкі к часу. Мукі адраджэньня”, надрукаваны ў „Савецкай Беларусі” № 35, Нядзеля, 13-га лютага, 1921 года. Паралельна з гэтым у тым жа 1921-м годзе жывапісец Дзмітрый Полазаў, аўтар першага прыжыццёвага партрэта Янкі Купалы, у нядзелю, 6-га лютага арганізаваў дыспут аб мастацтве, пад назвай „Погляд Аскара Уайльда аб мастатцве”. Паралельна з гэтым у беларускіх вёсках з трывогай пішуць, што зімой і вясной павялічалася колькасьць ваўкоў, а партыйнае начальства напалоханае, тым, што таксама павялічылася і колькасьць незаконных узброеных фарміраванняў, нязгодных з палітыкай бальшавікоў.
У гэтым жа годзе Аляксандр Дайлідовіч бярэ сабе псеўданім Алесь Дудар і пачынае з чэрвеня 1921 года друкаваць свае вершы ў „Савецкай Беларусі”, рэдактарам якой, на той момант быў акурат Жылуновіч. Можна сказаць, што менавіта Жылуновіч адкрыў Алеся Дудара для беларускай літаратуры, яны ўдалейшым будуць звязаныя духоўна, але пра гэта пазней.
У нядзелю, 5-га чэрвеня, 1921 года адбыўся паэтычны дэбют Алеся Дудара. Верш называўся „Прэч з дарогі!” Але, на вялікі жаль, адшукаць гэты верш, як таксама яго наступныя рыфмаваныя творы „Зарубежным братам”, надрукаваны там жа 19-га чэрвеня, „Гэй, да працы”, 24-га ліпеня, „Я – мужык”, 17-га жніўня, „Новы шлях”, 25-га жніўня не ўяўляецца магчымым. Паводле даследніцы творчасці Алеся Дудара Ганны Севярынец, гэтыя нумары „Савецкай Беларусі” адсутнічаюць у беларускіх бібліятэках, і каб адшукаць гэтыя газеты, трэба ехаць у Маскву ці Кіеў. Пакуль, як вядома, зрабіць гэта амаль немагчыма. Трэба спадзявацца на цуд, а раптам нумары адшукаюцца ў якой з варшаўскіх бібліятэк?
Затое вядомы першы задакументаваны паэтычны выступ з эстрады ў Алеся Дудара. Гэта адбылося ў чацвер 16-га чэрвеня 1921 года на мітынгу-пратэсце ў беларускім рабочым клюбе з прадстаўнікамі вёскі „Супроціў панскіх гвалтаў ў Захоняй Беларусі”. Пасля выступленняў таварышаў Фальскага і Жылуновіча, пасля дэкламацыі артыстамі Беларускага Дзяржаўнага Тэатра пад кіраўніцтвам Еўсцігнея Міровіча верша Янкі Купалы „Здзек” і верша Міхася Чарота „Адплата”, паміж выступленняў хораў Равенскага і Тэраўскага, якія выканалі шмат рэвалюцыйных і народных песьняў, выступіў, цытую: „малады беларускі пясьняр Алесь Дудар, які прадэклямаваў свае вершы, прыстасаваныя к настрою і духу мітынгу-пратэсту. (№ 132 Субота, 18-га чэрвеня 1921 г. „Савецкая Беларусь”). Яму было 16 гадоў.
Першы вядомы даступны для нас верш Алеся Дудара, быў складзены ў суботу, 1-га верасня 1921 года і апублікаваны амаль праз месяц ў № 219, у нядзелю 2-га кастрычніка таго ж 1921 года. Называецца ён „Брату беларусу”.
Гэй, вольны беларус, паслухай, там, на ўсходзе,
Дзе Волга льецца між прыгожых берагоў,
Хтось абнядолены стогн жудасны заводзе, –
То стогн галодных, стогн тваіх братоў.
Ты сыты, беларус, а там твой брат галодны!
Ты чысты хлеб ясі – глытае гліну ён.
Й над тэю ніваю, дзе нёсься сьпеў лагодны,
Братоў галодных льецца цяжкі стогн.
Дзе ў песьнях гусьляроў жылі яшчэ нядаўна
Ўспаміны пекныя пра тых багатыроў,
Што разам з Разіным тут ваявалі слаўна,
Нясецца стогн галодны іх сыноў.
Гэй, вольны беларус, апошнім падзяліся,
З тым, хто багатым быў, цяпер стаў жабраком!
На плач яго дзяцей галодных адзавіся,
І дай лягчэй уздыхнуць пакрыўджаным братом!
Пакрыўджаныя браты – гэта жыхары Саратаўскай і Самарскай губерні, Паўднёвай Украіны і Крыма, Башкірыі і Казахстана – каля 40 міліёнаў чалавек, якія ў 1921-22 гг. сталіся ахвярамі Грамадзянскай вайны і бальшавіцкіх атрадаў, якія забіралі ў сялян ежу і прадукты на карысць арміі. Катастрофа гэтага голада была такой вялікай, што бальшавікі, учыніўшы гэтую трагедыю, былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да заходніх краін. У Беларусі газеты выходзілі з лозунгамі „Дапамога Паволжу – гэта дапамога сабе!”.
У гэтым жа 1921 годзе, летам, сусед Дудара з 3-й кватэры Уладзіслаў Галубок, запрасіў нашага героя ў сваю тэатральную трупу. Алесь Дудар становіцца акторам ІІ Беларускай трупы пад загадам Галубка. Алесь Дудар, дзякуючы Галубку, удасканальваў сваю родную мову, бо да гэтага вучыўся ў школах па руску і вельмі хацеў знайсці сябе, знайсці свой голас і зразумець кім жа ён хоча быць. Прыклад Міхася Чарота, які пачынаў як артыст, а затым з 1921 года яскрава паказаў гэты шлях. У 1923 годзе Алесь Дудар канчаткова абірае літаратуру.
У 1923 годзе Дудару прапануюць сталае супрацоўніцтва ў «Савецкай Беларусі», і ён сыходзіць з вандроўнай трупы, каб распачаць кар’еру газетнага работніка – у рэдакцыях газет і часопісаў ён будзе без перапынку працаваць да самага арышту ў 1929 годзе.
У гэтым жа годзе, увосень, 28 лістапада, шасцёра маладых літаратараў – Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Адам Бабарэка, Андрэй Александровіч і Язэп Пушча – засноўваюць першую беларускую літаратурную арганізацыю «Маладняк».
З пачатку дваццатых Алесь Дудар пачынае збіраць уласную бібліятэку, якую складаюць мастацкія, гістарычныя і літаратуразнаўчыя выданні, даведнікі і падручнікі замежных моў. Гэтая бібліятэка ўтрымлівае амаль тысячу адзінак. Якія ж аўтары былі ў кнігазборы нашага героя? Айчынныя пісьменнікі: Янка Купала. „Гусляр”, выданне 1910 года і ўсе Купалаўскія тамы выбранага; яго настаўнікі Галубок, „Пісаравы імяніны”, і Цішка Гартны, „Сокі цаліны”; Змітрок Бядуля, паэтычны зборнік „Буралом” і аповесць „Набліжэньне”; Платон Галавач, раман „Праз гады”; Максім Гарэцкі „Беларуска-расейскі слоўнічак”; шмат кніг Лынькова, Крапівы, Александровіча, ці ня ўсе выданні Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Уладзімера Хадыкі, Паўлюка Труса… Словам, уся тагачасная беларуская літаратура была прадстаўлена ў яго бібліятэцы. Але, безумоўна, ня толькі беларуская. Алесь Дудар у 1920-ыя гг. пачынаў актыўна вывучаць замежныя мовы ангельскую, нямецкую, французкую і таму ў яго бібліятэцы былі арыгіналы кніг Анатоля Франса, Гі дэ Мапасана, Альфрэда дэ Мюсе, Вальтэра, Расіна, Шатэбрыяна, Рабле, Адама Міцкевіча, Сланімскага, Сенкевіча, Бранеўскага; навуковыя і літаратуразнаўчыя працы на нямецкай мове ў тым ліку, прысвечаныя драматургіі Шэкспіра. І яшчэ тысячы іншых цікавых кніг. Думаю, нават Максім Багдановіч мог бы пазайздросціць такой файнай бібліятэцы. Неўзабаве Алесь Дудар стане адным з самых эрудыраваных ды абазнаных маладых беларускіх пісьменнікаў.
У хуткім часе Алесь Дудар ужо чытае лекцыі маладнякоўцам, распавядаючы пра напрамкі еўрапейскага мадэрнізму і персаналіі сусветнай літаратуры.
Першая слава Алеся Дудара, як пісьменніка, не была звязаная з вершамі і яго першая кніга ня была паэтычным зборнікам. У 1925-м годзе Алесь Дудар, Анатоль Вольны і Андрэй Александровіч напісалі першы першы беларускі савецкі моладзевы авантурна-прыгодніцкі рамана „Ваўчаняты”. Камсамольцы былі ў захапленні а рэцэнзент Энгель у № 7 „Полымя” за 1925 год пісаў: «Роман „Ваўчаняты” займае пэрыод 1920-21 гг. Сужэт яго – Балахоўшчына і змаганьне з ёю маладых партызанаў. Гэтыя маладыя партызаны і ахрышчаны аўтарамі імем „ваўчаняты”. Правадыр „ваўчанят” сельскі хлопец Алесь выведзен надзвычайным гэроем, з ахварбоўкаю гэрояў авантурных романаў з сэрыі „Пяшчэры Ляйхтвэйса”, „Нат Пінкертона” і інш. Яму (Алесю) на працягу ўсяго роману ўдаецца выкінуць многа казачных трюкаў: Алесь пападае к Балаховічу, к яго бандытам, ёмка выкручваецца ад іх, дэморалізуе… Напружанасьць, дынамізм – на далоні… Толькі бяда, што з-за дынамізму апушчана ўсякая плястычнасьць. Адчуваецца мулкая сухасьць, у некаторых мясцох нядбайна акрашаная вобразамі на манер: „Сьмяялася васеньняя ноч касымі брызгамі сваіх падсьлепаватых вачэй… Але яна (ноч) ведала (!), чаго сьмяецца, дарма што сьлепаватая”. Ці: „Тры выстралы – знак збору – упіліся (?) ў мокрыя кудры ночы”. Або „Нібы ртутная рака, кацілася жыцьцё ў мястэчку” Тут ужо проста „нэо-імажынізм” з нясур’ёзнасьцю».

Крытыкі ставіліся да падобных раманаў паблажліва, але гэта быў вялікі поспех. Сапраўдны, кінематаграфічна яркі, вобразны, вострасюжэтны неглыбокі, камерцыйны твор. Такога ў нашай літаратуры яшчэ не было. І малайчына Зміцер Жылуновіч, які накіраваў бунтоўную энергетыку гэтых 18-20 гадовых хлопцаў у падобнае рэчышча.
У Алеся Дудара пачынаецца новы, цікавы, творча-нечаканы этап у жыцці, але пра гэта мы пагаворым у наступным артыкуле.
Васіль Дранько-Майсюк