Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускі Монпарнас

З Парыжа ў Менск

Плакат выставы

У гэтым годзе я нечакана трапіла на выстаўку «Майстры Монпарнаса з беларускіх мястэчак», якая якраз адкрывалася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Менску. Пры нагодзе «Танкаўскіх чытаньняў», праводжаных што два гады Педагагічным Універсітэтам імя М. Танка, даведалася пра яе адкрыццё. Карыстаючыся нагодай, пайшла на вернісаж, каб пабачыць працы сусьветнавядомых беларускіх мастакоў Парыжскай школы: Марка Шагала, Шрага Царфіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Раберта Геніна, Яўгена Зака, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя. Усе прадстаўленыя на выстаўцы працы паходзілі з прыватных калекцый. Куратар выстаўкі Ала Зміева сабрала 100 прац розных жанраў гэтых больш і менш вядомых мастакоў. Творы датуюцца з 1915 г. па 1970-ыя гады. Важным з’яўляецца цікаўнасьць прыватных калекцыянераў да мастакоў Парыжскай школы. Дзякуючы такой ініцыятыве працы з прыватных калекцыяў сталі даступнымі для жадаючых пабачыць мастацкія дасягненьні выхадцаў з беларускіх мястэчак, якія трапілі ў розны час у Парыж. Апрача Марка Шагала іх прозвішчы ў Беларусі амаль невядомыя, хаця вядомыя яны ў сьвеце. Іх прозвішчы нагадваюць пра яўрэйскае паходжаньне, аднак мастацкую адукацыю яны атрымалі ў Вільні або ў Пецярбурзе, а славу здабылі ў Парыжы. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак навязаў да першай выстаўкі Парыжскай школы – выхадцаў з этнічнай тэрыторыі Беларусі, якая адкрылася ў верасьні 2012 г. у Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску. Карысталася яна вялікім зацікаўленьнем наведвальнікаў і ўсьведамляла  тое, што не існавала гадамі ў беларускім мастацтве. «Беларускі монпарнас» стаў яе ўдалым працягам. Нягледзячы на лёсы асобных мастакоў, спалучаюць іх карані, якія знаходзяцца ў Беларусі: у Віцебску, Гомелі, Гродне, Сьмілавічах, Клімавічах, Жалудку, Высокім, Магільне. Ва ўступе да каталога выстаўкі ён напісаў: «Час «раскідаць камяні», хочацца думаць, у мінулым; цяпер прыйшоў час «сабіраць карані» – вяртаць гэтыя імёны. Прыйшла, у канцы канцоў, і для нас пара не толькі прафесійнага зацікаўленьня гэтымі мастакамі, але і перакананьня, што яны – наш патэнцыял. Так, такіх «спорных» імён у нас многа: маўляў, якія асабліва адносіны яны маюць да беларускай культуры? Хачу падкрэсьліць выключна: вядома, ёсьць мастакі, якіх нельга «рэзаць па жывому», або яны, сапраўды, сваёй біяграфіяй і творчасьцю належаць  адначасова, напрыклад, беларускай і літоўскай, беларускай і французскай, беларускай і польскай, беларускай і рускай культурам і т.д. Але ёсьць, вядома, і такія, хто, скажам, у адрозьненьні ад Шагала, пакінуўшы воляй лёсу сваю малую радзіму, практычна пра яе не ўспаміналі. Аднак усе яны выйшлі з гэтай зямлі-маці, якая ў тысячалетняй гісторыі мела розныя назвы – ад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчыпаспалітай да Севера-Западнага края Расійскай імперыі. Ужо пазьней розныя абставіны раскідалі гэтых мастакоў па ўсёй планеце – ад Аргентыны і ЗША да краін Еўропы і Расіі, адводзячы кожнаму сваё месца ў той ці другой замежнай культуры. Але, як не круці, карані асталіся тут, дзе зараз сучасная тэрыторыя Беларусі і некаторыя рэгіёны Літвы, Латвіі, Польшчы і Расеі, некалі ўваходзіўшыя ў этнічныя беларускія землі. Але пара ставіць усё на свае месцы. І зараз, дзякуючы такім энтузіястам-культуролагам, як Віктар Бабарыка, Уладзімір Шчасны, Юры Абдурахманаў, Ала Зміева, Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў, Надзея Усава, Людміла Хмяльніцкая, дзякуючы айчынным выдазцом, журналістам, музейшчыкам, а таксама нашым замежным сябрам з Францыі, Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, мы вяртаемся да спадчыны тых ураджэнцаў нашай многанацыянальнай краіны, да мастацтва каторых у разных краінах сьвету, у адрозьненьні ад нас учарашніх, заўсёды захоўвалася неўтаймаваная цікаўнасьць. Неабходна акрэсьліць рэальную іх колькасьць, не прыцягаючы за вушы выпадковых імён, а гэта значыць – адкрыць для сябе поўнае з’явішча беларускай мастацкай школы ва ўсёй яе шматвобразнасьці, складацасьці і разнароднасьці» *. Уладзімір Шчасны, аўтар кнігі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» заўважыў, што ў Парыжы на быдынку «Вулея», дзе збіралася ўсё багемнае мастацкае асяродзьдзе, знаходзіцца таблічка з прозвішчамі Шагала, Суціна, Цадкіна і Лежэ. Трох першых з іх родам з Беларусі, а апошні быў жанаты на беларусцы Надзеі Хадасевіч. Да выстаўкі быў выдадзены адмысловы каталог, у якім прадстаўлены кароткія звесткі пра мастакоў і рэпрадукцыі іх прац.

Падчас вернісажу

І так па чарзе. Файбіш-Шрага Царфін нарадзіўся 7 студзеня 1899 г. у Сьмілавічах. Вучыўся ў мастацкай школе ў Вільні. У 1924 г. праз Палестыну, Берлін пераехаў у Парыж. Памёр 25 верасьня 1975 г. у Роні-су-Буа пад Парыжам.

Восіп Любіч нарадзіўся 6 сьнежня 1896 г. у Гродне. У 1915-1919  гг. вучыўся ў Адэскім мастацкім вучылішчы. У 1923 г. праз Берлін пераехаў у Парыж. Памёр там 27 лістапада 1990 г.

Восіп Цадкін нарадзіўся 14 ліпеня 1890 г. у Смаленску (па іншай версіі – у Віцебску). Дзяцінства правёў у Віцебску, дзе вучыўся ў гарадзкім рамесленным вучылішчы. У 1905 г. з’ехаў у Англію, у 1909 г. пасяліўся ў «Вулеі» ў Парыжы. Памёр 25 лістапада 1967 г. у Парыжы.

Роберт Генін нарадзіўся 11 жніўня 1884 г. у Высокім пад Клімавічамі. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе і ў Адэскім мастацкім вучылішчы. У 1903 г. перабраўся ў Парыж і пасяліўся у «Вулеі». У 1936 г. пераехаў у Маскву, дзе 16 жніўня 1941 г. пакончыў жыцьцё самагубствам.

Яўгеній Зак нарадзіўся 15 сьнежня 1884 г. у Магільне пад Уздой. З 1900  г. у Францыі, вучыўся ў Парыжкай мастацкай школе. Памёр раптоўна 15 студзеня 1926 г. у Парыжы.

Пінхус Крэмень нарадзіўся 28 ліпеня 1890 г. у Жалудку. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе. У 1912 г. папаў у Парыж і пасяліўся ў «Вулеі». Памёр 5 красавіка 1981 г. у Серэ, дзе жыў пасьля 1945 г.

Міхаіл Кікоін нарадзіўся 31 мая 1892 г. у Гомелі. Вучыўся ў камерцыйным вучылішчы і ў школе-майстэрні Я. Кругера ў Менску, а пазьней у Віленскай рысавальнай школе. У 1912 г. выехаў у Парыж і пасяліўся ў «Вулеі». Памёр 4 лістапада 1968 г. у сваёй майстэрні ў Парыжы.

У каталозе няма рэпрадукцыяў прац Марка Шагала, хаця на выстаўцы ён «прысутнічаў». Відаць не было патрэбы пісаць пра яго ў сувязі з агульнай вядомасьцю яго імя ў Беларусі.

Астаецца думаць, што і гэтыя імёны не будуць далей чужыя для Беларусі. Лічу, што выстаўка была самай важкай падзеяй у мастацкім жыцьці Беларусі мінаючага года.

У пошуках «Пагоні» Язэпа Драздовіча

Рэдка бываючы ў Менску – звычайна на канферэнцыях – стараюся адведаць таксама Нацыянальны мастацкі музей. Вось там у чэрвені былі цікавыя выстаўкі. Асабліва прываблівала выстава пра каня ў мастацтве, як вынік польска-беларускага культурнага супрацоўніцтва. Можна было на ёй пабачыць працы славутых польскіх мастакоў Коссакаў. Нажаль, не было на ёй ніводнай беларускай «Пагоні», якая – вядома – увасабляе каня, як дзяржаўны і нацыянальны сімвал. Раней не раз я бачыла там у пастаяннай экспазіцыі славутую «Пагоню» Язэпа Драздовіча. Не гэты раз не было яе ні пры нагодзе тэматычнай выставы пра каня ў мастацтве, ні на выставе «Сусьвет Язэпа Драздовіча» прысьвечанай 130-ым угодкам нараджэньня мастака, якая да канца года знаходзіцца на вышэйшым паверсе музея. Варта яе паглядзець з увагі на юбілей мастака, не заўсёды меўшага шчасьце да персанальных выставаў. Яна даволі багатая ў працы мастака.

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 (1 – паводле старога стылю) кастрычніка 1888 г. у засьценку Пунькі на Дзісьненшчыне. Нястомны вандроўнік па Беларусі зарысоўваў і маляваў яе краявідныя асаблівасьці, а таксама фантастычны сьвет космасу. Жыў у вялікай бядзе і нястачы. 15 жніўня 1954 г. хутаране знайшлі непрытомнага мастака на дарозе. Памёр у сельскай бальніцы ў Падсьвільлі. Пахавалі яго на вясковых могілках у Ліплянах – завінутага ў простыню, нават без труны.

У 1970-ыя гг. шмат каго з мастакоў і краязнаўцаў турбавала спадчына Я. Драздовіча, раскіданая па вёсках. У экспедыцыях знайшлося багата яго прац, асабліва маляваных дываноў. Багатую калекцыю сабрала Ада Райчонак, настаўніца з Гэрманавіч. Яна і заснавала там музей Я. Драздовіча. У 1979 г. у Палацы мастацтваў у Менску адбылася вялікая выстава яго прац. У 1984 г. кнігу пра яго «Вечны вандроўнік» выдаў Арсень Ліс. У 1993 г. у Траецкім Прадмесьці ў Менску быў адкрыты помнік мастаку, аўтарства Ігара Голубева. Імя Я. Драздовіча носіць дзіцячая мастацкая школа ў Глыбокім. У 2002 г. у Менску з’явіўся манаграфічны альбом яго прац. У 2014 г. Міхась Казлоўскі падрыхтаваў вялізнае выданне «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак», дзе сабрана большасьць таго, што напісана пра Я. Драздовіча.

Аглядаючы выставу я здумала пра палотны мастака перададзеныя Беларускім Грамадзка-Культурным Таварыствам Падляшскаму музею ў Беластоку. Мела надзею, што юбілей мастака будзе добрай нагодай да паказаньня іх таксама ў Беластоку – мінула 85 гадоў як у гэтым горадзе шукаў ён лепшай долі. Год таму чула таксама пра падрыхтоўку спектакля «Сатурнянкі» Васіля Дранько-Майсюка, які быццам бы рыхтаваць сабіралася Яанна Троц. У Беластоку неяк ціха ўсё пра Я. Драздовіча, хаця жыве ў ім пляменьніца мастака. Можа варта падумаць над паказаньнем экспазіцыі з Менска ў Беластоку ці ў Гайнаўцы?

Прыкра таксама, што не знайшлося месца Язэпу Драздовічу ў «Ніве», хаця б у рубрыцы «Дата з каляндара». Нагодай тут быў не толькі юбілей мастака і яго сувязь з Беластокам, але ж таксама журналістаў павінен зацікавіць лёс палотнаў мастака ў блеску флешаў і журналісцкай сенсацыі перададеных Падляшскаму музею. Няўжо цікава толькі тое, як у Беларусі сьвяткуецца юбілей мастака? А там і выстава, і мастацкі пленэр, і кветкі на магіле – пра ўсё гэта гаварылася на працягу апошняга паўгодзьдзя ў Радыё Рацыя. А што ў нас з памяцьцю пра Я. Драздовіча? Можа калі б мастак з’ехаў у Парыж, як яго сябры яўрэі з Віленскай рысавальнай школы, сёньня таксама быў бы вядомым прадстаўніком Монпарнаса?

На першым паверсе музея ў чэрвені была яшчэ таксама выстава «Айвазоўскі і марыністы», якая працавала да канца жніўня. Хаця спецыяльна экспанавалася на ёй адрэстаўраваная карціна «Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года» Івана Айвазоўскага (1817 – 1900), не кінула яна мяне на калені.

На маргінесе выставак

Нягледзячы на тое, што ўдалося на працягу года пабачыць, турбуе мяне тое, што ўсё не прыцягае ўвагі музейшчыкаў, а што становіцца часта прыватным клопатам, якому не пад сілу рыхтаваць выставы. Успамінаючы, як цяжка ў 2003 г. было мне падрыхтаваць выставу прац  Пятра Сергіевіча з прыватных калекцыяў, маю надзею, што нехта на прафесійным узроўні зоймецца забытымі беларускім мастакамі ХХ ст.

Каб прыблізіць з нагоды юбілею Пятра Жынгеля – вучня Фэрдынанда Рушчыца, мы ў «Czasopisie” выдалі на гэты год каляндар з рэпрадукцыямі яго прац. А нарадзіўся ён 12 лютага 1898 г. у Докшыцах, памёр 27 студзеня 1983 г. у Гданьску. Прайшлі бясьследна два яго юбілеі – 129-ыя ўгодкі нарадженьня і 35-ыя ўгодкі сьмерці. Зяць мастака – архітэктар Станіслаў Шыманьскі з сям’ёй падрыхтаваў у канцы мінулага года вялікі альбом прац Пятра Жынгеля. Магчыма некалі нехта ім зацікавіцца, але пакуль немагчымай астаецца арганізацыя выставы яго прац. Наўрад ці пра мастака ведаюць у яго родных Докшыцах, а нават у Менску, які рыхтуецца да вялікай выставы Фэрдынанда Рушчыца, які неабыякавы быў да сваіх беларускіх вучняў – Пятра Жынгеля, Пётры Сергіевіча ды іншых. Можа ўсё ж такі пара «сабіраць камяні»?

Лена Глагоўская

 

*  Мастера Монпарнаса из белорусских местечек. Каталог, Мінск 2018, с. 12-13 (пераклад з рускай на беларускую мову Л. Глагоўскай).

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (263) – 6.05.1761 г. у в. Ясенцы, Лідзкага павету нар. Станіслаў Юндзіл, адзін зь першых дасьледчыкаў флёры й фаўны ў Беларусі.
  • (222) – 6.05.1802 г. у Дварцы каля Кобрына нар. Станіслаў Горскі (пам. 3.05.1864 г.), прыродазнавец, мэдык, пэдагог. Выкладаў ва ўнівэрсытэце, а потым у мэдыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. Як адзін з першых апісаў расьліннасьць Белавежскай пушчы.
  • (180) – у 1844 г. пасьля 108 гадоў дзейнасьці былы зачынена ў Слуцку мануфактура вядомых шаўковых паясоў.
  • (120) – 6.05.1904 г. у Нізку каля Узды нар. Паўлюк Трус, паэт. Закончыў Беларускі Пэдагагічны Тэхнікум у Менску (1927), вучыўся ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. У 1925 г. выйшаў зборнік яго вершаў „Вершы”. Памёр 30.08.1929 г. у Менску, пахаваны на Вайсковых могілках.
  • (119) – 6.05.1905 г. у Слуцку нар. Юрка Гаўрук, перакладчык м.інш. драмаў У. Шэкспіра на беларускую мову: „Сон у летнюю ноч” (1925), „Гамлет” (1935), „Атэла” (1954), „Канец – справе вянец” (1964), „Кароль Лір” (1974), „Антоній і Клеапатра”, якія ставіліся ў беларускіх тэатрах. Закончыўшы Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут у Маскве ў 1925 г., выкладаў замежную літаратуру ў Горацкай Сельскагаспадарчай Акадэміі і ў Магілёўскім
  • (98) – 6.05.1926 г. памёр у Вільні Казімір Сваяк (кс. Кастанты Стэповіч), сьвятар, грамадзка-нацыянальны дзеяч, паэт (нар. 19.02.1890 г. у в. Барані Сьвянцянскага павету). Пахаваны ў Вільні на Росах.
  • (90) – 6.05.1934 г. пам. у Празе Мікалай Вяршынін (Верамей). Нарадзіўся ў 1878 г. у Налібоках, Наваградзкага павету. З 1918 г. быў консулям БНР у Чэхаславаччыне. Актыўна ўдзельнічаў у жыцьці беларускай эміграцыі. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis