Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Эпісталярый

З Вільні – ў Торунь

Вільня, 12 студзеня 1965 г.

Дарагі Мар’ян!

Першым чынам дзякую табе за прывітанні і пажаданні, выказаныя ў пісьме да Пётруся С.1 І агулам за памяць пра мяне і жонку. Пісьмо тваё да Пётруся ўважліва прачытаў. Ну й скрытыкаваў ты мяне за пісаніну пра нашага мастака, каб пераканаўча і аргументавана – не сказаў бы. Твая крытыка – гэта шматслоўе, не падтрыманае паважнай думкай і прафесійным веданнем прадмета. Хоць ты ў пісьме ўяўляеш сябе прафесійным мастацтваведам, то аднак з пісьма не вынікае, што такім ты з’яўляешся. Я не прафесійны мастацтвавед. Калі пішу пра мастацтва, то кіруюся вырабленым саматужна пачуццём эстэтыкі. Такі крытэрый тасую не толькі пры разглядзе твораў выяўленчага мастацтва, але таксама і да твораў прыгожага пісьменства, музыкі, вакальнага і тэатральнага мастацтва. І, здаецца, не так ужо і мыляюся пры ацэнцы з’яў і фактаў з успомненых галін мастацтва. Калі гэта пішу, то не хачу даказваць сваю правату і здабываць у цябе прызнанне для маёй пісаніны. Дарэчы, так і хочацца зацытаваць словы Уладзіміра Дубоўкі2, хоць бы такія:

У кожным сэрцы рознае бывае,

Бывае дрэннае у ім таксама.

Заўжды шукаем хібы мы ў суседзяў,

А як паглянем на свае учынкі,

А як прагледзім зробленае намі,

Дык і не вельмі радасці багата…

Затым мяне і не трывожаць дужа

Твае упікі і твае асуды.

(З паэмы „І пурпуровых ветразей узвівы”).

Але хопіць спору. Мая стацця ў „Полымі”3 – вельмі скарочана і перароблена. У машынапісе я маю доўгі артыкул пра мастака. Мастак з яе здаволены.

Мы жывём па-старому і працуем на старым месцы. Здароўе маем скрыпучае. Склероз у розных праявах вельмі дакучае і збівае з панталыку творчыя планы і меркаванні. У летнім сезоне займаюся пчолкамі. Маю 6 сямеяк. Зборы мёду – звыш 100 кіло за сезон. Яго хапае нам. Бяда ў мяне з маткамі. Мо ў цябе можна заказаць добрую ж пчаліную матку? Нашы віленскія пчаляры выпісваюць каўказскія ці грузінскія пчоламаткі. Уся бяда ў тым, што яны дасылаюцца нам спознена.

Час ад часу наведваю тваіх родзічаў: і мілую Янінку з мужам, і Альдонку, якая жыве ў Неманчыне і галубіць дачушку. Мне шкада Янінкі. Яна наракае на стан свайго здароўя. Таксама, як бываю ў Янінкі, то наведваю і Янку. Мне дужа падабаюцца твае родзічы. Яны сімпатычныя, мілыя, добрыя, гасцінныя, цвярозага розуму і палымянага добрага сэрца.

Янка Шутовіч, Міхась Машара, Пётра Сергіевіч, Язэп Найдзюк, 1930-я гады
Янка Шутовіч, Міхась Машара, Пётра Сергіевіч, Язэп Найдзюк, 1930-я гады

У Торуні пражывае і працуе прафесар др Яніна Гурыновіч4. Гэта вельмі сімпатычная, высокай маральнай і інтэлектуальнай культуры жанчына, выдатны чалавек і навуковец. Я з ёй перапісваюся і пры гэтым, па-беларуску ёй пішу (па яе просьбе). Яна – пляменніца паэта-рэвалюцыянера Адама Гурыновіча (1869-1894). Я працую над манаграфіяй пра апошняга. Прафесар сёе-тое прыслала са спадчыны Адама Гурыновіча. Абяцала яшчэ прыслаць. Асабліва я зацікавіўся карэспандэнцыяй, якую атрымліваў паэт (пісьмы ад жанчын, любоўнага і грамадскага зместу). У апошняй пісульцы (атрымаў перад Новым годам) прафесар мне паведаміла, што яна цяжка хворая і плануе хутка легчы ў шпіталь. Я з жонкай з болем у сэрцы прыняў гэту сумную вестку. Прашу цябе, дарагі Мар’ян, зрабі мне паслугу: адведай вельмі паважаную і дарагую нам Яніну Гурыновіч, дзе б яна не была, у хаце ці ў шпіталі. Перадай ад нас (ад мяне і ад жонкі) наша шчырае і сардэчнае прывітанне, спачуванне ў ейным горы і няшчасці, а таксама наша шчырае, з глыбіні сэрца і душы, жаданне хуткага павароту да нармальнага стану здароўя. Мая гэткая просьба не толькі просьба, але – просьба -імператыў для цябе. Зазначу, што ты мог бы шмат дапамагчы Яніне Гурыновіч ва ўпарадкаванні спадчыны Адама Гурыновіча, перапісаць успомненую карэспандэнцыю і даслаць яе мне. Ясная рэч, калі на ўсё гэта дазволіць сама пані прафесар. Адведваючы пані прафесар, будзеш мець аказію пазнаёміцца з бабулькай (ёй звыш 90) – цёткай Яніны, сястрой паэта п. Гэленай Эрдман. Апошняя жыве ў прафесар. Добра было б, каб сфатаграфаваў абедзвюх. Калі пані прафесар хворая, то з ёй паступі асцярожненька і тактоўна, не займайся лішняй гутаркай, для яе мо і цікавай, але ацяжарваючай. Ну, але ж, я веру, што ты не пазбаўлены таварыскай і чалавечай культуры і элегантнасці… і будзеш ведаць, як паступіць і трымацца перад гэтымі культурнымі людзьмі.

Пры нагодзе перадай прывет ад мяне высокім і дзелавым людзям, нашым былым таварышам і супрацоўнікам др. Ст. Ендрыхоўскаму5, Ежы Путраменту6 і іншым, а таксама маім знаёмым і прыяцелям – беларусам, з якімі мо сустрэнешся ці знаходзішся ў перапісцы.

З вялікім задавальненнем дасылаю нізенькі паклончык тваёй мілай жонцы п. Альдоне, з пацалункам ейных працавітых ручак, а таксама шлю шчырае прывітанне тваім дзеткам і ўнукам.

Горача цалую цябе і жончына прывітанне для ўсіх вас дасылае

Янка Шутовіч.

Вільня, 6 сакавіка 1965 г.

Дарагі Мар’яне!

Дзякуй табе за мілы ліст і каштоўную кніжку. Усё атрымаў своечасова. Пажадаў бы мець кнігу „Навуковы зборнік” (некалькі экзэмпляраў). Калі зможаш – дашлі. Аплачу з гакам. Кніжку з агульнага перагледзеў. Розныя актуальныя справы не дазваляюць мне грунтоўна азнаёміцца са зместам кнігі і дзеля гэтага сяння не змагу ацаніць яе больш дакладна. Адно сцверджу, што змешчаныя ў кнізе матэрыялы вельмі цікавыя і каштоўныя дзеля іх дакументальнасці і даволі аб’ектыўнай ацэнкі беларускіх грамадскіх з’яў з недалёкай мінуўшчыны.

Я заняты пошукамі матэрыялаў пра Адама Гурыновіча. Апошнім часам пераглядаю гадавікі польскіх і рускіх часопісаў з канца ХIX стагоддзя. У іх мог друкавацца Адам Гурыновіч. Адведваю акадэмічную бібліятэку Ўрублеўскіх у Вільні. Калі знаходжуся ў будынку бібліятэкі, то не сходзяць з памяці і ты, і інжынер Смажаневіч, і іншыя колішнія супрацоўнікі яе.

Студэнты ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Злева Язэп Малецкі, за ім Мар'ян Пецюкевіч, трэці –невядомы
Студэнты ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Злева Язэп Малецкі, за ім Мар’ян Пецюкевіч, трэці –невядомы

Ад пані Гурыновіч атрымаў пісьмо, датаванае 12 студзеня 1965 года. Піша яна пра сваю хваробу і іншыя справы, якія ёй не дазваляюць заняцца спадчынай свайго слаўнага родзіча. Як паправіцца стан здароўя, – кажа яна, – тады возмецца за гэтую справу. Я колісь ёй пісаў, што яна ў першую чаргу павінна заняцца ўпарадкаванннем спадчыны свайго дзядзькі, а ў другую чаргу – рознымі габіталітацыямі, дакторызацыямі і іншымі справамі. Яна робіць наадварот. Між іншым, яна пісала мне, што мае вельмі цікавую карэспандэнцыю (лісты чатырох жанчын), якая з’яўляецца дакументальным матэрыялам дзеля схарактарызаванасці грамадска-палітычнага аблічча Адама Гурыновіча. Лічу злачынствам захоўваць такую карэспандэнцыю, не дазваляючы выкарыстаць яе беларускаму літаратуразнаўству і гістарычнай навуцы. Такім учынкам пані Гурыновіч можа дачакацца толькі асуджэння і зганьбавання свайго добрага імені. Спадзяюся, што пані прафесар атрымала маё апошняе пісьмо, у якім я ёй раіў, што спадчыну Адама Гурыновіча лепш за ўсё ўпарадкуеш ты. Адказу на гэтае пісьмо не атрымаў дасюль. Відавочна, яна не жадае, каб нехта уваходзіў у сакрэты сямейнага архіву Гурыновічаў.

(працяг будзе)

апрац. Сяргей Чырын
1. Маецца на ўвазе мастак Пётра Сергіевіч (1900-1984).
2. Уладзімір Дубоўка (1901-1976) – белаускі паэт, вязень сталінскіх лагераў.
3. Беларускі літаратурна-мастацкі часопіс.
4. Яніна Гурыновіч (1894-1967) – неўролаг і фізіёлаг. У 1930-х гадах – ад’ютант Віленскага ўніверсітэта, а з 1945 года была прафесарам універсітэта ў Торуні. Зберагла частку аріва Адама Гурыновіча (1869-1894) – беларускага паэта, перакладчыка, фалькларыста.
5. Стэфан Ендрыхоўскі (1910-?) – польскі дзяржаўны дзеяч, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis