Цікавы і таленавіты чалавек жыве ў Гомелі. Гэта пісьменнік Васіль Ткачоў. З ім можна гутарыць бясконца на самыя розныя тэмы – ад літаратуры да палітыкі, ад сельскай гаспадаркі да культуры. Васіль Ткачоў на сённяшні дзень з’яўляецца самым папулярным і чытаным літаратарам на Гомельшчыне. Ён піша прозу, гумар, п’есы, публіцыстыку, захапляецца перакладчыцкай дзейнасцю. Магчыма толькі не займаецца паэзіяй, але калі трэба, то напіша і добры верш.
Васіль Ткачоў за свае 71 год пабачыў ўсяго добрага і нядобрага, і сябраваў шмат з кім з літаратараў былога Савецкага Саюза. І пра іх дружбу, сустрэчы ён можа распавядаць бясконца. Трохі пра яго і ягоную творчасць мы сёння можам даведацца з нашай гутаркі, якую прапаную чытачам „Сzasopisа”.
Спадар Васіль, Вы ў свой час скончылі Львоўскае вышэйшае ваенна–палітычнае вучылішча. Потым служылі ў Сярэдняй Азіі, працавалі ў розных газетах у Беларусі. На той час у Львове юнакі атрымлівалі добрую журналісцкую адукацыю. Ці не так?
– Так атрымалася, што тэрміновую вайсковую службу я праходзіў на касмадроме Байканур, гэта, як вядома Казахстан, быў інструктарам палітычнага аддзела па камсамольскай рабоце. Паколькі ў горадзе не мелася мясцовых органаў улады, а ў ім было некалькі сярэдніх школ, прадпрыемстваў, то наш палітычны аддзел курыраваў і гэтыя ўстановы – акрамя, вядома, вайсковых падраздзяленняў. Цікавая была служба. Чаму менавіта мяне запрасілі на пасаду інструктара палітаддзела? А я служыў пасля вучэбнага падраздзялення ў г. Востраў Пскоўскай вобласці на стартавай пляцоўцы пад нумарам два, з якой зрабіў свой палёт да зорак Юрый Гагарын. Відаць, тут супалі дзве акалічнасці. Першае, што я быў навідавоку – актыўна пісаў заметкі і артыкулы ў акруговую газету „Фрунзевец”, яна выходзіла ў Ташкенце, а, па-другое, у школе я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Цікавы і наступны факт. Калі мяне прывялі на ўзгадненне да начальніка палітычнага аддзела, то ўбачыў у кабінеце за сталом прыгожага генерал-маёра з зоркай Героя Савецкага Саюза на кіцелі. Ён падняў на мяне вочы і спытаў: „Адкуль, сяржант, будзеш?” Адказваю: „З Беларусі”. Генерал усміхнуўся, больш уважліва паглядзеў на мяне і коратка загадаў капітану Б. Пасысаеву, начальніку камсамольскага аддзела, які і прывёў мяне на ўзгадненне: „Aфармляйце!” Гэта пазней я даведаўся, што Міхаіл Іванавіч Дружынін званне Героя атрымаў за вызваленне Віцебска ў гады Другой сусветнай вайны, тады ён быў капітанам і камандаваў ротай. Таму да нас, беларусаў, у яго было асаблівае стаўленне.
А тым часам з газеты „Фрунзевец” мне прапанавалі паступаць на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Пагадзіўся. Тым больш, была магчымасць па дарозе на некалькі дзён заехаць да бацькоў. Яны жылі і працавалі настаўнікамі ў вёсцы Іскань Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Здаў паспяхова іспыты, стаў курсантам. Вучыўся і шмат пісаў. Друкавацца было дзе. У кабінет друку сцякаліся ўсе акруговыя газеты, там былі, вядома ж, іх адрасы…
Ці прыгадваеце Вы той час вучобы ў Львове, а гэта быў пачатак 1970-х гадоў? Чым ён быў адметны, яркі, запамінальны? Ці гэта быў час сумнай вайсковай адукацыі?
– Львоў я ўспамінаю вельмі часта. Усё добрае, як вядома, не забываецца. Журналісты ў вучэльні наогул былі ў крыху прывілігаваным становішчы. На нашым курсе вучылася нас мала чалавек – усяго каля 60. Упершыню набралі дзве групы. Чаму б творчым людзям не стварыць нармальныя ўмовы? Жылі мы ў пакоях па чатыры чалавекі. Тады якраз з вокнаў у горадзе і на танцпляцоўках (а мы хадзілі ў час звальнення ў „клетку”, што была ў Стрыйскім парку) гучалі песні Уладзіміра Івасюка „Чырвона рута”, „Вадаграй” і іншыя. Курсанты, як і ўсе нармальныя людзі, былі ў палоне гэтых твораў. І каб слухаць гэтыя песні ў любы час, калі табе захочацца, я сабраў свае ганарары і набыў магнітафон „Вільма”. Ён быў груваздкі, цяжкаваты, але я браў яго заўсёды нават з сабой, калі некалькі разоў ездзіў на практыку ў газету беларускай вайсковай акругі „Во славу Родины”, а потым, атрымаўшы размеркаванне ў Ашхабад, прыехаў туды з жонкай, сынам і з магнітафонам. І з песнямі Івасюка. Больш нічога ў мяне на той час не было. Акрамя, вядома, яшчэ і чамадана. Пачынаў з нуля…
Пасля другога курса я пабраўся шлюбам з Валянцінай і меў магчымасць жыць на прыватнай кватэры ў горадзе. Жонка працавала на радыёзаводзе, я вучыўся, а ў вольны час мы блукалі па горадзе, захапляліся яго прыгажосцю, наведвалі музеі і тэатры. Там, дарэчы, я ўпершыню пабываў на канцэрце ВІА „Дружба” з непараўнальнай Эдзітай П’ехай. Там упершыню паглядзеў у тэатры Савецкай Арміі спектакль „Зацюканы апостал” свайго знакамітага земляка Андрэя Макаёнка, стогадовы юбілей якого будзем адзначаць сёлета напрыканцы года. Тады, канешне, я і не думаў, што прычынюся да стварэння і адкрыцця ягонага музея ў вёсцы Старыя Журавічы Рагачоўскага раёна, дзе вучыўся ў школе і пасля вайны працаваў будучы народны пісьменнік Беларусі.
Бываючы ў Мінску, я нарэдка заходзіў ў рэакцыю часопіса „Вясёлка”, дзе зрэдку друкаваўся яшчэ са школьных часоў. На той час там працавалі цудоўныя пісьменнікі – Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам, Алесь Пальчэўскі – адказным сакратаром, а Сяргей Грахоўскі – літсупрацоўнікам. Волаты! А неяк Алесь Восіпавіч Пальчэўскі перадаў мне сваю кнігу, каб адвёз яе вядомаму львоўскаму паэту Раману Лубкіўскаму. Хаця тады кнігу ён мог бы лёгка адправіць і па пошце, гэта ўсё каштавала капейкі ў параўнанні з сённяшнім часам. Згадваю прыклад з асабістага жыцця. У Новасібірск сябру адправіў я свой раман „Дом камуны”, дык заплаціў за перасылку ўтрая больш, чым каштуе сама кніга. А што да Алеся Восіпавіча, дык ён, здагадваюся, жадаў, каб я бліжэй пазнаёміўся з Раманам Мар’янавічам, бо той працаваў у рэдакцыі часопіса „Жовтень” і я б мог завязаць творчыя кантакты з выданнем. Відаць, так.
Ведаю, што Вы потым развіталіся са службай і пачалі працаваць журналістам на Гомельшчыне, а да службы вучыліся журналістыцы ў Івацэвічах і Карме. Пэўна і там таксама быў незабыўны час? І людзі цікавыя жылі тады?..
– Я вельмі хутка зразумеў, што ваенная журналістыка – гэта не мой хлеб надзённы. Тым больш, што пісаў я на беларускай мове літаратурныя творы, а падчас маёй службы ў Ашхабадзе ўжо выйшла першая кніга апавяданняў для дзяцей „Хітры Данік”. Мне ішлі на ашхабадскі адрас часопісы „Бярозка”, „Вясёлка”, газеты „Літаратура і мастацтва” і „Чырвоная змена”. Мяне цягнула ў Беларусь. Дадому. Я марыў купіць хату ў вёсцы, і каб абавязкова стаяў перад вокнамі прыцярушаны снегам стажок сена. А калі вярнуўся ў Беларусь, спыніў таксіста каля бярозкі пры дарозе, падышоў і абняў яе, беластволую. Каб мяне можна было зразумець, трэба усяго-наўсяго пажыць некалькі год за межамі роднай краіны.
Набуду я з цягам часу і хату ў вёсцы, і стажок сена пастаўлю перад вокнамі на агародзе. Але спярша трэба было атрымаць кватэру. Сям’я ў мяне к таму часу пабольшала яшчэ на аднаго сына. Аднак, як бы там не было, я сваіх сямейнікаў не падвёў – на прыватнай кватэры жылі мы ўсяго тры месяцы. Улічваючы і Ашхабад. Працаваў у газеце ВА „Гомсельмаш”, у абласной „Гомельская праўдзе”, а калі ў 1989 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, то амаль адразу абралі старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На апошняй пасадзе я быў амаль 16 год. Дарэчы, пра першы журналісцкі хлеб. Адразу пасля выпускнога вечара, а закончыў я Ільічоўскую СШ Рагачоўскага раёна, сабраў я маленькі чамаданчык і паехаў у невядомыя мне Івацэвічы на Брэстчыну. Адважны, аказваеццца, быў я чалавек! Сёння б на так, мабыць, не рашыўся. А тады пачуў па радыё выступ рэдактара Івацэвіцкай раёнкі Феафана Іларыёнавіча Хаванскага, дзе ён сказаў, што рэдакцыя амаль укамплектавана супрацоўнікамі, за выключэннем аднаго – не хапае літработніка ў прамысловы аддзел. І я пішу яму: вазьміце мяне! На маё здзіўленне, Хаванскі адказвае: прыязджай. Тут сыграла і тое, што маё прозвішча было на слыху – я тады актыўна друкаваўся ў рэспубліканскім друку. Як юны карэспандэнт, селькар. Пісаў карацелькі. Аднак і гэтага было дастаткова, каб мяне заўважылі. Дарэчы, сёння школа юных карэспандэнтаў і сельскіх карэспандэнтаў у Беларусі не існуе. Яе знішчылі ўсё роўна як наўмысна. Бо гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія, ведаю, знайшліся б у кожным рэгіёне нашай Беларусі, не налічваюць ганарар нават на канверты. Гэта я так умоўна кажу. Таму што запісалі рэдакцыі ў сваіх статутах ці як яны там называюцца, што ганарар могуць атрымліваць толькі штатныя супрацоўнікі газеты. Чулі такое? І кім бы я стаў, цікава, каб не атрымліваў ганарар у свае школьныя гады? У мяне не толькі была мэта, але і матэрыяльная зацікаўленасць. Я і калі ў Івацэвічы паехаў, не прасіў у бацькоў грошай на дарогу.
І ці доўга Вы затрымаліся ў Івацэвічах?
– У Івацэвічах я працаваў да Новага года. На Гомельшчыне раздзялілі некалькі раёнаў, таму адкрыліся і новыя газеты, вядома ж, і мяне пацягнула бліжэй дадому. Так я апынуўся ў Карме, дзе спярша быў літсупрацоўнікам, але пайшоў нават на павышэнне – узначаліў аддзел пісьмаў і масавай работы. Калектыў рэдакцыі мяне прыняў добра. Ну, а ў канцы года я быў прызваны ў армію…
Працу ў раённых газетах успамінаю з асаблівай цеплынёй. Калі да нас прызджалі карэспандэнты з абласных і рэспубліканскіх газет, у нас, раёншчыкаў, было свята ў прамым і пераносным сэнсе. Помню, калі карэспандэнт брэсцкай „Зары” прыехаў рабіць рэйд па ўборцы зерневых у раёне, то Ф. Хаванскі далучыў да яго і мяне: няхай хлопец вучыцца, яму карысна будзе паглядзець, як працуюць вопытныя журналісты…
Цяпер Вы вядомы і вопытны ў Беларусі празаік і драматург, лаўрэат многіх прэмій. І ўсё ж, чым адрозніваецца жыццё і праца пісьменнікаў у Беларусі сёння ад той 1970-х-1980-х гадоў? Асабліва тых, хто жыве і працуе не ў Мінску.
– Чым адрозніваецца? Многім. Я, напрыклад, калі кажу сёння, што з першага дня, як мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, то я атрымліваў штомесяц 100 рублёў з літфонду, сёння ў гэта мала хто верыць. На гэтыя грошы можна было жыць. А якія былі ганарары! У літаратурных часопісах за апавяданне атрымліваў больш за 200 рублёў. Зарабатная плата ў абласной газеце, заўважу, у мяне была 140 рублёў. На радыё шырока была запатрабавана пісьменіцкая публіцыстыка. Толькі пішы. Толькі працуй. Да таго ж, было бюро прапаганды мастацкай літаратуры, дзе можна было зарабіць грошы. Ідзі да людзей, выступай перад імі, натхняй на новыя здзяйсненні, дзяліся творчымі планамі. У працоўных калектывах закладваліся пэўныя грошы, каб аплочваць працу пісьменнікаў. Можна было выступаць праз таварыствы кнігалюбаў і „Веды”.
І тады пачыналася сяброўства?
– Так. З многімі пісьменнікамі ездзіў па пуцёўках бюро прапаганды мастацкай літаратуры не толькі па Гомельскай вобласці, але і па Магілёўскай. Дзве гэтыя вобласці я лічу роднымі. З Алесем Ставерам у Светлагорску жылі ў адным пакоі. Я пацікавіўся ў яго: „А як, Алесь Сяргеевіч, нарадзіліся ў вас радкі, што сталі пазней вядомай песняй „Жураўлі на Палессе ляцяць?” Ахвотна адказаў. Ён тады быў у „партызанах” у Тбілісі. І горад, кажа, прыгожы, і віно добрае, але за два месяцы так засумаваў па Радзіме, што мог перадаць гэта толькі словам. Калі прыйшлі першыя радкі, запісаў іх на карабку з запалкамі… Больш пад рукой нічога не мелася… І хутчэй у казарму, каб занатаваць астатнія радкі!..
У савецкі час я тройчы ўдзельнічаў во ўсесаюзных семінарах драматургаў, якія праходзілі ў Піцундзе, Дубултах і Рузе. Як? Здорава, канешне! У Піцундзе звярнулі ўвагу на маю п’есу „Сівы бусел” і міністэрства культуры СССР набыло яе за добрыя грошы, што дало мне магчымасць пайсці з рэдакцыі абласной газеты на вольны хлеб. Спектакль па п’есе быў амаль адразу пастаўлены ў Магілёўскай драме (1985 год), а ўслед і землякі гамяльчане звярнулі ўвагу на мае „Вокны”. Дзве прэм’еры ў адзін год! Да таго ж, пабачылі свет – адна за адной – кнігі апавяданняў „Партрэт салдата” і „Дзень у горадзе”. У той жа, савецкі час, я пабываў на адпачынку з сям’ёй у Кактэбелі і ў доме творчасці ўзбецкіх пісьменнікаў у Ташкенце.
А чаму так далёка забраліся – ажно ў Ташкент?..
– На гэта мелася важная прычына – там пахаваны мой сябра па вучылішчы, вайсковы журналіст маёр Валерый Глездзянёў, які загінуў у Афганістане. Схадзілі з жонкай і сынам да яго на могілкі, паклалі кветкі. Дарэчы, у час летніх вакацый я ездзіў да яго ў Удмурцію, а зімой – ён да мяне ў Беларусь. На вялікі жаль, наша сяброўства рана спынілася… Я б мог некалькі разоў перабрацца ў Мінск, былі прапановы. Але мне адзін вядомы пісьменнік параіў: „Васіль, жыві і працуй у Гомелі. Тут згубішся, а так мы ведаем, што ты там ёсць”. Я і не скрануўся з месца. Можа і правільна. Не ўсё ж пісьменнікі жывуць у сталіцах, галоўнае – добра рабіць сваю справу, а дзе – няважна. Жывучы ў Гомелі, я таксама дамогся многага: выдаў каля 30 кніг, стварыў больш чым 70 п’ес для дарослых і дзяцей. Гэта не засталося незаўважаным. За кнігу „Снукер” (раман, аповесці, апавяданні і дзве п’есы) я атрымаў прэмію Федэрацыі прафсаюзаў, за кнігу п’ес „Характары” ўганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Творчасць для дзяцей адзначана прэміяй імя Васіля Віткі. Двойчы адначаны абласной прэміяй імя Кірылы Тураўскага – за кнігу п’ес „Апошні” і публіцыстыкі „Сцежкі-дарожкі”. Мяне падтрымалі ў свой час вядомыя беларускія аўтары Мікола Чарняўскі, Леанід Левановіч, Уладзімір Машкоў, Міхась Даніленка, Юрась Свірка, Генрых Далідовіч, Уладзіслаў Рубанаў, Адольф Варановіч і асабліва Іван Пташнікаў, які даў „зялёнае святло” маім апавяданням і п’есам на старонках часопіса „Полымя”, дзе ён узначальваў аддзел прозы. Менавіта там былі надрукаваны п’есы „Стары і дарога” і „Блакада ў Кругліцы”, якія заўважылі на рэспубліканскім радыё і зрабілі па іх спектаклі.
Сёння ў літаратуру ідуць іншыя людзі. Я спрабую чытаць іх, і не дачытваю: мне гэта не цікава. Гульня слоў. Нейкае красаванне. Мала сапраўднага жыцця. Няма напоўненасці ў творах. Прымітыўна. Тады я бяру ў рукі каго-небудзь з апрабаваных аўтараў – такіх, як Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Іван Сяркоў, з расіян асабліва люблю Валянціна Распуціна, Васіля Бялова. З першым я сустракаўся на 9 з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР у 1992 годзе, які праходзіў у Маскве. Там жа меў стасункі і з многімі іншымі вядомымі творцамі: Расулам Гамзатавым, Віктарам Астаф’евым, Віктарам Розавым…
Спадар Васіль, сапраўды, Вы добры і цікавы драматург, Вашы п’есы ідуць у многіх тэатрах Беларусі, Расіі, Украіны. Што сабой сёння ўяўляе беларуская драматургія наогул, чым яна адрозніваецца ад драматургіі нашых суседзяў?
– Апошнія два разы я прымаў удзел як госць у фестывалі беларускай драматургіі, які ладзіцца ў Бабруйску раз у два гады. Меў магчымасць за тыдзень паглядзець 13-14 спектакляў. Што я магу сказаць? Асаблівых адкрыццяў для сябе не зрабіў. Хаця з задавальннем паглядзеў спектаклі па п’есах маладых драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага, Андрэя Іванова, Канстанціна Сцешыка, Максіма Дасько… Што не падабаецца, дык імкненне тэатраў дагадзіць крытыкам, а не гледачам. Я на баку апошніх. І калі сам пішу, пра крытыкаў наогул не думаю, думаю пра тых, хто прыйдзе ў тэатральную залу з набытым за свае кроўныя квітком… Хаця, і гэта таксама разумею, падлагоджвацца ні пад каго не трэба – рабі сваю працу сумленна, добра, а ўжо астатняе – не твой клопат. Згодны?
Нядаўна мастацкі кіраўнік Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін заўважыў: каб я ведаў, як напісаць добрую п’есу, я б зрабіў гэта. Магчыма і ёсць у нашых аўтараў добрыя п’есы, але іх яшчэ трэба заўважыць, знайсці. Неяк мне з Расіі валагодскі драматург і ў мінулым акцёр Уладзімір Ілюхоў, а з ім мы напісалі разам дзве казкі, якія ідуць у некалькіх тэатрах, напісаў: „Прачытаў тваю п’есу „Пераправа на Казанціп”. Цікава, куды глядзяць загадчыкі літчастак?” Не ведаю. Магу толькі сказаць: за ўвесь час, што пішу п’есы і дасылаю ў тэатры, да мяне ўважліва адносіліся два загадчыкі літчастак – Святлана Дашкевіч з Віцебска і Іван Чэркас, які на той час працаваў у купалаўцаў. Па яго рэкамендацыі п’есу „Блакада ў Кругліцы” (пазней яна ставілася ў Гомелі пад назвай „Усміхаўся месяц белай вішні”) прачытаў чарговы рэжысёр Андрэй Андросік. Яна захапіла яго і нават быў прызначаны час, калі я павінен быў яе прачытаць акцёрам. Для гэтага патрэбна было адно – каб з творам пазнаёміўся мастацкі кіраўнік Валерый Раеўскі. Яму, аднак, не знайшлося для гэтага часу. Пазней, кажуць, прыносіў у гэты тэатр нумар часопіса „Полымя” з п’есай „Стары і дарога” вядомы тэатральны крытык і эксперт Барыс Бур’ян, трос часопісам: звярніце ўвагу, гэта п’еса вашага тэатра! Калі б паставілі мяне купалаўцы, несумненна, крыху не такім пакручастым быў бы мой шлях да тэатральных падмосткаў. Хаця і так мне грэх скардзіцца.
Спадар Васіль, Вы шмат напісалі і выдалі кніг для дзяцей. Але кнігарні ў Беларусі завалены дзіцячымі кніжкамі рускіх аўтараў. Асабліва гэта бачна ў рэгіёнах Беларусі. А беларускамоўная дзіцячая кніжка адчувае сябе, як кропля ў моры. А наша беларуская дзіцячая літаратура не горшая, а можа нават і мацнейшая, цікавейшая за рускамоўную. Бяда ў тым, што многія дзіцячыя творы нашых добрых пісьменнікаў дзесяцігоддзямі не выдаваліся.
– Сёння наогул чытаюць дзеці мала. А што да кніг на беларускай мове – дык тут і зусім склалася сітуацыя, калі плакаць хочацца. Бяда ў тым, што сама мова ў загане. Проста жах. Дзе яе можна пачуць сёння? Толькі калі размаўляюць самі пісьменнікі. Нават, заўважу, акцёры, якія працуюць у беларускамоўных тэатрах, не размаўляюць паміж сабой на роднай мове. Але пісьменнікі пішуць, яны вераць у заўтраўшні дзень. Калі ён настане, той дзень, я мусіць ужо не дажыву. А наконт таго, што добрыя творы гадамі не выдаваліся, не пагаджуся. Выдаваліся і выдаюцца. Горш, калі разам з імі з’яўляецца і шэрасць. Адзін такі слабенькі твор можа адбіць ахвоту ў маленькага чалавечыка наогул ад чытання. Я для дзяцей напісаў не так і многа, але прыемна, што такія кнігі, як „Незвычайны дыктант”, „Вятрак – птушка вольная” і „Высокі страх” запатрабаваны. Я часта бываю ў бібліятэках, там мне паказваюць фармуляры: радуйцеся, дзецям падабаюцца вашы творы, чытаюць. Прыемна, канешне. Яшчэ мне прыемна і тое, што асобныя мае апавяданні змешчаны ў падручніках для малодшых класаў. Дарэчы, успомніў. Мой бацька, Юрый Трафімавіч, быў настаўнікам пачатковых класаў. І вось я прызджаю з Львова на зімовыя канікулы, і ён запрашае мяне ў свой клас, кажа: „Якраз праходзім тваё апавяданне „Зямля Хатыні”, так што прыходзь на ўрок, раскажаш, як пісаў… Дзецям таксама прыемна будзе паглядзець на сапраўднага пісьменніка…”. Вось так было.
Не мінулі Вашага пяра і гумарыстычныя творы. Але ў апошнія дзесяцігоддзі гумар у Беларусі неяк прытушылі і прыдушылі. А Беларусь заўсёды вызначалася сваім народным і творчым гумарам, дасціпнасцю, жартамі, весялосцю. Ды і гумарыстычных твораў шмат выдавалася. Цяпер зусім не тое. Чаму?
– Чаму прытушылі, прыдавілі? Пішы. Іншая справа, што няма дзе друкавацца сёння гумарыстам. Акрамя „Вожыка”. Раней старонкі альбо куткі гумару былі ў некаторых рэспубліканскіх газетах і тыднёвіку „Літаратура і мастацтва”. Сёння, на жаль, такога няма. Не ідуць насустрач гумарыстам выданні, і ўсё тут. Мо так ім спакайней жыць? Ужо нябожчык Барыс Кавалерчык, а ён жыў у Гомелі, нярэдка турбаваў мяне: „Ты ж член рэдкалегіі часопіса „Вожык”, паклапаціся, каб тыраж хоць вырас. Некалі ён тысячамі вымяраўся, а сёння смешна лічбу называць…У некаторых раённых газет тыраж у пяць разоў большы…” Я суцяшаў Барыса Лазаравіча, выдатнага гумарыста, пастаяннага аўтара маскоўскай „Литературной газеты”, казаў яму, што клапаціўся, аднак справа не рухаецца, што тут паробіш. Гэтае пытанне трэба вырашаць на высокім узроўні. Мне пашанцавала ў свой час выдаць у бібліятэчцы часопіса „Вожык” дзве кнігі – „Карасі на пяску” і „Крутыя хлопцы”. Але гэтая бібліятэчка даўно ўжо не існуе. Шкада. Вельмі. Дзякуючы ёй сваімі творамі радавалі ў свой час такія майстры прыгожага пісьменства, як Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Корбан, Эдуард Валасевіч, Хведар Жычка, Сяргей Дзяргай, Міхась Пянкрат, Уладзімір Правасуд, Уладзімір Верамейчык, Леанід Гаўрылкін і многія іншыя пісьменнікі…
Ці ведаюць жыхары Гомеля, што ў іх горадзе жыве такі вядомы пісьменнік як Вы? Ці сёння гамельчанам „да лямпачкі”, хто сярод іх пражывае і чым ён займаецца? Народны пісьменнік Іван Шамякін, памятаю, на сваёй вечарыне, якая ладзілася ў Мінску ў далёкім 1995 годзе, сказаў: „Гомель хутка будзе ганарыцца, што там жыве і працуе сёння пісьменнік Васіль Ткачоў…” Ці спраўдзіліся яго словы?
– Мне няпроста адказаць на гэтае пытанне. Мяне, канешне, многія пазнаюць і ведаюць. Гэтаму паспрыяла і тое, што тры гады на абласным тэлебачанні я вёў перадачу „На прызбе з Васілём”. Хоць прайшло з яе першага выпуску дваццаць год, а мяне пытаюць ішны раз: калі ўжо зноў будзе прызба? Гомелю і гамяльчанам я прысвяціў раман „Дом камуны”. Прыемна, што гэты твор разышоўся па свеце – ад Ізраіля да ЗША. Ён выдадзены ў мяне на дзвюх мовах. Вядома, у былых гамяльчан свідруе настальгія па іх роднаму гораду. Глытком свежага паветра для іх служыць і мой твор. Мне добра жывецца ў маім горадзе. Я нікому не дакучаю, ніхто не дакучае і мне. А тое, што абласны драматычны тэатр не запрасіў мяне на васьмідзесяцігадовы юбілей, хаця там і пастаўлена шэсць маіх спектакляў, успрымаю спакойна. У тэатры працуюць сёння іншыя людзі, і яны запрасілі на свята блізкіх сабе па духу людзей… Я, відаць, пайшоў далей, ці, можа, наадварот, адстаў ад іх светапогляду. Спадзяюся, што жыццё расставіць усе кропкі над „і”.
У Гомелі сёння дзейнічаюць тры тэатры – абласны, моладзевы і лялечны…
– Я плённа супрацоўнічаю з апошнім. Там у рэпертуары сёння ідуць спектаклі па маіх п’есах-казках „Чарадзейны рукзачок”, „Дзе жыве Некукарэка?”, „Не ўсе зайцы – трусы”, „Храбры кравец”, „Снежная каралева” і „Пра Ваўка, Лісу і здарэнне ў лесе”. А што яшчэ да „любові” землякоў-гамяльчан, то сажу: сваё сямідзесягоддзе я адзначаў у Магілёве. Магілёўскі абласны драматычны тэатр да юбілею падрыхтаваў спектакль па маёй камедыі „Без Ягора будзе гора”. Прыехалі землякі, родныя і блізкія людзі. І нават некаторыя прыхільнікі маёй творчасці з Гомеля. Было хораша і весела. Відаць, і 75-годдзе буду адзначаць не ў Гомелі. Балазе, ёсць дзе. Новыя спектаклі па маіх п’есах ставяцца, ідуць тыя, што раней пабачылі святло рампы. Так што усё будзе добра. Яшчэ прыемна і тое, што землякі надалі мне званне ганаровага грамадзяіна Рагачоўскага раёна. Дзякуй ім!
Якія творчыя і жыццёвыя планы ў празаіка, драматурга і публіцыста Васіля Ткачова з Гомеля?
– Зрэдчас пішу творы малай формы. Апавяданні, гумарэскі, жыццёвінкі. Працую сёння пераважна ў драматургіі. Пераклаў для Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа п’есу Міхаіла Хейфеца „Асенні рок -н-рол”, прэм’ера плануецца на бліжэйшы час. Слонімскі драматычны тэатр ставіць спектакль „Белы ліст” („Апошні” ). Гомельскі тэатр лялек запланаваў казку „На Кудыкіну гару”. Рубцоўскі драматычны тэатр (Алтай, Расія) атрымаў грант на пастаноўку спектакля па п’есе „Лялькі” – да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Палескі драматычны тэатр (г. Пінск) прыступіў да рэпетыцыі спектакля-казкі „Непаслухмяная запалка”. Ну, і так далей…Некалі я выдаў кнігу публіцыстыкі „Пахвалі пражыты дзень”. Так і стараюся жыць – каб мог пахваліць кожны пражыты дзень. Таго і ўсім беларускім пісьменнікам Беласточчыны і Беларусі жадаю.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын
Фота з архіва Васіля Ткачова