Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

У глыбінцы

Вяселле

У цяперашнія часы ў вёсках на Гарадзеншчыне вяселле стала з’явай настолькі рэдкай, што на маладых мясцовыя глядзяць быццам бы на прышэльцаў з іншaй планеты. Бо збольшага адны старэчы засталіся, тыя, што маладзейшыя, амаль усе павыязджалі ў гарады працаваць. Хіба толькі ў буйных вёсках Міншчыны ці на Палессі, або ў пасёлках гарадскога тыпу рэгулярна святкуюць. Вось і ў нашай не надта вялікай вёсцы вяселле, што адбылося ў чэрвені, было першым за добрыя гадоў дзесяць. Прытым трэба дадаць, хлопец з дзяўчынай жывуць пастаянна ў горадзе, але прыехалі да бацькоў жаніха, каб тут зладзіць сваё вяселле. Можа вырашылі грошы зберагчы, бо цэны істотна выраслі. Каб арганізаваць той самы рэстаран, фотасесію ды ўсё неабходнае,  раней шмат хто браў пазыкі ў банку, а зараз яшчэ даражэй стала. А тут трэба было заплаціць толькі за прадукты і напоі. А, можа, у вёсцы, здалёк ад вялікага горада, проста прыемней ім было. Гасцей няшмат прыехала, машын пяць-шэсць стаяла каля брамы. Ганак традыцыйна ўпрыгожылі бярозавымі веткамі, павесілі стужку з віншавальным надпісам.

Ужо цёпла ўрэшце стала, таму днём паставілі лаўкі на падворку. Калі маладыя прыехалі з ЗАГСу (беларускі аналаг Urzędu Stanu Cywilnego), гулялі да позняга вечара на вуліцы. Толькі тады як зусім ужо цёмна стала, перайшлі працягваць у хату. Гаманілі і весяліліся так, каб потым надоўга запомнілася. Пілі, як гэта прынята, за здароўе маладых ды крычалі „горка!” так, каб чуць было здалёк. Нават пасярод ночы гудзела на ўсю вёску гучная музыка, пераважна расійскі шансон ды папулярныя песні, што круцяць у апошнія гады ў рэстаранах. Шмат гучала песень Стаса Міхайлава (расійскі выканаўца), якога любяць старэйшыя асобы. Туравалі гэтай дыскатэцы адчайным брэхам напэўна ўсе вясковыя і навакольныя сабакі. Сціхла вяселле толькі недзе пад раніцу, калі стомленыя маладыя, іх бацькі і госці нарэшце ўлегліся спаць.

Хаця, прызнацца, перашкаджалі ноччу адпачываць музыка і крыкі, але нават добра гэта было. І няхай бы гукі вяселля трохі часцей разбаўлялі сумную вясковую цішыню.

Цана вяселля ў Беларусі можа моцна адрознівацца ў залежнасці ад шматлікіх чыннікаў, такіх як выбраны ўзровень паслуг і месца правядзення. Скромныя вяселлі будуць каштаваць каля дзвюх тысяч долараў, у той час як пышныя мерапрыемствы – да дваццаці тысяч і нават больш, асабліва калі на іх запрашаюць прафесійных арганізатараў

Рыбакі

Каля нашай вёскі ёсць некалькі сажалак. Кажуць, раней гэта былі панскія ставы. Панскі двор згарэў падчас сусветнай вайны, а гэтыя вадаёмы засталіся, толькі моцна зараслі трыснягом і гарлачыкамі, ніхто імі асабліва не займаецца. Зарослыя берагі надта падабаюцца качкам і дробным надводным птушкам, бо для іх гэта добрае натуральнае ўкрыцце. Асабліва шмат чаратовак, якія цёплымі вечарамі спяваюць хорам свае пранізлівыя песні.

Час ад часу мужыкі ходзяць на сажалкі лавіць рыбу. Узімку там заўсёды нехта ёсць, ставяць стаўкі на шчупака. Але летам гэтыя сажалкі не надта сярод іх папулярныя, бо моцна зарослыя і засталося толькі некалькі месцаў, а дакладней, некалькі „акенцаў” з чыстай вадой сярод гарлачыкаў, дзе можна закінуць вуду. Плюс яшчэ ў зарасніках такое мноства камароў і мошак, што спакойна там стаяць немагчыма. Найлепшае месца для лоўлі – з самаробнага прычалу для лодак. Аднак туды не заўсёды ўдаецца трапіць. Бывае так, што ідзеш туды пад вечар, а ўжо на падыходзе бачыш у траве ровар.

– Цьфу ты, халера, – лаешся на сябе, – зноў Пятровіч заняў!

Пятровіч з вяскоўцаў хіба найчасцей тут ловіць, бо пенсіянер і ў дадатак не мае аўтамабіля, каб ездзіць на больш вялікія і прывабныя вадаёмы. Корпацца на градках ён не любіць, таму, як ёсць магчымасць, уцякае ад жонкі з дому сюды, на сажалкі. Іншых спосабаў, каб бавіць час, у вёсцы асабліва няма, вось і сядзіць гадзінамі з вудкай.

Рыба ў сажалках ёсць неблагая. Часам відаць як шчупак ганяе малую рыбку і выскаквае з вады. Але зноў жа з-за таго, што пазарастала, злавіць яго можна толькі калі лёд стане. Ёсць ляшчы, якія, бывае, таксама выварочваюцца з вады каб глытнуць паветра. Шмат чырванапёркі і акуня, але, шчыра кажучы, далёка не трафейных памераў. Добрага ляшча, то бок жоўтага, злавіць можа хіба толькі Пятровіч, кажуць, нават на два с паловай кілаграма трапляўся такі яму. У іншых рыбакоў клююць толькі невялікія падлешчыкі. Калі да Пятровіча падыходзяць пагаварыць, то ён ахвотна дзеліцца парадамі. Лавіць ляшча, кажа, трэба альбо зранку, альбо ўвечары, паміж сёмай і восьмай гадзінамі, на матыля разам з апарышам, і абавязкова трэба на вялікай глыбіні, амаль з дна. Бо калі глыбіня недастатковая ці прынадай служыць толькі апарыш ці чарвяк, то лавіцца будзе чырванапёрка або дробны акунь.

Аднак парады Пятровіча дапамагаюць бадай толькі яму аднаму. Наслухаешся яго, робіш усё дакладна так як трэба, ідзеш на сажалку ў адпаведную гадзіну, а на кручок трапляецца драбяза даўжынёй на палец. Так што або вакол лавіць ніхто не ўмее, або вуды ў хітрага мужыка зачараваныя!

Сяргей Александровіч

Фота аўтара

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (146) – 7 жніўня 1879 г. у в. Дубна каля Мастоў нар. Пётр Крачэўскі, выдатны беларускі палітычны дзеяч, гісторык ды драматург. Перад першай сусьветнай вайной працаваў настаўнікам на Беласточчыне, у Ялоўцы. У 1923-1928  гг. (жывучы на эміграцыі ў Празе) быў Прэзідэнтам Беларускай Народнай
  • (115) – 7.08.1910 г. (у сапраўднасьці 22.06.1912 г.) у Новым Пагосьце нарадзіўся Генадзь Цітовіч, выдатны дзеяч беларускага харавога мастацтва, кампазітар, дырыжор. Сабраў ды апрацаваў многа беларускіх народных песьняў. Заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага Хору Беларусі (зараз хору прысвоена ягонае імя). Памёр 6.06.1986 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
  • (110) – 7.08.1915 г. перастала выходзіць „Наша Ніва” (друкавалася з 10.11.1906 г.). Часопіс адыграў найважнейшую ролю у беларускім адраджэньні пачатку XX ст.
  • (93) – 7.08.1932 г. у Расолах Віленска-Троцкага пав. нар. Адам Мальдзіс, літаратуразнавец, гісторык, актыўны дзеяч беларускага адраджэнскага руху, плённы дасьледчык сувязяў беларускай культуры з суседнімі культурамі, асабліва з польскай. Памёр 3.01.2022 г. у Менску, пахаваны ў Задворніках Астравецкага р-на.
  • (71) – 7.08.1954 г. у Мсьціславе нар. Алег Трусаў, археоляг, гісторык, грамадзкі і палітычны беларускі дзеяч, старшыня Таварыства Беларускай Мовы. Віншуем з юбілеем!
  • (30) – 7.08.1995 г. у Менску памёр Максім Танк (сапраўднае прозьвішча Яўген Скурко) паэт, грамадзкі дзеяч (нарадзіўся 17.09.1912 у в. Пількаўшчына на Вілейшчыне).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com