Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    24. Dochtar Maroz (6)

    U archiwie IPN kromie dakumentaŭ UB majuć jaszcze druhuju dakumentacju – z Wajskowaho rajanowaho sudu ŭ Biełastoku, dzie krychu bolsz infarmacjaŭ pra sprawu Wacława Maroza. Baraniŭ jaho adwakat Alaksandar Saroka z Warszawy. 26 kwietnia 1950 r. jak obrońca wojskowy pasłaŭ da suda ŭ Biełastoku piśmo,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Святая пакутніца Марыя Петручук і яе шлях да святасці

30 ліпеня 2023 г.

На праваслаўных могілках у Малешах на Бельшчыне адбылося асвячэнне помніка на магіле Святой падляшскай пакутніцы Марыі Петручук. Пабудаваць яго вырашыла грамадская ініцыятыва „Наша памяць” у супрацоўніцтве з Беларускім гістарычным таварыствам. Усё пачалося летам 2018 г., калі гэтымі людзьмі была праведзена экспедыцыя з мэтай адшукання месцаў спачынку ахвяр злачынства, здзейсненага зімою 1946 г. у беларускіх вёсках на Гайнаўшчыне і Бельшчыне атрадам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса псеўданім „Буры”. І вось на могілках у Малешах зусім выпадкова быў знойдзены павалены помнік Марыі Петручук – маладзенькай дзяўчыны з вёскі Шпакі, якая супрацівілася згвалтаванню яе адным з жаўнераў і той стрэліў серыю з аўтамата, параніўшы яе ў жывот. Дзяўчына памерла праз тры дні ў шпіталі ў Бельску. У 2020 г. Сабор епіскапаў Праваслаўнай царквы ў Польшчы Марыю Петручук увёў у лік Святых мучанікаў холмскіх і падляшскіх.

Помнік св. пакутніцы Марыі (Петручук) на могілках у Малешах Фота Юркі Хмялеўскага
Помнік св. пакутніцы Марыі (Петручук) на могілках у Малешах
Фота Юркі Хмялеўскага

Пяць гадоў таму вырашана было пабудаваць на могілках у Малешах новы помнік, дзеля чаго ініцыятары абвясцілі збор грошай. Па іх просьбе помнік запраектаваў праф. Юры Усціновіч з Беластоцкай палітэхнікі. Ідэю благаславіў мітрапаліт Сава.

У дзень асвячэння помніка Праваслаўнае брацтва Трох свяціцелей з Беластока, так як год таму, сарганізавала паломніцтва па месцах закатавання ў 1946 г. падляшскіх мучанікаў. Я таксама далучыўся да паломнікаў, хаця не адразу. Так склалася, што ў тамашніх вёсках быў я ўпершыню. На пачатак аўтам прыпыніўся на ростанях дарог у Шпаках. Там стаіць помнік у памяць жыхароў – ахвяр „Бурага”. Надпіс на ім ужо аднак нябачны. Пасля я пераехаў праз вёску, якая ўся так і не адбудавалася пасля таго, як спалілі яе злачынцы. Па сёння засталіся прорвы ў забудове. Таксама ў месцы, дзе жыла св. Марыя. Кажуць, што на панадворку побач пражывае нехта з яе сям’і, цяпер каталіцкага ўжо веравызнання. Але тая асоба надалей адчувае боязь. Быццам не хацела яна, каб ставілі новы помнік на магіле яе плямянніцы, пабойваючыся, што за гэта спаляць ёй дом…

Праектант помніка праф. Юры Усціновіч Фота Юркі Хмялеўскага
Праектант помніка
праф. Юры Усціновіч
Фота Юркі Хмялеўскага

Калі даехаў я ў Пухалы-Старыя, якраз паломнікі пайшлі ўжо за рэчку ў лес, каб памаліцца на месцы расстрэлу 31 студзеня 1946 г. атрадам „Бурага” трыццацёх вазакоў. Іх астанкі былі ў 1996 г. перанесены на Ваенныя могілкі ў Бельску.

На месца расстрэлу цяжка трапіць. На шчасце завёў мяне туды выпадковы жыхар, шмат старэйшы сімпатычны мужчына. Паломнікі ўжо памаліліся ля пастаўленага там крыжа і ішлі назад, каб падацца на абед.

Мой праваднік расказаў крыху пра ход трагічных падзей у тую няшчасную зіму 1946 г. ля яго вёскі, пра што паў веку ўсе тут маўчалі. Я асцярожна запытаў мужчыну, чаму „Буры” якраз сюды прыгнаў вазакоў на расстрэл. Аказваецца, у атрадзе было пару маладзёнаў з Пухалаў. Гэта яны сказалі каменданту, што непадалёк іх вёскі ў лесе ёсць гатовыя ўжо выкапаныя ямы, якія засталіся з лета 1944 г. Тады выкапалі іх сяляне, якія нейкі час у зямлянках хаваліся ад савецка-нямецкага фронту. Менавіта над адною з такіх ямаў пастралялі вазакоў і з большага засыпалі зямлёю (была змерзлая). Мужчына паказаў мне яшчэ сляды па іншай такой яме, парослай цяпер хмызняком і дрэвамі.

З Пухалаў падаўся я ў Зані, сем кіламетраў на другі бок Браньска. Пра тое, што здарылася ў гэтай вёсцы вечарком 2-га лютага 1946 г., цяпер добра вядома. Напісана пра гэта шмат артыкулаў з успамінамі сведкаў. „Буры” для пацыфікацыі Заняў назначыў узвод пад камандаваннем „Бітнага” з 35 фурманкамі. Узброеныя зламыснікі пачалі адбіраць у жыхароў – толькі праваслаўных – ежу, адзенне, жывёлу і ўсе каштоўныя рэчы. Пасля рабавання падпалілі дамы і гаспадарчыя будынкі, абмінаючы сялзібы каталіцкіх сем’яў, якіх было толькі чатыры. Мужчыны заранёў пераважна схаваліся ў кустах, у полі ці ў былых нямецкіх акопах. Калі з палаючых дамоў пачалі ўцякаць галоўным чынам жанчыны і дзеці, захопнікі пачалі па іх страляць. Некаторых затрымоўвалі і пыталі пра нацыянальнасць і веравызнанне: „Polak czy Białorus?”. Другі адказ абазначаў смерць. Правяралі таксама пашпарты, выдадзеныя яшчэ немцамі, у якіх была пазначана нацыянальнасць.

Загінула тады 24 чалавек, яшчэ восем атрымалі цяжкія раненні. Найстарэйшай ахвяры было 83 гады, а наймалодшай ўсяго тры годзікі.

Жаўнеры „Бурага” (жыхары Заняў пасярод іх распазналі мужчын з суседніх Свірыдаў, Гліннікаў і Альшэўкі) выйшлі з вёскі праз дзве гадзіны, а дзясятай вечарам. На другі дзень вярнуліся тыя, якія схаваліся недзе ў полі. Косці і целы спаленых і забітых пахавалі ў супольнай магіле 200 метраў за вёскай, дзе сяляне капцавалі бульбу. Баяліся пахаваць іх на прыходскіх могілках у Браньску. 

На пачатку 1970-х гадоў на магіле была ўстаноўлена памятная дошка з імёнамі і прозвішчамі загінулых. Яе нядаўна аднавілі.

І вось у гэтым месцы далучыўся я ўрэшце да паломнікаў. Настаяцель цэркваў у Малешах і Браньску а. Марк Якімюк над магілай адслужыў малебен з акафістам да св.св. мучанікоў холмскіх і падляшскіх. Затым усе падаліся на малешоўскія могілкі, дзе адбылося асвячэнне новага помніка св. муч. Марыі Петручук.

У прысутнасці звыш сотні людзей айцец Марк Якімюк адслужыў кароткае набажэнства. Пасля асвячэння помніка выказаў спадзяванне, што будзе ён „малой святыняй, каторую ніхто напэўна не абміне, калі прыйдзе на гэтыя могілкі”. Затым голас узяў старшыня Беларускага гістарычнага таварыства праф. Алег Латышонак, які падзякаваў усім, хто спрычыніўся да здзяйснення гэтай ўзнёслай ідэі. Сваю ўдзячнасць выказаў сябрам, якія шмат часу прысвяцілі адшуканню магілаў св. пакутнікаў, і археолагам, што ездзілі разам і ўсё спісвалі. Шчыра падзякаваў прафесару Юрыю Усціновічу, „што зрабіў праект без ніякага ганарару і цэлы час даглядаў за будаваннем помніка”. Таксама каменшчыку Веславу Кісялеўскаму, „што сваё сэрца ўклаў у гэтую нялёгкую працу”. – Ну і дзякую ўсім, хто даў складчыну на гэты помнік – сказаў на канец. – Бо без гэтых складчын, і вялікіх, і малых, гэты помнік, напэўна, тут не стаяў бы.

Грамадская ініцыятыва „Наша памяць”, якую ажыццяўляе Беларускае гістарычнае таварыства, сабрала пад 40 тыс. зл. Толькі каштаваў дагэтуль помнік, які адначасова з’яўляецца прыкладам высокага ўзроўню сакральнага мастацтва. Удзельнікі яго асвячэння ахвяравалі яшчэ 1,5 тыс. зл., а каб цалкам завершыць працы, далей не хапае некалькі тысяч злотых. 

Помнік будзе яшчэ абкладзены звычайнымі палявымі камянямі. Гэта мае напамінаць брукаваную вясковую вуліцу. Была просьба, каб на асвячэнне помніка людзі прывезлі з сабой таксама адзін ці два камяні. Я прывёз некалькі, але іншыя чамусьці толькі зрэдку.

Праектант праф. Юры Усціновіч – мой зямляк. Яго карані ў падкрынскіх Азяранах. Меў я ўжо нагоду раней з ім сустракацца на нейкіх культурных мерапрыемствах. Цяпер таксама крыху мы з сабой паразмаўлялі. Перад усім выказаў я яму сваё прызнанне за запраектаванне глыбокага ў сваім духоўным і рэлігійным значэнні сакральнага твору мастацтва. Гледзячы на ягo людзі магчыма задумаюцца і перастануць ставіць на магілах шаблонныя помнікі, якія часта аддаюць проста кічам.

Праф. Усцінавіч аднак астудзіў мой энтузіязм, кажучы, што памяняцца павінен спярша менталітэт грамадства, яго звычкі і зманлівыя захапленні прыкладамі звонку. Гэта працэс, які патрабуе проста часу.

Значэнне прыгожага помніка на магіле св. пакутніцы Марыі перад усім такое, што ўзведзены ён дзякуючы ахвяраванням людзей добрай волі, якія вырашылі ўвекавечыць балючае па сёння здарэнне з мінулага і трагічную смерць маладой жанчыны, пра якую забыліся нават блізкія.

Але такіх жудасных здарэнняў у тыя неспакойныя пасляваенныя гады на Беласточчыне было мноства. Па-праўдзе толькі злачынствы здзейсненыя на беларусах атрадам „Бурага” дастаткова агучаны. Шмат падобных выпадкаў на жаль цалкам ужо прызабытыя. Некаторыя з іх, з маіх родных ваколіц, удалося мне зберагчы ад забыцця. У „Часопісе” ў рубрыцы „Памяць” (на мове простай) на аснове дакументаў і ўспамінаў людзей апісаў я дагэтуль ужо каля 30-ці такіх балючых гісторый. Гэта таксама свайго роду помнік нявінным ахвярам, маім землякам.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у чэрвені

    – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе Кнігу Руф, Кнігу Эсфір, Кнігу Плач Іяэміі. – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі). – 7.06.1825 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (153) – 4.06.1872 г. у Варшaве памёр Станіслаў Манюшка (нар. 5.05.1819 г. у фальварку Убель на Меншчыне), кампазытар, дырыжор і пэдагог, аўтар вядомых опэр „Галька”, „Страшны двор”. Пачатковую адукацыю атрымаў у Дамініка Стэфановіча ў Менску. З 1840 г. быў арганістам і дырыжорам у Вільні, у 1858-1872 гг. – дырыжорам і дырэктарам опэрнага тэатру, прафэсарам Музычнага Інстытуту ў Варшаве. У творчасьці выкарыстоўваў беларускі фальклёр.
  • (73) – 4.06.1952 г. у Чыкага (ЗША) пам. Язэп Варонка (нар. 16.04.1891 г. у Кузьніцы Сакольскага пав.), беларускі палітычны дзеяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня БНР, старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі ў 1918 г., міністр беларускіх спраў у Літве да красавіка 1920 г., у 1923 г. выехаў у ЗША (Чыкага), дзе дзейнічаў у беларускіх арганізацыях.
  • (39) – 4.06.1986 г. у Маскве памерла Канстанцыя Буйло (Калечыц), беларуская «нашаніўская» паэтка. Нарадзілася ў Вільні 2(14).01.1893 г. Аўтарка гімну «Люблю наш край». У 1989 г. яе прах быў перанесены ў Вішнева, дзе на магіле пастаўлены помнік.
  • (36) – 4.06.1989 г. у Польшчы адбыліся першыя, часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. Удзельнічалі ў ім таксама беларускія кандыдаты: Сакрат Яновіч як кандыдат у Сэнат набраў 22,4 тыс. галасоў, а Яўген Мірановіч як кандыдат у Сойм набраў 14,4 тыс. галасоў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com