У архівах бібліятэкі імя Врублеўскіх пры Літоўскай Акадэміі Навук мне пашанцавала трапіць на „Акты издаваемые виленскою комиссіею для разбора древних актовъ” (Акты относящіеся къ исторіи Западно-русской церкви 1443-1663) (Вільня, 1908). У томе XXXIII знаходзім невядомы дагэтуль дударскай супольнасці ліст-скаргу ксяндза Віткоўскага на праваслаўнае насельніцтва горада Мельніка, што на Падляшшы. Цяпер Мельнік гэта мястэчка ў аднайменнай вясковай гміне, Семятыцкага павету, а даўней горад Вялікага Княства Літоўскага, інкарпараваны ў Польскую Карону ў 1569 годзе. Падзеі апісаныя ў скарзе адбываюцца ўжо ў час польскага панавання, пасля Брэсцкай Уніі і паказваюць на не зусім простыя адносіны паміж каталіцкім іерархам і пераважна праваслаўным мясцовым насельніцтвам, а таксама прадстаўнікамі мясцовай улады. І ўсё гэта пад акампанімент беларускай дуды…
Напісаная на лаціне з польскімі ўстаўкамі скарга ў Мяльніцкі гродзкі суд была чарговым этапам у змаганні за дзесяціну, якое пачалося паміж ксяндзом і жыхарамі горада ў 1600 годзе. Скарга датуецца датай 1 чэрвеня, 1610 года і пазначаная нумарам 140. Заява была скіраваная супраць войта Яна Шчэрбіча, мясцовага ратмана, райцаў і лаўнікаў горада Мельнік, а таксама супраць усіх жыхароў горада. Ксёндз скардзіўся што нягледзячы на шматлікія, ранейшыя, публічныя заклікі з касцёльнай амбоны пра шкоднасць свята „Kleczanie” (Клічанне або Заклінанне, гаворка пра паганскае свята Зялёныя святкі або Сёмуху) прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі не толькі не адводзяць мясцовага насельніцтва ад гнуснасцяў якія тыя ўчыняюць у гэты дзень, а наадварот, нават спрыяюць ім. Далей ідзе амаль што этнаграфічна-дакладнае апісанне самога свята. Працытую яго ў блізкім перасказе з тэксту „Черты религіозных отношеній на Подляшьи въ XVII в.” аўтарства Дзмітрыя Іванавіча Даўгялы, які друкуецца на пачатку вышэй згадана выдання.
„У найбліжэйшую да св. Тройцы нядзелю, напярэдадні і ў самы дзень, ад раніцы да ночы, па вуліцах горада, пожнямі і палямі, лясамі, каля плябаніі і каля самага Мяльніцкага касцёла, які знаходзіцца амаль ў цэнтры горада, ходзяць рускія (па лаціне Ruteni, гаворка пра беларускае насельніцтва) мужчыны і жанчыны, з ражкамі (cornicenibus) або з дудамі („z dudami” – у лацінскі тэкст уплеценая аўтэнтычная назва інструменту), з бубнамі (tympanis) і іншымі шматлікімі вясковымі інструментамі, адмыслова для танцаў, танцуюць розныя танцы, па паганскаму звычаю, скачуць, быццам саранча ўверх і ўніз, крычаць і клікаюць: Ваал, Ваал! Так яны робяць у п’яным выглядзе і не стамляюцца рабіць гэта бясконца. Пры гэтым яны некалькі разоў за дзень набліжаюцца да касцёла і спыняючыся, падымаюць страшэнны крык і шум, учыняюць скандалы і дзеянні, найбольш абуральныя, дзёрзкія і непрыстойныя для слыху. Некаторыя ж п’яныя рэжуць сябе нажамі ў гонар Ваала, аддаючы сябе гвалтоўнай смерці”. Скончыўшы перасказ аўтар дае пазначэнне: „Гэтае апісанне заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі і гісторыка і этнографа. Можна меркаваць, што ксёндз, аўтар скаргі, значна згусціў фарбы, што народ не Ваалу святкаваў на „клечане”.
Тэкст сапраўды надзвычай цікавы, нягледзячы на відавочныя перабольшванні ксяндза, па першае сваім безумоўна аўтэнтычным апісаннем выкарыстання інструментаў і акалічнасцяў паганскага абраду. Па другое гэты тэкст, калі выключыць перакладныя тэксты („Аповесь пра трох каралёў” і „Трышчана”), то гэта першая ў гісторыі, літаратурная згадка пра беларускую дуду, якая разам з іншымі дзвюма крыніцамі папаўняе таксама калекцыю тэкстаў пра дуду на фоне судовых разбіральніцтваў. Апрача таго, гэты тэкст пацвярджае правіла ў шматлікіх спрэчках, якія вядуцца вакол дударскай традыцыі. На прыклад тое, што інструмент з найдаўнейшых часоў, калі назва Літва і прыкметнік літоўскі сапраўды маглі яшчэ ўжывацца ў адносінах да тэрыторыі і насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, успрымаўся менавіта як рускі (беларускі). Можна сказаць, што вачыма людзей іншай культуры, гэты інструмент атаясамліваецца з беларусамі і іхняй (паганска-вясковай) культурай). Невыпадкова называючы розныя інструменты, ксёндз Віткоўскі падае іх назвы на лаціне і толькі дуду называе на мове арыгіналу (не ведаючы або адмыслова ігнаруючы лацінскае слова-адпаведнік „utriculus”). Дуда часцяком, хоць і ў адмоўнай, насмешлівай падачы, выступае як маркер беларускасці, а таму не можа лічыцца або называцца „беларуска-літоўскай”, нават у кантэксце гістарычных разважанняў. Хоць словы „літоўскі”, „літвін” часта сустракаюцца ў літаратуры ў адносінах да беларускага насельніцтва, то гэтае азначаэнне ніколі не выкарыстоўвацца ў адносінах да самаго інструмента. Тое самае правіла мы яшчэ не раз сустракаем у іншых, пазнейшых тэкстах. У камедыі Каятана Марашэўскага, драматурга XVIII ст., прафесара рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобл.), сустракаецца вось такі забаўны дыялог законніка, які спалохаўся дуды, з беларускім селянінам:
Селянін. Чаго, ваша, баішся, ці не знаеш, што гэта ёсць?
Пакутнік. Не ведаю.
Селянін. Гэта не гадзіна, гэта дуда руская.
Пакутнік. Як гэта руская дуда?
Селянін. Вот какая, што можна на ёй граць.
Пакутнік. Што ты пляцеш?
Селянін. Я не пляту, але праўду кажу. Калі хочаш, так і зараз зайграю.
Пакутнік. Не веру гэтаму, каб ты яе і ў рукі ўзяў.
Селянін. Вот абачыш. (Бярэ і грае.) А што, альбо не прыгожа? А ты, дурак, баяўся. Паскачы цяпер, бо яшчэ пайграю. (Грае.)
Пакутнік. Цяпер ужо веру, але здзіўляюся, хто прыдумаў гэты інструмент і хто на ім можа граць, яго ж страшна ў рукі ўзяць.
Селянін. Як твой дурны ум, так баішся. Не мусіў ты быць з нашымі брацьмі ў карчме. А мы, калі збяромся да карчмы, мала яе не развалім ад гуку – толька дуд нашых!
Пакутнік. Але навошта патрэбен гэты мяшок?
Селянін. А які ж ты дурак! Без яго і граць няможна было б… А гдзе б дух дзяржаўся?
Пакутнік. Бачу, ваша, што вы майстра граць на гэтым інструменце. Сыграй жа нам на ім! Можа, васпану трэба табурэтка?
Селянін. Магу я зайграць і стоячы.
Пакутнік. А як жа, вяльможны пан, будзеш перабіраць? Трэба было б яе пакласці на стол, а потым пальцамі, дзе трэба, затыкаць.
Селянін. Не дзіва было б, каб які блазен гаварыў так, як ты, вашэць. Няўжо ж, вашэць, таго не пазнаў, што так трэба іграць. (Грае.) Вот гэтак губой трэба дуць, а пальцамі перабіраць. Відзіш, як трэба іграць.
З тэксту добра бачна, што дуда мае рысы папулярнага, характэрнага менавіта для беларусаў (нягледзячы на тое, што ў Польшчы былі свае тыпы дуды) інструмента, на якім граецца ў карчме. Дарэчы, падобная гісторыя была пазней зафіксавана на Браслаўшчыне, недалёка ад кляштара ў Забелах. «Бытавала дуда на Браслаўшчыне… Старажылы памятаюць вандроўнага музыку Юрку Дудара, які ў пачатку ХХ ст. абходзіў многія вёскі і мястэчкі на Браслаўшчыне. Зафіксаваны цікавы расказ аб выпадку ў Іказні. Падчас калядавання ў гэтым мястэчку група музыкантаў, сярод якіх быў і дудар, зайшла ў дом да ксяндза. Святар толькі нядаўна прыехаў на Браслаўшчыну і не ведаў традыцый калядавання. Ён закрычаў на музыкаў і тыя кінуліся прэч. У сумяціцы дуда звалілася на падлогу і працягвала гучаць, чым нямала напужала ксяндза. Пазней святар разабраўся ў чым справа і шчодра пачаставаў калядоўшчыкаў» (Памяць: Браслаўскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 1998. С. 67).
Больш за тое, знойдзены тэкст судовай скаргі ў чарговы раз паказвае на „беларускую геаграфію” пашырэння гэтага інструмента. Многімі прынята лічыць, што дуда была выключна на Паазер’і, а гэты тэкст пацвярджае народнасць і папулярнасць інструмента ў паўднёва-заходняй частцы этнаграфічнай Беларусі таго часу. Гэта ў чарговы раз сведчыць таксама на карысць тэзіса пра этнаграфічны аспект пышыранасці беларускай дуды на землях сённяшняй Расіі (Себеж), Латвіі (Дзісна) і Літвы (Свянцяны). Іншымі словамі беларуская дуда бытавала там дакуль сягалі сваім арэалам рассялення беларусы.
Але самае асноўнае, знойдзены тэкст паказвае на пашыранасць беларускай дуды ўжо ў пачатку XVI стагоддзя, што ў чарговы раз сведчыць пра старадаўнія карані дударскай традыцыі заўважныя не толькі ў фальклоры, але таксама ў літаратуры і іншых дакументах таго часу. Таму можна спадзявацца, што гэта не апошняя знаходка такога тыпу.
Віталь Воранаў