Калі хтосьці з вас чытаў раман Гюстава Флабэра „Пані Бавары”, то напэўна прыгадае сабе аднаго з другапланавых, але адначасова вельмі каларытнага персанажаў, вартаўніка пры царкве, якому ўдавалася зарабляць літаральна на ўсім, чым магчыма. Дык вось Віця ў нечым нагадвае мне таго героя. У свае няпоўныя шэсцьдзесят гадоў лічыцца ў вёсцы старажылам сярод мужыкоў. Кажуць, была ў яго бурлівая маладосць з гулянкамі ды п’янкамі. Але з цягам часу Віця ўзяўся за розум, магчыма таму, што з’явіліся дзеці, якіх трэба было выхоўваць і ставіць „на ногі”. Зараз яго дарослыя ўжо дочкі жывуць абедзве ў сталіцы і маюць свае сем’і, часам прыязджаюць ў вёску, прывозяць сваіх дзяцей, а для бацькі дарагія падарункі, парфуму ці воды па галенню, якімі той, зрэшты, не надта карыстаецца, бо прызвычаіўся да скромнага вясковага жыцця.
Калі спраў няма (што здараецца вельмі рэдка), на святы ці дзень нараджэння Віця можа пасядзець разам з сябрамі ды прапусціць пару кілішкаў. Але можна сказаць, што да гарэлкі ён зараз амаль абыякавы.
Ды й на пасядзелкі сапраўды не хапае часу. Маючы ад прыроды „залатыя рукі” Віця стараецца зарабіць, дзе толькі магчыма. Галоўная яго крыніца даходу – невялікі ўласны бізнэс – рамонт аўтамабіляў. Да яго едуць з усёй ваколіцы, нават з раённага цэнтра, каб направіць аўто. Дзякуючы гэтай працы Віця мае шмат знаёмых, не здзіўлюся, калі яго ведаюць таксама у сталіцы.
Не абыходзіцца без яго ўдзелу таксама ніводная больш-менш значная будоўля. Калі трэба накрыць дах ці штосьці ўсталяваць, то суседзі заўсёды запрашаюць дапамагчы. Дарэчы, свой уласны дом – пачаткова сціплую драўляную хатку – Віця перабудаваў і перарабіў так, што не пазнаць, на падворку зладзіў альтанку і гараж. Але аўтасервісам і будаўнічымі працамі ён не абыходзіцца, бо пару гадоў таму набыў трактар і за аплату перакопвае вяскоўцам агароды.
Дзякуючы працавітасці і кемлівасці Віця з’яўляецца адным з найзаможнейшых гаспадароў у вёсцы. Але пры гэтым не дзярэ нос, любіць пагутарыць і часам можна ад яго пачуць вельмі цікавыя гісторыі. Адна з іх неяк асабліва моцна ўрэзалася мне ў памяць. Было гэта восеньскім вечарам, перад Усімі Святымі. Раптам пачаў капаць дождж і Віця быў успомніў як калісьці даўно ў падобную пагоду гутарыў з нябожчыкам Манахам. Той, маўляў, сур’ёзна паглядзеў на аблокі і сказаў, што гледзячы па іх, ніякага дажджу быць не павінна, бо так падчас вайсковай службы навучыўся вызначаць.
– І што ты думаеш, – спытаў мяне Віця, – праз паўгадзіны лупанула як з вядра!
Віця рассмяяўся, але праз імгненне задумаўся і працягваў.
– Наведваў я яго перад святамі. І не толькі яго. Усе яны там ляжаць, пад соснамі, на могілках. Усіх добра ведаў. Каму сорак два, каму пяцьдзясят, каму трохі больш. Гарэлка, сэрца, анкалогія, у кожнага сваё. А потым, ведаеш, ці то спецыяльна, ці так проста, Манах мне прысніўся. Стаіць нібы жывы. Ну, я натуральна пытаю, як табе там? А ён адказ: тут прагучала да скрайку нецэнзурнае слова, што азначае „вельмі добра”. Але адразу апомніўся і кажа, ой, забыўся, тут жа лаяцца нельга! Ну ўсё, бывай, пайду на суд.
Расказваў Віця пра гэты свой сон з лагоднай усмешкай і адначасова лёгкі смутак чуўся ў яго голасе, бо ўспамінаў старога сябра.
– Вось думай што хочаш, – падсумаваў ён, – ці можна такое выпадкова прысніць?
І сапраўды, бывае, прачнешся і задаеш сам сабе пытанне: ці то быў звычайны сон, ці нейкі напамін з іншага вымярэння?
Згодна афіцыйным дадзеным сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае ў жанчын 78,4 гады, у мужчын – прыкладна на 10 гадоў менш. Пры гэтым назіраецца разыходжанне паміж горадам і вёскай – у горадзе жывуць у сярэднім амаль на пяць гадоў больш.
Сяргей Александровіч
Фота аўтара