Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Родам з Шэйпічаў

Ёсць на Пружаншчыне вёска Шэйпічы. Для простых людзей назва гэтай вёскі ні пра што не гаворыць: вёска як вёска. Ды не! Гэта знакамітая вёска ў Заходняй Беларусі. Можа, крыху менш вядомая за слонімскія Чамяры, але і яна дала Беларусі шмат знакамітых людзей. Пра двух вяскоўцаў хочацца прыгадаць. Адзін з іх – Язэп Урбановіч – арганізатар і кіраўнік антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў гады Другой сусветнай вайны. Другі – вядомы беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі.

Язэп Урбановіч

Язэп Урбановіч нарадзіўся ў Шэйпічах, быў нацыянал-камуністам. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію і партшколу ЦК КПЗБ. З 1930 года з’яўляўся сакратаром Баранавіцкага і Брэсцкага акруговых камітэтаў КПЗБ. Чатыры гады за беларускую і рэвалюцыйную дзейнасць адседзеў у польскіх турмах. У 1943 годзе быў камандзірам партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, якая дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага, Пружанскага, Ружанскага і Слонімскага раёнаў. Шчыра сябраваў з многімі слонімскімі хлопцамі. Яго ўсе любілі, паважалі і бралі з яго прыклад.

Магіла Язэпа Урбановіча

Калі савецкія войскі вызвалілі Беларусь і пайшлі далей на захад, у заходнія раёны нашай рэспублікі прыехала шмат савецкіх энкавэдыстаў. Яны рабавалі Беларусь як маглі.

10 ліпеня 1944 года да Язэпа Урбановіча прыязджае на кані сябра і кажа, што ў вёсцы Варанілавічы энкавэдысты рабуюць храм. Язэп разам са сваім земляком едуць у тую вёску. Сябра застаецца ў засадзе, а Язэп пад’язджае да чужакоў і пытаецца ў іх: „Хто вам дазволіў рабаваць і знішчаць храм?”. Энкавэдысты – у шоку ад таго, што нехта, не баючыся іх, задае такое смелае пытанне. „А ты кто такой?” – акружаючы смельчака, пытаюць ўзброеныя вайскоўцы. „Я – Язэп Урбановіч!” — адказвае ім мясцовы герой.

Энкавэдысты схапілі Язэпа і расстралялі. Але ўсё гэта бачыў сябра, які непрыкметна ўцёк. Ён прыехаў у брыгаду, якая яшчэ заставалася ў лесе, і сказаў, што забілі Урбановіча. Восем кулямётчыкаў з кулямётамі прыехалі да энкавэдыстаў, акружылі іх і загадалі назваць тых, хто застрэліў Язэпа Урбановіча. Выйшлі трое. Гэтых вайскоўцаў павесілі, а астатніх папярэдзілі, што калі яны будуць знішчаць беларускіх герояў, то павесяць усіх. А пасля кулямётчыкі зніклі. Пра гэты выпадак імгненна даведаліся ў Маскве. Шукаць тых, хто застрэліў супрацоўнікаў НКУС, накіравалі сотні салдат. Але нікога знайсці не ўдалося. А пра Язэпа Урбановіча ва ўсіх энцыклапедыях і кнігах напісалі, што ён загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

Міхась Забэйда-Суміцкі

Стрыечным братам Язэпа Урбановіча быў вядомы беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. У цэнтры вёскі Шэйпічы землякі паставілі яму мемарыяльны знак з надпісам: „Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981) – вядомы ў Еўропе оперны спявак. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы Пружанскага раёна”.

Міхась Забэйда-Суміцкі, 1938 г

Яго бацька, Іван Забэйда, быў беззямельным селянінам, батрачкай была і маці, Алеся Суміцкая. Пазней спявак да прозвішча бацькі далучыў дзявочае прозвішча любай маці. Бацька памёр, калі Міхасю было толькі паўтара года. Якім цяжкім было іх жыццё, сведчыць найлепш той факт, што з семярых дзяцей да пажылога веку дажыў толькі Міхась Забэйда.

Ужо ў васьмігадовым узросце Міхась пачаў працаваць у маёнтку, каб дапамагчы маці-батрачцы карміць сям’ю. У 1914 годзе ён паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне. Калі набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны, семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась Забэйда. Там у 1918 годзе ён скончыў навуку і выехаў у Сібір, дзе ў эвакуацыі знаходзілася яго маці. Маладога чалавека прызначылі настаўнікам у вёску Усць-Калманскае, што каля Барнаула.

У 1920 годзе на Урале пачалася грамадзянская вайна, і Міхась апынуўся на станцыі Вэйшахэ Кітайскай усходняй чыгункі, дзе атрымаў пасаду настаўніка. Праз два гады яго пераводзяць у Харбін, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Юліі Плотніцкай, былой супрацоўніцы Шаляпіна, ён пачаў працаваць над удасканаленнем свайго голасу. Неўзабаве паступіў на эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта. У 1929 годзе скончыў універсітэт і яму прапанавалі асістэнтуру, ад якой ён адмовіўся. Міхась накіраваўся ў оперу, дзе яго залічылі ў трупу опернага калектыву. Да 1932 года Забэйда праспяваў тут 15 роляў.

У 1932 годзе Міхась Забэйда-Суміцкі паехаў у Мілан (Італія), дзе працаваў пад кіраўніцтвам выдатнага майстра спеву Фернанда Карпі.

Італьянскія газеты параўноўвалі нашага земляка з Ціта Скіпай за хараство яго спеву. Іншыя параўноўвалі яго з вялікім рускім спеваком Леанідам Собінавым, што прарочыла Забэйду-Суміцкаму вялікую артыстычную будучыню.

У 1935 годзе Міхась, які прагнуў быць бліжэй да хворай маці, з якой не бачыўся 16 гадоў, пераехаў з Мілана ў Польшчу, дзе заключыў кантракт з Познаньскай операй. Аднак і тут, як успамінае спявак, не меў ён спрыяльных умоў для працы, бо не ўтойваў свайго беларускага паходжання.

З Познані спявак пераехаў у Варшаву. Пачаў ён працаваць на радыёвяшчанні. Выступленні Забэйды па Варшаўскім радыё папулярызавалі песенны рэпертуар Міхася Забэйды. Яго выступленні ў эфіры трансліравалі Парыж, Лондан, Прага, Нью-Йорк і іншыя радыёстанцыі.

Канцэрты спевака былі своеасаблівымі. Ён спяваў на 16 мовах, але найбольш стараўся прапагандаваць сваю родную песню, песню сваёй маці, – несці яе ў шырокі свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтым самым сусветную культуру.

У Варшаве ў Міхася Забэйды-Суміцкага было шмат творчых планаў і спадзяванняў. Але ўсяму гэтаму перашкодзіла Другая сусветная вайна. Аднойчы спявак патрапіў пад серыю бамбёжак і нямецкіх абстрэлаў. Але выратаваў з бяды яго той самы Язэп Урбановіч – стрыечны брат Міхася Забэйды-Суміцкага.

Пісьмо да Басі Кнубовец

У маім хатнім архіве захоўваецца копія пісьма Міхася Забэйды-Суміцкага да Басі Кнубовец – жонкі Язэпа Урбановіча, якая ў сярэдзіне 1980-х гадоў жыла ў Гродне. Нават і не памятаю, хто мне яго і калі даслаў. Ліст вельмі цікавы. Ён мае непасрэднае дачыненне да Варшавы і нашага спевака. Пісьмо да спадарыні Кнубовец напісана ў Празе 18 красавіка 1969 года. Міхась Іванавіч пісаў наступнае: „Дарагая Бася! Адказваю адразу на Ваша пісьмо ад 9 г/м. Ліст гэты я чакаў доўга, так як хацеў скарыстацца Вашай памяццю, якая лепш за маю, каб адказаць на просьбу п. Фактаровіча пра Юзіка (Аляксандр Фактаровіч (1935-1979) – беларускі вучоны і гісторык. Юзікам усе сябры называлі Язэпа Урбановіча – С.Ч.). Не дачакаўшыся Вашага адказу, я 23 сакавіка напісаў яму прыблізна такі ліст: Паважаны Аляксандр Аляксандравіч! Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы (хвароба, узрост), паспрабую выканаць Ваша жаданне і напісаць успаміны пра Іосіфа Паўлавіча, майго стрыечнага брата. Знаёмства наша пачалося „на адлегласці”. Аднойчы ў Харбіне, дзе я працаваў у савецкай школе, я атрымаў пісьмо. Пісаў яго Юзік. Было яму 14-15 гадоў. Ён пытаўся ў мяне, што яму рабіць. Бацькі застаўлялі яго працаваць па гаспадарцы. А Юзік хацеў вучыцца. З ліста было бачна, што ў яго ёсць усе дадзеныя на тое, каб працягваць адукацыю. У сваім адказе я падтрымаў яго жаданне вучыцца. Ён так і зрабіў…

Мемарыяльны камень у Шэйпічах у гонар Міхася Забэйды-Суміцкага

Прайшло шмат гадоў. Многа было перажыта мною і Юзікам. Нарэшце, мы з ім сустрэліся ў Варшаве, дзе пасля вяртання з Італіі, я працаваў як спявак у 1936-1939 гадах.

Наша першая сустрэча вельмі зблізіла. Ён шмат чуў і чытаў пра тое, што я не толькі застаюся беларусам, верным свайму народу, але і ў сваіх канцэртах, нягледзячы на шматлікія перашкоды, выкарыстоўваю беларускія народныя песні. У сваю чаргу ў Шэйпічах (родная вёска М.Забэйды-Суміцкага і Язэпа Урбановіча на Пружаншчыне – С.Ч.) я даведаўся, што ён вельмі пацярпеў, змагаючыся за шчасце свайго народа, сваёй Радзімы. Гэта дапамагло нам адразу быць шчырымі і адкрыта размаўляць пра тое, як у санацыйнай Польшчы прыгнятаюць нашых братоў-беларусаў і як трэба з гэтым змагацца…

Ён вельмі душэўна перажываў несправядлівасці, звязаныя з культам асобы Сталіна, адмаўляў яго, лічыў, што з гэтым трэба змагацца.

У Варшаве было Асветнае таварыства беларусаў, якое, між іншым, наладжвала канцэртныя праграмы. У арганізацыі такіх мерапрыемстваў прымаў удзел і Іосіф Паўлавіч. Ён вельмі любіў беларускія народныя песні і часта прасіў мяне што-небудзь праспяваць. Часам сам падпяваў. Вось дзве з гэтых песень:

 

***

Ой, у полі азерца,

Там плывала вядзерца.

Прыхадзі, мілы, не тамі мяне,

Ды пацеш маё сэрца.

Ці ж я не такая,

Як і тая другая.

Я й харошая, я й прыгожая,

Толькі доля ліхая…

                   ***

Ой, пайду я лугам, лугам,

Дзе мой мілы арэ плугам.

Занясу яму я есці,

Ці не скажа ён мне сесці.

Занясу яму я піці,

Ці не будзе гаварыці.

Ён наеўся і напіўся,

Сеў на ролю й зажурыўся.

Што ты, мілы мой, думаеш,

На мяне не паглядаеш?

А я сяджу ды думаю,

Што нялюбу жонку маю.

Браў мяне ты ўдзень, не ўночы,

Дзе ж тады свае меў вочы?..

 

Размаўлялялі мы між сабой заўсёды на роднай беларускай мове. Ён лічыў, што без роднай мовы няма народа як нацыі. Памятаў словы Ф. Багушэвіча: „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Вельмі любіў Янку Купалу і Якуба Коласа.

Летам у добрае надвор’е мы разам хадзілі ў Лазенкі – вялікі парк у Варшаве. Па дарозе спыняліся каля помніка Шапэна, музыку якога ён вельмі любіў.

Аднойчы мы сядзелі разам пад дрэвам у Лазенках. І раптам да нас прыбегла вавёрачка, і, так як мы не варушыліся, залезла яна на калені да Іосіфа Паўлавіча. Гэта яго вельмі ўзрадавала. Дарэчы, мы шмат размаўлялі пра давер. Трэба адзначыць, што Іосіф Паўлавіч не толькі ўмеў добра гаварыць, але і ўмеў слухаць людзей, нават і тады, калі не пагаджаўся з тым, пра што той казаў. У надзеі, што Вы не забыліся беларускай мовы, прывяду адзін выпадак, пра які я пісаў у сваіх „Успамінах”, надрукаваных у альманаху „Белавежа” (Беласток, 1965, № 1): „Вайна захапіла мяне ў Варшаве. Як вядома, нямецкія фашысты хутка акружылі горад і сталі бамбіць яго і абстрэльваць. І вось мне ўспамінаецца гераічны ўчынак майго стрыечнага брата Язэпа Урбановіча. Ён з адным таварышам прабраўся праз акружэнне і пранік у Варшаву, каб вывесці мяне з пекла, у якім я апынуўся. На жаль, я быў хворы і не мог ісці. Крануты дабразычлівасцю, я падзякаваў яму за чалавечыя адносіны да мяне і пры развітанне сказаў, што хоць застаюся ў Варшаве, але душой буду заўсёды з ім. Так яно і было…”. Гэта была мая апошняя сустрэча з Іосіфам Паўлавічам. Я вельмі рады, што Вы захапіліся вывучэннем жыцця і дзейнасці гэтага цудоўнага чалавека і жадаю Вам поўнай удачы ў працы. З павагай М. Забэйда”…

***

Дарэчы, з вёскі Шэйпічы быў родам і бацька нашага славутага паэта Гальяша Леўчыка (Ляўковіча). Міхал Ляўковіч у Шэйпічах працаваў кавалём. У пошуках працы і добрага заробку ён прыехаў у Слонім, дзе ў 1880 годзе ў сям’і Ляўковічаў нарадзіўся сын Ілья – будучы паэт Гальяш Леўчык.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis