
16 чэрвеня ў Беластоцкім лялечным тэатры прайшоў буйны канцэрт на падвядзенне вынікаў артыстычнай працы ў 2024/2025 навучальным годзе з дзецьмі і моладдзю з гурткоў і калектываў з Пачатковай школы н-р 4 у Беластоку, што дзейнічаюць пад апекай Аб’яднання АБ-БА. На сцэне ўдала выступіў вядомы танцавальны калектыў „Падляшскі вянок” пад кіраўніцтвам Аксаны Прус. Гурток „Гульня ў тэатр”, які вядзе настаўніца беларускай мовы ў „чацвёрцы” Ганна Плашчынская, прадставіў па-беларуску спектакль „З жыцця мумітроляў” аўтарства Бернарда Бані (па-польску), артыста беластоцкага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі.
Выступілі таксама „Баламуткі” – дзеткі, якіх інструктар Марыя Грыц вучыць песень і гульняў, выкарыстоўваючы беларускі фальклор.
Нягледзячы на такія багатыя магчымасці развіцця дзяцей, дзякуючы дзейнасці згуртавання АБ-БА, колькасць вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў „чацвёрцы” з году ў год меншае. Таму арганізацыя разважае, ці не перанесці гэтага ў іншую школу з лепшымі ўмовамі.